Вы тут

Чаму Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні беларускіх партызан нарадзіўся не адразу?


За перыяд са жніўня 1941 да жніўня 1944 года выйшла 16 Указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні ордэнамі і медалямі ўдзельнікаў партызанскага руху ў Беларусі. За гэты час узнагароджана 7827 партызан. Безумоўна, на амаль чатырохсоттысячную армію партызан гэта лічба вельмі малая. У чым жа справа?


Партызаны атрымлівалі ўзнагароды і падчас вайны, але зусім нямногія.

З першых дзён вайны беларускія партызаны праяўлялі мужнасць і гераізм, здзяйснялі подзвігі, ішлі на смерць у імя перамогі. Можа, у Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) не прыходзілі прадстаўленні на ўзнагароджанне партызан? Наадварот, камандзіры партызанскіх фарміраванняў не скупіліся на заахвочванні і засыпалі БШПР прадстаўленнямі на ўзнагароджанне — ад партызанскага медаля да звання Героя Савецкага Саюза. Так, напрыклад, камандзір партызанскага злучэння былой Баранавіцкай вобласці В. Е. Чарнышоў толькі ў снежні 1943 года накіраваў у БШПР 13 прадстаўленняў да прысваення званняў Героя Савецкага Саюза і 8 прадстаўленняў да ўзнагароджання ордэнам Леніна партызан, якія вызначыліся. Нагадаем чытачам, што ў 1944 годзе выйшла толькі два Указы аб узнагароджанні беларускіх партызан. Наступны быў толькі праз чатыры з паловай гады — 30 снежня 1948 года.

А цяпер паспрабуем высветліць прычыны невялікай колькасці менавіта ўзнагароджаных і працяглага часу праходжання ўзнагародных дакументаў.

Вось як тлумачыў сітуацыю з узнагародамі беларускіх партызан сакратар ЦК КП(б) Беларусі П. К. Панамарэнка ў лісце на імя І. В. Сталіна ад 17 снежня 1946 года. Прычынай затрымкі праходжання ўзнагародных лістоў і прадстаўлення іх у Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР ён называў «адсутнасць пасадачных пляцовак у значнай частцы брыгад, частковую гібель самалётаў і сувязных, якія дастаўлялі дакументы з тылу праціўніка. Магчымасць аформіць узнагародны матэрыял на партызан, якія вызначыліся, з'явілася толькі пасля злучэння брыгад і атрадаў з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі...»

Далей Панамарэнка паведамляе Сталіну: «Для найбольш правільнага вырашэння пытання ўзнагароджання партызан бюро ЦК КП(б) Беларусі абавязала абласныя камітэты партыі разгледзець усе ўзнагародныя матэрыялы, якія паступілі. У сувязі з гэтым прадстаўленне ўзнагародных дакументаў крыху затрымалася».

Але сакратар ЦК КП(б)Б не ўдакладніў у гэтым пісьме, што рашэнне бюро Кампартыі Беларусі аб перадачы ўзнагародных лістоў было прынята абкамам партыі яшчэ 2 кастрычніка 1944 года, і па ім з БШПР было перададзена 42 020 узнагародных лістоў. Так што гэтае «крыху» зацягнулася роўна на два гады.

Не зусім аб'ектыўнай уяўляецца версія Панцеляймона Кандратавіча і ў дачыненні да недахопу пасадачных пляцовак, крушэння самалётаў і гібелі сувязных, якія дастаўлялі ўзнагародны матэрыял у Маскву. Згодна са звесткамі энцыклапедычнага выдання «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне» (Мінск, 1990), на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў 41 партызанскі аэрадром. Першыя палёты савецкіх самалётаў у тыл ворага пачаліся ўжо летам 1942 года. На партызанскія аэрадромы дастаўлялася ўзбраенне, боепрыпасы, медыкаменты, літаратура. У савецкі тыл адпраўляліся параненыя партызаны, дакументы са справаздачамі аб баявой дзейнасці брыгад і атрадаў, разведданыя, атэстацыйны і ўзнагародны матэрыялы, грошы і каштоўнасці, сабраныя партызанамі ў мясцовых жыхароў у фонд абароны краіны.

