Вы тут

Магіляўчане просяць не рабіць з вуліцы Боткіна паркоўку


Гістарычны цэнтр Магілёва — гэта вузкія вуліцы, блізка размешчаныя да дарогі дамы. У гадзіну пік амаль не раз'ехацца. Вуліца Боткіна якраз у ліку такіх. Яна праходзіць паміж гарадской бальніцай хуткай медыцынскай дапамогі і крутым абрывам. Гэтай прасторы ледзь хапіла на двухпалосную дарогу і невялікія тратуары з двух бакоў. Але і без таго гэты вузкі калідор памяншаецца з-за стыхійных стаянак. Гэта перашкаджае руху грамадскага транспарту і стварае небяспеку для грамадзян, звяртае ўвагу старшыня вулічнага камітэта мікразоны Падгорная — Падміколле Аляксандр ПІКУЛЯ. Ён прыйшоў у карпункт «Звязды» па дапамогу.


Каб зразумець, наколькі востра тут стаіць праблема, дастаткова аднойчы пабываць на гэтым месцы. Частка тратуара выкарыстоўваецца пад паркоўку, днём тут няма амаль ніводнага вольнага месца. Ну а той, каму яго не хапіла, паркуецца як прыйдзецца. Кідае машыну на ўскрайку дарогі і ідзе па сваіх справах. Каб аб'ехаць гэтыя перашкоды, кіроўцам даводзіцца лавіраваць, амаль праціскаючыся паміж машынамі. Тут жа пралягае маршрут аўтобуса № 39. І трэба вялікае майстэрства, каб гэтай вялікай машыне праехаць нікога не зачапіўшы. Тутэйшыя жыхары кажуць, што аўтобус з-за вялікай колькасці прыпаркаваных машын не заўсёды можа праціснуцца да прыпынку, і бывае, што адчыняе дзверы для пасажыраў ледзь не пасярод вуліцы. Людзям гэта не падабаецца, бо рызыкуюць усе. Ведаючы, які прабіўны ў іх старшыня вулічкама, жыхары перш-наперш ідуць да яго. А ён разам з найбольш актыўнымі прадстаўнікамі мікразоны штурмуе кабінеты адказных чыноўнікаў.

— Упершыню мы разам з прадстаўніком нашага вулічкама Юрыем Дарашэнкам звярнуліся ў гарвыканкам у красавіку мінулага года. Нас прымаў намеснік старшыні, які адказвае за бяспеку пасажырскіх перавозак, — расказвае Аляксандр Пікуля. — Час прайшоў, але ніякіх перамен не адбылося. Тады мы паспрабавалі вырашыць праблему з дэпутатамі — схадзілі на прыём да старшыні аблсавета. Растлумачылі, што сітуацыя крытычная. Стаянка ўздоўж дарогі разлічана дзесьці на 35 машын, а дзе паркавацца іншым? Сёлета быў вялікі скандал на праезнай частцы. Аўтобус не ўступіў дарогу мікрааўтобусу, кіроўцы пачалі высвятляць адносіны, да канфлікту далучыліся пасажыры — крыку было шмат.

Пасля таго як сёлета Аляксандр Пікуля з Юрыем Дарашэнкм звярнуліся да губернатара вобласці Леаніда Зайца, на праблемным участку з'явілася яшчэ некалькі дадатковых парковачных месцаў. Але гэта, на погляд актывістаў, справу не вырашыла. Машыны працягваюць стаяць на праезнай частцы.

— ДАІ дае справаздачы, колькі чалавек аштрафаваныя за паркоўку ў неналежным месцы, але гэта істотна не ўплывае на сітуацыю. Аднойчы мы прыгразілі, што ідзём на прыём да губернатара, і ў той дзень дарога была чыстая. Значыць, на сітуацыю ўсё ж такі можна ўплываць. Было б жаданне, — абураецца суразмоўнік.

Цікава, што знакаў, якія забараняюць паркоўку, на невялікім адрэзку вуліцы болей чым дастаткова, прычым па абодва бакі. Але іх нахабна ігнаруюць. Стаяць нават на аўтобусным прыпынку. З-за недахопу месца ён проста абазначаны таблічкай з раскладам руху. Калі яе не заўважыць, можна нават і не здагадацца, што там прыпынак.

— Вось я ўчора ехаў на аўтобусе ў 15.04, а на месцы прыпынку аўтобуса стаялі чатыры машыны, — канстатуе старшыня вулічкама. — Як яму разгрузіцца? Летась толькі на маёй памяці каля гарбальніцы было чатыры аварыі. І адна з іх менавіта на гэтым прыпынку. Кіроўца аўтобуса зачапіў легкавую машыну, якая стаяла ў яго на дарозе. Віны ў гэтым яго няма, ён стараўся бліжэй пад'ехаць да прыпынку, каб забраць інвалідаў. У выніку пацярпеў і ён, і людзі, бо рэйс не адбыўся, трэба было разбірацца з ДТЗ. А знаёмая расказвала, як яе аўто зачапіла люстэркам іншую машыну. Ці ж нармальна гэта, калі людзі павінны так рызыкаваць?

