Вы тут

«Простыя» прыпавесці Віктара Грамыкі


Вялікі філосаф, пясняр «сельскай» тэмы, ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук, прафесар, педагог Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў з амаль 40-гадовым стажам выкладання, майстар тэматычных палотнаў, партрэтаў і пейзажаў, якія прадстаўлены ў найбуйнейшых музеях свету. Герой сённяшняй рубрыкі — народны мастак Беларусі Віктар Аляксандравіч Грамыка (нар. 1923 г.).


Віктар Аляксандравіч Грамыка. Аўтапартрэт. 1965—1966. Кардон, алей.

...Вайну ён сустрэў 18-гадовым юнаком. Усяго за дзень да пачатку Вялікай Айчыннай скончыў 10 клас і атрымаў атэстат сталасці, а ўжо неўзабаве стаў падпольшчыкам у групе Канстанціна Заслонава, пазней — партызанам Смаленскага палка асаблівага прызначэння. Сведчанне яго баявых заслуг — шматлікія ўзнагароды: ордэны Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, медалі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» І ступені і іншыя.

Але ж і ў гады вайны Віктар Грамыка заставаўся мастаком. Ён паспеў пасля сямігодкі павучыцца ў Віцебскай мастацкай вучэльні і нават стаць пэўным феноменам: вярнуўшыся ў сваю аршанскую школу, быў там адначасова вучнем і настаўнікам малявання. Таму не дзіва, што ў партызанскім атрадзе Грамыка быў нарасхват як партрэтыст і менавіта яму даверылі выданне палкавой газеты «Народны мсцівец».

Безумоўна, для Віктара Грамыкі тэма вайны вельмі асабістая. І, відаць, якраз з прычыны таго, што Грамыка прайшоў вайну, ведаў яе знутры, ён заўжды ставіўся да гэтай тэмы надзвычай адказна, не «злоўжываў» ёю. Яму цяжка было прытрымлівацца кананічных схем у распрацоўцы гэтай тэмы. Згадайма, напрыклад, знакамітую карціну «Салдаты» (1967) з выявай трох ветэранаў, якія памінаюць палеглых аднапалчан. Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак успамінаў: «Колькі было спрэчак і дыскусій вакол гэтага палатна! Мастака безапеляцыйна абвінавацілі ў «агрубленні рэчаіснасці» і ледзь не ў прапагандзе... алкагалізму. Які, маўляў, прыклад для моладзі? З пазіцыі «прычасанасці», якой надзяляліся многія тагачасныя сусальныя карціны з ваеннымі сюжэтамі, падобныя папрокі былі прывычна зразумелыя. Але штабелі прыкра-парадных пастараляў пра вайну, якіх у тыя часы было вельмі шмат, даўно адышлі ў нябыт, а палатно «Салдаты» і па сёння засталося пранізліва-глыбокай «насечкай» у выяўленчай культуры Беларусі».

У творы «Балада пра апошнюю кулю» (1968) Віктар Грамыка закрануў тэму, якая выклікала даволі неадназначную рэакцыю ў тыя часы і да якой ён зноў звярнуўся праз два гады — у карціне «1941 год. Над Прыпяццю».

Трэба сказаць, што адлюстраванне пагібелі герояў увогуле не вельмі віталася ў беларускім выяўленчым мастацтве да пэўнага часу. Возьмем, напрыклад, работы Яўгена Зайцава: калі «Пахаванне героя» (1945) яшчэ прымалася як прыклад распрацоўкі кананічнага для мастацтва сюжэта, то палатно «Стаяць насмерць» (1948), дзе па акопе сярод трупаў адзін баец цягне другога, які памірае ад ран, але ўсё яшчэ сціскае ў руцэ гранату, выклікала вялікія нараканні, можна сказаць, скандал. З цягам часу, аднак, было прызнана, што на карцінах пра вайну дапушчальныя выявы смерці, што яны дазваляюць паказаць сапраўдны кошт мужнасці, гераізму воінаў. Але ранейшыя табу разбураліся вельмі марудна. Прынамсі, прынята было лічыць, што ў мастацкім творы савецкі воін мусіць паміраць у атачэнні баявых таварышаў.

Зусім інакш вырашыў тэму смерці героя Віктар Грамыка ў сваім творы «1941 год. Над Прыпяццю». Напісаная ў 1970 годзе, гэтая карціна — адна з самых пазнавальных у творчай спадчыне народнага мастака Беларусі і адна з найбольш выбітных у беларускім жывапісным летапісе Вялікай Айчыннай вайны.

