Вы тут

Штогод у Беларусі выконваецца больш за 400 тысяч пераліванняў крыві


Учора, у Сусветны дзень донара, у падтрымку бязвыплатнага донарства здалі кроў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, член Савета Рэспублікі, кіраўнік Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў Дзмітрый Шаўцоў, прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.


— Я анколаг, Алег Алегавіч (Румо. — Аўт.) — трансплантолаг, і мы разумеем, наколькі важнае забеспячэнне прэпаратамі крыві, — растлумачыў падчас акцыі Уладзімір Каранік. — Гэта бяспека пацыентаў і магчымасці ўрачоў выконваць пэўныя ўнікальныя аперацыі. Зараз у грамадстве ўзнікла нейкае непаразуменне: маўляў, калі мы прапагандуем бязвыплатнае донарства, значыць грошай на кроў няма, а ўрачам не хапае прэпаратаў крыві. На самай справе гэта не так. Бязвыплатна не значыць бясплатна. Такім чынам дзяржава стымулюе сацыяльную адказнасць грамадзян. І ў нашым грамадстве ўжо нямала тых, хто разумее, што некаму патрэбна іх дапамога, і аказвае яе. Пры гэтым дзяржава кампенсуе мерапрыемствы для захавання здароўя донараў. Магчымасць дапамагчы бліжняму павінна быць асноўным пабуджальным фактарам.

Алег Румо расказаў, што кроў і яе кампаненты часта патрабуюцца пры самых складаных аперацыйных умяшальніцтвах:

— Здараюцца такія аперацыі, калі кроў пацыенту прыходзіцца мяняць пяць разоў. Улічваючы, што ў нашым арганізме ў сярэднім пяць літраў, то на працягу некалькіх гадзін трэба пераліць 25 літраў крыві. Дзяржава нясе каласальныя расходы на выкананне такога роду ўмяшанняў. І сэнс донарства — прычыніцца да таго, што нехта сёння паправіўся, што цяжкі пацыент не стаў інвалідам, што сістэма без цябе не можа працаваць.

Штогод у Беларусі выконваецца больш за 400 тысяч пераліванняў крыві і яе кампанентаў. Ад аднаго донара можна атрымаць тры кампаненты крыві, гэта значыць выратаваць тры жыцці.

У нашай краіне амаль 85 тысяч донараў цэльнай крыві і амаль 13 тысяч донараў яе кампанентаў. Паступова колькасць платных данацый зніжаецца. За апошнія пяць гадоў здаваць кроў бясплатна сталі ў 16 разоў часцей, яе кампаненты — больш чым у 20 разоў. Летась кожны чацвёрты донар задаваў кроў бязвыплатна.

— Штогод колькасць донараў прырастае на 10 %, і летась 98 тысяч нашых грамадзян сталі донарамі, — расказвае дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка. — Па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, мы павінны нарыхтоўваць не менш за 20 літраў донарскай крыві на адну тысячу насельніцтва. У нас гэты паказчык больш за 23 літры. Ні адна аперацыя не была сарвана, не было ніводнага выпадку неаказання медыцынскай дапамогі з-за нястачы крыві і як кампанентаў.

Кроў здае  мі­ністр ахо­вы зда­роўя  Ула­дзі­мір Ка­ра­нік.

У будучым плануецца зрабіць донарства цалкам бязвыплатным. Пераход на такую сістэму прадыктаваны ў тым ліку і Мельбурнскай дэкларацыяй, прынятай 14 чэрвеня 2009 года, якая заклікае краіны свету дасягнуць 100-працэнтнага дабравольнага бязвыплатнага донарства ўжо да 2020 года. Сёння больш за сем дзясяткаў краін забяспечваюць 90 % сваіх запасаў крыві бязвыплатнымі данацыямі, і амаль у столькі ж краінах гэты паказчык складае 100 %.

— Тут выкарыстоўваецца прынцып фінансавай нейтральнасці — ні дзяржава, ні донар ад данацыі не павінны атрымаць фінансавы прыбытак, але і не павінны панесці фінансавых страт. Пры гэтым донар вызваляецца ў дзень данацыі ад працы з захаваннем сярэдняга заробку, забяспечваецца харчаваннем, яму кампенсуюць расходы на дарогу. Як паказвае міжнародны вопыт, такая кроў самая бяспечная, бо донар зацікаўлены весці здаровы лад жыцця, рыхтавацца да данацыі, — тлумачыць Фёдар Карпенка.

Бязвыплатнае донарства будзе замацавана і на заканадаўчым узроўні. Як паведаміла Вольга Мычко, законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў» прайшоў першае чытанне. Новы нарматыўны дакумент, паводле яе слоў, накіраваны не на напаўненне бюджэту, а на стымуляванне адказнасці грамадства. Сацыяльны пакет для пастаянных донараў, згодна з новым дакументам, будзе павялічаны.

— Чырвоны Крыж цалкам падтрымлівае бязвыплатнае донарства. За апошні тыдзень дзякуючы мерапрыемствам нашай арганізацыі здадзена 500 бязвыплатных данацый. У Гомелі, напрыклад, усе дэпутаты гарадскога Савета бязвыплатна здалі кроў, — падзялілася Вольга Мычко.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Бязвыплатна не значыць бясплатна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.