Вы тут

Торф можа стаць альтэрнатывай актываванаму вуглю


Торф лічыцца добрым палівам, натуральным кампостам і можа стаць альтэрнатывай такім лекавым сродкам, як актываваны вугаль.


Да 80-х гадоў мінулага стагоддзя 60 % цеплавой энергіі нашай краіны выпрацоўвалася на торфе. У Пухавіцкім раёне вырас пасёлак Праўдзінск, жыхары якога былі работнікамі торфабрыкетнага завода «Сяргеевіцкае». Брыкеты адсюль пастаўляліся на Жодзінскую ЦЭЦ і Васілевіцкую ГРЭС у Светлагорску. Потым наступіла эпоха газу, але, як гаворыцца, новае — добра забытае старое, таму торф перажывае другое нараджэнне. На яго пераходзяць некаторыя кацельні ў навакольных населеных пунктах і ў самой сталіцы.

А галоўнае, да 80 % гэтай сыравіны пастаўляецца на нашы цэментныя заводы. Мадэрнізацыя «Сяргеевіцкага» закранула жыхароў пасёлка на бытавым узроўні — упершыню за апошнія 20 гадоў тут адзначаецца павышэнне ў два разы нараджальнасці дзяцей. Гэта шмат аб чым сведчыць.

Купляе і Швецыя

Арганізацыі тарфяной галіны, якія ўваходзяць у сістэму Мінэнерга, штогод здабываюць каля 2,5 млн тон карыснага выкапня. Ён ідзе не толькі ў печкі, але і выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы.

— Каля 1 млн тон паліўнага торфу выкарыстоўваецца ўнутры краіны, што дазваляе замясціць каля 450 млн кубічных метраў прыроднага газу на суму каля 65 млн долараў, — прыводзіць лічбы генеральны дырэктар «Белпалівагаза» Аляксей КУШНАРЭНКА. — Але вось што цікава: вось ужо 15 гадоў торфабрыкеты з нашай краіны адпраўляюцца ў Швецыю на мясцовую электрастанцыю. Трэба адзначыць, што Беларусь па аб'ёмах здабычы торфу займае пятае месца пасля Фінляндыі, Ірландыі, Швецыі і Германіі.

Чаму ж тады тыя шведы купляюць яго ў нас? А справа ў тым, што ў 2013 годзе Еўрасаюз прыняў пастанову, у якой вызначыў, што торф з'яўляецца неаднаўляльным рэсурсам. Аднак у еўрапейскіх краінах яшчэ адкрыты радовішчы, якія там дапрацоўваюць, а астатняе дабіраюць у нас. Імпартуюць наш торф у Фінляндыі, Літва купляе для насельніцтва, для электрастанцый выкарыстоўвае Польшча і невялікімі аб'ёмамі набывае Латвія. Сёлета галіна экспартавала 106 тысяч тон тарфяных брыкетаў і сушанкі на суму 5,7 млн долараў.

Для ўрадлівасці глебы

Рэшткі расліннасці з балот пры адсутнасці кіслароду і высокай вільготнасці ўтвараюць торф. Ён бывае трох тыпаў: нізінны, пераходны і вярховы. У вярховым шмат арганічных рэчываў, але мала пажыўных кампанентаў. Яго выкарыстоўваюць у якасці подсцілу для жывёлы. Ён паглынае ў дзесяць разоў больш вільгаці, чым важыць, і перашкаджае размнажэнню патагеннай мікрафлоры.

У нізінным торфе, які ўтварыўся ў больш нізкіх месцах, пад дзеяннем грунтавых водаў назапашваецца шмат пажыўных рэчываў. Добра расклаўшыся, ён атрымлівае цёмнае адценне і змяшчае шмат перагною — выдатнага сродку для падтрымання высокай урадлівасці глебы і захавання яе структуры. З торфу ў спалучэнні з гноем робяць кампост, які дазваляе зніжаць страты азоту.

Тарфяное ўгнаенне ў спалучэнні з іншымі дадаткамі актыўна раскупляецца дачнікамі ў вясновы сезон. А, напрыклад, «Мінскзелянбуд», ствараючы прыгожыя клумбы з кветкамі па ўсёй сталіцы, выкарыстоўвае нізінны торф, які пастаўляецца з Пухавіцкага раёна.

Тут будзе рай для рыбакоў

Каля пасёлка Праўдзінск размешчана Гала-Кавалеўскае радовішча, агульныя запасы якога ацэньваюцца ў 5,4 млн тон. «Пасля пачатку распрацоўкі гэтага радовішча здабыта каля 1,3 млн тон — 130 тысяч штогод. Да наступнага года плануем павялічыць здабычу да 200 тысяч тон. Астатнія запасы дазваляюць забяспечыць прадпрыемства сыравінай на наступныя 25 гадоў», — расказвае дырэктар торфабрыкетнага завода «Сяргеевіцкае» Вітольд ВАРАНО.

