Вы тут

Будні сельскага ўрача


З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.

Нежкаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі пачынае прыём з паловы дзявятай раніцы, але ўжо а восьмай у яе калідорах робіцца мнагалюдна. Камусьці трэба аналізы здаць, камусьці пракансультавацца з урачом, камусьці прайсці фізіяпрацэдуры.


Аляк­сандр Шо­бі­каў дае слуш­ную па­ра­ду.

Найлепшыя ў вобласці і не толькі

Нежкаўская амбулаторыя абслугоўвае 29 вёсак, да самага крайняга населенага пункта — 16 кіламетраў. На ўчастку жывуць 2723 чалавекі. З іх 847 пенсіянераў і 417 дзяцей, шмат якім няма яшчэ і года. Амбулаторыя аказвае поўны комплекс паслуг, як і любая іншая паліклініка. Тут ёсць свая лабараторыя, дзе можна зрабіць аналіз крыві, у тым ліку на глюкозу і халестэрын. Для больш глыбокага даследавання таксама не спатрэбіцца ехаць у Бялынічы. Забор крыві зробяць на месцы і адправяць у райцэнтр. Пры амбулаторыі працуе працэдурны кабінет, існуе дзённы стацыянар. З Магілёва прыязджае перасовачны флюарограф. На ўзбраенні партатыўны апарат для правядзення ЭКГ. Калі кардыяграма насцярожвае, яе перададуць у райцэнтр, каб вузкі спецыяліст зрабіў сваё заключэнне. Адрозненне ад звычайнай паліклінікі толькі ў тым, што штат меншы. З медперсаналу тут працуе адзін тэрапеўт, педыятр на паўстаўкі, фельчар, чатыры медыцынскія сястры і лабарантка.

Але на цяжкасці тут не скардзяцца. Наадварот, дэманструюць выдатныя паказчыкі ў рабоце. Па выніках дзейнасці за мінулы год Нежкаўская амбулаторыя прызнана найлепшай у вобласці і ў краіне. Дарэчы, некалькі гадоў таму яна ўжо была першай у краіне. Наогул, уся сцяна ў калідоры ў дыпломах і граматах. За проста так такія ўзнагароды не даюць.

— Паказчыкаў, па якіх вызначаюць лепшых, шмат, — сціпла кажа загадчыца амбулаторыі Марыя Зайцава. — Сярод іх нараджальнасць, смяротнасць, анказапушчанасць. Мы ўсё гэта адсочваем. Прымушаем людзей праходзіць дыспансерызацыю, нават запрашэнні дасылаем. Некаторыя жыхары на іх не рэагуюць, але мы іх рознымі спосабамі зацікаўліваем да нас прыйсці. Тлумачым, што пасля 40 гадоў гэта абавязкова трэба рабіць. Хаця непрыемныя хваробы выяўляюцца і ў зусім яшчэ маладых.

Марыя Зайцава працуе ў амбулаторыі восем гадоў. Да гэтага лячыла людзей у Дрыбінскім раёне, куды трапіла па размеркаванні пасля вучобы ва ўніверсітэце, і ў Магілёве. Але сямейныя абставіны прымусілі памяняць горад на вёску.

З па­ва­гай да па­цы­ен­та.  Фель­чар Свят­ла­на Ка­за­ко­ва.

На прыём да ўрача

Асноўны кантынгент — гэта жыхары аграгарадка Вішоў. Але хапае пацыентаў і з навакольных вёсак. Напрыклад, з Лямніцы, дзе некалькі гадоў таму закрылі ФАП.

— У лепшыя часы ў нас былі і школа, і пошта, і ФАП — зараз нічога не засталося, — уздыхаюць сужэнцы Любоў Віктараўна і Мікалай Уладзіміравіч, што прыехалі на прыём. — Раней было дзе і ціск памераць, і таблетку купіць, і кропельніцу зрабіць —
цяпер па ўсё гэта трэба сюды ехаць або ў Бялынічы. Тры разы на месяц прыязджаем — то ногі забаляць, то спіна, то яшчэ якая навала. Вось зараз уколы прызначылі, таму мы тут, бо хто ж іх зробіць? Заадно трэба лекі купіць ад ціску. Гэта хвароба ўжо невылечная, таблеткі трэба піць пастаянна. А транспарту не хапае: адзін толькі аўтобус па аўторках ездзіць. Ды і машыну не вельмі проста знайсці, не кожны пагадзіцца падвезці.

