Вы тут

Якім чынам у Беларусі змагаюцца з гепатытам С


У больш як 33 тысяч беларусаў выяўлены вірус гепатыту С. Штогод гэта лічба павялічваецца ў нас на тры тысячы. Небяспечную інфекцыю называюць «маўклівым забойцам», бо яна можа доўгі час ніяк сябе не праяўляць, прыво-дзячы да цырозу печані. Заразіцца можна падчас пералівання крыві, хірургічных і стаматалагічных маніпуляцый, выкарыстання шматразовых шпрыцаў і нават у манікюрных і тату-салонах. Ва ўсім свеце гэты вірус мае каля 25 мільёнаў чалавек і каля 1,4 мільёна штогод ад яго памірае. Паводле статыстыкі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 9 з 10 чалавек, якія з'яўляюцца носьбітамі небяспечна віруса, не ведаюць пра гэта.


— Да 90 % хворых на гепатыт С — людзі працаздольнага ўзросту, у сярэднім ім 30—40 гадоў, — адзначае галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Ірына ЛОБАХ. — За апошнія 13—15 гадоў захваральнасць вострай формай знізілася амаль удвая і тэндэнцыя да змяншэння будзе працягвацца. З 2016 года ў Беларусі зарэгістраваны супрацьвірусныя лекавыя сродкі прамога дзеяння, а з 2017 года працуе праграма сістэмнага лячэння. Яна дазваляе штогод пралечваць ад 4 да 6 тысяч хворых за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Поспехі ў барацьбе з гепатытам звязаны і з тым, што айчынная фармацэўтычная прамысловасць вырабляе прэпараты супраць гепатыту, дзякуючы чаму лячэнне стала больш даступным.

Як перадаецца гепатыт С і хто ў групе рызыкі?

Для Беларусі характэрны ў асноўным парэнтэральны шлях перадачы віруса — праз заражаную кроў і іншыя біялагічныя вадкасці.

— Гэта можа быць звязана з аказаннем медыцынскай дапамогі, пераліваннем крыві, увядзеннем ін'екцыйных наркотыкаў, акрамя гэтага, вірус можа перадавацца палавым шляхам і ад маці да дзіцяці падчас родаў. Сустракаюцца выпадкі перадачы падчас манікюру і тату, — пералічвае загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных хваробах Міністэрства аховы здароўя Ігар КАРПАЎ.

Каму трэба абследавацца?

Паколькі найчасцей хвароба ніяк сябе не праяўляе, даведацца пра наяўнасць віруса ў арганізме можна толькі здаўшы спецыяльныя аналізы. Але ці кожнаму трэба абследавацца?

— Абследаваць абсалютна ўсіх на вірус гепатыту С няправільна. Мы накіроўваем на аналіз пэўныя групы, у прыватнасці, медыцынскіх работнікаў, якія кантактуюць з крывёй, ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, цяжарных жанчын, людзей, якія хварэюць на ВІЧ-інфекцыю і туберкулёз, знаходзяцца на гемадыялізе, — расказвае Ігар Карпаў. — Здаць аналіз сёння можна ў любой амбулаторыі. У пацыента павінен быць выбар — калі ён жадае абследавацца, можа гэта зрабіць платна.

Ці ёсць прышчэпка ад гепатыту?

Прышчэпак ад самага небяспечнага вірусу — гепатыту С — не існуе. А вось вакцынацыя ад гепатыту В з'яўляецца абавязковай і ўваходзіць у Нацыянальны прышчэпачны каляндар.

— Дзякуючы прышчэпкам, захваральнасць на гепатыт В знізілася больш чым у 20 разоў у параўнанні з пачаткам 2000-х, — падкрэсліў Ігар Карпаў. — З гэтага перыяду, дарэчы, прынцыпова знізілася і захваральнасць на гепатыт А.

Як лечаць гепатыт С?

Яшчэ некалькі гадоў таму поўны курс лячэння ад гепатыту С каштаваў дзясяткі тысяч долараў. Сёння яго лечаць за сродкі бюджэту, а цана прэпаратаў, якія пачалі выпускаць айчынныя фармпрадпрыемствы, істотна знізілася. Зараз курс лячэння каштуе каля 1 800 рублёў.

— У 2017 годзе паступілі першыя бясплатныя лекі ад нашых грузінскіх калег, якія дазволілі паспяхова пралячыць 419 пацыентаў. Пасля гэтага лячэнне ажыццяўлялася за кошт цэнтралізаваных закупак Міністэрства аховы здароўя. Было набыта дзве тысячы 12-тыднёвых схем супрацьвіруснага лячэння, — расказвае намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска, галоўны пазаштатны спецы-яліст па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Міністэрства аховы здароўя Алег СКРЫПКО. — На гэты курс бралі не ўсіх: толькі пацыентаў з вострай патрэбай, якія мелі прасунутыя стадыі фіброзаў печані і непячоначныя праявы гепатыту. Цяпер мы перайшлі да лячэння ўсіх хворых. Апошняя партыя лекаў складалася з 6 тысяч курсаў, якімі пралячылі 4,5 тысячы пацыентаў. Зараз плануем закупляць наступную партыю на 6 тысяч курсаў. Да гэтага часу будуць падрыхтаваны пацыенты.

Каб трапіць у праграму лячэння гепатыту С, хвораму дастаткова звярнуцца да інфекцыяніста. Спецыялісты сцвярджаюць, што тэрапію атрымаюць усе пацыенты і чэргаў не будзе. І дадаюць: мы вылечым усіх. Эфектыўнасць лячэння набліжаецца да 100 %.

— З першым генатыпам гепатыту С вылечваецца 96 % пацыентаў, з другім — 100 %, з трэцім — 94,1 %, — паведаміў Алег Скрыпко.

Не сакрэт, што гепатыт С распаўсюджаны сярод людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. На яго хварэе некалькі тысяч зняволеных. Сёння гэтыя людзі атрымліваюць лячэнне ад ВІЧ і туберкулёзу. У найбліжэйшы час яны будуць лячыцца і ад гепатыту С.

Пазбавіцца ад хваробы да 2028 года

Беларусь узяла на сябе абавязацельствы пазбавіцца ад гепатыту С да 2028 года.

— Глабальная стратэгія прадугледжвае ліквідаваць вірусны гепатыт С ва ўсім свеце да 2030 года. І мы апладзіруем Беларусі за тое, што яна ўзяла на сябе абавязацельствы справіцца з гэтай хваробай да 2028 года, — заявіла кіраўнік аддзела ВІЧ і вірусных гепатытаў Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ніколь СЕГІ. — Для гэтага ў вас павінна быць дакладная скрынінгавая стратэгія. Неабходна працаваць з людзьмі, якія ўжываюць ін'екцыйныя наркотыкі, дэкрыміналізаваць гэтую хваробу, каб людзі звярталіся па медыцынскую дапамогу.

Як у суседзяў?

Грузія стала той краінай, на якой адпрацоўвалася мадэль лячэння і элімінацыі (выключэння) гепатыту С. Яшчэ некалькі гадоў таму яна займала трэцяе месца ў свеце па распаўсюджанасці інфекцыі. На сёння там абследавана больш за два мільёны жыхароў. Паводле ацэначных даных, інфекцыю мае каля 150 тысяч жыхароў. У праграме лячэння на сёння больш за 58 тысяч пацыентаў, 53 тысячы з іх ужо паспяхова скончылі лячэнне. Да 2021 года Грузія плануе ліквідаваць гепатыт С.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Вылечым усіх!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?