Вы тут

Развівацца — значыць паскарацца*


Вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Віцебская лесапілка» я знайшла адразу, хоць і знаходзіцца яно ў прамысловай зоне на ўскрайку горада. Прывёў на прадпрыемства мяне непаўторны водар хвоі, які зыходзіў са свежага піловачніка. На прадпрыемстве адчуваецца рука сапраўднага гаспадара. Гатовая прадукцыя складзена акуратнымі штабялямі, тэрыторыя прадпрыемства і дарожка, што вядзе да адміністрацыйнага будынка, заасфальтаваныя. Нягледзячы на спякоту, тут няма пылу.


Укладчыкі піламатэрыялаў (злева направа) Міхаіл СОКАЛ, Арцём ШЫМАКОЎСКІ, Канстанцін КАЛЕСНІКАЎ, Павел ГВОЗДЗЬ.

— Раней, вясной, восенню тут было гразка — без гумовых ботаў не прайсці, — кінуў на хаду адзін з рабочых.

Сёлета «Віцебская лесапілка» адзначыла пятнаццацігадовы юбілей з дня заснавання. За гэты час прадпрыемства стала адным з лідараў па вытворчасці і продажы піламатэрыялаў не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў Беларусі і занесена на рэспубліканскую Дошку гонару. На яго прыпадае 4 % экспарту рэгіёна, або трыццаць мільёнаў долараў ЗША. Летась тут створана больш за 50 новых рабочых месцаў, інвестыцыі ў вытворчасць склалі больш за 4 мільёны долараў. Прадпрыемства цалкам заснаванае на эстонскім капітале.

— Кожны год мы нарошчваем аб'ёмы выпуску прадукцыі. Толькі за апошнія шэсць гадоў на 450 % (у чатыры разы) павялічылася вытворчасць піламатэрыялаў, — расказаў дырэктар Сяргей Марцінкевіч. — Шмат планаў у нас на пяцігодку. Мы распрацавалі стратэгію развіцця да 2023 года. Але жыццё не стаіць на месцы, і мы вымушаны яе карэктаваць, пераглядаць у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Ужо пачалася зборка новай сарціровачнай лініі піламатэрыялаў, і недзе ў красавіку наступнага года яна будзе ўведзена ў дзеянне. Акрамя таго, ідзе асваенне яшчэ дзвюх новых пляцовак. Побач з вытворчай базай купілі 10 гектараў зямлі. Тут плануецца адкрыць склад гатовай прадукцыі і склад для захоўвання сыравіны. Што датычыцца перспектыўных планаў, то мяркуем павялічыць маштабы вытворчасці і адкрыць пелетную вытворчасць, што, дарэчы, першапачаткова не ўваходзіла ў стратэгію развіцця. Але з улікам таго, што аб'ём вытворчасці павялічваецца, прама прапарцыянальна расце і колькасць адходаў.

Яшчэ адзін значны праект рэалізуецца ў Мазыры, дзе зарэгістравана прадпрыемства ААТ «Мазырскі лесазавод». Пасля набыцця зямлі будзе падабрана неабходнае абсталяванне, і ў 2021 годзе плануецца пачаць работу. Кожны год у залежнасці ад сітуацыі прадпрыемства ідзе больш хуткімі тэмпамі, чым плануецца, перавыконваючы намечанае.

Брыгада майстра Аляксандра ВОЎКАВА.

Да таго як узначаліць лесапілку, Сяргей Сяргеевіч працаваў тут галоўным інжынерам. Таму добра ведае не толькі вытворчыя нюансы, але і людзей, іх патрэбы і спадзяванні. У калектыве бачаць, якія прыкметныя зрухі адбыліся на прадпрыемстве, і адпаведна карэнным чынам мяняюцца адносіны да сваіх непасрэдных абавязкаў. У сваю чаргу, кіраўніцтва пастаянна клапоціцца пра стварэнне бяспечных умоў працы, здароўе падначаленых, павышэнне кваліфікацыі кадраў. Спецыялісты пастаянна ўдзельнічаюць у міжнародных мерапрыемствах, семінарах, чэрпаюць усе лепшыя распрацоўкі і тэхналогіі ў калег, укараняюць іх у вытворчасць.

