Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці. У праграме візіту азнаямленне з працай прыватнай кампаніі «ЛідаТэхмаш» і Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. 


Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі пра ход уборачнай кампаніі і сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.

Адкрытае акцыянернае таварыства «ЛідаТэхмаш» уваходзіць у склад вытворчага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Тэхмаш» і з’яўляецца спецыялізаваным прадпрыемствам па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Сёлета тут асвоілі выпуск камбінаванага глебаапрацоўвальнага агрэгата АКГ-6, камбайна капустаўборачнага МКК-2, а таксама па заказе партнёраў з Рэспублікі Узбекістан распрацавалі і ўкаранілі ў вытворчасць культыватар-раслінахарчавальнік для апрацоўкі глебы на палях бавоўны КБМ-4. 

За шэсць месяцаў гэтага года прадпрыемства вырабіла прадукцыі на суму 7619 тысяч рублёў, тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года — 143%. Рэнтабельнасць продажаў кампаніі складае 13,5%, прыбытак — больш за мільён рублёў. Сёлета за паўгода «ЛідаТэхмаш» прадала прадукцыі за мяжу на тры мільёны долараў, краіны пастаўкі: Расія, Казахстан, Арменія, Украіна, Узбекістан, Таджыкістан. 

У 2015 годзе кампанія перамагла ў конкурсе «Прадпрымальнік года» ў намінацыі «Стабільны поспех». 

«ЛідаТэхмаш» не мае даўгоў па разліках за электраэнергію, па выплаце заробкаў, разліках з бюджэтам, пазабюджэтнымі фондамі, па крэдытах, пазыках і ссудах. 

«Мы вырабляем для вырошчвання гародніны машыны, якія пакуль не выпускае ніводнае прадпрыемства на прасторы былога Савецкага Саюза, — расказаў журналістам тэхнічны дырэктар «Тэхмашу» Сямён Ягоўдзік. — Напрыклад, для ўкладкі плёнкі для вырошчвання ранняй гародніны. Больш за 80% прадукцыі вырабляем на экспарт: як глебаапрацоўчую, так для ўборкі гародніны. Сёння кіраўніку дзяржавы пакажам плуг з прыстаўкай, якая дазваляе зменшыць тэрміны падрыхтоўкі глебы і працаёмкасць: пасля ўзворвання зямля прыкатваецца і можна адразу сеяць».

«ЛідаТэхмаш» пазіцыянуе сябе як інавацыйую вытворчасць. 

«Мы наведваем выставы, семінары, дзе вывучаем попыт фермерскіх гаспадарак, напрыклад тых, што пачалі займацца вытворчасцю пладова-ягадных культур: клубніц, парэчак, буякоў, ажын, — дадаў тэхнічны дырэктар. — Тэхнікі для вытворчасці такой прадукцыі вельмі мала. Да таго, попыт у фермераў невялікі, і ніводнае буйное машынабудаўнічае прадпрыемства не бярэцца за распрацоўку і выраб малой партыі машын, а мы гэтым карыстаемся. Мы распрацоўваем нават адзінкавыя віды прадукцыі на заказ. Пакуль не закрытая ніша па выпуску машын для нарыхтоўкі лекавых раслін, таму ў нас ёсць планы па распрацоўцы і такой тэхнікі».

Сёння Прэзідэнту таксама прадэманстравалі агрэгат, які дазваляе забараноўваць ў глебу рэшткі раслін: кукурузы, рапсу, сланечніку, што стварае добрыя ўмовы для культур, якія будуць там сеяць пасля. Ён таксама можа апрацоўваць глебу на глыбіню да 16 сантыметраў. 

Прадпрыемства мае ўласнае канструктарскае бюро, якое працуе з навуковым суправаджэннем Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта і іншых арганізацый. Пакуль кампанія не пастаўляе тэхніку ў Еўропу з-за адсутнасці адпаведных сертыфікатаў.

«Але, думаю, нарошчваючы тэмпы, мы выйдзем і на еўрапейскі рынак», - запэўніў Сямён Ягоўдзік.

На тэрыторыі «ЛідаТэхмаш» Аляксандр Лукашэнка найперш заслухаў даклад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Хацько і губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Краўцова аб ходзе ўборачнай кампаніі.

