Вы тут

Загадкі і фантазіі


Вера Бурлак. Фантазюркі. Мінск, Галіяфы, 2018.

Згодна ўсходняй філасофіі, мы самі ствараем свет вакол сябе. Дзеці выдатна пра гэта ведаюць. Дарослыя калісьці таксама ведалі, але забыліся. На шчасце, не ўсе. Пісьменніца Вера Бурлак з тых дарослых, якія захавалі парадаксальнасць і яскравасць бачання, уласцівую дзецям, а таксама здольнасць чуць музыку ва ўсім:

А вось цяпер – чыя музыка грае?

Музыка тралейбусаў, музыка ветру.

Мама на кухні гатуе і спявае.

Музыка патэльняў, музыка спеваў.   

Ва ўсім хаваецца цуд – у дрэвах вакол лужыны, у гудзенні халадзільніка і брэху сабачкі за акном. У маленькім доміку, які стаяў пасярод двара і аднойчы знік – перабраўся ў новы “зачараваны двор”.  Сонца – парасон, “вясёлы і жоўты, як спелы лімон”, а раскрыў гэты парасон над сабой і над горадам звычайны тралейбус. У вершах Веры Бурлак светам кіруе фантазія. Не, так: Яе Вялікасць Фантазія. І няхай бацькі рыхтуюцца да таго, што з набыццём гэтай кнігі ў сямейны лексікон трывала ўвойдуць наватворы кшталту “вінегрэтарэз” (мама), “вінегрэтасол” (бабуля) і, вядома, “вінегрэтаед”, а прыгатаванне вінегрэта зробіцца лінгвістычнай гульнёй. “Фантазюркі” дапамогуць дзіцяці развіць творчыя здольнасці, убачыць цудоўнае ў звычайным і побытавым.


Аксана Спрынчан. Смачная кніга. “Мастацкая літаратура”, Мінск, 2017.

Кніга прызначана для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, але і дарослыя з задавальненнем прачытаюць “смачныя вершы” і загадкі, бо ўсе яны распавядаюць пра беларускія стравы і спосабы іх прыгатавання. Дранікі ды верашчака, грыбны суп, аладкі, булён, гарбата з зёлак, а яшчэ шакаладкі, мармелад, марозіва – колькі смакаты! Кніга раскажа пра адметнасці страў нацыянальнай кухні, патлумачыць, чаму хлеб, пакладзены на абрус з беларускага лёну, “свой і ў спёку, і ў дажджы”, – найсмачнейшы. Чытач даведаецца, як мятлік гатаваў гарбату з мялісай, чаму баклажан і кажан – зусім не радня. Назбірае грыбоў на суп разам з вожыкам, высветліць, хто такая нябёсная піратка і пра што размаўлялі лось з ласосем. Ёсць тут і “Смачныя загадкі”, а раздзел “Агародная хованка” распавядзе пра тое, што расце на градках. Паэтка нездарма раіць сваім чытачам «Смачна чытаць!» – акрамя ўласна тэкстаў, дзеці і дарослыя атрымаюць асалоду ад мастацкага афармлення кнігі.

Алена Брава

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.