Вы тут

Праект "Алесі": "Знайдзіся, дзіця!"


Сотні дзяцей у нашай краіне не ведаюць, што такое любоў родных людзей, бо гадуюцца ў дзяржаўных установах – прытулках і дзіцячых дамах. “Знайдзіся, дзіця!” – так мы назвалі праект “Алесі”, які ажыццяўляецца пры падтрымцы Нацыянальнага Цэнтра ўсынаўлення Рэспублікі Беларусь.

У нашай краіне шмат добрых людзей, якія хацелі б узяць у сваю сям’ю дзіця, часам не адно. Каб новыя бацькі і дзеці атрымалі магчымасць зрабіцца па-сапраўднаму роднымі, трэба дапамагчы ім сустрэцца. У нумарах часопіса мы расказваем пра дзяцей, якія маюць патрэбу ў сям’і, размяшчаем іх фотаздымкі.


Паліна

Уваходзіш у групу – і вось Паліна ўжо ляціць насустрач. Радая паказаць вам свой маленькі свет, які пакуль абмежаваны ложкам, дзе яна спіць у доме дзіцяці, любімымі цацкамі – агульнымі для ўсіх. З задавальненнем раскажа на памяць вершы, а ведае яна іх у свае тры з паловай гады багата. У дзяўчынкі невялікія парушэнні каардынацыі, але бегае яна хутка, ды і ўвогуле актыўная, любіць і ў мяч пагуляць, і патанцаваць. З такім кантактным і вясёлым характарам у Паліны шмат сяброў. Яна ахвотна дапамагае дарослым: прыбярэ ў групе, складзе на месца цацкі, з малодшай сястрычкай пагуляе.

У дзяўчынкі добрая памяць. Паліна хутка засвойвае інфармацыю. Варта ёй пару разоў праслухаць песню або верш – і вось яна ўжо спявае або дэкламуе, ды з артыстызмам: інтанацыю сама падбярэ і жэстамі сабе дапаможа.

– З узростам здольнасці дзяўчынкі раскрываюцца ўсё болей, – кажа дырэктар Барысаўскага спецыялізаванага дома дзіцяці Святлана Дзятко. – Зацікаўленая бацькоўская ўвага тут моцна дапаможа. 

Паліну можна ўдачарыць, узяць у апякунскую, прыёмную сям’ю.

Тэлефон Барысаўскага спецыялізаванага дома дзіцяці 8 (0177) 73-40-26.

Элеанора

Ласкавая, ціхмяная, крыху сарамлівая дзяўчынка мае вялікую патрэбу ў любові. Абняць маму, сесці да яе на калені. Такой магчымасці ў Элеаноры пакуль няма. І хоць работнікі дзіцячай установы адчуваюць яе эмацыйныя патрэбы і імкнуцца ўдзяляць як мага больш увагі, сям’ю гэта не заменіць. Дзяўчынцы тры з паловай гады. Паслухмяная, са спакойным характарам, яна лёгка ідзе на кантакт, хутка прывыкае да людзей, якія добрыя з ёю.

Кожны педагог пацвердзіць: калі ўдзяляць дзіцяці шмат увагі, хваліць за поспехі, увесь унутраны патэнцыял маленькага чалавека раскрыецца. Дзяўчынка добра арыентуецца ў навакольных прадметах, любіць гуляць у актыўныя гульні, займацца фізкультурай, але яшчэ не размаўляе. Яна старанная на занятках, і заняткі даюць вынік. Выхавацелі распавялі: Эля вельмі музыкальная. З захапленнем слухае, калі спяваюць альбо граюць на музычных інструментах, спрабуе паўтарыць мелодыю. На святочных ранішніках з задавальненнем водзіць з дзецьмі карагоды, танцуе. У дзяўчынкі ёсць невялікія праблемы са здароўем. Яе можна ўдачарыць або прыняць на іншую форму сямейнага ўладкавання.

Тэлефон Барысаўскага спецыялізаванага дома дзіцяці 8 (0177) 73-40-26.

