Вы тут

Чаму пакарэнне Эверэста пераўтварылася ў фатальную «рулетку»?


Фотаздымак доўгай чаргі на Эверэст, зроблены колішнім спецназаўцам і гвардзейцам-гуркхам (падраздзяленні, якія набіраюцца з непальскіх добраахвотнікаў) Нірмалам Пуржам, абляцела сацсеткі і ўразіла многіх каментатараў. Гэта і нядзіўна, паколькі большасць уяўляе найвышэйшы пік свету ціхім, заснежаным і бязлюдным месцам. Між тым падчас узыходжання на Эверэст і спуску з вяршыні толькі на працягу мінулага месяца загінула больш чым дзесяць чалавек. Гэта турысты з Індыі, Ірландыі, Непала, Аўстрыі і ЗША. Усяго ў Гімалаях у сёлетнім вясновым сезоне загінула ўжо звыш двух дзясяткаў чалавек — гэта больш, чым за ўвесь 2018 год. На мінулым тыдні быў пастаўлены яшчэ адзін сумнеўны рэкорд: толькі за адзін дзень на Эверэст падняліся 200(!) чалавек, да гэтага ім давялося колькі гадзін прастаяць у чарзе на схіле. Чым абумоўлены фатальны ажыятаж на «даху свету»?


Краіна багоў

Над непальскай далінай Катманду, дно якой ляжыць на вышыні тысячы метраў над узроўнем мора, Гімалаі ўзвышаюцца на сем кіламетраў! Такога не ўбачыш больш нідзе ў свеце. Высокія непрыступныя горы з даўніх часоў выклікалі ў людзей два пачуцці: страх і шанаванне. Індусы называлі гэты раён Дэвіябхуні — «краіна багоў». Тут, на іх думку, знаходзіўся цэнтр Зямлі, пазначаны свяшчэннай гарой Меру, вакол якой круцяцца Сонца, Месяц і зоркі.

Меру ў Індыі атаясамлялі з гарой Кайлас у тыбецкіх Трансгімалаях. Побач з ёй, каля свяшчэннага возера Манасаровар, як вераць мясцовыя жыхары, жыве галоўны з трох вярхоўных багоў індуісцкага пантэона — Індра, грамабой, які дорыць дождж і ўрадлівасць палеткам. Іншы вялікі бог, Шыва, таксама жыве непадалёк — на гары Гаўрызанкар. І толькі Рама пасяліўся бліжэй да людзей, у даліне. Дарэчы, заснавальнік яшчэ адной сусветнай рэлігіі — царэвіч Гаўтама (будучы Буда) — таксама нарадзіўся тут, у Непале, 2500 гадоў таму. Таму мноства паломнікаў прыходзяць кожны год сюды, да святыні будызму, храма Мукцінатх, дзе гарыць вечны агонь у памяць аб нараджэнні бажаства.

Утварэнне гімалайскай горнай краіны геолагі звязваюць з расколам адзінага паўднёвага прамацерыка — Гандваны — на некалькі пліт. Адна з іх, Індыйская, пачала рухацца на поўнач і сутыкнулася з Еўразійскай плітой. У месцы «сустрэчы» зямная кара сціснулася і ўтварыла гіганцкую закамянелую хвалю — Гімалаі. Рост яе, дарэчы, працягваецца і па сёння. Кожны год Гімалаі становяцца вышэйшымі на тры — дзесяць міліметраў.

Цяпер у самым магутным горным хрыбце свету налічваецца 75 вяршынь «ростам» больш як сем кіламетраў. А ў найвышэйшай яго частцы — непальскіх Гімалаях — дзевяць пікаў уздымаюцца на восем тысяч метраў і больш. Сярод іх — і галоўная гара свету, якую ў Непале называюць Сагарматха («Уладар неба»), а ў Тыбеце — Джамалунгма («Багіня — маці свету») — 8848 метраў над узроўнем мора. Ужо па назвах зразумела, што народы Гімалаяў абагаўлялі гэтую вяршыню, нават не падазраючы пра тое, што яна — найвышэйшы пункт нашай планеты. Бо толькі ў 1852 годзе англійскія тапографы вызначылі дакладную вышыню піка XV, як яны называлі яго ў той час. Пазней гары прысвоілі імя начальніка тапаграфічнай службы Індыі маёра Джорджа Эверэста. Так і жыве цяпер найвышэйшая вяршыня свету пад трыма назвамі.

