Вы тут

«Падпрацоўваць становіцца нават модна»


Будучы выкладчык — аб рабоце ў дзіцячым лагеры і не толькі.

Пачаць зарабляць самастойна — адно з найважнейшых рашэнняў, з неабходнасцю прыняцця якога маладыя людзі абавязкова сутыкаюцца на пэўным этапе свайго жыцця. Зараз для юнакоў і дзяўчат ёсць шырокі выбар магчымасцяў як для летняй падпрацоўкі, так і для работы на пастаяннай аснове. Канешне, усё залежыць ад індывідуальных здольнасцяў і талентаў саіскальніка, яго зацікаўленасці ў той ці іншай сферы дзейнасці. Калі ў вас ёсць жаданне выбраць шлях да фінансавай незалежнасці, давайце пазнаёмімся з вопытам работы ў дзіцячым лагеры студэнткі трэцяга курса лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ Лізаветы Кемен.


Лі­за­ве­та (край­няя спра­ва) з вы­ха­ван­ца­мі.

— Што было галоўным штуршком у гэтым тваім рашэнні?

— Раней я раздавала рэкламныя лістоўкі, шчыравала ў кол-цэнтры, таму магу сказаць, што знаходзіць падпрацоўку ў пазавучэбны час для мяне было не ў навінку. Сёлета задача па яе пошуку ў разы стала лягчэйшай у сувязі з тым, што наш каледж дае для студэнтаў трэцяга курса магчымасць на летні час праходзіць практыку, якая аплачваецца, у аздараўленчых лагерах па ўсёй краіне. Я была рада такой магчымасці, бо з самага дзяцінства ездзіла ў іх на канікулах і, калі назірала за дзейнасцю выхавальнікаў-важатых атрадаў, заўсёды хацела сама апынуцца на іх месцы. Гэта выдатны і цікавы вопыт, тым больш, яшчэ і нядрэнны заробак. Хоць кіраўніцтва каледжа прапаноўвала нам шэраг лагераў, з якіх мы маглі выбіраць, вырашыла самастойна знайсці адпаведнае для сябе месца. Праштудзіравала водгукі ў інтэрнэце, у прыватнасці, даведалася меркаванне дзяцей, знайшла варыянт, патэлефанавала туды і — дамовілася на гутарку...

— Ці наведвала спецыяльныя майстар-класы, семінары або вэбінары, каб неяк падрыхтавацца да паездкі?

— Я вучуся на выкладчыка англійскай мовы і мая будучая прафесія мае на ўвазе непасрэднае ўзаемадзеянне з дзецьмі, іх навучанне і выхаванне. У каледжы мы наведвалі майстар-класы па арганізацыі гурткоў, семінары па фізічнай падрыхтоўцы, прыдумлялі гульні для дзяцей, назвы атрадаў, дэвізы, малявалі плакаты і рабілі многія іншыя цікавыя рэчы. А за два дні да прыезду дзяцей падрыхтоўвалі карпусы і праходзілі розныя семінары ўжо непасрэдна ў самім лагеры.

— Што найперш патрэбна, каб працаваць выхавальнікам-важатым?

— Безумоўна, ён павінен валодаць пэўным наборам якасцяў. Гэта і камунікабельнасць — уменне выбудоўваць стасункі і знаходзіць агульную мову з дзецьмі, і арганізатарскія здольнасці, і творчы падыход да працы, і крэатыўнасць, і стрэсаўстойлівасць. А яшчэ спагадлівасць і адказнасць, што асабліва важна, калі вы працуеце з дзецьмі, гатоўнасць праяўляць не толькі творчую, але і фізічную актыўнасць. Я лічу, што валодаю многімі якасцямі з гэтага спіса.

У атра­дзе бы­лі дзе­ці ад 9 да 12 га­доў.

— Ці ўзнікалі складанасці падчас знаходжання ў лагеры?

— Былі, але не крытычныя. Трэба браць пад увагу, што ўсе дзеці — розныя, да кожнага патрэбны індывідуальны падыход. У нас у атрадзе сабралася 50 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 9 да 12 гадоў. Першыя тры дні былі самыя цяжкія: трэба было пазнаёміцца з кожным, запомніць усіх па імёнах, пастарацца даведацца пра іх псіхафізіялагічныя асаблівасці... Складаней за ўсё было адаптавацца дзецям, якія ўпершыню прыехалі ў лагер. Яны сумавалі па бацьках, часам плакалі, а мы, у сваю чаргу, павінны былі прыкласці ўсе намаганні, каб стварыць спрыяльную атмасферу і даць ім магчымасць хутчэй прывыкнуць да новага месца. Узнікалі некаторыя цяжкасці ў падрыхтоўцы да розных конкурсаў, але мы справіліся. Наш атрад заняў першае месца ў малодшай дружыне, больш за тое, на працягу ўсёй змены мы займаем толькі прызавыя месцы. І, як я лічу, гэта і ёсць паказчык таго, што мы з маленькімі выхаванцамі сталі выдатнай зладжанай і дружнай камандай.

— А як ты ўвогуле лічыш: ці трэба маладым людзям акрамя вучобы яшчэ і падпрацоўваць?

— Калі ёсць магчымасць, чаму б і не? Асабліва калі хлопцы і дзяўчаты, як і я, вучацца на платным і здымаюць кватэру. Грошы дакладна лішнімі не будуць. Тым больш, калі студэнт пачынае працаваць па спецыяльнасці, на якую вучыцца, то да заканчэння навучальнай установы ў яго будзе рэальны досвед у абранай сферы, адпаведна больш высокія шанцы знайсці высокааплатную работу. І калі падчас вучобы з-за падпрацоўкі можа пагоршыцца паспяховасць, то летняя прынясе толькі карысць. Цяпер можна знайсці розныя варыянты дадатковага заробку і выбраць той, які падыдзе менавіта вам. Падпрацоўваць становіцца нават модна. Таму, калі ў вас ёсць такое жаданне, то — наперад!

Надзея БОБРЫК, студэнтка І курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.