Вы тут

Аляксандр Лукашэнка сёння выступіў на саміце ШАС


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку, звярнуў увагу на наяўнасць крызісу ў сферы глабальнай бяспекі і іншыя пытанні, перадае БелТА.


«Сёння, на жаль, відавочна, што міжнародная сістэма, якая функцыянавала больш-менш эфектыўна пасля Другой сусветнай вайны, трашчыць па швах. У ваеннай сферы ідзе дэмантаж стрымліваючых стратэгічных дамоўленасцей і скочванне да гонкі ўзбраенняў. На нашых вачах знікаюць гарантыі недапушчэння маштабнага ўзброенага канфлікту. Прычыны вядомыя, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У палітыцы размова вядзецца толькі на мове канфрантацыі. Эканоміка і гандаль выкарыстоўваюцца як інструмент варожага ўздзеяння. На змену зразумелым для ўсіх правілам гульні прыходзіць анархія. З развіццём інтэрнэту пад пагрозай апынулася нават недатыкальнасць прыватнага жыцця чалавека».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час краіны шмат спадзяваліся на глабалізацыю, мяркуючы, што яна прынясе збаўленне ад усіх бед і няшчасцяў. «Але пакуль ствараецца абгрунтаванае ўражанне, што наш выйгрыш ад глабалізацыі апынуўся значна меншым, чым пройгрыш. Ні ў кога не выклікае сумненняў, што сучасныя пагрозы з'яўляюцца агульнымі для ўсіх краін. Рэсурсаў асобна ўзятых дзяржаў, нават найбольш магутных і ўплывовых (да прыкладу, такіх як Кітай, Расія, Індыя), асобна не хопіць, каб супрацьстаяць гэтым выклікам», - заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што без цеснага ўзаемадзеяння ў рамках шматбаковых структур, без выпрацоўкі ўзгодненых крокаў немагчыма забяспечыць свет як у рэгіянальным, так і глабальным маштабе. «У гэтых умовах, на наш погляд, надзвычай узрастаюць роля і значэнне міжнародных інстытутаў і механізмаў, створаных пасля распаду біпалярнага свету і паспяхова адаптаваных да новай геапалітычнай сітуацыі. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ў сілу свайго палітычнага ўплыву і эканамічнага патэнцыялу цалкам саспела для таго, каб больш актыўна і настойліва садзейнічаць выстройванню міжнароднай палітыкі на прынцыпах міру, узаемнай павагі і раўнапраўя, - упэўнены кіраўнік дзяржавы. - Арганізацыя можа і, галоўнае, павінна (гэтага чакаюць людзі) садзейнічаць нейтралізацыі пагроз у галіне бяспекі, вызначэнню агульных поглядаў і ўзаемадзеянню ў эканамічнай сферы».


Прэзідэнт прапанаваў падумаць аб новых формах дзейнасці ШАС на міжнароднай арэне. Напрыклад, шляхам прыняцця сумесных заяў па актуальных пытаннях на парадку дня ААН.

«Па-другое, на фоне дэфіцыту даверу, які паглыбляецца, лічым вельмі важным дамагчыся таго, каб не тэма канфрантацыі, а тэма шматбаковага дыялогу па праблематыцы бяспекі стала дамінуючай у сучасным міжнародным жыцці. Пра гэта, дарэчы, гаварыў Прэзідэнт Расіі», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка .

Ён нагадаў, што Беларусь з'яўляецца актыўнай прыхільніцай перазапуску Хельсінкскага працэсу, мэтай якога з'яўляецца адаптацыя існуючага сусветнага парадку да новых геапалітычных рэалій і неардынарных выклікаў. «Дзіўна, што ў тым ліку і кіраўнікі буйных дзяржаў у гэты найскладанейшы час (пра гэта ўсе сёння гаварылі) сыходзяць ад абмеркавання хоць бы гэтай глабальнай тэмы, гэтага глабальнага выкліку на самым высокім узроўні. Хаця б у рамках АБСЕ з прыцягненнем кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржаў свету, у тым ліку Азіяцкага кантынента», - звярнуў увагу беларускі лідар.

«Што тычыцца Хельсінкі (перазапуску шматбаковага дыялогу па пытаннях бяспекі. - заўвага. БелТА), то такая дыскусія ўжо вядзецца на экспертным узроўні, у тым ліку на мінскай пляцоўцы. Ідэю падзяляюць многія палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты. У свеце нямала прыхільнікаў "навядзення мастоў" у мэтах разрадкі напружанасці», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт бачыць адзіную разумную альтэрнатыву ў пошуку магчымасцяў для спалучэння розных фарматаў забеспячэння міжнароднай стабільнасці. «Перакананыя, што такі падыход будзе садзейнічаць пераадоленню супярэчнасцей на нашай агульнай прасторы - у Еўра-Атлантыцы і Еўразіі», - сказаў ён.


