Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Ахвяра прагрэсу

gigbi.com

Як той казаў: «Быў час, быў век, была эпоха...» Некалі я працаваў у невялічкай прыватнай фірме і на работу хадзіў, можна сказаць, як на свята, бо заробкі былі добрыя, а ўжо калектыў... Ніколі б, карацей, не думаў, што сапсаваць усё можа адзін чалавек, але...

Нашай новай супрацоўніцы было блізка пад сорак. Яна завочна скончыла політэхнічны і зараз, падобна, з нейкага айчыннага «таёжнага тупіка» прыехала ў горад, каб уладкаваць асабістае жыццё. Ва ўсякім разе, праца яе, можна сказаць, не цікавіла: Надзя проста па-майстэрску «перакідвала» яе на іншых, а вось хто ў чым памыліўся, калі спазніўся, колькі разоў пакурыў і з кім чаго выпіў... Ды што там — праз свае лупы-акуляры гэта ўнучка бабы Ягі (як празвалі дзявулю нашы гумарысты) бачыла нават тое, чаго ніколі не было! І так жа нястомна... даносіла.

У выніку нашы жанчыны ў час абеду не маглі больш прабегчыся па крамах (не дай бог затрымацца ў чарзе ды на хвілінку спазніцца), нашы мужчыны — лішні раз пакурыць-пагаварыць (нават пасля работы!)... Сама ж даносчыца заставалася «чыстай і пушыстай», бо, па-першае, была роднай пляменніцай немаленькай гарадской начальніцы, па-другое, амаль нічога не рабіла, а значыць, не памылялася, дысцыпліну таксама не парушала...

Выходзіць, што яна — добры спецыяліст: такіх не звальняюць. Таму нам заставалася хіба чакаць, што здарыцца нейкі цуд: сыдзе, напрыклад, з працы тая цётка-заступніца, альбо і праўда знойдзецца нейкі дурань — возьме Надзю замуж і завязе далёка-далёка...

Вяселля, трэба сказаць, мы не прычакалі, але ж праз нейкі час жанчыны са здзіўленнем заўважылі, што наша каляжанка нібы трохі... цяжарная. А далей, як той казаў, болей!

І сапраўды, невядома ад каго (мо і праўда не бывае непрыгожых жанчын, бывае мала гарэлкі?), але Надзя нарадзіла хлопчыка.

З той вялікай радасці і ў чаканні яе дэкрэтнага водпуску мы скінуліся малому на дзіцячы вазок. А вось зажыць па-ранейшаму так і не паспелі, бо... года не прайшло, як Надзея вярнулася назад на работу. Сказала, што ёй самой, на жаль, трэба зарабляць сабе грошы, што яна баіцца страціць... кваліфікацыю. А да ўсяго...

Тут, на рабочым месцы, у маладой матулі быў адмысловы кансультант — наш Мікалаевіч, бацька аж чатырох дзяцей. Раней ён па тэлефоне цярпліва адказваў Надзі на ўсе пытанні наконт купання, кармлення і сну малога, цяпер размовы пайшлі «ўжывую», і мы зноў павесілі насы.

...Збавенне прыйшло, адкуль не чакалі. Раніцай першага красавіка, пачуўшы чарговую Надзіну скаргу на дарагавізну памперсаў, наш бацька-герой (а па сумяшчальніцтве — чаго ўнучка бабы Ягі, відаць, не ведала — яшчэ і рэдкі прыкаліст) расказаў, што японцы («во дзе кемлівы народ!») прыдумалі для ванны вельмі хітры змешвальнік вады. У ім, маўляў, апроч кранікаў з гарачай і халоднай ёсць яшчэ трэці — ружовы, з якога цячэ вада тэмпературай роўна 37 градусаў. Пад такую падносіш дзіця і ўсё лішняе з яго ўміг змываеш... Зручна! А галоўнае, што гэтыя штуковіны ўжо паступілі ў продаж. Праўда, у сталічны маркет... Але ж хутка будуць і тут.