Насця

Трынаццацігадовая Насця – спакойная, камунікабельная. У яе рознабаковыя інтарэсы: дзяўчынка любіць гуляць у футбол, катацца на ровары, спяваць, танцаваць і ўвогуле актыўна рухацца. З задавальненнем слухае музыку, у вольную часіну не супраць паглядзець тэлевізар. Любіць весела, з музыкай і скокамі, святкаваць дні нараджэння сяброў – выхаванцаў сацыяльнага прытулка, дзе яна цяпер жыве. І пасядзець з кнігай у цішыні Насця не адмаўляецца.

– Яна ранімая, як усе падлеткі, але вельмі прыязная. Насця марыць пра сям'ю, дзе ёй змогуць удзяляць дастаткова ўвагі, – распавяла педагог-псіхолаг дзіцячага сацыяльнага прытулка, што знаходзіцца ў Барысаве, Марына Старповіч. 

Вучыцца Насця ў сёмым класе. Больш за іншыя прадметы ёй падабаюцца літаратура, матэматыка і геаграфія. Літаратура ў гэтым спісе невыпадкова: Насця любіць вершы, ведае на памяць іх шмат і сама спрабуе складаць. «Могуць іншым разам прысніцца вершаваныя радкі», – дзеліцца яна. Хто ведае, можа, паэзія для Насці не проста дзіцячае захапленне, а лёс?

Геаграфія ж прыцягальная надзеяй калі-небудзь пабачыць свет, пабываць у розных краінах. Насця хацела б зноў паехаць у Іспанію, дзе аднойчы правяла незабыўныя дні ў сям'і мясцовых жыхароў.

Аднак адпачынак – адпачынкам, а прафесійныя амбіцыі ў дзяўчынкі таксама ёсць. Яна хацела б стаць парыкмахеркай, рабіць людзей прыгажэйшымі і крышачку дабрэйшымі. Бо чалавек, над знешнасцю якога папрацавалі ўмелыя рукі парыкмахера, не можа, як мінімум, не пасміхнуцца!

Днямі Настасся стварыла малюнак, у якім з дапамогай фарбаў выказала сваю мару пра сям'ю. Зірнуўшы на яго, новыя бацькі абавязкова адчуюць, як Насця іх чакае, як сумуе па пяшчоце і цяплу!

– Зялёная трава, сіняе неба, – тлумачыць дзяўчынка мову мастацкіх вобразаў. – Прайшоў дождж, кроплі зіхацяць на сонцы. Траву скасілі, і зялёныя травінкі ляцяць да сонца, чырвонага і гарачага. Я намалявала сонца ў выглядзе стралы, бо хачу як мага хутчэй апынуцца ў сям'і.

Як страла, дзяўчынка гатовая ляцець туды, дзе яе будуць любіць. Родныя людзі, знайдзіцеся!

Дзіцячы сацыяльны прытулак ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Барысаўскага раёна”.  Тэлефоны 8 (0177) 73-89-33, 8 (0177) 95-92-90. 

Данік

На долю гэтага дзесяцігадовага хлопчыка выпала шмат цяжкасцяў. На жаль, з прыёмнай сям’ёй не пашанцавала: Данік вярнуўся ў прытулак. Гэта наклала адбітак на ягоны характар: хлопчык бывае імпульсіўны, не заўсёды стрыманы. Але ў той жа час ён ласкавы, добразычлівы і кантактны. У Данііла вялікае жаданне жыць у сям’і. Цікаўны трэццякласнік любіць чытаць энцыклапедыі, адсюль шырокі кругагляд і вялікі спектр інтарэсаў. Хлопчык ведае шмат для свайго ўзросту, любіць паразважаць на розныя тэмы. Сябруе з камп’ютарам, ахвотна канструюе. Спартыўны гурток таксама не забыты. Летам хлопчык з задавальненнем адпачывае ў лагеры “Бродаўка”, цёпла ўзгадвае сваю любімую выхавальніцу. Данік сам прызнаецца, што ў школе яму не хапае ўседлівасці, каб быць сярод лепшых вучняў. Справе дапамогуць цярплівыя і ўважлівыя бацькі, гатовыя прысвяціць час развіццю хлопчыка.