Кіраўнік дзяржавы традыцыйна пацікавіўся ходам уборачнай кампаніі - збожжавых, уключаючы кукурузу, відамі на ўраджай па іншых відах сельгаскультур.

«9 млн т збожжа (ураджаю, уключаючы кукурузу і рапс — Заўвага БЕЛТА) — гэта ніжняя мяжа. Нам трэба выходзіць на 9 млн т», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што трэба дзейнічаць разумна, асабліва з улікам уборкі кукурузы, якая з’яўляецца важнай кармавой культурай. Дзесьці ў залежнасці ад мясцовых патрэбаў лепш закласці зялёную масу кукурузы на сілас, а дзесьці — нарыхтаваць зерне.

«Ніякага ціску быць не павінна. Людзі павінны на месцах вызначыцца з улікам патрэбнасці вобласці. Глядзіце па тактыцы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўраджай добры і па іншых сельгаскультурах — бульбе, цукровых бураках, і трэба рыхтавацца да іх ўборкі.


Прэзідэнт мае намер у кожнай вобласці наведаць аддаленыя райцэнтры

— Мне трэба наведаць Карэлічы і Дзятлава, — сказаў Прэзідэнт, калі зайшла размова пра ўборку льна і загадаў запланаваць візіт на льнозаводы названых раёнаў на бліжэйшы час.

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму вырашыў наведаць Іўеўскі раён. 

— Хачу ўбачыць аддаленыя рэгіёны ў кожнай вобласці, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыехаў у Іўеўскі раён, бо вельмі перажывае за «вялікую памылку Гродзенскай вобласці, калі ўсе губернатары тапталіся на захадзе», — больш увагі надавалі развіццю менавіта Гродна і заходніх раёнаў вобласці. У апошнія гады, праўда, атрымалася надаць імпульс развіццю рэгіёну вакол Астраўца дзякуючы будаўніцтву БелАЭС. Але Іўеўскаму раёну і некаторым іншым надавалася менш увагі.

«Гэтым самым я хачу паказаць пачынаючы з Іўя, што ўскраіны любой губерні — таксама раёны, якія павінны развівацца, як трэба», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка ў бліжэйшы час вывучыць сітуацыю ў сферы перапрацоўкі лёну

Як адзначыў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў, у гэтым годзе ўраджай лёну добры, асабліва ў параўнанні з мінулым годам, ураджайнасць амаль у два разы вышэйшы. «У вобласці ёсць два новыя сучасныя заводы. Яны мадэрнізаваны — у Карэлічах і аграгарадку Дварэц у Дзятлаўскім раёне. Яны здольныя ў трохзменным рэжыме працаваць», — распавёў ён. «Давайце дамовімся. Мне трэба наведаць Карэлічы. Мы паглядзім і па Дзятлаве (ільнозаводы), і там разабрацца асобна па гэтай культуры. Цяпер цалкам скончаць у Беларусі церабленне лёну. Мне заплануйце (гэта праз тыдзень дзесьці будзе) Карэлічы і Дзятлава. Два льнозаводы. Каб я пабыў там, і мы пагаворым аб першаснай перапрацоўцы лёну», - сказаў кіраўнік дзяржавы.


Аб даручэннях па памяншэнні выкарыстання пластыку

«Трэба спыніць усялякія аднаразовыя поліэтыленавыя пакеты. Пачынаць з малога. Трэба ўсё гэта прыбіраць. Засмечваюць глебу і тэрыторыю так, што хутка квітнеючая, зялёная і сінявокая Беларусь ператворыцца ў сметнік», — падкрэсліў беларускі лідар.

Размова на гэтую тэму зайшла падчас наведвання ў Іўеўскім раёне прыватнага прадпрыемства па вытворчасці сельгастэхнікі. Аднак у структуры бізнесу ёсць яшчэ і фірма па вытворчасці вокнаў і дзвярэй.

У прыватнасці, Прэзідэнту прадэманстравалі шклопакеты з драўлянымі рамамі, была адзначана экалагічнасць такога рашэння. Прадукцыя некалькі даражэйшая ў параўнанні з аналагічнымі пластыкавымі вокнамі, аднак у шэрагу еўрапейскіх краін ужо ёсць добрыя прыклады падтрымкі дадзенага кірунку на дзяржаўным узроўні. Была агучана просьба і ў Беларусі стварыць умовы для больш актыўнага развіцця вытворчасці вокнаў з драўлянымі рамамі.

