Вы тут

Дзе ўзяць грошы на дзіцячую пляцоўку?


Нядаўна ў шматлюдным мікрараёне райцэнтра — Машэраўскім — з'явілася дзіцячая гульнявая пляцоўка, грошы для якой часткова сабралі самі жыхары. Астатнюю суму дадала асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Гэта адзін з першых прыкладаў таго, як добрую справу можна зрабіць без капейкі бюджэтных грошай.


Першы блін не камяком

Мару дапамаглі ажыццявіць дэпутаты (другая злева Анжаліка Гоман, крайні справа Віталій Макарэвіч).

Да сустрэчы з карэспандэнтам рэспубліканскай газеты жыхары мікрараёна падышлі творча. Некаторыя нават прыхапілі паветраныя шарыкі, як на свята. З суседніх дамоў падцягнуліся дарослыя з каляскамі. А дзяцей, ад года і больш, нават і клікаць не трэба было, яны тут з раніцы да самага вечара.

Горкі, арэлі, лесвічкі, пясочніца — цэлы гульнявы гарадок пасярод вялікага двара. Раней, кажуць, тут было няўтульна, праз усю пляцоўку цягнуліся вяроўкі для бялізны, дзеці не ведалі, дзе прытуліцца. Цяпер іншая справа. А пачалося ўсё з таго, што жыхары самі паставілі дэкаратыўную агароджу і пасадзілі кветнікі. Потым паступова сталі запаўняць дваровую прастору. Акрамя завадскога гульнявога абсталявання, з'явіліся драўляныя арэлі, якія змайстраваў прадпрымальнік Аляксей Варапаеў. А тутэйшы майстар па метале Аляксандр Васіленка разам з Віталіем Макарэвічам зрабілі яшчэ і металічныя арэлі. Дзеці зараз аж пішчаць ад захаплення.

Знаёмімся з Кацяй — маладой маці, якая прыйшла сюды з сынамі-двайнятамі Андрэем і Сашам.

— Для нас гэта пляцоўка вельмі важная. Мы і грошы здавалі, і самі гатовы былі зрабіць усё, каб яна хутчэй з'явілася, — кажа жанчына.

— Калі паставілі арэлі, дзеці стаялі ў чарзе, каб пакатацца. Столькі радасці было, словамі не перадаць! А вечарам малыя выносяць лялькі, расстаўляюць цацачную мэблю, і дамоў іх ужо не даклікацца, — усміхаецца Таццяна Крыжэўская. Яна, дарэчы, прадстаўніца мясцовага камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, асабіста заклікала жыхароў удзельнічаць у сумесным фінансаванні праекта.

— Усе ішлі насустрач, нават дзядулі з бабулямі, — кажа яна.— Мы і прыватны сектар абышлі, там таксама знайшліся людзі, якія адгукнуліся. Меней, чым пяць рублёў ніхто не даваў. Але асноўную суму, вядома, выдзелілі дэпутаты. Дзякуй ім за дапамогу. Гэта добра, калі народ і ўлада побач. За апошнія два гады мы вельмі зблізіліся.

— Нашы жыхары вельмі дружныя і актыўныя, выходзілі на суботнік без усякага там прымусу, — адзначае Віталій Макарэвіч. — Працавалі ўсе разам, кожны стараўся сумленна, задавальненне атрымалі неверагоднае. Нават тыя, хто трымаўся паасобку, зараз у нашай камандзе. Галоўнае было пачаць, цяпер ужо ёсць ахвотныя працягнуць справу, падраўняць пляцоўку, пасадзіць кустоўе, вінаграднік — ідэі нараджаюцца адна за адной.

Звяртаю ўвагу на вялікі кветнік. Гэта справа рук сужэнцаў-пенсіянераў Жанны і Аляксандра Васіленкаў, якія ахвяравалі сваёй старой павеццю, каб можна было зрабіць такую прыгажосць. «Вельмі хацелася, каб з'явілася нешта карыснае», — кажа Жанна Мікалаеўна. Яе муж наогул майстар ад Бога. Побач з кветнікам паставіў лаўку ды яшчэ змайстраваў мудрагелістую металічную сметніцу... Па шматлікіх просьбах жыхароў у нашай прысутнасці ён дэманструе яшчэ і самаробную цялежку да мотаблока. Адным словам, пашчасціла тутэйшым з суседам.

На гэтай жа пляцоўцы летась упершыню ў Краснаполлі прайшло свята двара. Дагэтуль такія мерапрыемствы ладзіліся толькі ў вёсках. Але, як паказвае вопыт, гэта вельмі карысная практыка і для гарадскіх тэрыторый. Жыхары быццам бы чакалі нагоды, каб сабрацца. Майстрыхі прынеслі свае рукадзельныя рэчы, напяклі булак, мужчыны паставілі сталы, гарадскія ўлады запрасілі артыстаў з Чэрыкава — і свята адбылося. Увесь мікрараён Машэраўскі гуляў тут да самай ночы.

Раналда...з нашага двара

Цяпер у дзяцей ёсць занятак.