– Калі вырасту, буду міліцыянерам. Абавязкова завяду службовага сабаку – нямецкую аўчарку. Назаву яго Мухтарам, як у маім любімым кіно, і буду дрэсіраваць, – дзеліцца Данііл.

Магчыма, знойдзецца сям’я, якая захоча ўзяць пад сваю апеку гэтага разумнага і здольнага хлопчыка, адагрэць ягонае сэрца, якое перанесла шмат гора, але не ачарсцвела.

Дзіцячы сацыяльны прытулак ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Барысаўскага раёна”.  Тэлефоны 8 (177) 73-89-33, 8 (177) 95-92-90. 

Глеб

Глебу хутка споўніцца 3 гады. У доме дзіцяці хлопчык знаходзіцца з нараджэння. Ягоная маці не можа выконваць свае абавязкі ў адносінах да Глеба, аднак бацькоўскіх правоў не пазбаўлена, таму ўсынавіць хлопчыка нельга, але можна ўзяць на выхаванне ў прыёмную ці апякунскую сям’ю.

– Глеб – ласкавы, разумны хлопчык, – дзеліцца выхавальніца Валянціна Мядзелец. – Ён ахвотна гуляе з канструктарам, любіць збіраць пірамідку, ляпіць. На занятках хутка засвойвае новае. Глебу падабаецца гуляць аднаму, але ён пры неабходнасці знаходзіць кантакт і з іншымі дзецьмі. Цікаўны малыш цягнецца да ведаў. Сям’я дапаможа развіць ягоныя здольнасці. 

Інтэлект у хлопчыка нармальны. Ён ужо засвоіў простыя навыкі самаабслугоўвання. Часам Глеб можа выказаць патрабавальнасць – ён умее пастаяць за сябе. Але з ім заўсёды можна дамовіцца, бо дзіця ахвотна ідзе на кантакт, слухаецца дарослых.

А яшчэ ўразлівы Глеб абажае слухаць казкі, вершы. Патрабуецца сям’я, пяшчотная і клапатлівая, дзе будуць чытаць малому кніжкі, гуляць з ім у розныя гульні, вучыць карысным навыкам. І, вядома, любіць!

Тэлефон Барысаўскага спецыялізаванага дома дзіцяці 8 (0177) 73-40-26.

Крысціна

Дзяўчыне, якой хутка споўницца сямнаццаць, не давялося спазнаць матчынай ласкі, але маму, якая адмовілася ад яе праз складаныя жыццёвыя абставіны, Крысціна не вінаваціць. Добрая і спагадлівая, яна спадзяецца на тое, што знойдзецца ўтульны дом і для яе: “Ніколі не жыла ў сям'і, але вельмі мару!”

З першага класа Крысціна навучаецца ў школе-інтэрнаце №7 Мінска. Яе любімы прадмет – матэматыка. Ёсць пэўныя поспехі і ў спорце. З будучай прафесіяй яна вызначылася даўно: навучылася рабіць прычоскі, займаецца гэтым з вялікай ахвотай. Дзяўчыну плануюць адправіць на курсы цырульнікаў.

Хутка Крысціне давядзецца наладжваць самастойнае жыццё. І вось тут знаходжанне ў сям'і, нават кароткачасовае, адыграла б для яе важную ролю. Мажліва, знойдуцца прыёмныя бацькі, якія дапамогуць і падтрымаюць Крысціну саветам і ўласным прыкладам?

“Дзеці, якія выраслі ў інтэрнаце, часта губляюцца, выходзячы ў дарослы свет, – адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска” Святлана Белая. – Навыкі самаабслугоўвання ў іх за гады вучобы сфарміраваныя, аднак найлепшую магчымасць пазнаёміцца ​​з мадэллю паводзінаў, неабходнай для самастойнага жыцця, прадастаўляе сямейнае уладкаванне”.

