Вы тут

Урач-акушэр Таццяна Лемяшэўская: У новым жыцці столькі таямнічага!


Напрыканцы мінулага года маладая беларуская ўрач-акушэр Таццяна Лемяшэўская за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў дыягностыкі і медыцынскай прафілактыкі, накіраваных на захаванне здароўя жанчыны, была адзначана міжнароднай прэміяй «Садружнасць дэбютаў» краін СНД. Разам з ёй узнагароду атрымалі яшчэ чацвёра маладых навукоўцаў — з Арменіі, Кыргызстана, Расіі і Узбекістана.

Таццяна Лемяшэўская — кандыдат медыцынскіх навук, навуковы супрацоўнік лабараторыі медыцынскай генетыкі і маніторынгу парокаў развіцця Рэспубліканскага РНПЦ «Маці і дзіця». Яе даследчыя работы мелі шырокі рэзананс у галіне рэпрадуктыўнай медыцыны, яна — уладальнік ганаровага для медыкаў медаля імя Ота, актыўна публікуецца ў рэйтынгавых навуковых часопісах, з'яўляецца членам Міжнароднага таварыства ультрагукавой дыягностыкі ў акушэрстве і гінекалогіі (ІSUOG).


— Раскажыце, калі ласка, як адбываўся для вас выбар прафесіі?

— Медыцыну я выбрала цалкам свядома ў старшых класах гімназіі — мне вельмі хацелася дапамагаць людзям! Раней збіралася быць настаўніцай, як і мая мама, але нечакана сур'ёзна захапілася хіміяй і біялогіяй, была пераможцай рэспубліканскіх этапаў школьных алімпіяд па гэтых прадметах. Паступаючы ў медыцынскі, я здавала ўсяго адзін экзамен — біялогію.

У юнацтве многія з нас максімалісты, і мне напачатку было не важна, якім быць урачом па профілі, галоўнае — што я змагу прыйсці на дапамогу чалавеку, аблегчыць яго пакуты і вярнуць здароўе. Ужо студэнткай медуніверсітэта, калі я ўпершыню прысутнічала пры родах і ўбачыла цуд нараджэння маленькага чалавечка, гэта паўплывала на выбар спецыялізацыі «акушэр-гінеколаг».

Я шчаслівая гэтым выбарам. Прырода ўладкавана вельмі мудра, хоць і складана. Новае жыццё — тут столькі таямнічага: і ў момант зараджэння, і пры выношванні. А пачуць першы крык немаўляці заўсёды так хвалююча! Гэта яркія эмоцыі і бясцэнныя моманты. Проста крылы шчасця вырастаюць, калі ўсё добра і ў мамы, і ў нованароджанага!

— Ці можаце вы сказаць, колькі дзяцей з'явілася на свет пры вашым удзеле?

— Шчыра кажучы, не думала ніколі пра гэтыя лічбы. За суткі бывае 5—8, а часам і 20 родаў, гэта ж працэс фізіялагічны, тут немагчыма нешта планаваць. Акушэр звычайна памятае першыя ўласна прынятыя роды, як і першую самастойна выкананую аперацыю кесарава сячэння.

Мой стаж у акушэрстве больш за 10 гадоў, магу сказаць адно: нараджэнне новага чалавека — заўсёды вялікая таямніца. Не бывае тут аднолькавых або ўніверсальных схем, немагчыма прадбачыць ні пры адных родах, нават калі яны самыя звычайныя, як усё адбудзецца, як павядзе сябе дзіця. Гэтым акушэрства для ўрача цікавае. Але і непрадказальнае. Правільна ацаніць сітуацыю дапамагаюць вопыт, веды, імгненная рэакцыя. Я сказала б, што акушэрства ў гэтым сэнсе вельмі блізкае да высокага мастацтва.

— Цэнтр «Маці і дзіця», дзе вы працуеце, галоўная ўстанова Беларусі ў галіне аховы мацярынства і дзяцінства. Гэта для вас больш гонар ці адказнасць?

