Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


З вачэй сышоў, ды не з памяці

...У свой час я захапляўся творчасцю Васіля Шукшына, а найбольш, здаецца, яго апавяданнямі пра дзівакоў. Цікавыя людзі! На аднаго з іх і мне пашчасціла. Хударлявы такі, высокі, усмешлівы... Яму тады за 50 было. І прозвішча адметнае — Авяр'янчык: усе, хто на слых па-руску запісваў, заўсёды пыталіся, што пасля «р» — цвёрды знак ці мяккі?

Але ж запомніўся ён не столькі гэтым, колькі сваім проста неверагодным талентам трапляць у розныя гісторыі. Ці нават ствараць іх...

Значыць, неяк інстытуту бульбаводства, які знаходзіцца ў Самахвалавічах (а гэта з дзясятак кіламетраў ад Мінска), тэрмінова спатрэбілася новае абсталяванне. Заказ на яго вытворчасць атрымала наша прадпрыемства. І вось работа зроблена, засталася, можна сказаць, драбяза — даставіць «груз» на месца.

Каб не адрываць спецыялістаў ад асноўнай работы, гэтую задачу (пагрузіць, завезці, разгрузіць...) даверылі нам, ітээраўцам, так званым белым каўнерыкам. Адпаведнага рабочага адзення ніхто з нас, вядома ж, не меў. «Прыбіраліся» ў тое, хто што знайшоў (потым адзін з аднаго смяяліся, бо кожнага ну хоць ты ў каноплі — замест пудзілаў)...

Ну а далей — завезлі тое абсталяванне, што называецца, здалі заказчыку, а самі наводшыбе, у цяньку селі чакаць аўтобуса.

Трэба сказаць, што яго даўгавата не было — рабочы дзень канчаўся. Таму, калі пад'ехаў, «загрузіліся» мігам, але не ўсе: Авяр'янчык прапаў!

Мы спачатку гукалі яго, потым шукалі, потым, літаральна, прачасалі нагамі найбліжэйшыя кусты... Усё без толку — чалавек як скрозь зямлю праваліўся!

...Рашэнне ехаць у горад без яго далося нам вельмі цяжка: не ведалі, што думаць, што рабіць, усю дарогу перажывалі, дома ноччу не спалі...

А нараніцу наш Авяр'янчык як нічога ніякага прыйшоў на работу. Мы ледзь не загрудкі: «Дзе быў?» Кажа: «Спаў... У кусце». Гэта ў яго са службы, маўляў, засынаць пры «дзявятым вале» і тады хоць з гарматы страляй... Вечарам прачнуўся сам, за чатыры гадзіны пехатой прыйшоў дадому. Пра «аўтастоп», казаў, нават не марыў, бо такога абадранца нават ноччу машыны здалёк аб'язджалі.

Гэта — адна прыгода. Раскажу пра другую.

Наша прадпрыемства знаходзілася ў прыгарадзе. Сцежка да яго пралягала цераз калгаснае поле. І калі на яго вывозілі гной...

«Водар» — нішто, а вось «паласа перашкод»... Баючыся на ёй паслізнуцца, мы скакалі ад «міны» да «міны». Здаралася прамахнуцца. Здаралася паслізнуцца...

А потым на нашым полі пасадзілі капусту, і вырасла яна вялікая ды прыгожая: не дзіва, што пад восень асобныя качанчыкі, што раслі бліз дарогі, сталі патроху знікаць.

Паквапіўся на іх і наш Авяр'янчык. Дзень пры гэтым выбраў удалы: людзі выйшлі на масавую ўборку. А вось з часам ён крыху памыліўся. Факт, што неўпрыкмет прымкнуўшы да працуючых, наш дзівак стаў, што называецца, носам круціць — вышукваць найлепшыя качаны ды складаць сабе ў торбы.

Між тым у калгаснікаў пачаўся перапынак на абед: людзі кінулі работу, пайшлі па дамах. Авяр'янчык таго не заўважыў — ён «шчыраваў» сабе далей. А вось яго заўважылі вартаўнікі (поле было пад аховай) і, вядома ж, у крык...

Злодзей прыкінуў, што ногі доўгія, лес блізка — уцячэ.

Аднаго не ўлічыў, што бегчы давядзецца яшчэ і ад сабак — да таго ж
на... «лаўца»...

Карацей, прыпусціў — як той бусел на ўзлёт, толькі замест крылаў — торбы з капустай. Лес ужо за пару метраў быў. А там, бачыць, яшчэ два ахоўнікі — вогнішча распальваюць. Авяр'янчык як зараве: «Ла-жы-сь!..» Тыя ніцма... Ён — цераз агонь і ў лес.

...Хвілін праз сорак з'явіўся на рабоце з дзвюма торбамі капусты. Сабакі, сказаў, яго не дагналі, бо па лесе пятляў, як сапраўдны заяц.

...Калі Авяр'янчык сышоў на пенсію, мы спачатку з палёгкай уздыхнулі, бо прыгод такіх з ім была процьма. А потым — не паверыце — засумавалі, бо Васіль Макаравіч Шукшын меў такі рацыю: у чалавечым «разнатраўі» дзівакі зусім не лішнія. З імі цікавей.

Іван Гаральчук, г. Мінск.


Расонскі ідал

У інтэрнэце чытаў, што ў нашай рацэ Дрысе знайшлі старажытнага ідала, які на паверку аказаўся...

Зрэшты, пра гэта чытачам любімай звяздоўскай рубрыкі мне хацелася б расказаць не прозай. Такім чынам

У адной з мясцовых вёсак

Дзед Вінцук рабіў унёсак

У тутэйшы сельскі быт:

Каб палепшыць дабрабыт,

Майстраваў ён, як вядзецца,

Усё, што толькі давядзецца

То драбіны, то начоўкі,

Скажуць — ручку для нажоўкі

Ці акенца, каб відней...

Ці карыта для свіней.

 

Майстар просты быў, вясковы,

Толькі ўразлівы на словы.

Да таго ж меў добры «стаж»...

Вось і кінуўся ў кураж:

— Тапарышча для сякеры?!

Ды рукам сваім я веру.

Нават ідала зраблю!

Стаўка?

З носа па рублю!..

 

Калі «рушыў» у заклад,

То ні кроку ўжо назад.

 

Значыць, ціхенька, здаля

Маракуе ля камля:

Абкарыў... Стакроць памераў,

Цюкаў нештачка сякерай...

— Ці не з глузду з'ехаў дзед, —

Баба хрысціцца ад бед. —

Гаспадарку не спраўляе,

У пуні штосьці вырабляе

Ад світанку аж да ночы —

Уваліліся ўжо вочы...

 

Не было б другога ліха:

Праца ў майстра ішла паціху.

Стаў яго цурбан дубовы

Неяк дзіўна хмурыць бровы.

Доўгі нос да губ звісаць,

Вочы строга пазіраць...

Нават ручкі змог злажыць!

Дзед — мастак!

Каб мне так жыць!

 

Вось — нарэшце —

скончыў справу

(Хоць бяры і на выставу!):

Трубіць збор сябрам-суседзям,

Каб жа ўсякі мог агледзець

Можа, нават шапку зняць

Ды й заклад яму аддаць...

 

Глупства, пане дабрадзею,

Песціць марныя надзеі:

Людзі грошай шкадавалі,

Таму дружненька прызналі:

— Можа, ідал трохі й гожы,

Але ж гэта толькі можа...

 

Дзед рашучыя меў рысы:

На спіну й... на бераг Дрысы.

Там —

статуі ўсё адно —

Галавой яе — аб дно!

 

...Колькі часу там ляжала,

На сягоння звестак мала.

Толькі дайверы аднойчы

Акруглілі ў масках вочы:

Гістарычная знаходка

Кружыць розумы салодка!

Сталі думаць-вырашаць —

Як жа ідала падняць?

Навукоўцаў запрасілі,

Каб жа вартасць ацанілі...

 

Тыя з лупай ды пінцэтам,

Справу робячы з імпэтам

Выдаюць вердыкт суровы:

Гэты ідал — яшчэ «новы!» —

Гадоў сорак і не болей

Праляжаў ён у «няволі».

ххх

...Паглядзіш у інтэрнэце, —

Многа цудаў ёсць на свеце!

Я ж за вухам чухаю:

Гэты быў не ў Бухаве?

Аляксандр Матошка, Расонскі раён.

Заўвага аўтара: Бухава — невялікая вёска на беразе Дрысы.

Анекдот у тэму ад вядучай рубрыкі Валянціны Доўнар: вучоныя-археолагі знайшлі шлем Аляксандра Македонскага. А праз дзесяць метраў — знайшлі яго матацыкл.

Пішыце! Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

Даша нарадзіла раней за тэрмін з дапамогай кесаравага сячэння. 

Грамадства

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

Яны з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне.

Грамадства

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Расказала ўрач Наталля Карпук.

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.