Вы тут

Сёння адкрываецца кірмаш-выстава «ПрадЭкспа-2019»


Юбілейная выстаўка і дзелавы форум «Харчовая прамысловасць Рэспублікі Беларусь ва ўмовах паглыблення інтэграцыйных працэсаў» пройдзе ў Мінску 12—15 лістапада.


Запланавана, што гэтае мерапрыемства збярэ больш за 150 вытворцаў з Сінявокай і замежных краін. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара Выставачнага цэнтра «БелЭкспа» Яўген Брыгадны.

Тут будуць прадстаўлены найлепшыя харчовыя прадукты і напоі на беларускім рынку. Юбілейнае мерапрыемства адбудзецца пры падтрымцы ўрада і збярэ ўсіх буйных удзельнікаў харчовага бізнесу, прадстаўнікоў навукі, галіновых міністэрстваў і бізнес-саюзаў.

Старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец разнапланава растлумачыў мэты і задачы будучага дзелавога форуму.

На яго погляд, «асноўныя выклікі нацыянальнай эканоміцы фарміруюць умовы, якія мы атрымаем у выніку інтэграцыйных працэсаў ЕАЭС і СГА. З якімі прадуктамі мы сёння ідзём у Расію, Заходнюю Еўропу і краіны далёкай дугі і з чым павінны ісці заўтра? Гэта будзе адкрытая размова з калегамі, партнёрамі, кіраўніцтвам, Белдзяржхарчпрамам і Белкаапсаюзам. Мы хацелі б пачуць кароткія даклады аб найлепшых дзелавых практыках пабудовы бізнес-мадэляў».

Па словах Аляксандра Швеца, вялікае маркетынгавае дасягненне ўсёй нашай харчовай галіны — пазітыўны «сарафанны маркетынг». У якую краіну былога СССР ні паедзеш, «усюды людзі кажуць, што ў вас каўбаса, як пры Савецкім Саюзе, і нават лепшая. Але трэба ісці далей і прапаноўваць інавацыйныя прадукты».

Пра свой удзел у выстаўцы ўжо заявілі 200 найбуйнейшых вытворцаў і гандлёвых прадстаўнікоў Беларусі, краін СНД і Еўрапейскага саюза. Менавіта да «ПрадЭкспа» многія з іх імкнуцца прымеркаваць запуск новых прадуктаў і гандлёвых марак.

На парадку дня ўдзельнікаў дзелавога форуму заяўленыя такія тэмы для абмеркавання, як пошук умоў для павышэння эфектыўнасці работы беларускіх птушкагадоўчых прадпрыемстваў, развіццё вытворчасці арганічнай прадукцыі, а таксама магчымыя экалагічныя змены на рынку ўпакоўкі. На пленарных пасяджэннях плануецца абмяркоўваць развіццё фермерства, вузкіх спецыялізацый, такіх як авечкагадоўля, і, безумоўна, хіт аграрнай палітыкі — развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі.

Сімвалічна, што 18 лістапада ў краіне ўступае ў сілу закон аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі. Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Таццяны Карбановіч, пакуль у Беларусі толькі 27 суб'ектаў гаспадарання займаюцца арганічнай прадукцыяй, сертыфікавана 1600 гектараў зямлі, ёсць акрэдытаваныя лабараторыі, гатовыя выдаваць сертыфікаты для паставак у Еўрасаюз.

Тэма сёння больш цікавая вытворцам і гандлёвым сеткам, якім важна, каб на паліцах прысутнічала такая прадукцыя. Дзякуючы новым заканадаўчым рамкам вытворчасці і продажу павінны сысці ў нябыт фальшывыя «натуральныя» тавары. Адметны знак атрымаюць тыя, якія сапраўды зроблены па стандарце і адпавядаюць усім патрабаванням.

Прымуць удзел у выстаўцы і вядучыя беларускія вытворцы. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела каардынацыі пастаўкі тавараў канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Святланы Барадзіной, толькі іх канцэрн выставіць восем стэндаў, дзе будзе прадстаўлена алкагольная, кандытарская, цукровая, солевая і іншыя віды прадукцыі.

Сярод цэнтральных падзей выставачнага форуму — Міжнародны сімпозіум хлебапёкаў, на які з'едзецца каля 200 прадстаўнікоў хлебапякарнай галіны з Беларусі, Германіі, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Расіі і іншых краін. Тут будуць прадстаўлены апошнія навінкі абсталявання і тэхналогій у сферы хлебапячэння і кандытарскай вытворчасці, а спецыялісты змогуць абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця і вынікі сусветных даследаванняў спажывецкіх пераваг у хлебабулачных вырабах.

Самым відовішчным мерапрыемствам юбілейнага «ПрадЭкспа-2019» стане гастранамічны праект — міжнародны кулінарны кубак (ІNTERNATІONAL CULІNARY CUP). З 12 да 14 лістапада на выставачных плошчах разгорнуцца практычныя спаборніцтвы прафесійных кухараў, кандытараў і зборных камандаў з краін блізкага і далёкага замежжа. Прыняць удзел у конкурсе, пазмагацца за званне найлепшага і атрымаць прыз «брыльянтавы каўпак» можа любы ахвотны. Будуць арганізаваны шматлікія майстар-класы вядучых шэф-повараў і кандытараў.

Упершыню ў рамках выстаўкі пройдуць бліц-перагаворы закупшчыкаў беларускіх і расійскіх гандлёвых сетак з вытворцамі і пастаўшчыкамі прадуктаў харчавання і напояў. Гэта дапаможа кампаніям находзіць першасны кантакт для развіцця далейшых узаемаадносін.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Лепш адзін раз пакаштаваць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.

Культура

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Сёлета ён пройдзе ўпершыню выключна пад адкрытым небам.

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».