Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Абяцанкі-цацанкі...

Вось некалі раней дык добра было: пасля школы атрымаў спецыяльнасць, знайшоў работу і працуй сабе — гадамі ці нават дзесяцігоддзямі. Цяпер жа іншая мода: з усіх бакоў гавораць, што ўсё трэба мяняць — жонак-мужоў, адрасы, кватэры, а ўжо работу — дык кожныя пяць гадоў! Некаму гэта, можа, і даспадобы, а некаму — не. Я вось дакладна з ліку апошніх, таму, дзякуй богу, паспела яшчэ змяніць працу на заслужаны адпачынак.

Але ж тут размова пра маладых. Цяжка ім ва ўсіх адносінах, бо трэба яшчэ і дамы будаваць, і дзяцей выхоўваць, і дрэвы садзіць. А за якія, прабачце, грошы? Вось і даводзіцца ім звальняцца з аднаго месца, уладкоўвацца на новае, зноў шукаць і, бывае, знаходзіць...

Суседскі Юрык, напрыклад, у дальнабойшчыкі падаўся. Нялёгкая гэта праца, але ж свае пяцьсот зялёных «рублёў» хлопец штомесяц мае, па свеце раз'язджае, шмат што бачыць. Некалі б яшчэ і розных дэфіцытаў сваім панавозіў, а цяпер, казаў, ужо не: «Што тут Кітай, што там...»

Але ж Юра ўсё роўна задаволены — і работай, і сваім напарнікам. Яны з ім за правіла ўзялі: у рэйс выязджаюць рана, з сабой бяруць «тармазкі», каб ні часу, ні грошай лішніх не траціць...

Дык вось у той раз перад ад'ездам да Юрыка зайшла сястра. Сказала, што ўсякай смакаты нарабіла (напярэдадні свінчо закалолі), і наскладала ў розныя слоікі-каробачкі, што пакет з імі паставіла ў сенцах.

— Пайшлі — пакажу, каб ты ведаў, — прапанавала брату.

— А што там глядзець? — буркнуў той. — Забяру ды паеду.

Тані трохі крыўдна было ад гэтай няўвагі, але ж што ты будзеш рабіць? Схадзіла ў склеп, убачыла там, што морква псуецца. Набрала яе ў пакет, каб горшую скаціне скарміць...

А Юрык тым часам ужо сабраўся, пазваніў напарніку: маўляў, ты з сабой нічога не бяры, хіба тэрмас чаю, усё астатняе ўжо ёсць. А потым выйшаў у сенцы, падхапіў досыць важкі «тармазок», укінуў яго ў машыну і...

Колькі там вёрстаў хлопцы праехалі — вырашылі яблычкаў сушаных пагрызці (іх зверху заўсёды клалі). Юра за рулём быў — запусціў руку ў пакет за спінай і знячэўку аж тормаз «прыдушыў», бо выцягнуў... гнілаватую морквіну з бледна-зялёным чубчыкам. «Што гэта?» — моўчкі спытаў у напарніка. Той расхінуў пакет: у ім — апроч морквы — нічога не было.

А тут і сястрыца, лёгкая на ўспамін, тэлефануе, пытаецца:

— Ну як вы там, хлопчыкі? Ці добра паабедалі?

Юрык са смехам:

— А як жа!.. Тваёй гнілой морквай.

Таня хуценька ў сенцы, — а там пакет з яе прысмакамі як стаяў, так і стаіць...

З тых часоў Юра за правіла ўзяў: перш чым «грузіць» свой «тармазок» у машыну, абавязкова глядзець, што там ляжыць. Ці не морква, напрыклад?

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


Хто смяецца апошнім

Цікавая штука памяць: вочы заплюшчыў і...

Ліпень, палатачны гарадок. Мы, студэнты політэхнічнага, на ваенных зборах.

З першага дня ведаем (камандзір нашай роты сказаў), што тэорыі тут не будзе — толькі «практыка»: гэта значыць за месяц нас навучаць таму, чаму іншых — за год. І засвоіць гэтыя веды мы павінны лепей, бо ўсё ж як-ніяк афіцэры...