Марыя Зайцава старым спачувае, але што рабіць, калі колькасць насельніцтва скарачаецца.

— Калі на ўчастку 150 чалавек, ФАП трымаць вельмі стратна, — кажа ўрач. — Ад нас Лямніца не так далёка, кіламетраў 6—7. Па гарадскіх мерках — не адлегласць, там таксама не ўсе могуць хутка да паліклінікі дабрацца. А ў садок некаторыя возяць дзяцей наогул з аднаго канца горада ў другі. Нязручна, але ж што рабіць? ФАПы ў вёсках, якія выміраюць, — таксама вялікая раскоша. 150 чалавек на аднаго фельчара — гэта мізэр. Нагрузка на фельчара амбулаторыі ў 10 разоў большая. Да таго ж выклікі, якія паступаюць на ФАП, усё роўна абслугоўвае амбулаторыя. Фельчару няма на чым ездзіць.

Без увагі ніхто не застаецца

У фізіятэрапеўтычным кабінеце Нежкаўскай амбулаторыі аншлаг. Ён працуе паўтары гадзіны штодзень, і трэба паспець прайсці прызначаныя ўрачом працэдуры. Вольга Мажарцава выконвае абавязкі медсястры фізіякабінета і фельчара ФАПа ў Свяцілавічах.

— Сумяшчаць складана, — прызнаецца суразмоўца. — Але на чвэрць стаўкі ў амбулаторыі пражыць няпроста. Паслугамі ФАПа карыстаюцца жыхары яшчэ дзвюх вёсак — Краснае і Студзёнкі, усяго на ўчастку каля 800 чалавек. Радыус абслугоўвання 8 кіламетраў. За дзень праходжу па 15 кіламетраў — аднаму трэба ціск памераць, другому ўкол зрабіць, трэцяга агледзець. На мне продаж лекаў, патранаж дзяцей, абслугоўванне пацыентаў дома. Людзі тэлефануюць і паведамляюць, што самі не ў стане прыйсці, і я бягу. Шмат ляжачых хворых, нетранспартабельных. Раней 10 гадоў працавала загадчыцай ФАПа ў Лямніцы, але людзей там рабілася ўсё менш і менш. Апошнім часам нават праз дзень прыходзілі на работу. Пацыентаў мала, зарплата невялікая.

Дзіцячая аўдыторыя на асаблівым рахунку. Для яе нават ёсць асобны ўваход у амбулаторыю. Прыём вядзе вопытны ўрач-педыятр Аляксандр Шобікаў. Ён працуе на паўстаўкі, і вольнага часу на размовы ў яго амаль няма. Назіраю збоку, як ён аглядае трохмесячнага малыша і кансультуе яго маці. Маладая жанчына літаральна з ходу паспявае падзяліцца добрымі словамі ў адрас урача і падзякаваць праз газету за прафесійнае абслугоўванне. А на чарзе ўжо новы пацыент. У дзяўчыны не зажывае крывавы мазоль на пятцы. Пакуль урач яе кансультуе, паступае выклік на дом.

— Вось так і працуем, увесь час у справах, — коратка кажа педыятр. — Усяго на ўчастку 392 малышы. Дзеці ў асноўным вішоўскія. Але ездзім абслугоўваць малых пацыентаў і на вёску. Калі патрэбна дапамога вузкіх спецыялістаў або больш дасканалае абследаванне, вязём у Бялынічы. Без увагі ніхто не застаецца.

Не­жкаў­ская  ам­бу­ла­то­рыя ўра­ча  агуль­най прак­ты­кі пры­зна­ная най­леп­шай  у воб­лас­ці і кра­і­не.

ФАП не заменіць увагі блізкіх

А мы разам з фельчарам амбулаторыі Святланай Казаковай едзем у Сіпайлы ратаваць 93-гадовую бабульку, у якой гіпертанічны крыз. Яе дачка па тэлефоне паведаміла, што ў жанчыны высокі ціск і яго немагчыма збіць. У вялікай фельчарскай сумцы — танометр і лекі на ўсе выпадкі жыцця.