Трэці полюс

Зразумела, што альпіністы канца XІX — пачатку XX стагоддзя, якія ўжо здолелі скарыць Матэрхорн у Альпах (у 1865 годзе), Чымбараса і Аканкагуа ў Андах (у 1880 і 1897 гадах), Мак-Кінлі на Алясцы (у 1913 годзе) і Кіліманджара ў Афрыцы (у 1889 годзе), гарэлі жаданнем узысці на недасягальны Эверэст. Але тыбецкія і непальскія ўлады да пачатку 1920-х не дазвалялі замежнікам парушаць спакой святых гор. У 1921—1924 гадах знакаміты англійскі альпініст Джордж Мэлар здзейсніў тры экспедыцыі да завоблачнай вяршыні, спадзеючыся стаць яе пераможцам.

У апошняй сваёй спробе — у 1924-м — ён і яго спадарожнік Ірвін, відаць, дасягнулі найвышэйшага пункту планеты. Тыя члены іх экспедыцыі, якія засталіся ўнізе, заўважылі адважную двойку ў бінокль літаральна за дзвесце метраў ад вяршыні, пасля чаго іх ахінуў туман. Больш ужо ніхто не ўбачыў першапраходцаў Джамалунгмы жывымі. Назад яны не вярнуліся. І толькі праз семдзесят пяць гадоў, у 1999-м, у снягах недалёка ад вяршыні было знойдзена цела Мэлара. Па ўсёй верагоднасці, падчас спуску альпіністы патрапілі ў завіруху і замерзлі.

Паспяховы штурм Джамалунгмы адбыўся толькі праз трыццаць гадоў пасля трагічнай спробы Мэлара і Ірвіна. У 1953-м на вяршыню гары ступілі новазеландзец Эдмунд Хілары і непальскі горац-шэрпа Наргей Тэнсінг. Такім чынам, «вышынны полюс» нашай планеты аказаўся самым моцным арэшкам з усіх запаветных і цяжкадасягальных пунктаў зямной паверхні, узятых штурмам у мінулым стагоддзі. Варта згадаць, што Паўночны і Паўднёвы полюсы скарыліся чалавеку больш чым на сорак гадоў раней, а арктычны Полюс недаступнасці — на пяць.

Наогул жа гісторыя штурму гімалайскіх «васьмітысячнікаў» — гэта цэлая эпапея, якая цягнулася пятнаццаць гадоў: ад 1950-га, калі адважныя французы Эрцаг і Ляшэналь пакарылі першы з іх — Анапурну, і да паспяховага ўзыходжання на самую цяжкую з гэтых вяршынь — гару Шыша-Пангма — кітайскай экспедыцыі ў 1964 годзе. Нямала трагічных старонак упісана ў гісторыю ўзыходжанняў. Сотні альпіністаў назаўсёды засталіся на схілах «краіны багоў». І ўсё ж штогод новыя вышынныя экспедыцыі няспынна адпраўляюцца ў Гімалаі. А на пытанне, што іх штурхае на гэтую найцяжэйшую і надзвычай небяспечную справу, у свой час выдатна адказаў Мэлар. Калі яго спыталі, чаму ён так ірвецца на Эверэст, ён заўважыў: «Таму, што ён ёсць!».

Афіцэры засталіся па дамах

Як вядома, на Эверэст, які размешчаны на мяжы Непала і Кітая, можна ўзысці і з кітайскага боку. Аднак улады Паднябеснай выдаюць менш ліцэнзій на ўзыходжанне, да таго ж многія спартсмены лічаць тыбецкі маршрут менш цікавым. У XXІ стагоддзі сярэдняя смяротнасць сярод альпіністаў на Джамалунгме складала прыкладна шэсць чалавек у год. Сёлета жалобныя лічбы ўжо вышэйшыя. Летась Эверэст пакарылі 809 чалавек (563 — з боку Непала, па паўднёвым маршруце, і 246 — з боку Тыбета, па паўночным). Падобна на тое, што ў 2019-м вынік будзе пераўзыдзены. У гэтым годзе ўрад Непала ўжо выдаў рэкордную колькасць ліцэнзій на ўзыходжанне — 381. Гэта азначае, што каля 600 чалавек адправілася ў экспедыцыю на вяршыню свету, паколькі спартсменаў суправаджаюць насільшчыкі.

