У Беларусі з пачатку года зафіксавана 199 выпадкаў гэтай інфекцыі (летась за ўвесь год іх было 264).
У ліку выяўленых сёлета выпадкаў 56 — завозныя, астатнія — звязаныя з імі. Як вядома, адзёр валодае, бадай, адным з самых высокіх паказчыкаў кантагіёзнасці і лёгка перадаецца. Калі ў навакольных няма прышчэпкі, а адпаведна і імунітэту, верагоднасць захварэць вельмі вялікая. Але выпадкі адру ў нашай краіне, дзякуючы сфарміраванай імуннай праслойцы (прышчэпкі мае 97—98 % беларусаў), не сталі масавымі. Ланцужок звычайна складаўся з 1—2 захварэлых.
Як паведаміла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна КАРАБАН, захворванне рэгістравалася ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Сярод захварэлых 71 % — дарослыя, астатнія — дзеці. Каля 54 % тых, хто перанёс адзёр, або не мелі прышчэпак ці даных пра іх, або мелі адну прышчэпку (імунітэт фарміруецца, як правіла, пасля дзвюх), астатнія былі вакцыянаваныя.
З пачатку 2018-га да ліпеня 2019 года адзёр выяўлялі ў жыхароў 49 з 53 краін Еўрапейскага рэгіёна. Захварэла 174 тысячы чалавек, з іх 100 хворых памерла. Характэрна, што ў 2019 годзе гэту інфекцыю перанесла ўжо 90 тысяч еўрапейцаў, што сведчыць пра больш імклівае, чым летась, распаўсюджанне адру. Найбольшая колькасць захварэлых ва Украіне — 54 тысячы, у Казахстане — 8,8 тысячы, Грузіі — 4 тысячы, Расіі — 3 тысячы, Турцыі і Францыі — па дзве тысячы, Польшчы і Балгарыі — па тысячы. Ва Украіне сёлета ад адру памерла 19 чалавек, а з пачатку эпідэміі — 39.
Вакцынацыя ад адру пачалася ў нас з 1967 года. Тады рабілі адну прышчэпку. З 1987 года прынята рашэнне рабіць другую прышчэпку монавакцынай. А з 1996 года дзяцей у Беларусі пачалі прышчэпліваць трохкампанентнай вакцынай (адзёр, паратыт, краснуха). З 2000 года краіна цалкам перайшла на трохвалентную вакцыну. Дзеці прышчапляюцца двойчы: у гадавалым і шасцігадовым узросце.
Да 1967-га на адзёр штогод на тэрыторыі Беларусі хварэла 50—80 тысяч чалавек. Лічыцца, што людзі, якія перанеслі гэту інфекцыю аднойчы, больш на яе не захварэюць.
Алена КРАВЕЦ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?