ДУА "Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска"

Тэл. 8-017- 207-43-29, 8-017-277-11-27.

Сяргей

Разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі з Мінскай дапаможнай школы-інтэрната №7 Сяргей правёў лета ў аздараўленчым лагеры "Трыпутнік" у Радашковічах. Цяпер прыступіў да заняткаў у дзясятым класе. Разважлівы і сур'ёзны – такое ўражанне робіць гэты акуратны, падцягнуты юнак.

Усе сямнаццаць гадоў свайго жыцця Сярожа правёў у дзіцячых установах, але не перастае марыць пра сям'ю і добрых бацькоў. Па характары хлопец спакойны, ураўнаважаны, ветлівы з аднагодкамі і паважлівы з дарослымі. Стараецца засвойваць усё, пра што распавядаюць педагогі. "Вучыцца – важна для будучыні", – кажа Сяргей. Захапляецца тэхнікай, яму падабаецца майстраваць што-небудзь сваімі рукамі. Не выпадкова любімы урок у хлопца – працоўнае навучанне, дзе ён набывае карысныя для дарослага жыцця навыкі. Сяргей ужо вырашыў атрымаць прафесію сантэхніка. У вольны час чытае. Падабаецца яму і наведваць разам з сябрамі культурныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Жыццё ў сям'і дапамагло б Сяргею лепш падрыхтавацца да самастойнай будучыні.

ДУА "Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска"

Тэл. 8-017- 207-43-29, 8-017-277-11-27.

Настасся

Адзінаццацігадовая Насця – спакойная, паслухмяная і уседлівая. У дзяўчынкі ёсць пэўныя праблемы са здароўем. Уважлівая і цярплівая, не вельмі ўпэўненая ў сабе, яна любіць, калі яе падбадзёрваюць, хваляць. А пахваліць Насцю ёсць за што: нават складаныя пазлы з вялікай колькасцю дробных дэталяў яна складае правільна і ніколі не кідае незакончанымі. Любіць ляпіць з пластыліну, гуляць з мазаікай, кубікамі. Насця заўсёды прыдумае, чым сябе заняць. Сацыяльна-бытавыя навыкі ў дзяўчынкі сфарміраваныя: яна і рэчы складзе, і ў пакоі прыбярэ, і ложак засцеліць. Ахвотна ідзе на кантакт з дзецьмі і дарослымі, якіх добра ведае. Нельга не адзначыць яе працавітасць – Насця дапаможа ў любой справе. Магчымасць пажыць у сям'і стала б для яе ўдачай – навыкі і здольнасці дзяўчынкі развіваліся б хутчэй.

ДУА "Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска"

Тэл. 8-017- 207-43-29, 8-017-277-11-27.

Аляксандра

Гарэзлівая, актыўная, таварыская і энергічная дзяўчынка лёгка ідзе на кантакт з усімі, уступае ў любыя гульні. У яе ёсць праблемы ў стане здароўя, але гэта не перашкаджае адзінаццацігадовай Сашы асвойваць навыкі і ўменні, неабходныя ў побыце. Шмат чаго яна ўмее самастойна, пры неабходнасці звяртаецца па дапамогу да дарослых. Жыва цікавіцца цацкамі, удзельнічае ў гульнях. Цяжка сказаць, чаго не любіць жвавая дзяўчынка, – сярод заняткаў, якія захапляюць Сашу, спевы, танцы, гульні на свежым паветры, заняткі фізкультурай. Любіць маляваць і размалёўваць, прыбіраць лялек у прыгожыя строі. Саша хацела б жыць у сям'і. Яе вясёлая, адкрытая ўсмешка, ласкавы і добры характар, даверлівасць і ўдзячнасць за душэўнае цяпло стануць сонейкам, якое асветліць ваш дом.

ДУА "Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска"

Тэл. 8-017- 207-43-29, 8-017-277-11-27.