Акрамя Гала-Кавалеўскага, сыравінную базу складаюць і іншыя радовішчы, размешчаныя ў радыусе 30 кіламетраў ад торфабрыкетнага завода. Іх запасы ацэньваюцца ў 12 млн тон, а значыць, сыравіны хопіць больш чым на 70 гадоў. Нізінныя выпрацаваныя радовішчы затапляюць, на іншых высаджваюць лес, дзякуючы чаму прырода аднаўляе праз пэўны час флору і фаўну. Напрыклад, на адным з мясцовых азёраў, па словах дырэктара, вельмі шмат рыбы.

Новыя азёры зарыбляюцца натуральным чынам літаральна за некалькі гадоў. Справа ў тым, што рыбе такая тарфяная «каша» на дне вадаёмаў вельмі даспадобы. Цяпер у вадасховішчах гэтай сістэмы «жыруюць» карась, карп, акунь, амур, лінь і шчупак. І рыба расце тут значна хутчэй, чым у іншых месцах.

Калі надвор'е камандзір

Да сярэдзіны мінулага стагоддзя торф здабывалі экскаватарамі. Але ўжо даўно ўжываецца фрэзерная тэхналогія. Цяпер здабыча яго амаль што нагадвае ўборку ўраджаю. Работа на тарфяных палях ажыццяўляецца выключна па сезонным графіку — з мая да верасня. Добрае надвор'е тут нават важнейшае, чым у сельскай гаспадарцы. Мясцовым спецыялістам хацелася б, каб сонца заўсёды было ў зеніце і магло аператыўна зніжаць вільготнасць верхняга пласта торфу на палях з 80 % да 40 %.

Начальнік участка здабычы торфу Яўген ОРДА тлумачыць, што вытворчы працэс па зборцы карыснага выкапня досыць складаны. Спачатку верхні пласт торфу на мясцовасці здрабняюць прычапнымі агрэгатамі трактароў у крошку да глыбіні 10—20 мм, затым даюць час падсушыцца, а праз 2-4 гадзіны надыходзіць чарга варушэння. Спецыяльныя лапаткі пераварочваюць торф, даючы магчымасць высахнуць. Добрае надвор'е скарачае час сушкі, а значыць, паскарае ўборку. Затым падсушаны торф фармуюць у тры валкі вышынёй да 14 см. Уборачныя машыны падграбаюць яго і каўшом збіраюць у бункер.

Здабытае звозіцца ў штабелі. Там спецыяльная машына маленькімі лопасцямі падымае выгружаны торф, фарміруючы васьміметровую гару. Востры вугал яе дазваляе найлепшым чынам захаваць торф доўгі час ад ападкаў. Глыбіня торфавых адкладанняў складае ад 2,5 да 8 метраў, таму за сезон адбываецца некалькі цыклаў нарыхтоўкі.

Далей торф паступае на сушылкі — гэта велізарныя цыліндры, якія круцяцца. Пасля прасушкі адпраўляецца ў брыкетны прэс. Доўгі, тонкі жолаб, куды пад ціскам падаюць торф, прыводзіць на склад. Там маса ламаецца на кавалачкі пад уласнай вагой, ператвараючыся ў брыкет. Яны збіраюцца ў бункеры, пад якія пад'язджаюць аўтамабілі для загрузкі.

Оптам танней

Актыўная газіфікацыя вёсак і пасёлкаў прыводзіць да таго, што насельніцтва ўсё радзей купляе торф для ацяплення. Індывідуальныя газавыя катлы значна камфортнейшыя і больш экалагічныя. Торфаздабытчыкі вырашылі прынесці невялікія порцыі гэтага паліва непасрэдна... у крамы. У якасці эксперымента ў асобных крамах каля выезду з Мінска будзе прапаноўвацца кардонны «дыпламат» вагой пяць і сем кілаграмаў. Як паказала практыка, дачнікі ў сезон ахвотна купляюць звычайныя дровы маленькімі партыямі. Брыкет жа значна даўжэй гарыць, і цеплааддача ў яго большая.

На такі тавар сёння спецыяльная цана. Пяць кіло торфу прапануюць за рубель 25 капеек, а 7 кг — рубель 60 капеек. Дарэчы, тут жа ёсць партыі і большыя. Аптовая цана мяшка вагой 425 кг роўная ўсяго 38 рублям. У гэтым выпадку кілаграм торфу абыдзецца ўсяго ў дзевяць капеек! Мяшкі, праўда трэба, самастойна вывезці з завода.

Сёння ў торфу з'явіліся перспектывы і ў іншых галінах. Напрыклад, нядаўна беларускія навукоўцы з Інстытута прыродакарыстання арганізавалі праект па вытворчасці на аснове торфу актываванага вугалю. Першапачатковую партыю 100 тон гэтых таблетак збіраюцца вырабіць да 2021 года. А на «Белпалівагазе» цяпер актыўна шукаюць новыя рынкі збыту для брыкетаў. На іх аснове можна будзе вырабляць лячэбныя гразі, лячэбныя вуглі, лекі і грануляваныя дабаўкі.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Сумка брыкетаў для дачніка

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.