Цана адной ліцэнзіі — $11 000 у Непале і $8000 — у Тыбеце. Але гэта толькі меншая частка цаны ўзыходжання. Увогуле, пуцёўка на вяршыню абыдзецца альпіністам ад $30 000 да $130 000. Кампанія Alpіne Ascents, напрыклад, бярэ за тур на вяршыню Эверэста $70 000. У гэтую цану ўваходзяць дзве ночы ў Катманду перад узыходжаннем, якасная ежа і вада, урач у базавым лагеры, неабходнае для дасягнення абсталяванне, кісларод, медыкаменты, паслугі шэрпа і насільшчыкаў. Пад'ём да вяршыні займае каля тыдня. На вышыні 8000 метраў людзі праводзяць усяго некалькі гадзін, на самым верхнім пункце — некалькі хвілін. Адзінае, чаго не гарантуюць арганізатары, — пазбавіць ад затораў на грэбні, які вядзе да вяршыні.

Сёлета сезон распачаўся позна: многія альпіністы прыбылі ў базавы лагер каля падножжа піка толькі ў пачатку мая. Улады былі занепакоены наступствамі цыклону Фані, які да таго часу прычыніў нямала разбурэнняў у Індыі і Бангладэшы. Надвор'е ў непальскай частцы Гімалаяў пагоршылася ў мінулым месяцы праз некалькі дзён пасля прыходу цыклону, прымусіўшы прыпыніць усе ўзыходжанні на двое сутак. Працяглая непагадзь затрымала работы па ўстаноўцы вяровачных усходаў, якія дапамагаюць альпіністам дабрацца да вяршыні. Тым часам колькасць людзей у базавым лагеры працягвала павялічвацца.

Да сярэдзіны мінулага месяца вяровачныя лесвіцы нарэшце ўсталявалі, надвор'е палепшылася — 19—20 мая з'явілася першае спрыяльнае па ўмовах надвор'я «акно» для ўзыходжання. Аднак толькі некалькі груп вырашылі рухацца ўверх гэтымі днямі, большасць прынялі рашэнне чакаць другога «прасвету» з 22 па 24 мая. Эксперты адзначаюць, што менавіта ў гэтыя дні на гары было асабліва шматлюдна. 23 мая колькасць альпіністаў, якія рушылі ў дарогу наверх, перавысіла 250 чалавек. Ім даводзілася гадзінамі чакаць сваёй чаргі на камяністым схіле пад вяршыняй як пры ўздыме, так і пры спуску. Многія з альпіністаў да таго часу моцна стаміліся. Кісларод у іх балонах заканчваўся.

Правілы ўзыходжання, уведзеныя ўладамі Непала, патрабуюць прысутнасці ў складзе груп альпіністаў афіцэраў сувязі. Іх паслугі аплачваюцца экспедыцыямі, але нярэдка тыя проста застаюцца дома. Калі б усе гэтыя афіцэры сувязі былі на сваіх месцах, то справіцца з лішкам людзей было б значна лягчэй, лічыць адзін з прадстаўнікоў непальскіх уладаў. «Мы маглі б размеркаваць групы альпіністаў так, каб максімальна выкарыстоўваць «акно» 19—20 мая, што знізіла б колькасць узыходаў падчас другога «акна», — адзначыла крыніца Бі-бі-сі. Як паведаміў кіраўнік секцыі альпінізму ў міністэрстве турызму Непала Свету Ачар'я, 80 працэнтаў прызначаных афіцэраў сувязі не з'явіліся ў маі нават у базавы лагер.