Даніла

Даніку 11 гадоў. Гэта вясёлае, ласкавае і добразычлівае асаблівае дзіця. Данік ніколі не крыўдзіць іншых дзяцей, ні з кім не сварыцца, бо мае мяккі і дружалюбны характар. Эмацыйны і шчыры, любіць пахвалу, мае патрэбу ў падтрымцы і адабрэнні. Лёгка і хутка ўсталеўвае кантакт з дзецьмі і дарослымі, ахвотна гуляе з іншымі хлопчыкамі і дзяўчаткамі, але можа і сам арганізаваць сваю гульню. Артыстычная і музыкальная натура, Данік любіць спяваць, танчыць, з задавальненнем прымае ўдзел у школьных ранішніках, наведваў і інклюзіўны баль, які праходзіў у Палацы моладзі, – хлопчыку ўсё цікава! Настрой у яго заўсёды спакойны, роўны. Данік добра выхаваны, сочыць за чысцінёй і акуратнасцю свайго адзення, навыкі самаабслугоўвання ў яго сфарміраваныя.

Гэтага ласкавага хлопчыка, які ўвесь час усміхаецца і любіць, калі яго пяшчотна абдымаюць, можна ўсынавіць, можна ўзяць у прыёмную, апякунскую сям'ю.

ДУА "Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска"

Тэл. 8-017- 207-43-29, 8-017-277-11-27.

Уладзіслаў

З нараджэння Улад выхоўваецца ў дзіцячых установах адукацыі. Гэта развіты і здольны, ветлівы і таварыскі хлопчык. Вельмі акуратны – чысцюткую белую кашулю, якую надзеў сёння, Улад выпрасаваў сам. Актыўны, энергічны і сур’ёзны, ён імкнецца знайсці сваё месца ў жыцці. У хлопчыка парадак у асабістых рэчах і школьных прыналежнасцях, ён прыязны і камунікабельны, мае добрыя адносіны з аднагодкамі. З задавальненнем удзельнічае ў школьных мерапрыемствах. Усімі сваімі радасцямі і праблемамі, якіх заўсёды хапае ў падлеткаў, дзеліцца з педагогамі і выхавацелямі.

У наступным годзе Уладзіславу сямнаццаць. Хутка ён апынецца за парогам школы. Як важна не згубіцца ў жыцці, мець, на каго абаперціся, з кім параіцца. Ролевая мадэль разумных паводзінаў за сценамі інтэрната – вось што сёння неабходна хлопчыку. Менавіта таму шукаем для Улада прыёмную, апякунскую сям’ю, дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе ён зможа атрымаць падтрымку, адужаць маральна і фізічна, стаць па-сапраўднаму дарослым.

ДУА "Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска"

Тэл. 8-017- 207-43-29, 8-017-277-11-27.

Настасся

Настасся – ласкавая, добразычлівая, спагадлівая, спакойная і даверлівая дзяўчынка. Яна любіць і ўмее з густам апранацца, з задавальненнем робіць прыгожыя прычоскі сабе і сяброўкам. Педагогі плануюць накіраваць Насцю на курсы цырульнікаў. А яшчэ дзяўчынцы падабаецца прафесія швачкі. Прамінулае лета яна правяла ў Італіі, у мясцовай сям’і, і вельмі хацела б знайсці сям’ю, якая прыме яе тут, у роднай Беларусі. Мама Насці пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Ураўнаважаная, але эмацыйная і ранімая дзяўчынка мае патрэбу ў падтрымцы дарослых. У наступным годзе Насці споўніцца сямнаццаць, наперадзе самастойнае жыццё, у якім выпускнікам інтэрнатаў бывае няпроста. Прыёмная, апякунская сям’я магла б выдатна падтрымаць дзяўчынку на гэтым адказным этапе яе жыцця, падказаць, параіць, дзе трэба – пракантраляваць. І, вядома, навучыць весці хатнюю гаспадарку, зарыентаваць у побытавых пытаннях, прадэманстраваць правільную мадэль сям’і.