...Памерлага ад ран байца, які так і не выпусціў з рук вінтоўку, атачаюць не баявыя таварышы. Над воінам сядзіць пажылая жанчына. Нерухомая выпрастаная постаць, безнадзейна і пакорліва складзеныя рукі, пацямнелы ад гора твар з горка сцятымі вуснамі — яна нібыта скамянела ў роспачы. Старая сядзіць на каленях, і, калі пільна прыгледзецца, выява беларускай сялянкі і байца нагадвае сцэну П'еты. Побач — дзявочая фігурка. Дзяўчына-падлетак крычыць. Але гэта не жалобнае галашэнне. Рух складзеных рук дзяўчыны паказвае, што яна кагосьці кліча. Яна адзіная на гэтай карціне ўся ў руху — яна ўвасабленне жыцця, надзеі, памкнення. Усё на гэтым палатне Віктара Грамыкі пабудавана на кантрастах: смерць і жыццё, нерухомасць і экспрэсія, сталасць і юнацтва, маўчанне і крык.

Хто гэтыя дзве жанчыны? Магчыма, маці і сястра забітага байца? Не, хутчэй, гэтыя вобразы — увасабленне ўсіх жанчын — мацярок, жонак, сёстраў, дачок, — якія незваротна страцілі на той вайне сваіх родных, каханых... Вайна на гэтым палатне — не геройства, не подзвігі і перамогі, а суцэльная трагедыя, смерць адных і пакуты іншых.

Віктар Аляксандравіч Грамыка. 1941 год. Над Прыпяццю. 1970. Палатно, алей, тэмпера.

Каляровая гама палатна лаканічная, але вельмі выразная. Дамінуюць глыбокі чырвоны і жаўтавата-пясочны. Гэтыя колеры выклікаюць падсвядомае адчуванне неспакою, трывогі. Кантраснымі плямамі вылучаецца колер жалобы — чорны: хустка на галаве старой кабеты, сукенка дзяўчынкі, посцілка, на якой ляжыць баец, ды і неба над Прыпяццю, зацягнутае чорнымі хмарамі. Трое людзей, намаляваныя на карціне, быццам самотнікі, закінутыя ў жоўтую пясчаную пустыню, па якой разліваецца бязмежная плынь крыві. Крывавая рака, выгінаючыся, падступае амаль да іх ног, нібыта пагражаючы іх паглынуць. Што могуць зрабіць гэтыя бездапаможныя жанчыны, перад якімі ляжыць той, хто загінуў, спрабуючы іх абараніць? Ім застаецца альбо скамянець, знерухомець ад гора, альбо крычаць, спадзеючыся на выратаванне, заклікаючы да барацьбы.

Дасведчаныя людзі скажуць, што берагі Прыпяці сапраўды пакрытыя светлымі пяскамі, што яе воды ў некаторых месцах з прычыны асаблівасцяў тутэйшых глебаў афарбоўваюцца ў чырванаваты колер. Гэтыя дасведчаныя людзі зазначаць, што дзяўчына крычыць, каб выклікаць перавоз, які і дагэтуль з'яўляецца адзіным спосабам перабрацца з аднаго берага ракі на другі. Але ўсе гэтыя рэаліі набываюць на карціне Віктара Грамыкі глыбокі сімвалічны сэнс.

Выявы на палатне вельмі лаканічныя, не дэталізаваныя. Таму адна-адзіная маленькая, але важная дэталь, на якой Грамыка ўсё ж ставіць акцэнт, асабліва кідаецца ў вочы і набывае выключны сэнс. На руцэ байца, якая сціскае вінтоўку, — нібыта заручальны пярсцёнак. Малады салдат адышоў у нябыт як герой, павянчаны са зброяй.

