Вы тут

У Кітаі з'явіцца пасёлак — копія палаца Радзівілаў


Пасёлак з беларускім каларытам плануюць пабудаваць у горадзе Чунцын на працягу шасці месяцаў. Пра гэта расказаў сакратар партыйнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая Тан Чуань падчас сустрэчы з дэлегацыяй Мінскай вобласці, якая знаходзілася з дзелавым візітам у гэтай краіне.


На рэалізацыю праекта плануецца патраціць каля 40 мільёнаў долараў. Комплекс размесціцца на плошчы 240 гектараў на тэрыторыі дзяржаўнага сельскагаспадарчага тэхнапарка.

— Гэта будзе пакуль адзіны турыстычны комплекс з беларускім каларытам, — сказаў Тан Чуань. — Мы спадзяёмся, што гэты ўнікальны аб'ект стане пляцоўкай для размяшчэння, у тым ліку, беларускіх сельскагаспадарчых прадуктаў.

Прататыпамі забудовы і ландшафтных мадэляў пасёлка выступаюць архітэктурныя аб'екты Мінскай вобласці. Напрыклад, тут з'явіцца дакладная копія палаца Радзівілаў. Нядаўна кітайскія спецыялісты наведалі Нясвіж, дзе дасканала вывучылі архітэктурныя асаблівасці палаца.

Беларускі бок, у сваю чаргу, дапаможа замежным калегам з культурным напаўненнем аб'екта. На тэрыторыі комплексу плануецца размясціць вялікую сцэну, дзе будуць ладзіцца канцэрты, у тым ліку і беларускіх калектываў. Кітайскі бок таксама запрасіў падключыцца да ўдзелу ў праекце мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Валянціна Елізар'ева. Пра гэта паведаміла «Звяздзе» прэс-сакратар Мінаблвыканкама, начальнік аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ларыса Коршун, якая ўваходзіць у склад дэлегацыі.

Як вядома, Нясвіж быў адным з пачынальнікаў балетнай школы ў класічным разуменні гэтага слова.

— Тое, што прапаноўвае кітайскі бок, — гэта цудоўна. І мы будзем рады сумеснаму творчаму супрацоўніцтву, — сказаў Валянцін Елізар'еў.

Ужо вядома, што копія Нясвіжскага палаца зойме плошчу больш за 2,5 тысячы квадратных метраў. Старыя аб'екты, размешчаныя на будучай будаўнічай пляцоўцы, пойдуць пад знос.

Урад горада Чунцын удзяляе асаблівую ўвагу гэтаму праекту. «Мы верым, што ён будзе карыстацца цікавасцю як сярод айчынных, так і сярод замежных турыстаў і стане ўзорам супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю», — лічыць куратар праекта Хэ Бо.

Пагадненне аб інвестыцыйным супрацоўніцтве ў межах узвядзення пасёлка ў Чунцыне падпісана сёлета ў жніўні. Прадстаўнікі раёна Юйбэй гэтага горада наведалі аб'екты Мінскай вобласці. Дагаворам прадугледжана будаўніцтва двух унікальных комплексаў: кітайскага — у нашым цэнтральным рэгіёне, беларускага — у Чунцыне. Пасёлак на Міншчыне размесціцца на ўчастку ў 100 гектараў. У забудове будуць выкарыстаны прататыпы дамоў культуры Чунцына і тыповых будынкаў усходняй часткі правінцыі Сычуань.

— Турызм, гандаль і культурныя абмены — асноўныя функцыі новабудоўляў, — дадала Ларыса Коршун.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».