На шчасце, паветраныя катастрофы здараліся рэдка, ды і не ў кожным самалёце адпраўляліся ў Маскву ўзнагародныя дакументы. Не ўлічыў у сваім тлумачэнні Панамарэнка і той факт, што многія адказныя работнікі ЦК КП(б)Б, ЛКСМБ, іншых ведамстваў часта знаходзіліся ў тыле ворага і таксама дастаўлялі ў БШПР прадстаўленні да ўзнагароджання партызан.

Адной з прычын нясвоечасовай падрыхтоўкі ўзнагародных дакументаў для прадстаўлення іх у Вярхоўны Савет СССР можна лічыць адсутнасць у штатнай структуры БШПР узнагароднага аддзела. Таму ўся работа па падрыхтоўцы ўзнагародных дакументаў была ўскладзена на аддзел кадраў. (Відаць, першапачаткова ніхто не меркаваў, што з цягам часу гэтая работа ператворыцца ў праблему ў пытаннях узнагароджання партызан.)

Ваеннаслужачыя (усе работнікі БШПР мелі воінскія званні. — Аўт.) аддзела кадраў рыхтавалі загады па прызначэнні і перамяшчэнні каманднага складу партызанскіх брыгад і атрадаў. Пастаянна абнаўлялі спісачны склад фарміраванняў, вялі ўлік загінулых і параненых партызан. У іх абавязкі ўваходзіла камплектаванне слухачоў у спецшколы па падрыхтоўцы партызанскіх спецыялістаў. Работа аддзела кадраў пастаянна павялічвалася з утварэннем новых атрадаў і брыгад.

Безумоўна, усе прадстаўленні і ўзнагародныя лісты, якія паступалі ад партызанскіх брыгад, неабходна было падвергнуць «чыстцы»: адсеяць неаб'ектыўныя, надуманыя, якія проста не заслугоўвалі прадстаўлення. На гэта патрэбен быў час, якога ў работнікаў аддзела кадраў БШПР было недастаткова.

Былыя партызаны Беларусі, якія так і не атрымалі заслужаныя ўзнагароды, сталі звяртацца з лістамі ва ўсе вышэйшыя інстанцыі, пачынаючы ад камандавання брыгад і да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна. Канешне ж, усе гэтыя пісьмы перапраўляліся ў БШПР, адкуль прыходзіў стандартны адказ: «Пытанне аб вашым узнагароджанні знаходзіцца на рашэнні ўрада», або часцей за ўсё: «У ліку ўзнагароджаных і прадстаўленых да ўзнагароды Вы не значыцеся».

Інвалід Айчыннай вайны першай групы, былы партызан брыгады «Жалязняк» Гомельскай вобласці Я. І. Берднікаў у лісце ад 16 ліпеня 1945 года на імя начальніка БШПР з болем і крыўдай выказваў сутнасць пытання аб сваім узнагароджанні: «Чамусьці цяпер вы дрэнна клапоціцеся аб былых партызанах. Мінула два гады. Мне давялося застацца без левай нагі і рук, а жыць трэба, і жыць хочацца».

Шукаў сваю ўзнагароду — медаль «Партызану Айчыннай вайны» — і былы партызан брыгады імя Я. М. Свярдлова Брэсцкай вобласці Васіль Бушкевіч, які ў ліпені 1946 года напісаў ліст у ЦК КП(б)Б: «Прашу Вас, каб высветлілі, чаму я не атрымаў медаля, прычым быў прадстаўлены на атрыманне, бо добра біўся з фашыстамі».

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца аб'ёмныя справы з тысячамі падобных лістоў, у якіх выказаны боль, крыўда і спадзяванне на атрыманне сваіх узнагарод.