Зялёныя чаравікі

Эксперты заўважаюць, што ўсё часцей у базавы лагер каля падножжа Эверэста прыбываюць недасведчаныя альпіністы. Сёлета многія з іх мелі толькі аднаго правадніка-шэрпа ў складзе каманды. «Калі складваецца падобная небяспечная сітуацыя, адзін праваднік не зможа вам дапамагчы, паколькі яму даводзіцца клапаціцца пра ўласную бяспеку», — паведаміў Бі-бі-сі адзін з непальскіх чыноўнікаў. Некаторыя з альпіністаў, якія паспяхова вярнуліся ў базавы лагер пасля ўзыходжання, кажуць, што бачылі на схіле людзей, у якіх канчаўся кісларод, таму што ім гадзінамі даводзілася чакаць сваёй чаргі. «Гэта новае пакаленне альпіністаў, якія поўныя жадання дабрацца да вяршыні, каб потым выхваляцца дома, — заўважыў Алан Арнет, дасведчаны альпініст і журналіст. — Такія людзі лічаць сябе «незалежнымі альпіністамі», але на справе яны не валодаюць дастатковым вопытам для ацэнкі рызыкі».

Сёлетняя максімальная колькасць ліцэнзій на Эверэст тлумачыцца ў асноўным наймацнейшай канкурэнцыяй паміж аператарамі, якія арганізоўваюць узыходжанні. У апошнія гады на рынак выйшла мноства новых фірмаў, якія прапаноўваюць больш нізкія цэны, што прымушае больш дасведчаных «старажылаў» зніжаць свае расцэнкі. «У выніку агенцтвы наймаюць недасведчаных людзей у якасці праваднікоў, якія не ў стане справіцца з падобнымі сітуацыямі», — адзначыў віцэ-прэзідэнт непальскай нацыянальнай асацыяцыі праваднікоў Тшэрын Пандэ Бхотэ.

За ўсю гісторыю сучаснага альпінізму на Джамалунгме загінулі 288 чалавек (усяго ў Гімалаях — 572). Амаль палова сталі ахвярамі лавін, у кожнага пятага прычынай смерці было падзенне ў бездань, на вострую гіпаксію і іншыя праявы горнай хваробы прыпадае 16 працэнтаў смерцяў. Большасць целаў так і засталіся ўмерзлыя ў лёд Эверэста: у альпіністаў не хапае сіл пасля вымотвальнага ўзыходжання спусціць загінулых у базавы лагер для пахавання. Некаторыя з нябожчыкаў нават служаць арыенцірамі на вышыні — напрыклад, зялёныя чаравікі індыйца Цеванга Палжора, які загінуў у маі 1996 года, адзначаюць вышыню 8500 метраў над узроўнем мора.

Пры гэтым Эверэст — найвышэйшая і самая жаданая вяршыня свету — далёка не самая фатальная гара. Толькі 1-2 працэнты спроб узыходжання на Эверэст заканчваюцца трагічна. Значна больш ахвяр сабраў іншы гімалайскі васьмітысячнік — Анапурна І. Ён забірае жыццё амаль кожнага трэцяга смельчака, які адважыўся скарыць вяршыню. «Гарой смерці» таксама называюць пік К2 на мяжы Кітая і Пакістана, таксама вядомы пад імем Чагоры. Гэта другая па вышыні гара на Зямлі, яна ніжэйшая за Эверэст на 239 метраў. Самая высокая верагоднасць гібелі чакае альпіністаў на трэцяй па вышыні гары свету — Ялунг Канг. Пачынаючы з 2010 года па статыстыцы тры з кожных чатырох спроб заваявання гэтай вяршыні скончыліся фатальна.

Непальскія СМІ адзначаюць, што прычынай масавай гібелі альпіністаў у Гімалаях у гэтым сезоне сталі перш за ўсё цяжкія ўмовы надвор'я і «пробкі» на маршруце. Знаходзячыся занадта доўга ў вышыннай зоне ва ўмовах недахвату кіслароду, заваёўнікі горных вяршынь паміраюць ад знясілення арганізма, мяркуюць спецыялісты. Нягледзячы на такую сітуацыю, урад Непала аб'явіў, што не плануе абмяжоўваць выдачу дазволаў для ахвотных пакарыць Эверэст. Як паведаміў раней генеральны дырэктар дэпартамента турызму Непала Дандурадж Гімір, гэта не першы выпадак, калі на шляху да вяршыні Эверэста назіраюцца «пробкі», а значыць, ва ўладаў «няма падстаў меркаваць», што менавіта яны спрычыніліся да гэтых смерцяў. Значыць, ёсць усе падставы для таго, што фатальны ажыятаж працягнецца.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Ажыятаж на «даху свету»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.