Вы тут

Выцінанка — беларускі брэнд, проста пакуль не вельмі раскручаны


Гэты від мастацтва зарадзіўся ў сялянскіх хатах і пачаўся... з нажніц для стрыжкі авечак. Калі ў жанчын практычна не было сродкаў і магчымасцяў упрыгожыць свой дом, яны выкарыстоўвалі выцінанку — адмысловую тэхніку ўзорыстага выразання з паперы — і з яе дапамогай стваралі ажурныя ўпрыгажэнні для «покуці» з абразамі, аконных праёмаў, шаф, паліц і г. д. Паступова з'яўляліся ўсё больш складаныя кампазіцыі, вартыя нават найлепшых галерэй свету... Таму, калі я даведалася, што мастачка Алена ШАЛІМА праводзіць выстаўку выцінанкі «Папяровыя мары» і прапануе майстар-клас, паспяшалася запісацца.


Карыкатура... з паперы

Мы сустракаемся з мастачкай у арт-гасцёўні «Высокае мѣста» і праходзім у выставачную залу, дзе ў мяне адразу аднімае мову. На белых сценах — вялікія графічныя карціны-ручнікі памерам каля двух метраў. Цяжка ўявіць, што ўсе яны зроблены з паперы. Сюжэты родныя і вядомыя: тут і нашы гарады, і героі міфалогіі, і нават фрагменты гісторыі дзяржавы. Гэта незвычайнае мастацтва. Чаму? З аднаго боку — шматграннасць і глыбіня сэнсаў. З другога — матэрыял, з якога зроблены твор, стварае адчуванне далікатнасці і недаўгавечнасці.

Майстар прызнаецца, што працаваць з вялікімі ручнікамі даволі складана, бо трэба ўтрымаць велізарнае палатно паперы. Яно не павінна разваліцца і страціць форму:

— Таму невялікія каляровыя ўкрапіны ў маіх манахромных работах маюць не толькі дэкаратыўнае, але і практычнае прызначэнне — яны дапамагаюць твору не пашкодзіцца і пры гэтым заставацца сюжэтна цэласным. Большасць работ з чорнай паперы, але доўгі час знайсці патрэбную колькасць матэрыялу было праблемай, даводзілася фарбаваць газетную паперу тушшу.

Творы выглядаюць настолькі мудрагелістымі, што цяжка ўявіць, колькі часу можа на іх пайсці. Алена ўсміхаецца: «Некаторыя выразаюцца і за дзень. А вось на пошукі ідэі можа спатрэбіцца і некалькі гадоў. Да таго ж, я не раблю накіды, усё трымаю ў галаве».

На выстаўцы сабрана больш за 50 работ. Мастачка кажа, што «Папяровыя мары» — гэта своеасаблівая справаздача за 15 гадоў.

Пакуль любуюся ручнікамі, чую, як наведвальніца ўсклікае: «Гэта ж Якуб Колас!» Абарочваюся — сапраўды, відаць партрэтнае падабенства. Выцінанка — гэта не толькі ўзоры і сюжэты, у Алены Шалімы ёсць вялікі цыкл партрэтаў і нават карыкатур.

Чаму пра яе забыліся?

— Выцінанка лічыцца народным мастацтвам, але і паны таксама выразалі з паперы, — расказвае Алена, праводзячы мяне ў наступную залу. — Праўда, яны больш практыкавалі выразанне сілуэтаў, партрэтаў, біблейскіх сюжэтаў. Уклейвалі іх у альбомы ці аздаблялі рамкамі пад шкло. Для такіх работ патрэбна мастацкая адукацыя і больш тонкія прылады. Нажніцамі для стрыжкі авечак мудрагелісты сюжэт не зрабіць. Простыя людзі знайшлі іншы прыём: шматразова склаўшы паперу, рабілі свае ўзоры і настроі. Газетную паперу выбельвалі, высушвалі і стваралі аздабленне сваіх хат.

Малюнак залежаў ад прызначэння вырабу, ад фантазіі і ўмення аўтара і, вядома, ад рэгіёна, у якім ён ствараўся. Бо кожная мясцовасць мела свае сімвалы і знакі, што маглі захавацца яшчэ з паганскіх часоў. Для беларускай выцінанкі характэрныя геаметрычныя ўзоры, радзей раслінныя, зааморфныя, антрапаморфныя матывы, падобныя на вышываныя, разьбяныя і маляваныя. Пік развіцця выцінанкі прыпаў на другую палову XІX — першую палову XX стагоддзя, цяжкія часы пасляваеннага аднаўлення. Гаспадыням вельмі хацелася наладзіць і ўпрыгожыць мірнае жыццё. Даволі простая тэхніка выцінанкі і таннасць матэрыялу дазвалялі гэта зрабіць.

— А потым адбудавалі пасля вайны фабрыкі і заводы, з'явілася больш тканін, — расказвае Алена. — Працадні паступова змяніліся на зарплату, і людзі пачалі купляць гатовыя прадметы дэкору. У дамах засталіся толькі сурвэткі і папяровыя ўзоры на вокнах зімой, але і яны з часам перасталі быць модныя.