Сярод нашых «настаўнікаў» у тыя часы была яшчэ пара-тройка франтавікоў. Курсантаў яны вельмі паважалі, але і дысцыпліну трымалі проста жалезную, дзень пры дні, з якіх добра помняцца толькі два. З-за чаго? З-за смеху.

У тую спякотную раніцу нашу роту чакаў марш-кідок і атака на ўмоўны населены пункт. Беглі ў поўнай выкладцы: дыханне збівалася, пот засціў вочы, праз запацелае шкло процівагазаў ніхто нічога не бачыў. Мы хіба чулі, што наперадзе — то спінай да нас, то тварам — бяжыць сяржант. Ён камандуе, задае, што называецца, тэмп, а потым... Гучыць не то шумнае «плюх», не то «боўць» і яшчэ гучнейшае: «Сто-о-ой!»

Мы спыніліся, прычым, як аказалася, ледзь не на самым краі вялікай канавы, у якую з кароўніка сцякала жыжа і ў якую ледзь не па пахі «ўляцелі» двое — наш сяржант і курсант Ціханаў.

Марш-кідок з атакай на гэтым завяршыліся, мокрая парачка, вылезшы на бераг, пайшла адмывацца да сажалкі.

Вечарам пачалася паверка. Мы выстраіліся ў рад, сталі па камандзе смірна. Лейтэнант далажыў капітану, што рота з заданнем справілася і што вызначыўся ў гэтым найперш курсант Ціханаў...

Хлопцы, вядома ж, у смех! Лейтэнант — у крык:

— Маўчаць!

І тут жа пальцам паказвае:

— Ты! Ты і ты! Нарад на кухню... Па-за чаргой...

Такім чынам самыя смяшлівыя ўжо назаўтра выконвалі ўсё, што загадае кухар: насілі ваду, секлі дровы, тапілі пліту, а нарэшце — мылі посуд.

Сняданак прайшоў спакойна, а вось пасля абеду — міскі не ададраць (другой стравай была грэцкая каша са свінінай)... Ды яшчэ і маёра нячысцік прынёс. Кухар падаў яму бялюткі ручнік, той правёў ім па абадку як быццам чыста вымытай міскі і... на падлогу скінуў усе — перамывайце нанава. Добра, што ўрэшце чарга дайшла да катлоў, на дне якіх заставалася каша.

— Можна з'есці? — спытаў наш вечна галодны Гарык.

І, што называецца, дарваўся — пераеў... Прычым — не толькі ён...

Карацей, вячэру перасмешнікі сяк-так яшчэ адбылі, посуд памылі. А потым быў візіт да фельчара, які і ўратаваў, бо інакш начавалі б курсанты не ў палатках, а наводшыбе, у маленькай дашчатай будыніне.

Але ж і без гэтага хлопцы, здаецца, зразумелі, што смяяцца з сяржанта ды курсанта ім не трэ было, што, калі б не яны і не іхняя каманда «стой», побач, у той жа канаве маглі б аказацца многія.

У. Сяргейчык, г. Мінск


Цешчын урок

...Заданне збіраць ды запісваць моўныя залацінкі (дыялектныя словы, фразеалагізмы) даюць ці не ўсім студэнтам-філфакаўцам, нават завочнікам.

Некалі вось такое атрымала і я: са сшыткам, з ручкай пайшла «ў людзі», то-бок да суседкі, у якой, здаецца, штодня збіраўся жаночы «сейм». Прысела там да стала, чакаю, што б запісаць, а гутарка, чую, зусім не клеіцца. Жанкі, па ўсім відаць, помняць, як настаўнікі хадзілі спаганяць пазыкі, перапісваць кароў ды свіней, кусты ў садах, і таму з апаскай пазіраюць на сшытак: думаюць, што ж на гэты раз?

Карацей, я хутка зразумела, што тут мне нічога не свеціць.

Выйшла на вуліцу. Бачу — сядзяць на лаўцы жанчыны, чакаюць з поля кароў. Падсела да цёткі Ганькі. Яна не з самых гаваркіх была, але ж, як шахматыст, усё абдумае ды і «прыпячатае» — знойдзе праціўніку месца...