— І гонар, і адказнасць. Наш цэнтр мае вышэйшы 4-ы ўзровень аказання медыцынскай дапамогі, да нас людзі звяртаюцца ў самых няпростых сітуацыях. Тут ажыццяўляецца паўнавартасны падыход у лячэнні: ад планавання і вядзення цяжарнасці да родаў і падтрымкі здароўя дзіцяці ў першы год жыцця. Медыкі, якія працуюць у нас, пастаянна прафесійна развіваюцца, папаўняюць свой багаж ведаў. На планёрках мы абавязкова абмяркоўваем
самыя нестандартныя сітуацыі з лячэбнай практыкі, з нюансамі дыягнаставання, прызначэннем лекаў і іншае. Гэта вельмі важны абмен думкамі і кампетэнцыяй.

Таксама многія з маіх калег вядуць навуковыя даследаванні, бо матэрыяльна-тэхнічная база РНПЦ дазваляе сёння выконваць навукова-даследчыя работы на самым сучасным узроўні.

ФАКТ

Беларусь сёння ўваходзіць у першую дзясятку краін свету з самым нізкім узроўнем смяротнасці нованароджаных, паводле інфармацыі з даклада Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). У нашай краіне на адну тысячу нованароджаных прыпадае 1,5 дзіцячыя смерці. Такі ж паказчык у Нарвегіі і Паўднёвай Карэі.

— Як і чаму вы прыйшлі ў навуку?

— Гэтаму перш за ўсё паспрыяла мая мама. Яна настаўнік-філолаг, як кажуць, педагог ад Бога. Я з ранніх гадоў бачыла, як натхнёна яна працуе, з якім энтузіязмам выкладае свой прадмет, стараецца зацікавіць ім сваіх вучняў. Яе выхаванцы паспяхова выступалі на прадметных алімпіядах, лінгвістычных і літаратурных конкурсах. Мама ўзнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Хіба гэта не прыклад для мяне?

Дарэчы, таксама мой тата мае званне «Заслужаны работнік транспарту Рэспублікі Беларусь». Таму не дзіўна, што з дзяцінства ў мяне сфарміраваліся высокая адказнасць і творчыя адносіны да прафесіі, патрэба паглыблена займацца прадметам, які з'яўляецца маім «хлебам надзённым».

Першы практычны вопыт у акушэрстве і гінекалогіі я атрымала ў звычайнай жаночай кансультацыі і радзільным аддзяленні адной з мінскіх бальніц. А ўжо потым вырашыла заняцца навуковай дзейнасцю. З гэтай мэтай свядома выбрала для паступлення аспірантуру, а не клінічную ардынатуру.

— Вы да паступлення ў аспірантуру ўжо мелі сям'ю, маленькае дзіця. Не было сумнення наконт таго, што справіцеся?

— Мой муж падтрымаў мяне, і я вельмі ўдзячная яму за гэтую падтрымку і за дапамогу ў штодзённым побыце. Шчыра кажучы, навука з'яўляецца нашай агульнай сямейнай каштоўнасцю, нашаму шасцігадоваму сыну звыкла бачыць бацькоў каля камп'ютара, на экране якога схемы і лічбы. Сферы навуковай дзейнасці ў нас таксама блізкія: мой муж Пётр Лемяшэўскі — кандыдат ветэрынарных навук, займаецца праблемамі рэпрадукцыі жывёл і ветэрынарным акушэрствам.

— Сёння прыкладам для многіх дзяўчат з'яўляецца вобраз паспяховай дзелавой жанчыны, а не вобраз маці. Статыстыка паведамляе, што ўвогуле не хоча мець дзяцей каля 7 % беларусак...

— Такая сучасная ўрбаністычная тэндэнцыя, калі на першым месцы ў жанчыны праца, кар'ера, а ўжо потым дзеці. Сёння першынца нараджаюць у больш познім узросце, і беларускі тут адпавядаюць еўрапейскім меркам. Напрыклад, летась у Беларусі сярэдні ўзрост жанчыны пры нараджэнні першага дзіцяці быў 27,6 года.

