Медыцынскія ўстановы Гомельшчыны, праекты якіх перамаглі ў конкурсе пасольства Японіі ў Беларусі «Карані травы», атрымалі новае дыягнастычнае абсталяванне на агульную суму 217 тысяч долараў.
Ва ўрачыстай абстаноўцы перадаў яго бальніцам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Хірокі Такунага, які гэтымі днямі наведвае Гомельскую вобласць. Хойніцкая цэнтральная раённая бальніца атрымала бронхаскоп і каланаскоп. Яны закуплены на суму 60 450 долараў. У Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, якая выйграла грант у памеры 80 400 долараў, з'явіўся новы гастраскоп, у якім медыцынская ўстанова мела патрэбу. Гастраскоп закуплены і для Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Яна выйграла ў конкурсе грант у памеры 76 350 долараў. Ва ўрачыстых цырымоніях перадачы прынялі ўдзел мясцовыя органы ўлады, калектывы бальніц, прадстаўнікі МНС і Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.
У межах праграмы «Карані травы» з 2004 года ў Беларусі быў рэалізаваны 51 праект, у тым ліку 28 — у Гомельскай вобласці, якая найбольш пацярпела ад катастрофы на ЧАЭС. Пераважная большасць з іх — у медыцынскай галіне. Сродкі мэтанакіравана выдзяляліся для набыцця медыцынскага абсталявання. Агульная сума грантаў, выдзеленых Беларусі за гэты час у межах праграмы, перавысіла чатыры мільёны долараў.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: jillcarnahan.com
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?