Чакаць, як потым даведаліся, наша каляжанка не стала. Назаўтра ж яна паехала ў згаданую краму, знайшла там патрэбны аддзел і прадаўца-кансультанта. Той, відаць, з першых слоў зразумеў, што ўчора — першага красавіка — гэтую жанчыну банальна разыгралі, аднак віду не падаў: паказаў з дзясятак розных бліскучых цацак... Ну, а што патрэбнай няма, — дык ён можа запісаць нумар тэлефона шаноўнай пакупніцы, і як толькі ружовыя кранікі ў краме з'явяцца, адразу ж ёй паведаміць.

...Хлопцы, якія чулі і бачылі ўсё на маніторы відэаназірання, мусіць, парвалі жываты ад рогату, а неўзабаве гэты запіс нехта выклаў у інтэрнэт — з усімі адсюль наступствамі.

Прыкалісту, з чыёй «падачы» гэта адбылося, вядома ж, перапала. Уляцела, відаць, і работнікам крамы. Што, дарэчы, не так і важна... Важна, што Надзея вярнулася ў свой дэкрэтны водпуск і з'ехала ў вёску да бацькоў, якія ні пра які інтэрнэт тады не чулі.

Л. К., г. Гродна.


Любіш ездзіць, любі і саначкі цягаць

reminds.com.au

Дзяржава і адсочвала, і адсочвае, вядома ж, многае, але, мусіць, не ўсё. Ва ўсякім разе, на безліч друкаванай прадукцыі ніякіх стандартаў, відаць, не набярэшся. А таму асобныя друкарні часам гадамі не мянялі дызайн (тых жа табеляў-календароў), што і паспрыяла...

Зрэшты — па парадку.

То залішняя маладая энергія, то звычайная дурата час ад часу шукае выйсця ў любым калектыве. У нашым — найбольш распаўсюджаным жартам старэйшага супрацоўніка над маладымі было трывіяльнае ў той час перакідванне правадоў на цыліндрах матацыклаў. Збярэшся паехаць, прыладзішся, пачнеш заводзіць рухавік, а ён — маўчок, ні гу-гу... Што за ліха?.. Падымаеш вочы на вакно — там шчаслівы Сяргей стаіць...

Прычым красаваўся ён там досыць часта...

Сітуацыя вымагала рэваншу.

Падстава для яго падвярнулася лёгка. У нашу кантору з райаддзела міліцыі прыслалі графік тэхагляду службовага аўтатранспарту. Дырэктар, як і трэба было чакаць, «спусціў» паперу непасрэднаму выканаўцу (то-бок нашаму крыўдзіцелю). А ўжо ён глядзіць — то на гэты графік, то на свой табель-каляндар, што на стале пад шклом, — і нічога не разумее: тэхагляд запланаваны... на нядзелю. «Яны там што — з глузду паз'язджалі? Каго я збяру? У людзей выхадны!» — абураецца Сяргей. І не каб сесці падумаць, давай адразу ж званіць у міліцыю.

Даішнікі (а іх тады — два чалавекі на раён) спачатку не маглі зразумець, чаго ад іх хочуць і ў чым вінавацяць, бо ўсё ж прызначана правільна — ніякіх выхадных...

На эмоцыях пазванілі нашаму начальству: маўляў, разбярыцеся, што за «спец» там у вас працуе?

Дырэктар спусціўся ў кабінет да Сяргея. Папрасіў:

— Пакажы ты мне свой каляндар.

Хлопец ад слова, як той казаў, выцягвае з-пад шкла паперу, а яна — бачыць — склееная з дзвюх, прычым так, што камар носа не падточыць: год «на шапцы», што называецца, бягучы, а змест — увесь... пазалеташні.

Аўтары гэтага «шэдэўрыка», як гэта водзіцца, засталіся невядомымі. А вось жартаўнік — пацішэў. Можа, успомніў вядомае: «Любіш ездзіць, любі і саначкі цягаць»?

Іван Сіманёнак, г. Паставы.


«Каму забарона, а каму і абарона...»

http://hebosz.hu

Вылазкі на Дняпро з любімым фотаапаратам я раблю досыць часта, бо рака заўсёды розная і, вядома ж, прыгожая...

