Вы тут

Заходзім на пасадку: агародніна, якую можна сеяць ранняй вясной


Пасадка агародніны ранняй вясной мае больш пераваг, чым вы думаеце. Акрамя таго, што першы ўраджай са свайго агарода пасля доўгай зімы цэніцца ў разы больш, вясновыя пасадкі вырастаюць здаравейшымі, паколькі яшчэ не прачнуліся шкоднікі і насякомыя. Ужо можна брацца за справу — напрыклад, гарох і ліставая салата не баяцца прахалоднага і вільготнага надвор'я. Канец зімы і пачатак вясны — выдатны час, каб саджаць спаржу і рэвень.


Спаржа

Існуе мноства шматгадовых раслін, аднойчы пасадзіўшы якія, ураджай можна здымаць шмат гадоў пасля. На жаль, мы не так часта карыстаемся гэтай магчымасцю. Сапраўды, гэтыя расліны патрабуюць месца, але гэта прыносіць свой плён. З кожным годам спаржа становіцца ўсё больш і больш урадлівай, а ўраджай можна здымаць на працягу некалькіх месяцаў. Калі вы думаеце, што вам не падабаецца спаржа, то вы проста не каштавалі яе свежую і адразу з градкі.

Салата-латук

Прахалодная і вільготная вясна — ідэальны час для вырошчвання салаты, а пры выбары сартоў лёгка і разгубіцца — так іх шмат. Каб дачакацца ўсходаў, салату трэба трохі падаглядаць, але няма нічога лепшага за хрумсткую, далікатную салату, якая вырасла на свежым вясновым паветры. Самы ранні і доўгі ўраджай атрымліваецца з сартоў, якія можна зразаць шматкроць. Салату трэба абараняць ад замаразкаў.

Гарох

У Ірландыі існуе традыцыя — саджаць гарох у Дзень святога Патрыка (17 сакавіка), але многія з нас не маюць магчымасці гэта зрабіць, паколькі часам зямля яшчэ бывае накрытая снегам. Аднак гарох, пасаджаны ў красавіку, даволі хутка даганяе гарох, пасаджаны ў сакавіку. Гарох не любіць замаразкаў, але яшчэ больш ён не любіць спякоту. Таму не ўпусціце ідэальную магчымасць пасадзіць свой любімы сорт — лушчыльны гарох, цукровы гарошак або мазгавы.

Рэвень

Гэта агародніна, якую мы гатуем як фрукт, і першы салодкі плод сезона. Рэвень — шматгадовая расліна, якая вельмі недаацэненая і ў ежу ўжываецца значна радзей, чым заслугоўвае. Да таго ж яго вельмі лёгка вырошчваць. Аднойчы пасадзіўшы рэвень, вы можаце збіраць ураджай кожны год. Аднак запомніце, што «крона» рэвеню хутка становіцца жорсткая і шчыльная, і яе вельмі складана рассунуць. Таму, калі трэба перасадзіць або падзяліць рэвень, то рабіце гэта, пакуль расліна яшчэ маладая і не развіла магутную каранёвую сістэму.

Шпінат

Шпінат лепш за ўсё вырошчваць у прахалоднае надвор'е, інакш ён хутка пачне зацвітаць і пойдзе ў стрэлку. Ёсць разнавіднасці, у якіх не так моцна выяўлены гэтыя якасці, аднак рана ці позна яны ўсё роўна пачынаюць зацвітаць. На шчасце, шпінат расце вельмі хутка, таму не прыйдзецца доўга чакаць. Зрэшты, для новага ўраджаю шпінат трэба саджаць нанова.

Пасадзіць шпінат лёгка, але, каб прымусіць яго расці, спатрэбіцца трохі высілкаў. Свежы ён больш хрумсткі, валодае больш выяўленым смакам, чым любы крамны шпінат у цэлафанавым пакеце. Больш за тое, шпінат досыць ценелюбівы, таму яго смела можна саджаць побач з тымі раслінамі, якія толькі ўзыходзяць, у той час як шпінат ужо трапляе на стол.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.