Спачатку была ініцыятыва дэпутата райсавета Наталлі Герашчанкі.

— На адной з сустрэч з выбаршчыкамі да мяне паступіла прапанова зрабіць футбольную пляцоўку для дзяцей, — расказвае яна. — Я звярнулася з дэпутацкім запытам у наш «Жылкамунгас» да дырэктара Мікалая Лістападава, і ён падтрымаў ідэю. Камунальнікі ўстанавілі нам вароты, мы ж з хлопцамі капалі ямкі, рабілі разметку. Калі футбольнае поле было гатовае, дзеці нават не верылі, што іх мара збылася. Спецыяльна падыходзілі да мяне, каб сказаць «дзякуй».

Тут цяпер збіраецца палова Краснаполля. Прыходзяць аматары з вуліц Ціміразева, Антонава, Будаўнікоў. Па вечарах практыкуюцца дарослыя, а днём ганяюць мяч школьнікі.

— Ці падабаецца пляцоўка? — пытаюся ў іх.

— Канешне! Гэта ж эмоцыі! — выкрыкваюць на хаду дзеці. І трэба яшчэ пачакаць, каб яны на некалькі хвілін спынілі гульню і нешта расказалі пра сябе. Аказваецца тут сабраліся сапраўдныя зоркі. На розных спаборніцтвах у Клімавічах, Касцюковічах, Крычаве юныя краснапольскія футбалісты займаюць выключна прызавыя месцы. Нядаўна ў Краснаполлі адкрыўся ФАК, і там ёсць усе ўмовы для трэніровак. Але адпрацоўваць удары ім усё ж такі падабаецца на сваім полі. І той мяч, які яны зараз ганяюць, не проста так ім дастаўся — Максіму, аднаму з удзельнікаў тутэйшай каманды, яго ўручылі як найлепшаму іграку гульні на кубак двара. Яны ведаюць пра футбол усё, на адным дыханні пералічваюць прозвішчы вядомых футбалістаў — Раналда, Месі, Міранчук, Смолаў, Дзюба, Акінфееў...

— Марыце таксама стаць футбалістамі? — спрабую я спыніць гэты маналог з імёнаў.

— Мы ўжо футбалісты, — смяюцца хлопцы. — Хутка нашымі імёнамі будуць усе ганарыцца!

Адзін з малых у пацвярджэнне слоў дэманструе «вясёлку» — ёсць у футболе такі мудрагелісты фінт — праўда, сціплую. Трэба, каб мяч праляцеў вышэй галавы. Але ж у хлопца яшчэ ўсё наперадзе.

Каментарый у тэму

Анжаліка Гоман, старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў:

— Калі праходзілі выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў, мы сустракаліся з насельніцтвам і вывучалі іх прапановы. Мікрараён Машэраўскі адзін з самых вялікіх у нашым гарадскім пасёлку, тут жыве больш чым 60 дзяцей. І ім толкам не было дзе гуляць. Наш дэпутат Віталій Макарэвіч, дарэчы, начальнік раённай службы газазабеспячэння, агучыў праблему, і мы сталі думаць, як яе рашыць. Паколькі ў бюджэце лішніх грошай ніколі не бывае, прыйшлося шукаць іншыя крыніцы фінансавання. Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў пагадзілася падтрымаць ідэю, але толькі ў тым выпадку, калі паўдзельнічаюць і жыхары. Апошнія былі не супраць — сабралі больш чым
200 рублёў. Астатнія 1200 выдзеліла асацыяцыя. На гэтай пляцоўцы мы наогул упершыню распыталі, што гэта такое — суфінансаванне. Вельмі ўдзячныя старшыні абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатолю Мацюліну і старшыні Магілёўскага аблсавета Дзмітрыю Харытончыку — дзякуючы іх намаганням у бюджэты раёнаў былі закладзены гэтыя грошы.

Але разам з тым шукаем магчымасць прыцягнуць фінансавыя сродкі і ўцягнуць людзей у карысную дзейнасць. Заўжды прыслухоўваемся да пажаданняў жыхароў. Ёсць запыт — і мы дзейнічаем, робім усё, што ў нашых сілах. Тая ж Наталля Герашчанка стала яшчэ і ініцыятарам сямейнай алеі ў двары дамоў, дзе жывуць шматдзетныя. Шмат людзей адгукнулася на яе прапанову, прыйшло з рыдлёўкамі, вёдрамі, палівачкамі. І дзеці нам дапамагалі. А мы, у сваю чаргу, сумесна з ратавальнікамі, міліцыяй, нашымі ідэолагамі, БРСМ, раённай грамадскай арганізацыяй «Белая Русь» правялі там сямейнае свята. Заказалі вялікі смачны торт і наладзілі чаяпіцце. А райаддзел па НС арганізаваў паказ тэхнікі і амуніцыі, ахвотныя маглі прымераць баявое адзенне. Дзеці былі ў захапленні.

Нэлі ЗІГУЛЯ, г. п. Краснаполле

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.