Вы тут

Як часта трэба праходзіць флюараграфію?


Якія хваробы дапамагае выявіць флюараграфія і ў чым яе адрозненне ад рэнтгену? Наколькі гэта працэдура небяспечная і што за «знаходкі» выяўляюць урачы ў пацыентаў, якія некалькі гадоў не звяртаюцца да доктара? Як часта трэба праходзіць названую працэдуру? Пра гэта расказала ўрач-рэнтгенолаг 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Марына Барсукова.


Флюараграфія — адна з разнавіднасцяў рэнтгенаўскай дыягностыкі, якая прымяняецца для агляду лёгкіх і грудной клеткі. Флюараграфія адрозніваецца ад рэнтгену меншым памерам і горшай якасцю здымка. Ён менш інфарматыўны, чым рэнтгенаграма, але флюараграфія атрымала шырокае распаўсюджанне, бо патрабуе меншых затрат і дазваляе абследаваць за адзін і той жа час большую колькасць пацыентаў. Таму калі ў вас няма ніякіх падазроных сімптомаў і трэба атрымаць толькі пацвярджэнне таго, што хвароба адсутнічае, мэтазгодна рабіць менавіта флюараграфію.

Сёння плёначную флюараграфію выцясняе лічбавая, а сучасныя апараты даюць больш магчымасцяў. Атрыманы здымак можа быць выведзены на экран манітора, захаваны ў базе даных.

— Марына Дзмітрыеўна, якія захворванні дазваляе выявіць флюараграфія?

— Запаленчыя працэсы ў лёгкіх — пнеўманію, туберкулёз. Таксама анкалагічныя захворванні, паталагічныя ўтварэнні, напрыклад, кісты, абсцэсы, каверны, акрамя гэтага, фіброзы, іншародныя прадметы. На здымку мы бачым не толькі лёгкія, але і цень сэрца, часам трахею і буйныя бронхі, пазваночнік, рэбры. Усё гэта ацэньваецца пры апісанні флюараграмы.

— Цікава, а бранхіт выявіць можна?

— Бранхіт — гэта клінічны дыягназ, ён не адносіцца да рэнтгеналагічных заключэнняў. Прыкметы бранхіту нават на рэнтгене ўскосныя, а на флюараграфіі, як правіла, не выяўляюцца.

— Часта даводзіцца чуць, што на першапачатковых стадыях рак на флюараграфіі не бачны...

— Флюараграфія была распрацаваная ў першую чаргу для выяўлення туберкулёзу і не з'яўляецца метадам дыягностыкі раку. На першапачатковых стадыях выявіць яго на флюараграфіі, асабліва калі рак цэнтральны, малаверагодна. Калі пухліна размяшчаецца за ценем сэрца ці ў бронхах, то на флюараграме мы яе проста не пабачым. Таму часам рак на флюараграфіі выяўляецца на запушчаных стадыях, калі пухліна заняла большую долю аб'ёму лёгкага. Як правіла, гэта здараецца ў пацыентаў, якія доўгі час не абследаваліся, не звярталіся да ўрача шмат гадоў. Яны прыходзяць і скардзяцца на кашаль, робяць флюараграфію, а там вялікая пухліна.

— Ці трэба штогод праходзіць флюараграфію?

— Флюараграфія выконваецца раз на два гады. Але ёсць групы людзей, якія праходзяць яе раз на год. Сюды адносяцца асобы, чыя дзейнасць звязана з магчымасцю захварэць на туберкулёз, напрыклад, медыцынскія работнікі, а таксама тыя, хто працуе ў арганізаваных калектывах. Таксама раз на год праходзяць яе людзі з групы медыцынскай рызыкі — тыя, хто мае, напрыклад, цукровы дыябет, ВІЧ, хранічныя хваробы лёгкіх. І людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

— Наколькі гэта небяспечная працэдура? Ці вялікая прамянёвая нагрузка пры праходжанні флюараграфіі?

— Яна мінімальная. Знаходзячыся ў спякотны дзень на сонцы некалькі гадзін, мы атрымліваем такую ж прамянёвую нагрузку. Тут не трэба блытаць флюараграфію з іншымі рэнтгеналагічнымі даследаваннямі: там большая прамянёвая нагрузка і іншая якасць здымка.
Апошні час у нас добрае абсталяванне — апарат сам разлічвае дозу ў залежнасці ад камплекцыі чалавека. Камп'ютар самастойна прапануе эфектыўную дозу, яна сапраўды мізэрная. Падчас адпачынку ў гарачых краінах можна атрымаць большую дозу, чым падчас флюараграфіі.

— Як сябе праяўляе туберкулёз? У якіх выпадках трэба ісці на флюараграфію?

— Гэта доўгі кашаль з макротай, які, як правіла, можа суправаджацца кровахарканнем, акрамя таго, агульная слабасць, хуткая стамляльнасць, страта вагі і апетыту, доўгі час трымаецца субфебрыльная тэмпература — да 38 градусаў. Праўда, гэтыя сімптомы характэрныя для актыўнай стадыі. На пачатковых этапах туберкулёз можа працякаць бессімптомна. Таму ўсё ж важна не забываць своечасова праходзіць флюараграфію. Нават пры адсутнасці сімптомаў на здымку могуць быць змяненні.

Ёсць людзі, якіх турбуе кашаль, і яны свядома прыходзяць на гэтую працэдуру. Накіраванне не патрабуецца — дастаткова прыйсці з пашпартам. Хтосьці даведаўся, што выявілі туберкулёз у знаёмага, — таксама звяртаецца, бо быў у групе кантакту.

— Усім у дзяцінстве робяць прышчэпкі ад туберкулёзу. Маючы яе, можна ўсё роўна заразіцца?

— Так, заразіцца можа кожны чалавек. Мы не ведаем, з кім едзем у грамадскім транспарце ці стаім у касу ў супермаркеце. Асабліва рызыкуюць людзі, якія доўгі час знаходзіліся ў кантакце з хворым і ў памяшканнях, якія дрэнна праветрываюцца, напрыклад, у казарме, турэмнай камеры ці нават у сям'і. Таксама рызыка заражэння залежыць ад таго, у якім стане знаходзіцца ваш імунітэт. У людзей з паніжаным імунітэтам рызыка ўзрастае.

— Ці можна адразу пасля флюараграфіі рабіць рэнтген?

— Калі падчас флюараграфіі ў нас узнікаюць пэўныя падазрэнні, маецца адмоўная дынаміка, мы інфармуем тэрапеўта, які выклікае пацыента, і той павінен прайсці рэнтген. Такое абследаванне робіцца толькі па паказаннях і пры безумоўнай перавазе карысці над шкодай для здароўя пацыента.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Для чаго рабіць флюараграфію?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.