Вы тут

Акварэлі ўспамінаў і мова цела


Адам Глобус. Сям’я. Мастацкая літаратура. Мінск, 2017.

Пра бацькоў, сваякоў, жонку, дачку, унука Адам Глобус расказвае з гранічнай шчырасцю, ствараючы партрэты вялікай псіхалагічнай дакладнасці. “Калі доўга глядзець на… неабдымны, непад’ёмны валун, можна ўбачыць у ім Бога”. Паводле ўсходняй філасофіі, Бог ёсць ва ўсім, пагатоў – у дарагіх нам людзях. З кнігі мы даведваемся, што аўтар “Чужой бацькаўшчыны” любіў пісаць у сшытках. Што спрачацца аб літаратуры каля паліц з кнігамі было ў сям’і традыцыяй. Бачым Вячаслава Адамчыка, які са скрухай прыносіць дамоў скрэмзаныя цэнзарамі рукапісы.

Надзвычай глыбокі ў творы вобраз маці. Як многія жанчыны, яна адмовілася ад кар’еры дзеля сям’і: “Яна заўсёды выбірала сям’ю, жыла болей дзеля нас, чым дзеля сябе”. Нездарма сын намаляваў партрэт мамы, шукаючы вобраз Дзевы Марыі. Жанчына мае больш трывалыя карані ў рэчаіснасці, чым мужчына; паглыбленасць маці ў побыт, у матэрыю, у сучаснасць бачыцца аўтару больш запатрабаванай “за нашы з татам надзеі, вечна няспраўджаныя, планы, заўсёды недавыкананыя, захапленні і расчараванні”. “Нездарма Ралан Барт у кнізе “Камера” прыйшоў да высновы, што найкаштоўнейшым здымкам асабіста для яго з’яўляецца партрэт маці”. З лірызмам апісаны пачуцці новаспечанага бацькі: ён ідзе па глыбокім, чыстым снезе паміж сініх дрэваў і паўтарае: “У мяне ёсць дачка”. “Углядаюся ў мінулае. Яно расплываецца, як акварэль на вільготнай паперы”. Празрыстасць і лёгкасць акварэлі ўзгадаеш не раз, чытаючы гэты твор вядомага пісьменніка.

Міхаэль Кёльмаер. Дзяўчынка з напарсткам. Выдавецтва “Галіяфы”. Мінск, 2018.

Шасцігадовая дзяўчынка страціла бацькоў, дом, Радзіму. Самотная, яна крочыць па вуліцах горада чужой багатай краіны. Яна не ведае, куды ідзе. Што здарылася з ёю раней, мы не ведаем, можам толькі здагадвацца пра вайну, мігранцкі крызіс. Дзяўчо галадае, начуе зімой у смеццевым кантэйнеры, а тое і проста на вуліцы. Навакольны свет чужы і абыякавы да яе, часам пагрозлівы. Яна не ведае мовы гэтай краіны. Ніхто тут не ведае ейнай мовы. На пальчыку яна носіць, не здымаючы, напарстак – пранізліва праўдзівая дэталь: дзеці любяць рытуалы, на рытуалах трымаецца іх хісткі зачараваны свет. Што да свету рамана, яго мы бачым вачыма дзяўчынкі ды іншых дзяцей, такіх самых бадзяжак. Хочацца ўзгадаць іншую кнігу, дзе праз цялеснасць, фізіялогію паказана так многа, “Арэлі дыхання” Нобелеўскай лаўрэаткі Герты Мюлер: “Калі голад перасільваў усё, мы загаворвалі пра дзяцінства і ежу”. Калі “Анёл голаду” стаіць за плячыма, мова цела робіцца адзінай, а дзеці ў Кёльмаера да таго ж не ведаюць моваў адно аднаго.

Быццам бы звычайная ў наш час глабальных узрушэнняў, тым і страшная гісторыя доўга не адпускае пасля прачытання.

Алена Брава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.