Вось тым яна і ратавалася, бо вайна забрала ў яе мужа з сынам — пакінула адну з трыма дзяўчаткамі. Радні, каб ім дапамагчы, не было. Цётка сама і арала, і сеяла, і касіла...

Не пашчасціла на мужоў і цётчыным дочкам. Хіба да старэйшай прыбіўся нейкі прымака — чалавекам быў так сабе, але ўсё ж мужчына. З часам нават у начальнікі выбіўся: стаў загадчыкам фермы, а дачка — даяркай.

Цётка Ганька, немаладая ўжо, спрацаваная, пры іх дажывала: няньчыла ўнукаў, пыніла гаспадарку, як іншыя ў тэлевізар ці камп'ютар цяпер, глядзела ў вялікую варыстую печ.

Дык вось, расказвала, падышла да яе ў чарговую раніцу, а там зноў — каб смалячок які, каб паленца. Прычым іх і на дрывотні няма: гаспадар такі — з плеч у печ, і яму што кажы, што не кажы...

Дачка да світання на ферму пайшла, ён у кантору памчаўся. Зараз будзе з нарада ісці, па звычцы забяжыць дадому паснедаць...

Ну дык я і давай яму есці «варыць»: наабразала бульбы (у нас на Пастаўшчыне сырую — абразаюць, а вараную абіраюць), потым злажыла ў чыгунок, заліла вадой, усунула ў халодную печ — чакаю зяця.

Той — здалёку чую — з'яўляецца: кідае на вяшак сваю шапку, сам садзіцца за стол: маўляў, стаў, гаспадыня, есці.

А я ж гэта ўмомант: міску кіслага малака з тварагом, міску салёных агурочкаў (была ўжо восень), потым на вілках вымаю з печы гаршчэчак з бульбай і таксама зяцю пад нос — еш, даражэнькі!

Глянуў ён на гэту «карціну» і як усхопіцца! Шапку на галаву і ходу.

Я гляджу яму ўслед і думаю: «На ферму панёсся... Бедны... Галодны...»

Шкада чалавека, але ж і мне ці лягчэй? Зараз, ведаю, дзеці паўстаюць, есці папросяць, а чым іх карміць?..

Аж чую, нейкі грукат з вуліцы: нехта ідзе ці што? І сапраўды — дзверы адчыняюцца, зяць на парозе — з вялізным бярэмем дроў... Нейкага ламачча ля фермы назбіраў і прынёс. «Во, — кажа, — маці, паліце ў печы, варыце што трэба, і сабе, і свінням».

Сказаў гэта ды пайшоў, а пасля абедзеннай дойкі запрог каня, з'ездзіў у лес: засвоіў цешчын урок, за правіла ўзяў дровы назапашваць загадзя, трымаць пад паветкай — паколатыя, сухія, бярозавыя.

...Вось такая ў нас атрымалася размова з цёткай Ганькай, з Ганнай Данілаўнай. Нейкіх моўных залацінак ад яе я той раз не пачула і не запісала, аднак на ўсё жыццё запомніла гэту гісторыю — пра цешчу і зяця? Пра дровы?

Ці пра дзейсную сілу ўчынкаў?

Леанарда Аляшэвіч, г. Смаргонь

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж...

Калі нейкая з гісторый вам спадабалася, прымусіла ўсміхнуцца ці нават пасмяяцца, не скупіцеся — падзяліцеся гэтай усмешкай з іншымі — перадайце газету суседу, супрацоўніку, знаёмцу, і тады «Звязда» (чым чорт не жартуе...) знойдзе новых падпісчыкаў, а то і аўтараў.

Не хочаце перадаваць ды дзяліцца? Што ж — яно і гэтак па-нашаму. А таму пакладзіце нумар (ці нумары за пятніцу) у нейкую шуфляду. Потым, калі стане маркотна, дастанеце і пачытаеце: словы — гэта праверана — па-ранейшаму лечаць. Ад нуды — гарантыя.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.