«Гэтая праблема мне знаёмая. Першае — трэба палічыць. Ён (кіраўнік кампаніі — Заўвага БЕЛТА) кажа, што яму на 30% даражэй. Але гэта ён сказаў. Мы яго таксама павінны падціснуць. Так, каб і ён трошкі адчуваў канкурэнцыю, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Да 1 студзеня на гэтае пытанне трэба даць адказ. Пажадана, каб ён быў станоўчы».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на той факт, што такая вытворчасць вокнаў магчыма выключна на мясцовай сыравіне, а пытанне развіцця дрэваапрацоўкі як раз знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. У гэтым плане, акрамя асноўнага вытворчасці, Прэзідэнт паабяцаў падтрымку кіраўніку кампаніі — гендырэктару ПАГА «Техмаш» у развіцці вытворчасці паліўных пелет.

«Мы дамовіліся. Падбіраеш завод, дзе лагістыка зручная і лес ёсць. І рынак будзе. Я хачу паглядзець, як прыватнік з пачатку да канца гэта зробіць. І я табе забяспечу падтрымку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.


Прэзідэнт даручыў аказаць садзеянне прыватнаму бізнесу ў развіцці дрэваапрацоўкі

Пры наведванні прыватнага прадпрыемства па выпуску сельгастэхнікі ТАА «ЛідаТэхмаш» Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся і з прадукцыяй іншай прыватнай фірмы, якая на гэтай жа пляцоўцы наладзіла вытворчасць драўляных кузаўкоў для гародніны, садавіны, ягад і грыбоў.

Ёсць нядрэнныя перспектывы для развіцця бізнесу, патэнцыйны попыт, асабліва з улікам планаў па адмове ад пластыкавай тары, але трэба дадатковую сыравіну. З боку бізнесу ёсць гатоўнасць набываць яе, але не хапае аб'ёмаў.

«Трэба вырашыць гэтае пытанне ў маштабах вобласці. Гэта наша сыравіна, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Можа, не толькі для іх. Яны ж па коштах пытанне не ставяць. Яны самі возьмуць гэты лес у лясгасаў».

Прэзідэнт таксама прапанаваў кіраўніку фірмы падтрымку ў пашырэнні бізнесу, у тым ліку ў іншых рэгіёнах. «Калі будуць прапановы, мы падтрымаем», - запэўніў ён.

«Вельмі шмат неперапрацаванага лесу. Трэба матываваць людзей займацца дрэваапрацоўкай. Больш актыўна там, дзе ў нас ёсць сыравіна, прыцягваць людзей. Не проста «вы там, іпэшнікі, стварайце нешта». Трэба ім дапамагаць. І адштурхоўвацца ад іх», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу выгоднасці гэтага кірунку ён прывёў развіццё ў краіне вытворчасцей паліўных пелет. «Галоўнае — ёсць рынак. Бяруць з рукамі і нагамі. Гэта мы яшчэ такія: нам давай прыродны газ, які будзе каштаваць заўтра больш, чым сёння, давай нам нафту, дызельнае паліва, бензін або электрычнасць (яно таксама нятанна). А гэта (драўняныя рэсурсы.— Заўвага. БелТА) пад нагамі знікае. Гэта экалагічна чыстае паліва».


У райцэнтры кіраўнік дзяржавы наведаў Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу

Там яму расказалі пра развіццё культурнай сферы ў раёне.

Акрамя гэтай установы, якая уключае ў сябе 13 сельскіх клубаў,  рэгіён абслугоўвае раённая бібліятэка (таксама мае 13 вясковых філіялаў), маюцца тры дзіцячыя школы мастацтваў: у райцэнтры, Геранёнах і Юрацішках. У самім горадзе дзейнічае адзіны ў краіне музей нацыянальных культур.

«У нашым Цэнтры працуе 78 чалавек, з іх 11 спецыялістаў, якія падрыхтоўваюць усе мерапрыемствы, -— расказала кіраўніку дзяржавы дырэктар установы Святлана Ракець. — Мы ганарымся сваімі мерапрыемствамі. Яны разнастайныя, для ўсіх катэгорый насельніцтва. Нядаўна адзначалі 620-годдзе пасялення татар на Іўеўскай зямлі».

Аляксандр Лукашэнка адразу адрэагаваў на гэту інфармацыю і спытаў, колькі татар пражывае ў раёне зараз. Аказалася, гарадская дыяспара складаецца з 800 чалавек. «Не крыўдзіце іх», — загадаў кіраўнік дзяржавы, але відавочна, што патрэбы прасіць пра гэта няма: тут мірна суіснуюць вернікі чатырох канфесій — каталікі, праваслаўныя, пратэстанты і мусульмане.

У Цэнтры культуры і вольнага часу працуе 20 творчых калектываў, з іх чатыры носяць званне народнага: тэатр «Зялёны Фургон», ансамбль народнай музыкі «Чабарок», хор і  драматычны тэатр.

Прэзідэнту паказалі ўрывак са спектаклю ў выкананні дзіцячага тэатральнага калектыву і выступленне Народнага ансамбля народнай музыкі «Чабарок». Аляксандр Лукашэнка  падзякаваў і пахваліў выступоўцаў, дзяцей запрасіў паступаць у акадэмію мастацтваў і ўжо традыцыйна пачаставаў іх фірмовым шакаладам.

Падчас наведвання выставы народных майстроў і рамеснікаў Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў ўвагу на тым, што традыцыйнае беларускае мастацтва важна не проста зберагчы, але перадаць наступнаму пакаленню.

Вось яна адна навучае восем дзяцей, а гэтыя дзеці навучаць кожны па восем, гэта добра, — заўважыў Прэзідэнт у размове з народнымі майстрамі.

Калі Прэзідэнт ўбачыў Леакадзію Іваноўскую за калаўротам, ён заўважыў, што калісьці і сам мог працаваць за ім, і напэўна, не забыў яшчэ.

— І дзеці, калі іх навучыць, ніколі не забудуць, — сказаў ён.

Аляксандру Лукашэнку расказалі пра брэндавыя святы Іўеўшчыны: тут кожны аграгарадок мае такі. А вось пра «Іўеўскі памідор», які трэці раз прайшоў у райцэнтры, Аляксандр Лукашэнка ведаў – бачыў па тэлебачанню «памідорныя бойкі», якія на яго ладзяцца. «Глядзеў і шкадаваў», — прызнаўся ён, усміхаючыся.

Менавіта памідоры ў кошыку, вялізныя і розных колераў,  падарылі жыхары раёна кіраўніку дзяржавы — як сімвал рэгіёна. Другі падарунак быў індывідуальны — ад майстра па саломапляценню Веры Чурэйна з аграгарадку Лялюкі — саламяны капялюш, які Аляксандр Лукашэнка адразу прымерыў.


Лідар дзяржавы пагутарыў з жыхарамі Іўя

— Я думаў, прыеду ў Іўе, а там глухая нейкая вёска, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы, падыходзячы да жыхароў райцэнтра.

Людзі ў адказ засмяяліся. Відавочна, што яны зусім не ўспрымаюць сябе правінцыяламі.

— А калі сказаў губернатару, ён: «Аляксандр Рыгоравіч, невялікі гарадок, ёсць іншыя, давайце туды…» Кажу: «Не, паеду ў Іўе, пагляджу як вы працуеце на краю губерні». Бо вы ведаеце, што начальства круціцца ў цэнтры, а да ўскрайку не даязджаюць. Я дзясяткі разоў пралятаў над вашай тэрыторыяй, кожны раз углядваўся і баяўся, што яна запушчаная, абдзеленая ўвагай. Але калі прыехаў на гэты курорт…, — выклікаў апладысменты лідар краіны, — і убачыў, я губернатару кажу: «Ты малайчына!», і гэта ж не зробіш да прыезду.

Аляксандр Лукашэнка выказаў задавальненне тым, як на працягу 10 гадоў Дажынкі пераўтварылі кожны райцэнтр у краіне, у тым ліку і Іўе, у прыгожае, камфортнае і ўтульнае месца.

Ён зноў закрануў тэму пражыванне ў гэтым горадзе татараў: паглядзець, ці мірна яны тут жывуць — было яшчэ адной нагодай наведаць рэгіён. «Думаў, што вы пяцьдзесят на пяцьдзесят: палова хрысціян, палова мусульман, — сказаў ён. — Аказалася на восем тысяч насельніцтва ўсяго 800 мусульман. Таму вы глядзіце, не крыўдзіце іх! Ні ў якім разе! Бо ў  мяне з імі асаблівыя адносіны. Мусульмане, куды не прыеду, мяне з задавальненнем сустракалі, яшчэ з маладосці, калі я быў «зялёным» Прэзідэнтам: у Сірыі, Іране,  Іраку, не кажучы ўжо пра Татарстан, Башкартастан і нашы паўднёвыя рэспублікі. Заўсёды з намі супрацоўнічаюць, заўсёды нас падтрымліваюць, ўсюды. Таму я вельмі рады, калі мне старшыня выканкама сказаў, што абсалютна мірна жывуць, дапамагаюць адзін аднаму».

Людзі відавочна пагаджаліся з кожным словам кіраўніка дзяржавы. «Але адна ў мяне прэтэнзія — нараджаеце мала! — зноў выклікаў смех у іўяўчан Прэзідэнт. — Ну куды гэта гадзіцца — 800 чалавек! Памідоры памідорамі, гэта не перашкаджае, — дзяцей карміць памідорамі будзем, але хаця б трох трэба мець! Ну не могуць нашы мусульмане адставаць ад мусульман на поўдні. У іх шматдзетныя сем’і, а ў нас — цывілізацыя, Еўропа. Гэта вам заўвага. Падумайце!»

Аляксандр Лукашэнка пахваліў жыхароў рэгіёна: «А ўвогуле, вы малайцы! Я назіраю па тэлевізары: вы ўжо пачынаеце іспанцаў пераймаць — нішчыце памідоры. Паглядзеў —шкада стала. Я ж, як вясковы чалавек, выкінуць памідор… А вы тут адзін у аднаго кідаеце, топчаце іх. Але, напэўна, ураджай добры».

Прэзідэнт паведаміў, што паабяцаў прыехаць на гэта раённае свята. Ён зноў нагадаў пра ролю Дажынак, выказаў думку, што краіна саспела праводзіць іх у кожным горадзе і аграгарадку, каб і гэтыя населеныя пункты давесці да ўзроўню райцэнтраў. «Усюды не пабываеш, але я стараюся ў дзяржаўным маштабе неяк адзначыць, асабліва сёлета, гэта свята, і адзначыць юбілей, — патлумачыў ён. — Вы бачыце, год быў няпросты:  спачатку засушыла, потым заліла, убіраць вельмі цяжка, асабліва паўночным раёнам, Віцебскай вобласці, тым не менш сяляне змагаюцца. За гэта ім таксама трэба дзякаваць».

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што вельмі рады, што ў Іўі людзі жывуць добра, але галоўнае — каб мірна.

«Я часта кажу людзям: не рвіцеся нікуды! Не чакаюць вас там! Час зараз такі, што адарвешся ад сваёй зямлі — прызямліцца няма дзе. Таму беражыце сябе, беражыце   сваіх дзетак. Мы будзем старацца дапамагаць вам, каб працоўныя месцы вам давалі. У вас ёсць, дзе працаваць. Трэба, каб толькі было жаданне працаваць. Ніхто нічога не прынясе і ніхто нічога на дасі адтуль, — паказаў дагары Прэзідэнт. — Трэба сваімі ручкамі ўсё зарабіць і не мне вам казаць — вы людзі працаздольныя. Я ведаю, што такое вырасціць памідор. Гэта вялікая, вялікая праца. Там дзе вы працуеце — там вашы дзеці. Значыць гэта будуць моцныя беларусы».

Прэзідэнт дадаў: «Нам дзівіцца ўвесь свет, прыязджаюць сюды: Божа мой, у рай трапілі! Вось я ў другі раз на працягу тыдня трапляю ў рай. Адзін раз у Старых Дарогах… Калі ёсць магчымасць спакойна жыць, тады і жыццё ладзіцца. Таму дзякую вам за тое, што  вы — моцныя людзі!»

Пасля размовы Аляксандра Лукашэнку жыхары раёна адпусцілі не адразу — з ім захацелі сфатаграфавацца дзяўчаты, і ён пагадзіўся, чым выклікаў захапленне моладзі аж да слёз.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА і па матэрыялах БЕЛТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.