Вы тут

Румас уручыў прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці


Учора прэм'ер-міністр краіны Сяргей Румас уручыў дыпломы пераможцам конкурсу на саісканне прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці ў 2018 годзе.


Перад узнагароджваннем Сяргей Румас адзначыў, што прэмія ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці — гэта самая высокая нацыянальная ўзнагарода, якая ўручаецца найлепшым арганізацыям нашай краіны, што дасягнулі значных вынікаў у галіне якасці прадукцыі і паслуг, укаранілі сучасныя метады менеджменту і інавацыйныя тэхналогіі. Таксама ён падкрэсліў, што эканамічная палітыка дзяржавы сканцэнтравана на эфектыўнасці і якасці. А гэта знаходзіць адлюстраванне ў росце паказчыкаў, якія характарызуюць прадукцыйнасць працы, рэнтабельнасць, долю інвестыцый у асноўны капітал, удзельную вагу экспарту і імпартазамяшчэнне.

Прэм'ер-міністр краіны падзякаваў прадстаўнікам найлепшых прадпрыемстваў за сістэмнае прасоўванне якасці ва ўсіх сферах дзейнасці, уклад у паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне. Ён лічыць, што пераможцы конкурсу сваёй эфектыўнай працай, высокай сацыяльнай адказнасцю стымулююць партнёраў да самаўдасканалення, актыўнай працы ў галіне якасці, выкарыстання перадавога вопыту і сучасных механізмаў кіравання. Усё гэта, у сваю чаргу, спрыяе стабільнаму развіццю нашай краіны, захаванню рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.

Лаўрэатамі конкурсу сталі дзесяць арганізацый, якім было вырашана ўпершыню прысудзіць прэмію ўрада за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці вырабленай прадукцыі. Сярод іх гімназія № 1 імя Я. Карскага г. Гродна, канструктарска-тэхнічны цэнтр Беларускай чыгункі, Тураўскі малочны камбінат, 4-я гарадская клінічная бальніца імя М. Саўчанкі Мінска, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка і іншыя. Гэтыя ўстановы знаходзяць новыя магчымасці для развіцця, росту сваіх асноўных мэтавых паказчыкаў за кошт эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў, удасканалення сістэмы арганізацыі вытворчасці, аптымізацыі выдаткаў.

Яшчэ 15 арганізацый пацвердзілі званне лаўрэата, атрыманае раней. Сярод іх Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, акцыянернае таварыства «Атлант», Рэчыцкі метызны завод, кампанія «Савушкін прадукт», унітарнае прадпрыемства «Граніт», швейная фабрыка «Мілавіца», сумеснае прадпрыемства «Спартак» і іншыя.

Лаўрэаты, у тым ліку тыя, хто пацвердзіў гэтае званне, на працягу трох гадоў могуць выкарыстоўваць малюнак эмблемы прэміі ў маркіроўцы тавараў і дакументацыі, а таксама ў рэкламных мэтах.

Тры арганізацыі ўдастоены спецыяльных узнагарод. Акцыянернае таварыства «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга «БМК» атрымала ўзнагароду ў намінацыі «лідарства», прадпрыемства «АйБіЭй АйЦі Парк» — у намінацыі «Дасканаласць менеджменту». Кампанія «Савушкін прадукт» адзначана ў намінацыі «Сацыяльная адказнасць».

«Усяго за 20 гадоў існавання прэміі ўрада ўзнагародамі было адзначана 227 арганізацый. Гэта нашы лідары па якасці з розных галін эканомікі і сферы паслуг», — падсумаваў Сяргей Румас.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пашану заслужылі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.