Вы тут

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу


Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу. Ужо ў 2018 годзе Аляксандр стаў уладальнікам гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У рэпертуары тэнара партыі Лыкава ў «Царскай нявесце», Малькольма ў «Макбеце», Альфрэда ў «Травіяце», Рудольфа ў «Багеме», Альфрэда ў «Лятучай мышы» і іншыя. А напачатку новага тэатральнага сезона мы яго ўбачым у прэм'ерным спектаклі «Князь Ігар». Ці не таму спявак так засяроджаны на рабоце?


Пра тэатр

— Мне здаецца, што чалавек ідзе ў тэатр па энергію, якой яму бракуе ў штодзённых рэаліях. Нягледзячы на тое што сёння ў мностве інфармацыйных рэсурсаў можна ўбачыць практычна ўсё, што пажадаеш. Я ўпэўнены, што відэазапісы спектакляў і канцэртаў, пададзеныя ў інтэрнэце, ніколі не заменяць тэатр. Ніводны экран, нават самай высокай якасці, не перадасць тую атмасферу і эмоцыі, якія чалавек можа атрымаць, знаходзячыся ў глядзельнай зале. Ніводная гуказапісная студыя не зможа ўзнавіць той гук і выклікаць адчуванні, якія слухачы могуць перажыць, калі прыходзяць на жывы канцэрт ці спектакль.

Пра акцёрскія вольнасці

— Шмат спрэчак выклікаюць захады асучаснівання класічных твораў. Думаю, не варта баяцца эксперыментаў. Разумею гэта цяпер, папрацаваўшы з рэжысёрамі з розных краін. Выдатны досвед і моцныя ўражанні прынесла мне работа над операй «Багема». Аляксандр Барысавіч Цітэль, выдатны расійскі рэжысёр, паставіў яе зусім не ў класічных канонах. Пры гэтым ён патрабаваў ад артыстаў пражываць ролю тут і цяпер, паводзіць сябе так, як мы б гэта рабілі ў рэальным жыцці, ён не дапускаў ніякай штучнасці, увесь час дамагаўся ад нас натуральнасці і пераканаўчасці на сцэне. Мой персанаж — паэт Рудольф — шмат у чым блізкі мне, сучасны, таму ствараць гэты вобраз было задавальненнем, але давалася няпроста — каб выканаць усё належным чынам у музычным плане, неабходныя вялікая канцэнтрацыя і вытрымка. Іграць самога сябе тут і цяпер не так лёгка, як можа здацца, — перыядычна хацелася далучыць нейкую «штучнасць», штосьці дадаць ад сябе, але рэжысёр дамагаўся ад нас выканання без залішняга драматызму.

Акцёрская імправізацыя можа быць дарэчы, а бывае і наадварот. Найчасцей рэжысёр ставіць канкрэтныя заданні і патрабуе выконваць усё ім задуманае менавіта так і не інакш. Але ў некаторых пастаноўках можна дазволіць сабе нейкія вольнасці — і гэтая ініцыятыва не караецца. Прыкладам, у спектаклі «Лятучая мыш» рэжысёр Міклаш Габар Керэньі з Венгрыі даваў выканаўцам вялікую прастору для імправізацыі, і артысты скарысталі ўласныя знаходкі і напрацоўкі. Гэта другая пастаноўка аперэты Штрауса з маім удзелам: у «Лятучай мышы» я выступаў падчас службы ў Музычным тэатры — спектакль, пастаўлены ў класічных канонах у 1981 годзе і адноўлены ў 2001-м, дагэтуль ідзе і карыстаецца папулярнасцю ў гледачоў.

Пра любімыя партыі

— Лірычны тэнар, які выконвае партыі Ленскага, Лыкава, Вадэмона, калі слушна карыстаецца сваёй прыладай — голасам, можа паспрабаваць перайсці на мацнейшыя партыі, драматычны рэпертуар. Галоўнае — адразу не кідацца на вялікія палотны, да ўсяго трэба падыходзіць з галавой, каб захаваць голас і развіць яго. Дарэчы, партыю Вадэмона ў «Іяланце» часта спявае тэнар-спінта. Ды і партыя Рудольфа ў трэцім акце «Багемы» няпростая, драматычная — шчыльны аркестр, высокая тэсітура, патрэбны запас у голасе.

Кожны кампазітар цікавы і добры па-свойму, я да гэтага па-філасофску стаўлюся. Але асабліва падабаецца музыка Пучыні, спяваць яе прыемна, нягледзячы на тое, што ў яго заўсёды даволі шчыльны аркестр.

Што да ўдзелу ў новых праектах: у тэатры пачаліся пастановачныя рэпетыцыі оперы «Князь Ігар» Барадзіна, гэтая прэм'ера адкрые новы тэатральны сезон у верасні. Работы ва ўсіх вельмі шмат, таму што спекталь вялікі, у ім занятыя салісты, хор, балет, і трэба шмат часу, каб усё слушна сабраць і прадставіць гледачам цікавы, маштабны спектакль.

