Вы тут

Адкуль едуць і што лечаць у Беларусі замежнікі


Наша краіна становіцца ўсё больш прывабнай для замежных турыстаў, у прыватнасці тых, хто едзе сюды па медыцынскія паслугі. Летась Беларусь з такімі мэтамі наведала 150 тысяч чалавек. Найбольш запатрабаванымі з'яўляюцца стаматалагічныя паслугі, пластычная хірургія, прафілактычнае медыцынскае абследаванне і кансультацыі спецыялістаў па неўралогіі, афтальмалогіі, кардыялогіі і іншых кірунках. Прыязджаюць замежнікі і для лячэння, у тым ліку ствалавымі клеткамі ў беларускіх анколагаў і трансплантолагаў. Выконваюцца і такія складаныя працэдуры, як унутрывантробнае лячэнне парокаў сэрца, вертыкальныя роды і змена полу.


Сярэдні чэк за стаматалогію — 4—5 тысяч долараў

— Ва ўсім свеце людзі з больш багатых краін едуць у менш забяспечаныя, каб атрымаць больш танныя медыцынскія паслугі. Амерыканцы, напрыклад, наведваюць Мексіку і Коста-Рыку, скандынавы — краіны Прыбалтыкі, а прыбалты едуць да нас, — расказвае Уладзіслаў Андросаў, заснавальнік аператара медыцынскага турызму Mеd Trаvеl Bеlаrus. — Летась Беларусь наведала 150 тысяч медыцынскіх турыстаў. Пры гэтым Расію ў 2017 годзе — усяго 110 тысяч.

Найбольшым попытам карыстаюцца эстэтычныя кірункі медыцыны, у першую чаргу — стаматалогія.

— Па прыгожыя зубы едуць вялікія плыні людзей. Cярэдні чэк замежніка — 4—5 тысяч долараў, — кажа Уладзіслаў Андросаў.

У топ-10 краін, з якіх прыязджаюць да нас турысты з гэтымі мэтамі, — Расія, Латвія, Літва, Эстонія, Украіна, Казахстан, Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Польшча.

— Прыбалты едуць да нас з-за нізкіх цэн, украінцы і казахі — бо ў іх праблема атрымаць якасныя паслугі, а з Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраіля і Польшчы прыязджаюць нашы грамадзяне, якія ў свой час туды пераехалі.

Уладзіслаў Андросаў кажа, што поспех маюць тыя клінікі, якія разумеюць спецыфіку работы з замежнымі кліентамі. І гэта фарміруе станоўчы імідж беларускай медыцыны за мяжой.

— Мы займаліся даследаваннем іміджу нашай медыцыны ў замежнікаў. У прыватнасці, праводзілі анлайн-апытанне, што прыцягвае: цана ці якасць медыцынскіх паслуг. Нават пераважная колькасць апытаных расіян (3130) адказалі, што якасць, і меншая частка (1850) назвала цану. Апытаныя з усіх астатніх краін, акрамя палякаў, таксама адзначылі, што іх прываблівае якасць. І гэта кардынальна мяняе нашу стратэгію. Нам не трэба апускаць цану, бо наш імідж — гэта якасць.

Эксперт адзначыў, што яго кампанія працуе з вялікай колькасцю як прыватных медцэнтраў, так і з дзяржаўнымі клінікамі. У 2016 годзе замежныя грамадзяне, якіх прывёз у краіну аператар, пакінулі ў медустановах 430 тысяч долараў, а летась — ужо 590. І гэта без уліку стаматалагічных паслуг.

Пацыента прывабліваюць вядомыя ўрачы

Працяглы вопыт работы з замежнымі турыстамі мае Мінская абласная клінічная бальніца. Тут пацыентаў прымаюць 25 аддзяленняў (10 — хірургічнага профілю і 15 — тэрапеўтычнага). Як адзначае начальнік аддзела пазабюджэтнай дзейнасці Мінскай абласной клінічнай бальніцы Таццяна Кацуба, установа супрацоўнічае з 21 тураператарам, якія накіроўваюць замежных грамадзян. Сёлета, напрыклад, заключаны дагавор з тураператарам з Арабскіх Эміратаў, які займаецца пацыентамі, што маюць патрэбу ў паслугах пластычных хірургаў.

— У нашай бальніцы выконваюцца рэканструкцыйныя пластычныя аперацыі, якія пазбаўляюць ад дэфектаў. Напрыклад, нядаўна была пацыентка з Украіны, у яе параліч нерва твару. На радзіме жанчыне адмовілі ў дапамозе, а нашы хірургі правялі ёй аперацыю. Летась правялі лячэнне ствалавымі клеткамі пацыентцы з рожыстым запаленнем. Гэта не вельмі распаўсюджаная паталогія, і прыемна, што нашы ўрачы з ёй паспяхова справіліся.

Паводле слоў спецыяліста, за восем месяцаў бягучага года 36 пацыентаў прыехалі ў клініку з дапамогай турыстычных аператараў, самастойна звярнулася за гэты перыяд каля 600 замежных грамадзян. Іх сярэдні чэк — 1,5—2 тысячы долараў. Пры гэтым каля тысячы замежных грамадзян за год звяртаюцца па экстранную медыцынскую дапамогу, паслугі ім аказваюцца па страхоўцы.

У абласную бальніцу прыязджаюць грамадзяне Расіі, Украіны, Казахстана, Таджыкістана, Заходняй Еўропы (Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі), а таксама такіх краін, як Емен, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, ЗША.

Найбольш запатрабаванымі кірункамі, акрамя пластычнай хірургіі, з'яўляюцца ўралогія і сасудзістая хірургія.

