Вы тут

Як музейныя экспанаты нагадалі захапляльныя гісторыі


У Гродне ўрачыста адкрылі музей пошты. Сабрана тут каля 300 прадметаў, з іх нямала ўнікальных, рарытэтных экспанатаў. «Звязда» таксама пісала аб гэтай падзеі. За выстаўленымі рарытэтамі стаяць яшчэ і цікавыя гісторыі. Анатоль Кажушка, прадстаўнік філіяла, які не адзін дзясятак гадоў аддаў паштовай службе, прыгадаў некаторыя з іх.


Цяпер Анатоль Міхайлавіч працуе ў музеі экскурсаводам і, здаецца, ведае аб паштовай сувязі ўсё. У першую чаргу ён звяртае ўвагу на важны і сімвалічны, на яго думку, дакумент. Ён датычыцца ўтварэння Гродзенскай паштова-тэлеграфнай акругі. Рашэнне было падпісана расійскім імператарам 1 красавіка 1866 года. А праз 110 гадоў у гэты ж дзень — 1 красавіка 1996 года — утворана прадпрыемства «Гроднааблпошта». Анатоль Міхайлавіч бачыць у гэтым магічны сэнс.

З узнікненнем паштовай акругі з Гродна пачалі хадзіць паштовыя вагоны. У музеі ёсць здымак такога вагона. Ён быў даволі просты, без ацяплення, дзяліўся на дзве кладавыя з сартавальнымі клеткамі. У савецкі час з Гродна ішлі два паштовыя маршруты — на Маскву і на Гомель. Яны былі больш камфортныя і прыстасаваныя да работы. У Гомелі пошта сартавалася і ішла за мяжу. Дарэчы, паштовыя вагоны адмянілі з-за высокай платы чыгунцы, яны сталі нерэнтабельныя. Вагонамі было зручна адпраўляць пасылкі. У асноўным карысталіся драўлянымі скрынямі, многія іх памятаюць, хоць яны выйшлі з абароту гадоў 15 таму. У музеі такі экзэмпляр прысутнічае. У сувязі з гэтым Анатоль Міхайлавіч прыгадаў выпадак, які адбыўся падчас яго работы на адказнай пасадзе.

Два сваякі прыдумалі такую аферу. Мужчына з Архангельска прыносіў пасылку на пошту, ацэньваў у 10 рублёў (савецкіх). Пасылка не каштоўная, яе не ўскрывалі пры здачы, толькі ўзважвалі. Адпраўляў яе сваяку ў паўднёвы горад. Той атрымліваў і патрабаваў, каб яе адкрылі, маўляў, занадта лёгкая. Там адкрывалі, і сапраўды — пуста, хоць пломбы не пашкоджаны. Атрымлівалася, што падманвалі на пошце, і вымушаны плаціць грошы — 10 рублёў адрасату. Сітуацыя паўтаралася. І ўсё ж гэтыя хітрыкі разгадалі. Аказалася, што адпраўшчык выразаў кусок ільду і клаў у скрыню. Вядома, вага была, і нямалая. Але па дарозе лёд раставаў, і пасылка прыходзіла пустой. Справа атрымала шырокі рэзананс сярод паштавікоў, па ёй нават быў прыняты адаведны цыркуляр.

Яшчэ адну гісторыю Анатоль Кажушка нагадаў каля вітрыны з маркамі. Прадстаўнік філіяла заўважыў, што марка — гэта не які-небудь фанцік. Гэта — эквівалент грошай. Калі маркі не будзе, пісьмо не дойдзе да адрасата, яго вернуць назад. У Беларусі маркі друкуе адзіны выдавецкі цэнтр.

Дык вось, сакратар адной важнай канторы рассылала пісьмы і прыдумала такі эканамічны спосаб. Яна выразала ксеракопіі марак і наклейвала іх на канверт. Але гэта падробка хутка раскрылася. Бо маркі, як і грошы, маюць свае ступені абароны. Сакратара хоць і не пакаралі, але яна вымушана была звольніцца з пасады.

Дарэчы, у музеі нямала рарытэтных марак. Ёсць царскія маркі, польскіх часоў, савецкія. У ліку каштоўных прадстаўнік філіяла называе маркі, якія маюць штампы гашэння. Гэта вялікая рэдкасць, бо штампы потым знішчаюць. За такімі маркамі асабліва палююць філатэлісты. Штампы гашэння ставяць на канвертах альбо паштоўках. Па словах Анатоля Кажушкі, такія прадметы лічацца добрым тонам у выбары падарунка.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Таямніцы паштовых рарытэтаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла