Вы тут

Родныя мясціны спадарыні Галіны


На выставе ў Беларускім доме Даўгаўпілса мастачка Галіна Жэлабоўская прадставіла карціны з вобразамі Браслаўшчыны — сваёй малой радзімы.


Галіна Жэлабоўская на вернісажы

Галіна Жэлабоўская — мастачка прафесійная, з адточанай тэхнікай, вытанчаным густам і чулым сэрцам. Культурнай падзеяй у жыцці беларусаў Даўгаўпілса, дый горада стала яе персанальная мастацкая выстава “Мой родны кут...”, якая ладзілася ў Цэнтры беларускай культуры. Нам прыемна было ўшанаваць таленавітую супляменніцу, сяброўку Аб’яднання беларускіх мастакоў “Маю гонар”, Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі ды Таварыства творчай інтэлігенцыі Даўгаўпілса “Дзіна-Арт”.

На вернісажы згадвалася, што нарадзілася мастачка ў Браслаўскім раёне Віцебшчыны, у 1982 годзе закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Шмат гадоў жыве ў Даўгаўпілсе, працуе настаўніцай візуальнага мастацтва ў 16-й сярэдняй школе. Галіна Жэлабоўская ўваходзіць у склад суполак мастакоў, Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. А найперш яе таленты рэалізуюцца ў мастацкай творчасці. Дзівосныя па майстэрстве, прыгажосці карціны Галіны неаднаразова выстаўляліся ў Латвіі, Літве, Беларусі. Вядома ж, і ў нашым Беларускім доме таксама.

Выстава “Мой родны кут” — гэта вяртанне да вытокаў. У кожнага з нас ёсць родны куток: тое месца, дзе мы нарадзіліся, зрабілі першыя крокі, адкуль пайшлі ў свет. Хоць ва ўсіх канкрэтныя мясціны розныя, ды аб’ядноўвае іх родная мова, культура, традыцыі. І прырода, бадай што, падобная, і людзі — шчырыя, душэўныя, гасцінныя беларусы. Пра тое, што ўсіх нас яднае, эмацыйна і ўзрушана гаварыла сама Галіна, гэтую ж “мелодыю роднасці” падхапілі й госці святочнай імпрэзы. Родная сэрцу Браслаўшчына жыве на шматлікіх карцінах Галіны Жэлабоўскай. Але ж і кожны з гасцей знайшоў у тых краявідах падабенства са сваімі, дарагімі сэрцу мясцінамі.

Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская нагадала, што выстава “Мой родны кут...” выдатна стасуецца з Годам малой радзімы. Ён быў абвешчаны ў Беларусі летась, і ў 2019-м — прадаўжаецца. Прычым усе мастацкія выставы, якія праводзіць ЦБК, спалучаны з гэтай тэмай. Карціны таленавітай майстрыхі вельмі адпавядаюць “радзімнай” тэме, іх вобразы знаходзяць жывы водгук у душах беларусаў. Дарэчы, на адкрыцці выставы былі й ганаровыя замежныя госці, якія прыехалі на “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”: дэлегацыі са Светлагорска (Расія), Таліна (Эстонія), Вісагінаса (Літва), Дуброўны (Беларусь). Яны таксама вельмі высока ацанілі майстэрства мастачкі, цеплыню й шчырасць вернісажу. А нашы партнёры з Расіі дамовіліся зладзіць выставу беларускі ў Калінінградскай вобласці.

Музычныя падарункі для мастачкі, усіх гасцей паднеслі гурты “Пралескі” ды “Купалінка”, бард Віталь Міхайлоўскі: ён спяваў пад гітару лірычныя песні ў тэму імпрэзы. І наш даўні сябар, партнёр з Літвы Сяргей Шабадалаў сольна праспяваў прыгожую песню для Галіны ды ўсіх гасцей вечарыны.

А паміж песнямі гучалі маналогі, вершы ў выкананні Галіны Сантоцкай, Марыі Памецькі. Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Станіслаў Валодзька чытаў верш, прысвечаны роднай для мастачкі Браслаўшчыне. Так што згадкі пра малую радзіму, мілыя сэрцу вобразы родных мясцін расчулілі ўсіх, краналі за жывое. Таму й пасля вернісажу гледачы не разыходзіліся, любаваліся карцінамі, мелі зносіны з мастачкай, абменьваліся думкамі-ўражаннямі. Мне ж згадаліся вядомыя радкі Якуба Коласа: “Вобразы мілыя роднага краю,/ Смутак і радасць мая!/ Што маё сэрца да вас парывае?/ Чым так прыкованы я?”. Яны вельмі адпавядаюць як 25-і карцінам Галіны Жэлабоўскай, прадстаўленым у ЦБК, так і сяброўскай, шчырай, душэўнай атмасферы, якая панавала ў Беларускім доме.

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс


Ад рэдакцыі. На просьбу трохі канкрэтызаваць каардынаты беларускага быцця Галіны Жэлабоўскай спадарыня Марыя напісала нам, што нарадзілася мастачка ў мястэчку Слабодка (цяпер аграгарадок) Браслаўскага раёна. Знакамітым, дарэчы, і касцёлам Божага Провіду (у некаторых крыніцах яго называюць касцёлам Сэрца Ісуса), і народнымі майстрамі, цудоўнымі навакольнымі азёрамі. Пасля заканчэння інстытута Галіна працавала ў Відзах (таксама слыннае мястэчка!) у школе настаўніцай візуальнага мастацтва і чарчэння. Цяпер у Слабодцы жыве яе мама: Сафія Іосіфаўна Чапкоўская. Дачка яе наведвае часта, дапамагае па гаспадарцы. Непадалёк жыве й цётка з сям’ёй. Бацькі мастачкі працавалі медыкамі. Бацька, Раланд Станіслававіч Лапыр, да таго ж быў добрым фатографам. Сафія Іосіфаўна цяпер на пенсіі, піша ўспаміны, віншавальныя вершы, удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, пастаноўках народнага тэатра. Гасцюе і ў дачкі. Калі было свята мястэчка, то насіла маці карціны дачкі ў клуб, расказвала пра іх. Да таго ж Галіна Жэлабоўская са сваімі працамі прымала ўдзел у некалькіх зборных мастацкіх выставах у Браславе. Марыць зрабіць там персанальную выставу.

Мы патэлефанавалі ў Слабодкаўскі сельскі выканкам. Яго ўпраўляючая справамі, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Андрэеўна Булаўская з цікавасцю ўспрыняла весткі пра мастачку, праявіла інтарэс да супрацы з Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры, таленавітымі землякамі з замежжа. Падказала, што сумесныя творчыя праекты беларусам Латвіі можна ладзіць у Браславе: там ёсць Браслаўскае райаб’яднанне музеяў, што ўключае экспазіцыі ў Гістарычна-краязнаўчым музеі ды ў Музеі традыцыйнай культуры. Інфармацыя пра тое ёсць у інтэрнэце http://braslav.museum.by/node/35385. Так што, мяркуем, творчыя кантакты Галіны Жэлабоўскай, яе сяброў з Латвіі з Бацькаўшчынай будуць пашырацца.

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.