Але як урач-акушэр я пазначу: пажадана, каб першыя роды адбыліся да 30 гадоў, каб усё прайшло без ускладненняў для дзіцяці і для маці. Не варта свядома адкладваць з'яўленне дзяцей на больш позні тэрмін — прыроду не падманеш. А прыродай жанчына створана перш за ўсё для працягу жыцця, для нараджэння будучых здаровых пакаленняў. З узростам колькасць храмасомных захворванняў і парушэнняў у яе павялічваецца, на жаль, узрост — антаганіст якасці здароўя нашчадкаў.

Нарадзіць здаровае дзіця — самае вялікае шчасце для жанчыны! Гэта абуджае творчую энергію і падахвочвае да новых вышынь. З'яўляюцца і сілы, і цікавасць, і натхненне. Улічваючы асабісты вопыт, я магу так гаварыць.

— Тэма вашай навуковай працы вельмі актуальная, і не толькі для нашай краіны.

— Тэма выбіралася калегіяльна, аднак мне адразу спадабалася — і тым, што мае вострую медыцынскую накіраванасць, і тым, што ў ёй, акрамя акушэрства, закранаюцца праблемы генетыкі. Мне прапанавалі заняцца вывучэннем адной з найбольш значных праблем у акушэрстве — узнікненнем у цяжарных прээклампсіі (паталагічнага стану, які суправаджаецца павышэннем крывянога ціску, з'яўленнем ацёкаў і бялку ў мачы. — Аўт.). З навуковым кіраўніком Аксанай Уладзіміраўнай Прыбушэняй, загадчыцай лабараторыі медыцынскай генетыкі і маніторынгу парокаў развіцця РНПЦ «Маці і дзіця», мы не былі асабіста знаёмыя. Але ўжо з першых сустрэч і гутарак з ёй я ўбачыла акушэрства з іншага боку. Аксана Уладзіміраўна шмат гадоў займаецца праблемамі медыка-генетычнага кансультавання, ранняга выяўлення спадчынных і прыроджаных захворванняў дзіцяці. Яе вопыт і веды, мае мэтанакіраванасць і захопленасць навукай з'явіліся добрай асновай для выніковасці нашай працы.

Гэта было сапраўды аб'ёмнае навуковае клінічнае даследаванне на працягу пяці гадоў, вельмі складанае, з вялікай колькасцю пацыентаў — назіралася каля 1000 жанчын. Мы вывучалі сур'ёзнае ўскладненне цяжарнасці, якое парушае фарміраванне плацэнты. Гэта небяспечна перш за ўсё для самой жанчыны, з'яўляецца непасрэднай пагрозай яе жыццю. Спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пазначаюць гэтае захворванне ў ліку трох асноўных прычын мацярынскай смяротнасці ва ўсім свеце.

— Напэўна, вельмі важна, што вынік вашай працы мае не толькі тэарэтычнае значэнне.

— Так, гэта мой асаблівы гонар. Мае даследаванні атрымалі добрыя водгукі ў практыкуючых спецыялістаў, а таксама ў навуковай супольнасці. На міжнароднай канферэнцыі «Рэпрадуктыўная медыцына: погляд маладых», якая адбылася ў Пецярбургу, мая работа была адабраная навуковым камітэтам для вуснага даклада, а па выніку прызнаная найлепшай. За вялікі практычны і фундаментальны ўклад яна адзначана памятным медалём імя славутага акушэра Д. Ота. Асабліва прыемна было пачуць пахвалу і станоўчае меркаванне ад акадэміка РАН, доктара медыцынскіх навук, прафесара Эдуарда Карпавіча Айламазяна — аўтарытэтнага спецыяліста ў галіне акушэрства і гінекалогіі, па яго падручніку «Акушэрства» вучацца студэнты нашых медыцынскіх ВНУ.

Таксама запомніўся Сусветны кангрэс па медыцыне плода (FMF). Для мяне гэта быў вельмі важны вопыт — удзел у шырокай адукацыйнай праграме, дыскусіі і асабістае знаёмства з такімі вядомымі асобамі, як Раберта Рамэра, доктар медыцынскіх навук, кіраўнік аддзялення перынаталогіі Нацыянальнага інстытута здароўя ЗША. Словам, наперадзе шмат работы, але гэта не палохае, а, наадварот, натхняе.

Алена ЦЯРЭНЦЬЕВА

Фота Вольгі ХОМЫ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.