Вы тут

Брастаўчанка ўзняла пытанне недахопу месцаў у дзіцячых садках горада


Падчас акцыі «Задай пытанне Прэзідэнту» ліст напісала Вікторыя Зыковіч з Брэста. Мама дваіх дзяцей станоўча ацаніла работу, якая вядзецца па падрыхтоўцы горада да 1000-годдзя. Але, на яе думку, новыя масты, дарогі, іншыя грамадскія аб'екты не вырашаць праблему многіх і многіх бацькоў дашкольнікаў, таму трэба яшчэ будаваць садкі. «Я пражываю ў мікрараёне Кавалёва, працую ў гэтым жа раёне, — піша аўтар звароту, — а дзіця вымушаная вазіць у другі раён — Усход. Хоць побач з маім домам па вуліцы Луцкай размешчаны тры дзіцячыя садкі».


Далей жанчына апісвае, як звярталася ў аддзел адукацыі Маскоўскага раёна Брэста перад уладкаваннем дзіцяці ў садок, як ёй адмовілі. З часам прасіла ўжо перавесці дачку з садка на Усходзе ва ўстанову бліжэй да дому, зноў атрымала адмоўны адказ па прычыне адсутнасці месцаў. «Як можна думаць пра павелічэнне сям'і, калі і другое дзіця не магу ўладкаваць у садок побач з домам?!» — задаецца рытарычным пытаннем жыхарка Брэста.

Аўтар гэтых радкоў таксама жыве ў мікрараёне Кавалёва па вуліцы Луцкай. Магу сказаць, што і дваццаць гадоў таму праблема ўладкавання ў садок крокавай даступнасці была — не такой вострай, як цяпер, але была. Мікрараён адносна малады. Вікторыя кажа аб трох дашкольных установах, якія відаць з вокнаў яе кватэры. Насамрэч іх чатыры, хіба што садок № 82 на пяць хвілін хадзьбы далей ад згаданых трох, якія знаходзяцца фактычна ў адным квартале. Але ж за апошнія два дзесяцігоддзі навакол пабудавана столькі жылля, што месцаў сапраўды стала катастрафічна не хапаць. А цераз дарогу ад кварталаў забудовы вакол вуліцы Луцкай на вачах расце яшчэ адзін мікрараён пад назвай Лагуна.

— Вось тут і ўзводзіцца школа-садок на 471 месца, у тым ліку на 150 дашкольных, — паведаміў начальнік аддзела адукацыі Брэсцкага гарвыканкама Анатоль НАСКОЎ. — Зараз у дашкольных установах горада займаецца 17 тысяч дзяцей. Праблема дэфіцыту месцаў у садках узнікла не ўчора. Горад імкнецца яе вырашаць рознымі шляхамі. Калі чатыры гады таму не хапала дзве з паловай тысячы месцаў, то цяпер дэфіцыт складае каля дзвюх соцень. І гэты разрыў скараціўся таму, што апошнім часам уведзена ў эксплуатацыю больш за 3,5 тысячы месцаў. Па-першае, павялічвалі напаўняльнасць дашкольных груп, а па-другое рамантавалі і вярталі памяшканні, якія раней былі дзіцячымі садкамі, а потым перадаваліся ў іншыя ведамствы. Напрыклад, дзіцячы садок на 350 месцаў па вуліцы Благавешчанскага не так даўно ўвялі ў строй, цяпер там уладкавана больш за 400 дзяцей, атрымалася размясціць дадатковыя месцы. Па вуліцы генерала Ракасоўскага плануецца правесці рэканструкцыю садка і таксама павялічыць колькасць дашкольных месцаў. Пачынаюцца праектныя работы па будаўніцтве садка ў мікрараёне Вулька-3. Гэта суседнія раёны з памянёным Кавалёвам. Значыць, можна спадзявацца, што ў раёне пражывання Вікторыі Зыковіч садкі будуць патроху разгружацца.

А пакуль заяўніцы паабяцалі вярнуцца да пытання восенню. Калі будзе праведзена камплектацыя груп на наступны навучальны год і застануцца месцы, яе дачку перавядуць у садок побач з домам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Садок побач з домам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.