На ўзбраенні амбулаторыі непераможны «ўазік», які ў народзе называюць «бохан» або больш пяшчотна — «булка». Умовы ўнутры спартанскія, але тутэйшым медыкам да цяжкасцяў не прывыкаць. Едзем, падскокваючы на ўхабах. Прасёлкавыя дарогі, у адрозненне ад цэнтральных, асфальтам не пакрытыя. Дом знайшлі, можна лічыць, з першай спробы.

У пярэдняй на канапе ляжыць жанчына, але гаспадыня кліча прайсці далей. Кажа, што гэта яе 98-гадовая цётка, а дапамога патрэбна маці. Пакуль фельчар разбіраецца з пацыенткай, знаёмлюся бліжэй з бабуляй. Высветлілася, што да прыезду сюды яна жыла ў Магілёве. Там з медыцынскай дапамогай наогул ніякіх праблем, а вось без увагі блізкіх жыццё аказваецца яшчэ горшым.

— Я адна жыла, страціла прытомнасць і доўга ляжала на падлозе, на наступны дзень усё паўтарылася, — паскардзілася жанчына. — Прыйшлося звярнуцца да пляменніцы. Яна мяне сюды і забрала. Лічы, дамоў вярнулася, мы ж з сястрой тут нарадзіліся.

Гаспадыня дома, дарэчы, сама ўжо пенсіянерка. Але сіл даглядаць і маці, і цётку яшчэ хапае. Пра маці расказвае, што ў той праблемы пачаліся, калі яна ўпала. Спачатку моцна ацякла нага, а калі ацёк спаў, на твары з'явілася язва і пайшла кроў. А яшчэ ціск пастаянна падымаецца і галава баліць. Фельчар мерае ціск, а ён у бабулі 160 на 90, дае таблетку і робіць укол. Хутка палягчэе, супакойвае яна пацыентку. Потым дае парады яе дачцэ і пакідае рэцэпт. Трэба вяртацца ў амбулаторыю і дапамагаць урачу весці прыём. А там зноў адпраўляцца да кагосьці на дапамогу.

Павел Манько, галоўны ўрач Бялыніцкай цэнтральнай раённай бальніцы:

— У нашым раёне для абслугоўвання дзевяці тысяч сельскага насельніцтва працуе пяць амбулаторый урача агульнай практыкі і дзесяць ФАПаў. Раней амбулаторыі ўзначальвалі ўчастковыя ўрачы-тэрапеўты, зараз іх змянілі ўрачы агульнай практыкі. Гэта значна паляпшае якасць паслуг, бо ўрачы агульнай практыкі валодаюць базавымі практычнымі навыкамі пры аказанні паслуг па вузкіх спецыяльнасцях. Напрыклад, могуць зрабіць першасную хірургічную апрацоўку ран, накласці швы, пракансультаваць як неўролаг або оталарынголаг, адным словам на першым этапе здольны аказаць шматпрофільную амбулаторную дапамогу. І забяспечанасць такімі спецыялістамі на сяле ў Бялыніцкім раёне стапрацэнтная. Горш становішча з транспартам. Летась змаглі купіць за сродкі мясцовага бюджэту адну машыну хуткай медыцынскай дапамогі. Сёлета з абласнога бюджэту абяцаюць выдзеліць фінансы на набыццё машын для раёна. Патрэба ў гэтым вельмі вялікая. Бо транспарт у раёне амаль цалкам зношаны.

Аляксандр Жылін, начальнік упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама:

— За апошнія пяць гадоў у вобласці было закрыта 46 ФАПаў. Гэта заўсёды вымушаная мера, на якую прыходзіцца ісці, калі колькасць насельніцтва зніжаецца прыблізна да 70 чалавек. Мы зацікаўлены ў тым, каб у кожнага, як казаў Прэзідэнт, была даступнасць паслуг і першаснай медыка-санітарнай дапамогі. Альтэрнатыва ФАПу — перасовачная форма работы. Існуюць графікі выезду ў населеныя пункты і прыёму грамадзян на базе дамоў сацыяльных паслуг, напрыклад. Перасовачны ФАП, вядомая рэч, не заменіць стацыянарнага, але там, дзе практычна не засталося насельніцтва, — гэта выйсце. Мы таксама думаем аб набыцці аднаго такога аўтамабіля для абслугоўвання аддаленых вёсачак паўднёва-ўсходняга рэгіёна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.