Насця працалюбівая, ахвотна выконвае бытавыя даручэнні. Яна будзе добрай памочніцай дарослым, ласкавай сястрой малодшым дзецям. Сёння гэтай дзяўчынцы вельмі патрэбныя ваш жыццёвы вопыт, мудрасць і гатоўнасць падтрымаць!

ДУА "Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска"

Тэл. 8-017- 207-43-29, 8-017-277-11-27.

Саша

Адзінаццацігадовы Саша актыўны, жвавы, цікаўны, прыязны. Карыстаецца аўтарытэтам сярод аднагодкаў, мае несумненныя задаткі лідара. Любіць гуляць у футбол, займаецца ў секцыі скалалазання, ахвотна чытае кніжкі пра Гары Потэра і розныя прыгоды. З задавальненнем складае пазлы, гуляе ў настольныя гульні, малюе. Хлопчыку падабаюцца мадэлі машын – напрыклад, цацачная “хуткая дапамога”. Бо ў дарослым жыцці гэтая медыцынская служба дапамагае людзям.

– Людзям абавязкова трэба дапамагаць. Напрыклад, калі баліць сэрца. Хуткая дапамога прыедзе і ўратуе, – разважае ён.

У школе Сашы падабаюцца ўрокі фізкультуры, рускай і беларускай літаратуры, мовы. Ён хацеў бы стаць футбалістам – ну, альбо кіроўцам. Можа, нават і машыны хуткай дапамогі. А пакуль што вучыцца ў 4 класе і марыць знайсці маму і тату, якія возьмуць яго да сябе. Калі вы шукаеце ў вашу сям’ю ветлівага, разумнага, дапытлівага хлопчыка, падумайце пра Сашу. У вашым доме з’явіцца дзіця, якому вы зможаце дапамагчы падрыхтавацца да дарослага жыцця і знайсці ў ім сябе.

Тэлефон ДУА “Дзіцячы дом №5 г. Мінска” 8 (017) 365-54-94

Арцём

Арцёму 10 гадоў, і ён хоча стаць лётчыкам. Чаму менавіта лётчыкам? А каб быць моцным і лётаць высока.

– Лётаць буду на самых розных самалётах, – удакладняе Арцём з усмешкай.

А пакуль хлопчык збірае самалёты з дэталяў канструктара. Ён вучыцца ў пятым класе, з задавальненнем чытае кнігі, любіць урокі літаратуры і мовы. Займаецца фізкультурай і барацьбой, наведвае розныя гурткі. Пазлы і займальныя гульні таксама не забытыя. Ну і, вядома, знаходзіцца час пабегаць па вуліцы, пагуляць з аднагодкамі.

Адкрыты, таварыскі, эмацыйны хлопчык хоча жыць у сям’і.

– Хачу, каб галоўным у сям’і было такое правіла: не крыўдзіць адзін аднаго, – дзеліцца Арцём. – І яшчэ мару, каб дома быў двух’ярусны ложак, я буду спаць на верхнім яго ярусе.

Новым бацькам не прыйдзецца доўга прыдумваць, чым заняць гэтага разумнага, вясёлага, добразычлівага хлопчыка. Калі ў вас ужо ёсць дзеці, Арцём хутка пасябруе з імі. А ягоная ўсмешка стане яшчэ адным сонейкам у вашым доме. 

ДУА “Дзіцячы дом №5 г. Мінска” Тэл. 8(017)365-54-94.

Глеб

Дзесяцігадовы Глеб любіць камп’ютары, з задавальненнем гуляе ў футбол, займаецца скалалазаннем, захапляецца пазламі і канструктарам. Добра малюе, разам з сябрамі любіць паглядзець мультфільмы. У школе хлопчык наведвае трэці клас, імкнецца добра вучыцца, але ёсць складанасці з матэматыкай. Глеб спакойны, пазітыўны і акуратны. Ахвотна выконвае любыя даручэнні дарослых – і ў сталовай падзяжурыць, і ў пакоі парадак навядзе. Прыязны і разважлівы, мае шмат сяброў, разам з імі прыдумляе розныя цікавыя гульні. 