На прадпрыемстве амаль няма цякучкі кадраў, людзі тут працуюць па дзесяць і больш гадоў. У Віцебску лічаць за гонар трапіць на лесапілку — годныя ўмовы працы, дастойная зарплата, еўрапейскі падыход да работы. Тут не проста атрымліваюць грошы, а зарабляюць іх. Усё залежыць ад канчатковага выніку, аб'ёмаў вытворчасці, і кожны разумее: чым больш зробіш, тым больш заробіш.

— Прадпрыемства створана ў 2003 годзе, пачалі работу ў першай палове 2004-га. Першапачаткова яно праектавалася для перапрацоўкі дробнатаварнай драўніны дыяметрам ад 14 да 20 сантыметраў. У тыя часы драўніна на ўнутраным рынку практычна не перапрацоўвалася. Таму інвестар і запусціў вытворчасць, для таго каб быў добры рынак сыравіны для гэтага, — згадвае гісторыю станаўлення прадпрыемства начальнік вытворчасці Анатоль Мяснікоў. — З цягам часу павялічвалі аб'ёмы выпуску прадукцыі. У сувязі з чым шмат увагі надавалі мадэрнізацыі: пабудавалі сушыльныя магутнасці, паставілі сарціровачныя лініі, павялічылі складскія плошчы. Пачыналі з 40 тысяч кубоў драўніны. У бліжэйшы час мы запусцім другую лінію фінскай вытворчасці для распілоўкі тонкай драўніны дыяметрам 10—24 сантыметры. Магутнасць абсталявання дазваляе выпускаць да 250 тысяч кубаметраў гатовых піламатэрыялаў у год. Гэта дае магчымасць павялічыць якасць і выхад прадукцыі на 15 % і дасягнуць ужо сёлета 200 тысяч кубаметраў гатовых піламатэрыялаў.

— На лясным аддзеле цалкам завязана пастаўка піловачнага бервяна на прадпрыемства, — кажа начальнік ляснога аддзела Андрэй АСТРОЎСКІ. — Мы адсочваем працэс ад загрузкі да месца разгрузкі. Тут адсейваем брак, сартуем па дыяметры, пародах, даўжыні. Прыкладны аб'ём лесу ў месяц складае 35 тысяч кубаметраў. Гэта каля 700—800 чыгуначных вагонаў. У тым ліку 10 тысяч кубаметраў дастаўляем асабістым аўтатранспартам.

Як адзначыў Андрэй Барысавіч, у асноўным прымаецца драўніна хвойных парод дыяметрам ад 14 да 24 сантыметраў, а даўжыня залежыць ад пажаданняў заказчыка. Каб ажыццяўляць такія задачы, на пляцоўцы працуюць два выгружальнікі, неабходныя для перамяшчэння бярвення на сарціроўку і пасля яе пагрузкі. Лес купляецца шляхам біржавых таргоў, у асноўным пастаўка ідзе праз унітарнае прадпрыемства «Беллесэкспарт». Штогод аб'ём закупак расце.

Заточнік дрэваапрацоўчага інструменту Віталь ЛУК'ЯНАЎ.

— Шчэпкі, апілкі адпраўляюцца на экспарт у краіны Прыбалтыкі, Польшчу, Германію. — Мы маем свой рухомы састаў, дакладней, вялікія спецыялізаваныя вагоны, як іх называем чыпавозы, — адзначыў Андрэй Астроўскі. — А кара паступае ў кацельню магутнасцю восем мегават і выкарыстоўваецца для асабістых патрэб: сушкі дошак і брусу, ацяплення памяшканняў у зімовы перыяд.

Што датычыцца гатовай прадукцыі, то 95 % усяго аб'ёму экспартуецца ў дванаццаць краін свету: дзяржавы Балтыі, Заходняй Еўропы, Далёкага Усходу, Кітай, Японію. Нядаўна адгрузілі пробную партыю ў Карэю. Прадпрыемства мае міжнародны сертыфікат якасці мэты паставак FSС і ўваходзіць у міжнародны канцэрн Kааmоs Grоuр, які займаецца будаўніцтвам нерухомасці і дрэваапрацоўкі.

