Вы тут

65% маленькіх беларусаў падвяргаліся ў сям'і фізічнаму або псіхалагічнаму гвалту


65 % маленькіх беларусаў падвяргаліся ў сям'і гвалту — фізічнаму або псіхалагічнаму. Пры гэтым 8 % апытаных бацькоў лічаць гэта нормай.

Такая статыстыка была агучана ў Мінску на круглым стале «Бацькоўства-2019», за якім сабраліся прадстаўнікі грамадскіх і рэлігійных арганізацый, педагогі і псіхіятры.


— Толькі каля 33 % дзяцей у Беларусі выхоўваюцца ў сям'і без гвалту, а бацькі размаўляюць з дзіцем праз просьбы і тлумачэнні, — сказала галоўны спецыяліст Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Юлія ПАНАСЕНКА. — Падчас даследавання спецыялісты высвятлялі, якія метады ўздзеяння выкарыстоўваюць дарослыя пры выхаванні дзяцей ва ўзросце ад 2 да 14 гадоў. Для апытання ў сям'і выбіралася адно дзіця. Даследаванне паказала, што найбольшая колькасць дзяцей падвяргаліся псіхалагічным метадам выхавання, а 34 % — фізічным пакаранням. Пры гэтым толькі 8 % рэспандэнтаў заявілі, што да дзяцей трэба ўжываць фізічнае пакаранне. Гэта адлюстроўвае супярэчлівасць паміж поглядамі і дзеяннямі дарослых.

Увогуле, усю тэматыку круглага стала можна было аб'яднаць слоганам: «Біць або не біць?» Гэта яскрава сведчыць: частка грамадства яшчэ не ўпэнена ў тым, што можна пазбегнуць гвалту пры выхаванні дзяцей.

Сям'я страчвае ўплыў

— Мы гатовыя пачуць усе пункты гледжання на гэтую тэму,— сказаў падчас свайго выступлення дырэктар сацыяльна-асветніцкай установы «Бацькоўства» Аляксандр ВЯЛІЧКА. — Сёння яе актуальнасць не толькі расце, а ператвараецца ў нейкую «балючую зону» як у грамадскай прасторы, так і ў дзяржаўных структурах.

Грамадскі дзеяч лічыць, што сёння роля сям'і паступова выцясняецца з працэсу выхавання дзяцей. Яе перакладаюць на школу, органы апекі і правапарадку. А грамадства, грунтуючыся на негатыўных прыкладах нядобрасумленных бацькоў, абагульняе гэты вопыт і на яго падставе стварае мадэлі выхавання, якія ўсё менш разглядаюць сям'ю як цэнтр выхаваўчага працэсу, адцясняюць яе на перыферыю і абмяжоўваюць сферай матэрыяльнага забеспячэння.

— Але мы ўпэўненыя, што менавіта сям'я павінна заставацца цэнтрам выхавання дзяцей, — тлумачыць Аляксандр Вялічка. — Па-першае, таму што сям'я найбольш зацікаўленая ў шчаслівай будучыні дзіцяці. Па-другое, у школе на аднаго педагога прыходзіцца ад 10 да 35 дзяцей, і першыя проста не здольныя забяспечыць належны індывідуальны ўплыў на другіх. Сем'ям лепш дапамагаць у пытаннях выхавання, а не ўмешвацца ў гэты працэс. Тым больш што інстытут сям'і валодае велізарным досведам ў выхаванні, які варта выкарыстоўваць, а не правяраць на трываласць. Выходзіць, што адказнасць за дзяцей, у тым ліку юрыдычная, узрастае, але ў той жа час правы, якія забяспечваюць рэалізацыю такой адказнасці, з кожным годам скарачаюцца. Сям'я нібыта страчвае ўплыў на дзіця.

Канешне, ёсць і такая праблема як злоўжыванне бацькоўскай уладай і правамі. Але гэта было і будзе не толькі ў сферы выхавання, а ў любых сферах грамадства. Будаваць сістэму ўзаемаадносін, сыходзячы з сістэмы каштоўнасцяў невялікай часткі нашага грамадства як мінімум няправільна, — лічыць актывіст.

— Выхаванне дзяцей трымаецца на трох кітах, — дадае Аляксандр Вялічка. — Гэта, па-першае, асабісты прыклад, па-другое — заахвочванне і адабрэнне, па-трэцяе — карэкцыя і дысцыплінаванне. Грэбаванне адным з гэтых метадаў прыводзіць да дысбалансу выхаваўчага працэсу. Сёння патрабуецца пераасэнсаванне традыцыйнай мадэлі сям'і адносна сучасных грамадскіх рэалій і замацаванне прыярытэтных бацькоўскіх функцый у сям'і.

Не метад, а акт адчаю

— Самае бяспечнае месца для дзіцяці — гэта яго сям'я, але ў той жа час усё часцей менавіта ў сям'і мы бачым акты гвалту ў дачыненні да дзяцей, — заявіла галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Міністэрства аховы здароўя Вольга ЛІТВІНАВА. — Трэба разумець, што дзеці вельмі ўразлівыя. Дзіця ўспрымае як норму ўсё, што з ім адбываецца ў сям'і. І калі на яго вачах адбываецца гвалт, нават не ў адносінах да яго, а паміж дарослымі, яно пачынае ўспрымаць гэта як варыянт нормы, пакуль само не вырасце.

Псіхіятр удакладніла, што ў кожнага чалавека ёсць свая ўласная мадэль выхавання, якая перадаецца з сям'і ў сям'ю. Вынікі даследавання паказалі, што многія бацькі нават не разумеюць, што здзяйсняюць акты гвалту.

Спецыяліст растлумачыла, што гвалт бывае розны — фізічны, сексуальны, псіхалагічны, ды нават пакінуць дзіця ў небяспецы таксама гвалт. Любое насілле выклікае страх. Страх — самая старажытная эмоцыя стрэсу. Падчас стрэсу ўсе сілы дзіцяці ідуць не на развіццё, а на тое, каб зберагчы сябе і выжыць. Такія дзеці звычайна замкнутыя, у іх часта здараюцца дэпрэсіі, не складваюцца адносіны з аднагодкамі.

— Дарослыя, якія ігнаруюць дзіця эмацыянальна ці караюць яго фізічна, часта проста не ведаюць іншых метадаў уздзеяння, — лічыць спецыяліст. — Выхаванне і пакаранне без гвалту магчымае! Яно грунтуецца на безумоўнай любові да дзіцяці. Малое павінна разумець, што яго любяць не за добрыя адзнакі і добрыя ўчынкі, а таму што, яно ёсць у гэтай сям'і. Кожнае дзіця ўнікальнае і мае права рэагаваць на жыццё не так, як яго бацькі.

Але што рабіць, калі бацькі ўсё ж выпусцілі дзіця з-пад увагі і яму ўжо неабходна карэкцыя паводзінаў? Псіхіятр лічыць: першае, што неабходна зрабіць у такіх выпадках бацькам, — прызнаць сваю памылку, а не біць дзіця. А потым пачаць вучыцца прымяняць да дзіцяці негвалтоўныя метады выхавання.

З чым былі згодныя ўсе ўдзельнікі круглага стала, дык гэта з тым, што часта бацькі проста не ведаюць такіх метадаў.

Таму перад тым як зрабіць адказнасць бацькоў больш жорсткай, неабходна спачатку накіраваць высілкі на павышэнне адукаванасці дарослых у выхаванні дзяцей. Толькі такім чынам можна панізіць градус насілля ў сем'ях.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Выхаванне і пакаранне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.