— У нас выконваюцца высокатэхналагічныя ўралагічныя аперацыі, і яны больш танныя, чым у Расіі і Украіне, — прыводзіць прыклад Таццяна Кацуба.

На думку спецыяліста, для замежных пацыентаў важная і асоба доктара, які будзе аказваць дапамогу.

— У нас працуе шмат урачоў, якія маюць сусветнае імя. Сёння пацыент ідзе «на ўрача». На базе нашай клінікі практыкуе сем кафедраў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У нас аперыруюць пластычныя хірургі прафесар Уладзімір Падгайскі і прафесар Сяргей Мячкоўскі, сасудзісты хірург Сяргей Карніевіч і іншыя вядомыя спецыялісты.

Ёсць і шэраг арганізацыйных пытанняў, якія бальніцам яшчэ давядзецца вырашыць:

— Многія замежныя грамадзяне прыязджаюць у суправаджэнні блізкіх. Суправаджальнікаў мы не можам шпіталізаваць, і над іх размяшчэннем нам трэба папрацаваць. Некаторыя замежнікі прыязджаюць самастойна, і ім патрабуюцца паслугі перакладчыка, у нас таксама пакуль няма напрацаванай сістэмы ў гэтым пытанні, — кажа Таццяна Кацуба.

На лячэнне ствалавымі клеткамі і змену полу

РНПЦ траўматалогіі і артапедыі таксама актыўна працуе з медыцынскімі турыстамі. Тут выконваюцца ўсе віды эндапратэзіравання буйных суставаў, артаскапічныя аперацыі (малаінвазіўныя) на ўсіх суставах, карэкцыя дэфармацый пазваночніка пры дэгенератыўных захворваннях.

— Найбольшым попытам карыстаюцца артаскапічныя аперацыі на суставах — аднаўленне меніскаў і звязак, а таксама аперацыі на пазваночніку: выдаленне грыж, устаноўка розных стабілізацыйных канструкцый, — расказвае выконваючы абавязкі намесніка па лячэбнай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Мурзіч. — Часцей за ўсё да нас звяртаюцца грамадзяне Расіі, Украіны, а таксама Турцыі, Сірыі, Арменіі, Ірана, Польшчы, Грузіі, ЗША, быў пацыент з Аўстраліі. За 2018 год мы прааперыравалі 115 замежных грамадзян.

Дырэктар агенцтва медыцынскага турызму (Гомель) Святлана Бондарава адзначыла, што для замежных турыстаў вельмі важная хуткасць абследавання і пастаноўкі дыягназу.

— Наша агенцтва шмат працуе з Ізраілем. У нас ёсць пастаянная кліентка, якая ўжо пяць гадоў да нас прыязджае. Сёлета яна адпачывала ў санаторыі, і эндакрынолаг заўважыў павелічэнне новаўтварэння шчытападобнай залозы. За суткі жанчыне зрабілі ў розных установах Гомеля ўсе неабходныя аналізы і абследаванні і паставілі анкалагічны дыягназ, з якім яна паехала дадому.

Але сэрвіс у многіх медыцынскіх установах вымушае жадаць лепшага:

— Пацыент, напрыклад, па-ранейшаму можа доўга сядзець пад кабінетам урача. Хоць за апошнія дзесяць гадоў узровень сэрвісу істотна палепшыўся, усе клінікі імкнуцца яго павышаць, — падкрэслівае Святлана Бондарава.

Як адзначыла ўладальнік цэнтра «Доктар Ганна» Ганна Кротава, анкалагічныя, афтальмалагічныя, гінекалагічныя, рэнтгенэндаваскулярныя аперацыі таксама запатрабаваныя ў замежных гасцей, як і паслугі трансплантолагаў і нейрахірургаў. Выконваюцца ў Беларусі і аперацыі па ўнутрывантробнаму лячэнню парокаў сэрца, вертыкальныя роды і нават аперацыі па змене полу. У 2019 годзе, дарэчы, у Беларусі правялі чатыры аперацыі па змене полу — пацыентамі сталі грамадзяне Расіі і Украіны. Пакуль такія аперацыі выконваюцца толькі ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Кошт працэдуры — каля 5 тысяч долараў. Гэта ў некалькі разоў танней, чым у іншых краінах. Як правіла, пацыент паступае ўжо з замененым пашпартам і праходзіць у клініцы апошні этап.

А вось лячэнне ствалавымі клеткамі, або рэгенерацыйная медыцына, выкарыстоўваецца ў стаматалогіі — пры ліквідаванні рэцэсіі (прасядання) дзясны, пры дэгенератыўных паталогіях суставаў, пры лячэнні трафічных язваў і анкалагічных хвароб. У прыватнасці, у анкалогіі гэта супрацьпухлінная імунная тэрапія.

— Гэта настройка ўласнай імуннай сістэмы супраць ракавых клетак, — тлумачыць намеснік дырэктара Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Уладзімір Крыцкі. — У пацыента бяруць кроў і ўводзяць у яе вакцыну. Такая супрацьрэцыдыўная тэрапія паказана анкапацыентам, якія прайшлі хірургічнае лячэнне, хімія- і прамянёвую тэрапію. Пакуль у краіне ніхто, акрамя нас, не займаецца такім лячэннем. З вясны мы пралячылі ўжо каля 20 пацыентаў, у тым ліку з Расіі.

Таксама ў стацыянары Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі з дапамогай ствалавых клетак пралячылі каля двух дзясяткаў пацыентаў з дэгенератыўнымі паталогіямі суставаў (артрозамі).

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Турыстам... у бальніцу

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.