Зладжаная работа ўсяго прадпрыемства залежыць ад усяго калектыву. У працоўныя абавязкі майстра лініі пілавання Вадзіма ВІЛІМОВІЧА ўваходзіць усё, што пачынаецца ад загрузкі круглага бярвення, яго распілоўкі, акарвання і ўкладкі. У адсутнасць начальніка вытворчасці Вадзім Уладзіміравіч замяняе яго. Спецыялісту падпарадкавана 89 чалавек. Аператар агрэгатнай лініі пілавання Міхаіл ТРУСАЎ ўважліва кантралюе працэс на маніторах камп'ютараў. На кожным вузле абсталявання стаіць асобная камера. У выпадку збояў або нейкіх непаладак спецыяліст паведамляе пра гэта рамонтнай брыгадзе. Калі паломка нязначная, то і сам можа яе ліквідаваць.

Аляксандр Волкаў — майстар найлепшай брыгады:

— У мяне працуюць 10—11 чалавек. Усе яны прафесіяналы сваёй справы. Але ўменне, вопыт прыходзяць з гадамі. Пачыналі хлопцы свой прафесійны рост знізу, паступова паднімаючыся на прыступку вышэй. Мы імкнёмся працаваць добрасумленна, каб трымаць асабістую марку і марку прадпрыемства. Для нас важна кожная дробязь. Прадпрыемства развіваецца хуткімі тэмпамі, і трэба паспяваць за гэтым рухам, тэхналогіямі, а значыць, пастаянна вучыцца, папаўняць свой багаж новымі ведамі.

Згодны са сваім калегам і кіроўца пагрузчыка Lіndе Дзмітрый ДОЎГУН, які перавозіць пакеты гатовай прадукцыі з ліні сухога перакладання і штабялюе яе.

— Мяне цалкам задавальняе работа. Рэжым работы зменны. Графік вельмі зручны, дазваляе распланаваць выхадныя, каб заняцца асабістымі справамі. Так што і работа падабаецца, і зарплата дастойная. У параўнанні з іншымі прадпрыемствамі Віцебска, я сказаў бы, яна выдатная.

Матывацыя да эфектыўнай работы не толькі ў высокіх заробках. Сацыяльны пакет таксама нацэльвае на канчатковыя вынікі. Напрыклад, ён гарантуе медыцынскае страхаванне кожнага работніка за кошт сродкаў прадпрыемства, разнастайныя выплаты, матэрыяльную падтрымку шматдзетным сем'ям.

— Агульны поспех шмат у чым залежыць ад кампетэнтнасці і прафесіяналізму кадраў, — лічыць Вадзім Вілімовіч. — Прадпрыемства развіваецца сямімільнымі крокамі, каб паспяваць за ім, неабходна павышаць свой узровень, у некага падглядваць, пераймаць вопыт, браць за ўзор лепшае. На прадпрыемстве, напрыклад, імкнуцца сысці ад фізічнай працы, максімальна аўтаматызаваць працэсы. Там, дзе задзейнічаны людзі, існуе фактар рызыкі. Калі зламалася жалязяка — яе можна адрамантаваць, а з чалавекам так не атрымаецца. З павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці значна ўзрасла нагрузка на чалавека. Не кожны можа яе вытрымаць. Таму пераходзім на аўтаматыку. У 2018 годзе пабудавалі лінію сухой перакладкі. Увядзенне яе ў дзеянне дазволіла пазбавіцца ручной працы. Цяпер тут спраўляецца адзін чалавек. У планах 2019 года — давесці да канчатковага выніку лінію распілоўкі драўніны, а менавіта гарызантальныя кішэні, каб піламатэрыялы складваліся без удзелу чалавека. У гэтым выпадку працэс будуць кантраляваць толькі аператары.

Аўтаматызацыя дазволіць павялічыць прадукцыйнасць працы і аб'ёмы вытворчасці і пашырыць геаграфію паставак прадукцыі. У планах — экспартаваць гатовыя вырабы ў Англію і Аўстралію.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

УНП 390296838

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.