Аляксандр Пікуля лічыць, што ў гэтай сітуацыі трэба быць прынцыповым. Разам са сваім памочнікам распрацавалі цэлы комплекс прапаноў, як палепшыць становішча. На іх погляд, нармалізаваць праезд па вуліцы Боткіна дапаможа стварэнне вялікіх платных і бясплатных парковак. Варыянты канкрэтных месцаў прыкладаюцца. Ёсць прапанова знесці агароджу і пашырыць дарогу за кошт бальнічнай тэрыторыі. Плюс пашырыць аўтастаянку ў раёне плошчы Арджанікідзэ да АЗС «Беларуснафты», якая знаходзіцца непадалёк ад бальніцы. Прапануецца таксама адрамантаваць існуючую аўтастаянку ўздоўж вуліцы Боткіна і абазначыць парковачныя месцы лініямі. А яшчэ дадаць дарожных знакаў аб забароне стаянкі і размясціць пабольш таблічак аб прымусовай эвакуацыі. Актывісты таксама лічаць, што было б справядліва зрабіць стаянку аўтамабіляў супрацоўнікаў бальніцы на яе ж тэрыторыі. Маўляў, так было раней.

— Мы адправілі гэтыя прапановы мясцовым уладам, хай вырашаюць нешта, — кажа Юрый Дарашэнка. — Трэба наводзіць парадак. Нават тое, што няма адпаведнай разметкі, дэзарганізуе — машыны паркуюць хаатычна.

Начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Яўген ЖЫЛІНСКІ згодны з тым, што ўчастак дарогі па вуліцы Боткіна цяжкі. Але ж, на яго погляд, там і так зроблена ўсё, што неабходна для бяспекі: пастаўлены папераджальныя знакі, праведзена жоўтая лінія, якая паказвае, што паркавацца нельга.

— Але людзі парушаюць правілы, — кажа ён. — Перыядычна дарожныя інспектары ажыццяўляюць кантроль на гэтым участку і караюць парушальнікаў. І такі праблемны ўчастак у горадзе не адзіны. Але ж мы не будуем паркоўкі, мы толькі ажыццяўляем кантроль за рухам аўтатранспарту. Са свайго боку мы неаднаразова паведамлялі ў гарвыканкам, што парковачных месцаў у горадзе не хапае. І гэта трэба неяк выпраўляць.

Галоўны архітэктар Магілёва Уладзімір СКАЧАК лічыць, што абстаноўку на вуліцы Боткіна з выкарыстаннем нейкага там архітэктурнага рашэння выправіць нельга.

— На жаль, пашырыць прастору немагчыма, — кажа ён. — Вельмі шчыльная забудова.

— На мінулым тыдні мы пабудавалі пяць парковачных месцаў за кошт тых пляцовак, дзе павінны былі быць дрэвы, — паведаміў генеральны дырэктар Магілёўскага гарадскога ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў, дэпутат гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй КІБЛОЎ. — І гэта ўсё, што мы можам зрабіць у рамках сваіх паўнамоцтваў.

— Праблема гэта сапраўды складаная, — згодны і старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Дзмітрый ХАРЫТОНЧЫК. — Не зробіш жа там пастаянны пост ДАІ. Але трэба неяк выходзіць з гэтай сітуацыі. Або штрафаваць пастаянна, каб людзі разумелі. Праблема перш за ўсё ў тым, што грамадзяне парушаюць правілы дарожнага руху і паркуюць свае аўто там, дзе ім падабаецца. У кожным горадзе ёсць падобныя складанасці. Часта яны выкліканыя тымі архітэктурнымі асаблівасцямі, якія там існуюць. Раней столькі транспарту не было і ўсё функцыянавала як трэба. Для людзей няма праблемы дабрацца да бальніцы на грамадскім транспарце або паставіць аўто дзесьці крыху далей і прайсціся. Але некаторыя кіроўцы не думаюць пра іншых. Ім важна толькі, каб машына стаяла ледзь не каля дзвярэй. Гарвыканкаму трэба шукаць шляхі вырашэння падобных пытанняў. Магчыма, перанакіраваць транспартныя патокі і гэтак разгрузіць вуліцы.

Дарэчы, адзін з варыянтаў вырашэння праблемы — гэта «карусельная» паркоўка або, як яна правільна называецца, — аўтамабільная аўтаматычная паркоўка. Такія сёння з поспехам робіць «Магілёўліфтмаш». І ў іншых буйных гарадах на іх ужо ёсць попыт. Летась такую паркоўку набыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Там існавала аналагічная праблема.

Адзін з ва­ры­ян­таў вы­ра­шэн­ня праб­ле­мы —  «ка­ру­сель­ная» пар­коў­ка.

— Можам паставіць паркоўку нават у жылым двары, было б жаданне, — запэўнілі на прадпрыемстве. — На пляцоўцы для дзвюх машын вертыкальна размяшчаюцца ўсе 12. На сённяшні дзень гэта самы просты і бюджэтны варыянт.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва прадпрыемства «Магілёўліфтмаш»

Загаловак у газеце: Машыны становяцца больш нахабныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.