Вось і ў той кастрычніцкі ранак яшчэ з агарода (вёска стаіць на ўзвышшы) згледзела, як над вадой уздымаецца туман. А ўжо ж густы, бялюткі... Ну як тут не пойдзеш? Як не здымеш такое хараство?! Тым больш, што і месцы для здымак выбраны. Як у рыбакоў.

Там, куды адразу ж скіравала, добра ляшчы бяруцца. А значыць, думаю, і людзей... Як той казаў, і пешых, і конных, і баб чужых. Баялі напярэдадні, што сюды нават з Навазыбкава рыбакі прыязджаюць, на што нашы, мясцовыя, вядома ж, касерацца (бо каму спадабаецца, як нейкі там набрыдзень «твайго» ляшча з-пад носа ў цябе выцягвае?), але ж ніхто нікога не праганяе — па-суседску ловяць, па-суседску адпачываюць...

Для гэтага нашы мужчыны спецыяльнае месца абсталявалі: пад вербамі, са столікам, з лаўкамі... Каб зручна было юшкі зварыць з толькі што злоўленай рыбы, каб з ёю выпіць гарэлачкі ці вінца. І ўжо тады ў іх размоў ды плётак... Я выпадкова неяк падслухала: бабы — адпачываюць!

Але ж і навін розных шмат: хто дзе якую рыбу падняў, каго рыбнагляд злавіў, колькі штрафу ўляпілі...

Мужыкі пра гэта гавораць, а ўжо ж як пры тым мацюкаюцца!.. Божацца, што ўсе браканьеры (нават разам узятыя!) не робяць столькі шкоды ні рыбе, ні рацэ, колькі адна свінаферма на беразе. Аднак свінарнікаў з іх сцёкамі як быццам паблізу няма, а вось рыбак з сеткай — ёсць... Хоць зноў жа — паводле «градацыі» нашых мужыкоў — якраз ён і правільны, бо ловіць вялікую, дарослую рыбу. А вось той, хто кожны божы дзянёк стаіць на беразе з вудамі ды цягае з ракі драбязу, якой яшчэ расці ды расці, — няправільны, нават шкодны...

Дык вось, значыць, прыйшла я да Дняпра і вачам не паверыла: ні душы там няма, быццам і сваіх рыбакоў, і заезджых у Чорнае мора змыла... На беразе толькі слуп застаўся — вышынёй за два метры. А на ім, бачу, шыльда: «Купанне і лоўля рыбы забаронены!»

Аж зарагатала неспадзеўкі, бо кастрычнік на дварэ... Каму забараняць купанне? Маржоў у акрузе як быццам няма? Я таксама без купальніка... А таму шыбую сабе далей — кадры шукаю.

...Адвяла нарэшце душачку — наздымала (на гэта, дзякуй богу, забароны пакуль няма), палюбавалася яшчэ на Дняпро ды назад на свой гарод падалася.

У вёсцы ля плота, бачу, мужчына знаёмы стаіць. Пытаюся:

— Рыгор, а чаму на рыбу не ідзеш? Баішся?

— Гэта чаго? — насцярожыўся ён.

— Дык шыльда ж, — кажу, — на слупе: «Забаронена...»

Мужчына ў рогат:

— Дык гэта ж мы яе і паставілі. Злавілі: па рацэ плыла... Можа, вецер паваліў вышэй па цячэнні, а можа, з рыбакоў хто выдраў ды пусціў па вадзе... А мы паднялі, укапалі. І ты ведаеш — працуе. Ва ўсякім разе, свае — як рыбачылі, так і рыбачаць, а вось розная навалач пакуль не ідзе. Так што каму забарона, а каму і абарона...

Вось такі непарадак на нашым Дняпры.

Я потым у снежні яшчэ на здымку хадзіла — шыльда была на месцы. Вясной яна таксама стаяла. Незаконна... І куды той рыбнагляд глядзіць?

...Напісала вось, папыталася. Можа, прачытае і прыбярэ?

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.