«Трэцяе. Нам неабходна выкарыстоўваць аб'яднаўчую прыроду міжнародных арганізацый для кансалідацыі іх намаганняў у сферы глабальнай бяспекі. У гэтым плане важным крокам магла б стаць нефармальная сустрэча генеральных сакратароў ААН, АБСЕ, ШАС, СНД, НАТА і АДКБ (магчыма, і іншых структур) у мэтах абмеркавання назапашаных пытанняў забеспячэння стабільнасці ў свеце. Зразумела, што гэта атрымаецца не адразу, але настойлівасць з часам можа даць свой плён», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, пошук адказаў на згаданыя пытанні непарыўна звязаны з неабходнасцю вырашэння эканамічных праблем, якія з'яўляюцца глебай для тэрарызму, злачыннасці, нелегальнай міграцыі і іншых негатыўных з'яў.


«І гэта наступны важны момант. Мы шмат гаворым пра спалучэнні розных інтэграцыйных працэсаў - Еўразійскага эканамічнага саюза, ініцыятывы "Пояс і шлях", АСЕАН і іншых. Гэта правільна. І Беларусь актыўна падтрымлівае ідэі, накіраваныя на стварэнне адзінай еўразійскай эканамічнай прасторы. Разам з тым, на нашу думку, мы павінны быць больш актыўнымі ў распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праектаў у важных для нашых дзяржаў сферах: харчовая бяспека, транспарт і лагістыка, энергетыка, інавацыйныя тэхналогіі. Пра гэта гаварылі ўсе члены ШАС. Важна пры гэтым, каб узаемазалежнасць, якая расце, была фактарам поспеху, а не перашкод», - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кіраўнікі дзяржаў ШАС прынялі на саміце шэраг дакументаў, накіраваных на далейшае ўзмацненне барацьбы з тэрарызмам і злачыннай дзейнасцю. «Мы цалкам падтрымліваем гэтыя рашэнні і гатовы да практычнага ўзаемадзеяння ў рэгіёне адказнасці нашай арганізацыі з улікам беларускага досведу і напрацовак», - сказаў ён.

Прэзідэнт прапанаваў задзейнічаць у пазначаных мэтах патэнцыял Міжнароднага навучальнага цэнтра МУС Беларусі, які мае рэпутацыю аўтарытэтнай навучальнай установы на ўзроўні ААН.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы абазначыў надзвычайную важнасць больш цеснага ўзаемадзеяння па актуальных для ўсіх пытаннях забеспячэння інфармацыйнай бяспекі і барацьбы з кіберзлачынствамі. «Ні адзін від злачыннасці не развіваецца так дынамічна, як гэты», - канстатаваў беларускі лідар.

У гэтым плане ён прывёў прыклад, што калі ў 2017 годзе ў Беларусі было зарэгістравана каля 3 тыс. злачынстваў гэтага віду, то у 2018 годзе ўжо 5 тыс., а за 4 месяцы бягучага года - ужо амаль 3 тыс. «Беларусь гатовая адкрыта дзяліцца сваім досведам і актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі адпаведнай канцэпцыі ШАС, якая сёння абмяркоўвалася на пасяджэнні», - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.


Падводзячы вынік, ён выказаў меркаванне, што прыкладам эфектыўнага супрацоўніцтва на прасторы ШАС могуць быць Кітай і Расія. «Пачаліся незразумелыя рухі з боку пэўных буйных дзяржаў у дачыненні да Кітая, і знойдзена была выдатная замена літаральна за паўтары гады. Тавараабарот паміж гэтымі дзяржавамі вырас у разы і склаў больш за $100 млрд. І сёння пастаўлена планка на працягу 3-4 гадоў дасягнуць $200 млрд. Вось і ўсё - без шуму, без крыку. І з гэтым ніхто не можа не лічыцца», - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуўся з просьбай да буйных сусветных дзяржаў, у тым ліку прадстаўленым у ШАС, каб яны ў супрацоўніцтве таксама не забывалі аб малых і сярэдніх краінах, больш актыўна ўключалі іх у гандаль, у эканамічнае ўзаемадзеянне. «Гэта будзе добрая прыбаўка да таго, што ёсць», - лічыць кіраўнік дзяржавы

«Упэўнены, што, узаемадзейнічаючы ў рамках ШАС, нашы краіны здольныя ўнесці сур'ёзны ўклад у вызначэнне напрамкаў і спосабаў гарманізацыі супрацоўніцтва на кантыненце, кансалідацыю ўсіх прагрэсіўных сіл», - рэзюмаваў беларускі лідар.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.