Цяпер, дзякуючы выдатным майстрам, выцінанка пакрысе ажывае. Але гэтага ўсё роўна недастаткова для паўнацэннага адраджэння.

Мастачка перакананая, што ўсе віды творчасці «раскручваюцца» пэўным чалавекам. Таму патрэбен рухавік. Напрыклад, такі, якім стала Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава — заснавальніца маладзечанскай школы выцінанкі ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Яна адкрыла шмат індывідуальных творчых асоб, праявіла настойлівасць у папулярызацыі выцінанкі. Дзякуючы яе намаганням Маладзечанскі музычны каледж імя Агінскага стаў развіваць гэты кірунак і ўключыў работу з паперай у пералік спецыялізацый. Або Вячаслаў Дубінка — беларускі пісьменнік, журналіст, мастак, фатограф і майстар народнай творчасці, якога Алена лічыць сваім настаўнікам.

Пяцьдзясят гадоў таму дзядуля Алены Шалімы, Уладзімір Дагаеў, працаваў фатографам у рэдакцыі газеты «Звязда». Менавіта там яны з Вячаславам Дубінкам і пазнаёміліся.

— А я часта бывала ў дзядулі. Аднойчы Вячаслаў Андрэевіч прынёс невялікі папяровы матыў і паказаў мне, але ў той момант мне гэта было нецікава, а папера здавалася несур'ёзным матэрыялам. Выцінанку бабуля паклала ў кніжку, і такім чынам яна цудоўна захавалася. Цяпер яна вісіць у рамцы на сцяне ў маім доме. Потым з Дубінкам я сустрэлася ўжо ў свядомым узросце. Прыйшла на яго выстаўку, мы пагаварылі. Так завязаліся нашы зносіны і сяброўства, а я пачала прыглядацца да мастацтва выцінанкі.

Ад магіі да цішоткі

У 2003 годзе Алена захацела ўступіць у Саюз майстроў народнай творчасці. Але ёй сказалі, што атрымаць пасведчанне сябра саюза — нялёгкая справа. Яна ўспрыняла гэта як выклік і за кароткі час зрабіла некалькі сюжэтаў на тэму беларускай міфалогіі, з якімі ў выніку і была прынятая ў саюз.

Варта паспрабаваць?

Пытаюся, як Алена вызначыла б сваё прызначэнне.

— Папулярызатар. Я хачу прыцягнуць да культуры як мага больш людзей. А выцінанка — гэта найбольш даступны спосаб з прыкладной творчасці. Гэта беларускі брэнд, проста пакуль не вельмі раскручаны. Але мы над гэтым працуем. Выцінанка павінна набыць практычнае значэнне, інакш, як у выпадку з любым «замкнутым» відам культуры, яна паступова знікне. Але сёння яна можа быць усюды: адзенне, посуд, вітражы... Я хацела б зрабіць лінейку сукенак з рознымі матывамі. Мы з Symbal.by ўжо выпусцілі некалькі рэчаў з такімі малюнкамі. Часам бачу чалавека ў цішотцы са сваёй работай — гэта надзвычай прыемна. Мару, каб выцінанка была на сценах дамоў, пакетах і скрынках, на пасцельнай бялізне і адзенні, на тых вырабах, якія людзі трымаюць у руках і бачаць кожны дзень.

— А яшчэ гэта добры антыстрэс, — далучаецца да размовы мастачка Наталля Гамаюнава, пакуль мы рыхтуемся да выразання. — Нядаўна Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» папрасіў нас даць майстар-клас па выцінанцы для людзей, якія рэабілітуюцца пасля аперацыі. Яны вымушаныя шмат ляжаць і практычна нічым не занятыя. А выцінанка вельмі простая ў выкананні, для якога не патрэбны адмысловыя навыкі, пацыенты могуць рабіць тое лежачы або седзячы. Гэта дапамагае выйсці з негатыўнага стану.

Алена прыклала да ліста аранжавай паперы далонь, абвяла па контуры і выразала. Яшчэ пара рухаў — перада мной Фенікс, якога мастачка стварыла за хвіліну.

— Усе матэрыялы літаральна ў вас пад рукой, — усміхаецца Алена, маючы на ўвазе, што выцінанка створана дзякуючы контуру далоні.

...Сыходжу з пачуццём, што дакранулася да чагосьці чароўнага. І хоць я толькі што бачыла, як узнікае гэтая магія, усё ж не магу паверыць: няўжо такія цуды ствараюцца чалавекам? Няўжо гэтаму можна навучыцца? Няўжо ўсё гэта — наша, беларуская, культура?

Сапраўды, яна вартая таго, каб мы змагаліся за яе адраджэнне.

Алена Шаліма — сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і Беларускага саюза дызайнераў. Займаецца мастацтвам выцінанкі больш за 15 гадоў. Апошнім часам распрацоўвае тэму «Ручнікі ў выцінанцы». Работы мастачкі неаднаразова выстаўляліся ў Беларусі, Латвіі, Літве і Польшчы.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Загаловак у газеце: Модная... выцінанка

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.