Вы тут

Праект «Казка дзецям» для падапечных Беларускага дзіцячага хоспіса працягваецца


Праект «Казка дзецям» дорыць падапечным Беларускага дзіцячага хоспіса чароўнае падарожжа, магчымасць упершыню паляцець на самалёце, пабываць за мяжой і спраўдзіць запаветныя жаданні. У канцы мая дзеці з цяжкімі захворваннямі пабывалі ў Санкт-Пецярбургу.


За час існавання праекта падапечныя дзіцячага хоспіса наведалі Будапешт і Маскву, пабывалі ў Літве. Гэтым разам група з 11 чалавек, якая складалася з пяці дзяцей на калясках, пяці бацькоў і сацыяльнага работніка хоспіса Андрэя Гапановіча, накіравалася ў паўночную сталіцу суседняй краіны.

Дзеці пабывалі ў Батанічным садзе, дзяржаўным музеі «Эрмітаж», Пецяргофе і Петрапаўлаўскай крэпасці. А таксама ўрачыста адзначылі дзень нараджэння аднаго з удзельнікаў падарожжа.

Кожны раз дзіцячы хоспіс імкнецца падарыць сапраўдную казку дзецям і бацькам падчас падарожжа і арганізаваць яго на самым высокім узроўні. «Калі дзіця хворае, яно не перастае марыць» — пад такім дэвізам тут рэалізуюць жаданні.

Гэтым разам група спынілася ў атэлі «Рэгіна» — у нумарах, спецыяльна абсталяваных для людзей з інваліднасцю. У арганізацыі экскурсійнай праграмы дзіцячаму хоспісу дапамог Міжнародны клуб Lіons Club Sankt-Petersburg. Паездка стала магчымай дзякуючы фінансавай падтрымцы Тату-клуба «Олд Візард» і тэатра-студыі танца «СамаЯ». Авіяпералёт дапамагла ажыццявіць кампанія «Белавія».

Беларускі дзіцячы хоспіс — недзяржаўная некамерцыйная структура. Яна аказвае медыцынскую, псіхалагічную, сацыяльную і духоўную дапамогу сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з захворваннямі, што абмяжоўваюць тэрмін жыцця і пагражаюць яму. Пацыенты хоспіса — дзеці і маладыя людзі ва ўзросце да 24 гадоў. Пад апекай арганізацыі знаходзіцца ад 150 да 250 сем'яў, якія жывуць не толькі ў Мінску, але і ў радыусе 250 кіламетраў ад сталіцы.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дзеці не перастаюць марыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.