Вы тут

Жыццяпіс. Вагон-лаўка і вагон-клуб


Маці збіраецца ў вагон-лаўку, якая, як і вагон-клуб, прыязджае на станцыю адзін раз у месяц. У чыгуначную лаўку пускаюць толькі чыгуначнікаў. А хто ж не ведае на вуліцы і нават у пасёлку, хто такі Дарынчын бацька? Усе ведаюць, бо Дарынчын бацька — чыгуначнік! Ды яшчэ і які: ён адукаваны і таму працуе начальнікам — брыгадзірам рабочых-пуцейцаў. А яшчэ ён дапамагае большаму начальніку, дарожнаму майстру, рабіць справаздачы, бо ў яго такі прыгожы почырк — на заглядзенне. Нейкі калігра... каліграфічны. Правільна вымаўляць гэтае слова яе навучыў брат. Дарынка ледзь язык не зламала, завучваючы яго. Калі бацька робіць тыя справаздачы, дык прыносіць дамоў лічыльную машынку — арыфмометр называецца. Дарынка з Шуркам нават круціла на ім ручкай. Праўда, адхапіла разам з братам прачуханца за гэта, бо пасля іх кручэння той арыфмометр бацьку давялося несці назад у кантору, а потым везці на рамонт у Гомель, у тую самую дыстанцыю. Пасля гэтага здарэння бацька замыкаў машынку ў спецыяльнай скрынцы на маленькі замочак.


З вагона-лаўкі бацькі прыносяць усяго-ўсякага: цукеркі, розныя крупы, белую муку, макарону. Галоўнае для Дарынкі і меншага з братоў, канешне ж, цукеркі, а большыя браты і сястра цікавяцца прамтаварамі. У вагоне-лаўцы прывозяць і іх.

А аднаго разу бацька прынёс на плячы нейкі доўгі скрутак. Вочы маці свяціліся задавальненнем: «Ну во, і ў нас будзе як у людзей», — сказала яна, калі бацька апусціў яго на падлогу ў зале і пачаў развязваць шпагат. Дзеці абкружылі бацькоў і з нецярплівасцю чакалі, што ж там за цуд такі? Скрутак аказаўся самым сапраўдным крамным дываном. На яго бацька запісваўся ў чаргу. «Віцебская фабрыка», — прачытаў Мацвей на этыкетцы, прыклеенай на тым дыване. Яго прымацавалі над ложкам бацькоў у зале. Потым бацькі прынеслі з вагона-лаўкі крамныя палавікі-дарожкі. Яны былі зялёнага колеру з палосамі па баках. Новыя палавікі засцялілі таксама ў зале, а самаробныя перамясцілі ў вітальню-сталовую.

Вагон-лаўка — штука насамрэч цікавая, але вагон-клуб нашмат цікавейшы. Ён прывозіць на іх станцыю кіно. Дарынка ўсё ніяк не дачакаецца, калі ж і яна пойдзе ў тое кіно на колах.

Нарэшце дачакалася. Ёй пашанцавала — бацькі ўзялі яе з сабой. У кіно папрыходзілі чыгуначнікі з восаўскай і маканавіцкай брыгад. Дарынка сядзела на руках у бацькі.

«Вірынея» — так называўся фільм. Вячаслаў Шалевіч, Вячаслаў Нявінны, Людміла Чурсіна на ўсё жыццё засталіся ў памяці маладымі, прыгожымі. Потым, калі ўжо вырасла, чамусьці больш ніводнага разу не давялося пабачыць «Вірынею».

Раіса ДЗЕЙКУН

Загаловак у газеце: Вагон-лаўка і вагон-клуб

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.