Лета Глеб правёў у італьянскай сям’і. Там у яго з’явілася жаданне ў будучым стаць ютуберам, як адзін з яго італьянскіх сяброў, здымаць відэа і весці свой канал у Інтэрнэце. Але цалкам магчыма, што абярэ прафесію футбаліста – Глеб яшчэ не вырашыў. Часу для прыняцця такога важнага рашэння наперадзе дастаткова. А пакуль хлопчыку патрэбна сям’я, дзе пра яго будуць клапаціцца, любіць і падтрымліваць. 

ДУА “Дзіцячы дом №5 г. Мінска” Тэл. 8(017)365-54-94.

Насця

Дванаццацігадовая Насця вучыцца ў 4 класе. Яна ўседлівая і акуратная, старанна выконвае ўсе заданні педагогаў. Асабліва любіць урокі працы: вязаць ці ствараць розныя вырабы ёй вельмі даспадобы. Наогул, Насця аддае перавагу творчым заняткам: малюе па шкле, вышывае стужкамі, лепіць з гліны. Ва ўважлівай і дапытлівай дзяўчынкі ўсё атрымліваецца нядрэнна. У вольны час яна любіць паглядзець тэлевізар. А яшчэ спявае ў хоры «Крынічка». Шматлікія захапленні не перашкаджаюць ёй весела праводзіць вольны час у кампаніі: у Насці шмат сябровак, яшчэ ў яе ёсць два браты, якія таксама жывуць у дзіцячым доме. Насця вельмі спраўная: разам з іншымі дзяўчаткамі ды хлопчыкамі любіць навесці парадак у групе, з задавальненнем дапамагае ў сталовай. Сярод сяброў і ўважлівых педагогаў яна добра пачуваецца, але хацела б у сям’ю, як любое дзіця. Магчыма, вы марыце пра тое, каб у вашым доме жыла дзяўчынка са спакойным, дапытлівым характарам і творчымі здольнасцямі – гэта якраз Насця.

ДУА “Дзіцячы дом №5 г. Мінска” Тэл. 8(017)365-54-94.

Таццяна

     Таццяна – акуратная, цярплівая, уседлівая і дапытлівая. Захапляецца галаваломкамі і матэматыкай, старанна асвойвае камп’ютар, можа сканцэнтравацца на цікавым заданні і давесці яго да канца. Але і актыўна рухацца Таня таксама любіць: пластычная і музыкальная, займаецца ў танцавальным і гімнастычным гуртках. Дзяўчынка ахвотна гуляе з малодшымі дзецьмі. Тактоўная і ўраўнаважаная, працоўныя даручэнні выконвае якасна і з жаданнем.

     На сённяшні дзень у Тані ёсць праблемы з мовай, ёй патрэбна лагапедычная дапамога. І, вядома, ласка і клопат. Педагогаў-жанчын, да якіх асабліва прывязаная, Таня называе “мамай”. А “матулі”, у сваю чаргу, імкнуцца акружыць яе і ўсіх хлопцаў і дзяўчатак у інтэрнаце душэўным цяплом і любоўю. 

       - У Таццяны высокі патэнцыял да развіцця, - расказала педагог-дэфектолаг школы-інтэрната Дыяна Сільчанка. - Ёй хутка васямнаццаць, і нам вельмі хацелася б знайсці для яе прыёмную, апякунскую сям’ю або дзіцячы дом сямейнага тыпу. Дзяўчынка змагла б шмат чаму карыснаму навучыцца ў хатняй абстаноўцы. Ёй падабаецца гатаваць, выконваць розную побытавую працу, патрэбныя толькі станоўчы прыклад і падтрымка. Нягледзячы на пэўныя праблемы са здароўем, старанная Таццяна стане ў сям’і памочніцай.

ДУА "Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска"

Тэл. 8-017- 207-43-29, 8-017-277-11-27.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.