Што азначае назва карціны? Не так часта ў назве мастак ставіць кропку паміж двума складнікамі — гэта нібыта падказвае, што кожны з іх важны сам па сабе. 1941 год — таму што карціна адлюстроўвае настрой менавіта пачатку вайны, калі ў моры крыві, адчаю і, здавалася б, безвыходнасці людзям так цяжка, але так важна было захоўваць надзею. Чаму ж — «Над Прыпяццю»? Тут, відаць, варта звярнуцца да надзвычай цікавай гісторыі стварэння гэтай карціны і чарговы раз пераканацца, якімі непрадказальнымі, пакручастымі бываюць шляхі творчага мыслення. Вось як пра гэта расказваў сам Віктар Грамыка: «Да гэтай карціны я ішоў доўга — больш за тры гады. Штуршок адбыўся нечакана: мы з прыяцелем плылі на маторцы па Прыпяці, і ў раёне Петрыкава, на адным з тых знакамітых агромністых жоўта-белых пляжаў, я заўважыў адзінокую фігуру жанчыны. Яна сядзела на пяску, побач ляжалі веласіпед і вялікі мех, праз радно якога праступалі рэбры боханаў фармавога чорнага хлеба. Чымсьці гэты вобраз так узрушыў мяне, што я даў знак таварышу павярнуць лодку, і мы яшчэ раз праплылі міма той адзінокай жанчыны. Твар яе быў напружаны і журботны. Яна, напэўна, чакала перавозу — і ніхто па яе з таго боку не прыязджаў. Ёй жа трэба было перабірацца спачатку на лодцы, а потым на калёсах ехаць некалькі кіламетраў, бо супрацьлеглы бераг Прыпяці быў заліўны, і вёскі ад яго стаялі далёка.

Усё гэта неяк імгненна і востра адгукнулася ў душы, ажно сэрца сціснулася. Закруціліся ў галаве неакрэсленыя ідэі, звязаныя з вобразам гэтай жанчыны. Той хлеб у мяху арыентаваў быццам бы на сацыяльна-бытавую тэматыку, калі гаварыць пра жанр, — але з якім ухілам? Як вырашыць гэтую тэму? Я доўга круціў так і гэтак, з'яўлялася фігура дзяўчынкі, і тое, і сёе... Потым адкладваў: не мая мова, не мая тэма. Але аднойчы, пасля творчых пакут, прыйшло тое, што мастакі называюць азарэннем. Я ўбачыў яе, сваю карціну, але — зусім іншую. Гэта работа, што так доўга хавалася ад мяне ў тайніках падсвядомасці, раптам паўстала перад унутраным зрокам так дакладна, быццам я разглядаў рэпрадукцыю. Я ўбачыў, што падзея адбываецца ў сорак першым годзе. Я ўбачыў, што на пяску ляжыць смяротна паранены салдат, укрыты шынялём з пятліцамі пагранічніка. Ляжыць ён на посцілцы, нібы ў чоўне, які плыве ўжо ў нябыт ці, наадварот, у неўміручасць. Я ўбачыў і чорнае сярод белага дня неба, і крывава-чырвоную Прыпяць. І жоўта-белы пясок, і вербы, сагнутыя пад ветрам, і жанчыну з тварам, поўным смутку, і кволую дзяўчынку, якая кліча на дапамогу. Прычым азарэнне было імгненнае. Не паверыце, але карціна напісалася ўсяго за тры сеансы — за тры рабочыя дні. Вераснёўскай раніцай — у пятніцу — я пачаў пісаць карціну. У нядзелю амаль завяршыў працу, у панядзелак толькі перапісаў светлую кофту жанчыны. У тыя далёкія часы я працаваў вельмі хутка, але ўсё роўна тэрмін выканання такой вялікай і досыць складанай карціны быў фантастычна кароткі. Пры гэтым лічу яе адной з тых, што найбольш цяжка даліся, і — адной з самых удалых. У ёй праз вобразныя сродкі — не праз кроў! — сказана пра вайну вельмі многае».

Віктар Аляксандравіч Грамыка. Салдаты. 1967. Палатно, алей.

Карціна «1941 год. Над Прыпяццю» мела вялікі поспех на ўсесаюзнай выстаўцы 1970 года, не раз экспанавалася за межамі СССР. За гэтае палатно Віктар Грамыка быў узнагароджаны сярэбраным медалём імя Грэкава, які прысуджаецца найлепшым творам батальнага жывапісу. Сёння гэтая карціна экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і працягвае ўражваць гледачоў.

У гэтым творы Віктара Грамыкі няма ні празмернага пафасу, ні недарэчнага штукарства. На першы погляд карціна вельмі «простая», мінімалістычная: усяго тры фігуры, усяго некалькі колераў. Але, напэўна, у гэтай «прастаце» і хаваецца сакрэт таго, што палатно выглядае так, быццам напісана сёння, а не амаль паўстагоддзя таму. Мінімальнымі выяўленчымі сродкамі мастак здолеў сказаць вялікую праўду пра вайну. Дый не толькі пра вайну, а ўвогуле пра жыццё і смерць, пра ўсё тое, пра што і мусіць казаць вялікае мастацтва.

Юлія ЗАГОРСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.