Пра пошук сябе

— У музычнай школе ў Кобрыне я вучыўся іграць на баяне і факультатыўна займаўся акадэмічным вакалам з маёй першай выкладчыцай Нінай Пятроўнай Салівончык. Вучыцца спевам вельмі падабалася, таму працаваў рупліва і інтэнсіўна. У 2003 годзе ўзяў Гран-пры на Х Міжнародным фэсце духоўнай музыкі, які праходзіў у польскім горадзе Бохня. Потым паступіў у Брэсцкі музычны каледж і працягнуў навучанне па класе баяна: ісці на вакальнае аддзяленне ў Акадэмію музыкі падчас ломкі голасу не мела сэнсу.

За чатыры гады навучання ў каледжы адбылося нямала цікавых падзей. Наш вучнёўскі аркестр народных інструментаў неаднойчы прыязджаў выступаць у Мінск. Мы пабывалі і ў Францыі з двухмесячнымі гастролямі. З навучэнцамі Брэсцкай балетнай студыі наш аркестр выступаў у розных гарадах Францыі — кожныя тры дні працавалі на новых пляцоўках. Свет паглядзелі, сябе паказалі.

Аднак я па-ранейшаму марыў спяваць і па сканчэнні вучобы прыехаў у Мінск паступаць на падрыхтоўчае аддзяленне ў Акадэмію музыкі. Два гады вучыўся вакалу на падрыхтоўчым і пяць гадоў на вакальным аддзяленні. Маім педагогам на працягу сямі гадоў быў народны артыст Расіі Эдуард Іванавіч Пелагейчанка, бліскучы беларускі тэнар, які ў свой час спяваў усе асноўныя партыі ў нашым тэатры.

Як толькі я паступіў і пераехаў у Мінск, пачаў шукаць работу, таму што было няёмка цягнуць грошы з сямейнага бюджэту, з мамы, якая выхоўвала мяне адна. Мне пашчасціла: праз паўгода прайшоў праслухоўванне ў Музычны тэатр, і мяне прызначылі ў артысты хору. Хор даў шмат — і першапачатковую загартоўку, і прывычку да сцэны. А праз два гады мне прапанавалі палову стаўкі саліста-вакаліста. Агулам у Музычным тэатры я праслужыў пяць з паловай гадоў. Гэта быў выдатны досвед, цікавыя людзі, многім з якіх я вельмі ўдзячны.

Калі вучыўся на пятым курсе, вырашыў паспрабаваць праслухацца ў стажорскую групу Вялікага тэатра. І мяне ўзялі! Цэлы год быў стажорам, а потым па размеркаванні прыйшоў у асноўную трупу тэатра. Мае сябры, выдатныя тэнары Віктар Мендзелеў і Аляксандр Міхнюк, з якімі мы разам вучыліся ў Акадэміі, сталі калегамі па тэатры.

Ці ёсць у нас канкурэнцыя? А які сэнс? Мы ўва ўсім саступаем і дапамагаем адзін аднаму, калі гэта трэба.

Пра конкурсы

— Конкурсы — вельмі важны складнік прафесійнага росту маладых вакалістаў. Яшчэ падчас навучання ў музычнай школе я імкнуўся да ўдзелу ў дзіцячых конкурсах, недзе станавіўся лаўрэатам, недзе дыпламантам. Першы «сталы» конкурс — «Убельская ластаўка», на якім атрымаў другую прэмію.

Потым узяў удзел у Міжнародным конкурсе вакалістаў імя народнага артыста СССР Аляксея Іванова, стаў лаўрэатам трэцяй прэміі. Важную ролю ў прасоўванні на міжнародную сцэну адыграў Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў, на якім я заняў трэцяе месца. У мінулым тэатральным сезоне мяне запрасілі ў Ліёнскую оперу ўзяць удзел у пастаноўцы твора чэшскага кампазітара Леаша Яначака «З мёртвага дома» па матывах аповесці Фёдара Дастаеўскага. Паставіў спектакль польскі рэжысёр Кшыштаф Варлікоўскі, мастацкі кіраўнік Новага тэатра ў Варшаве. Спектакль ішоў на чэшскай мове, было вельмі цікава назіраць, як працуюць салісты з Канады, Румыніі, Англіі, Чэхіі, французскі хор. З Міхайлаўскага тэатра прыехаў Дзмітрый Галаўнін. Вядома ж, для мяне гэта быў выдатны першы досвед удзелу ў міжнародным праекце.

Пра некласічнае

— Існуе нейкі стэрэатып: оперны спявак павінен слухаць толькі класічную музыку. Але гэта не зусім так. Што да мяне, люблю розных выканаўцаў: напрыклад, мне заўсёды падабалася група Queen і Фрэдзі Мэрк'юры.

Я сябе не абмяжоўваю толькі опернай творчасцю, класікай. Вельмі падабаецца рок-музыка, электронная музыка — транс, электрахаус, чаму б не?.. Можна шукаць натхненне ў розных жанрах. Мне здаецца, калі чалавек адораны музычна, творча, здольны раскрыць сваю душу перад слухачамі, гледачамі, у кожным жанры мастацтва ён будзе «чапляць» публіку.

Вольга САВІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.