Тым часам ужо не Беларускі штаб партызанскага руху, а абласныя камітэты КП(б)Б з кастрычніка 1944-га да снежня 1946-га займаліся пытаннямі ўзнагароджання. Узнагародныя лісты, якія паступілі ад БШПР, па сканчэнні працяглага часу, безумоўна, падлягалі аналізу і перагляду. Была складзена спецыяльная форма спісаў партызан, якія прадстаўляліся да ўзнагароджання. Так, у графе «Кампраметуючыя звесткі» прыводзілася прычына выключэння са спісаў тых, хто прадстаўлены да ўзнагароджання. Напрыклад: «асуджаны за хуліганства», «марадзёрства», «дэзерцір Савецкай Арміі», «у вышуку» і г. д. Але былі і суб'ектыўныя прычыны. У спісе партызан Брэсцкай вобласці, адхіленых ад узнагароджання абкамам КП(б)Б, супраць прозвішча вядомага гераічнага камандзіра партызанскай брыгады І. В. Жохава, прадстаўленага да звання Героя Савецкага Саюза, рукой нейкага чыноўніка зроблена паметка: «Хопіць, што ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Арміі і партызанскім медалём». А па кандыдатуры партызана брыгады імя П. К. Панамарэнкі І. А. Ягорава, які прадстаўляўся да ордэна Чырвонага Сцяга, быў вынесены вердыкт: «Няма за што ўзнагароджваць».

Такім чынам, пасля праведзенай «чысткі» больш чым сарака тысяч узнагародных лістоў, атрыманых ад БШПР, рэальна прадстаўленых да ўзнагароджання засталася роўна палова.

Нельга сказаць, што з боку кіраўніцтва рэспублікі не прымаліся меры па ўзнагароджанні партызан. Так, 25 ліпеня 1945 года на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б разглядалася пісьмо былога камандзіра Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы І. З. Ізоха, у якім ён скардзіўся на затрымку ўзнагароджання партызан. Пастановай бюро Бабруйскаму абкаму КП(б)Б было даручана ў двухтыднёвы тэрмін разгледзець усе прадстаўленні да ўрадавых узнагарод партызан. Пры гэтым у пастанове адзначалася, што не кожны ўзнагародны ліст прадугледжвае абавязковасць узнагароджання або поўнага захавання ступені прадстаўлення.

Пра неабходнасць паскорыць падрыхтоўку ўзнагародных дакументаў для прадстаўлення іх у ЦК ВКП(б) пісаў у запісцы на імя П. К. Панамарэнкі і загадчык групы па вядзенні спраў БШПР пры ЦК КП(б)Б Шамецька: «У цяперашні час, у сувязі з апублікаваннем указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні партызан Украінскай ССР, Курскай і Арлоўскай абласцей, скаргі ад беларускіх партызан, якія прадстаўлены да ўзнагарод, значна выраслі. Таварышы пішуць нам, а тыя, хто прыехаў, патрабуюць тлумачэння, калі ж яны будуць узнагароджаны?»

Як гаварылася вышэй, у снежні 1946 года спіс і ўзнагародныя лісты на 22 тысячы былых партызан разам з тлумачальнай запіскай на імя Сталіна былі накіраваны ў Маскву.

Мінула яшчэ два гады, і нарэшце 30 снежня 1948 года выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні партызан Беларусі. Усяго рознымі ўзнагародамі было адзначана 21 170 чалавек. З іх 132 — ордэнам Леніна, 2235 — ордэнам Чырвонага Сцяга, 6780 — ордэнам Чырвонай зоркі, 3021 — медалём «За адвагу» і г. д.

З прадстаўленага спісу на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза ў колькасці 33 чалавек, на жаль, ніводны беларускі партызан гэтага высокага звання ўдастоены не быў.

Праз дваццаць гадоў пасля Перамогі, у 1965 годзе, па ініцыятыве першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава двума ўказамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі больш за 24 тысячы былых беларускіх партызан і падпольшчыкаў. Але гэта былі ўжо ўзнагароды «за ўдзел», якія не мелі той значнасці, і не неслі таго пад'ёму, як гэта было б у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Як той казаў, усё добра ў пару.

Генадзь БАРКУН, гісторык

Загаловак у газеце: Усё добра ў час

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.