Вы тут

На Віцебшчыне хочуць стварыць найбуйнейшы холдынг, які зойме 2/3 яе плошчы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў у Віцебску нараду па развіцці аграпрамысловага комплексу.


Кіраўнік дзяржавы адразу адзначыў, што гэта нарада ўвойдзе ў гісторыю. 

«Хацелася б, каб гэта сустрэча стала гістарычнай з пункту гледжання наступстваў, натуральна — станоўчых для Віцебскай вобласці, — сказаў ён. — Магчыма, не адразу сёння. Няхай гэта будзе вялікім пачаткам. Але мы павінны прыняць рашэнне аб далейшым не проста развіцці Віцебшчыны, але далейшым яе шчаслівым існаванні». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дапусціць памылкі нельга. «Час эксперыментаў закончыўся. У тым ліку, калі праецыраваць на нашы развагі, на сённяшнія прапановы ў частцы нейкай інтэграцыйнай структуры. Па-мойму, у вас інтэграцыйнае аб’яднанне не адно», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На пасяджэнне запрошаны кіраўнікі цэнтральных органаў улады, памочнік Прэзідэнта па вобласці, кіраўнікі існуючых інтэграцыйных структур і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. 

«Па асобных паказчыках працы АПК можна адзначыць сціплую пазітыўную дынаміку. Аднак вынікі ўсебаковага аналізу сітуацыі ў сельскагаспадарчай галіне паказваюць наяўнасць вельмі сур’ёзных праблем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Пры гэтым ён дадаў, што самазаспакойвацца не варта і кіраўнікам іншых абласцей: «У нас прыкладна такая ж сур’ёзная сітуацыя ва ўсіх усходніх абласцях: і ў Магілёўскай, і ў Гомельскай. Ім таксама прыйдзецца прадпрымаць надзвычайныя меры. Але там пасля замены кіраўнікоў абласцей варушыцца быццам бы пачалі. Але гэтага мала. Трэба прадпрымаць тэхналагічныя і арганізацыйныя меры, каб справіцца з праблемамі, якія там існуюць».

Што тычыцца Віцебшчыны, за пяць апошніх гадоў аб’ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі зменшыўся амаль на два працэнты. «Гэта значыць, вы не топчыцеся на месцы, я ўжо не кажу пра тое, што вы прырастаеце мала. У вас поўная стагнацыя. Пяць гадоў вы коціцеся ў адваротны бок. І ганебныя з’явы, пра якія я часта кажу, для нашых кааператываў заключаюцца ў тым, што вы яшчэ летась, баюся, і сёлета перакідваеце кармы з раёна ў раён, каб хоць неяк пракарміць жывёлу і выпіхнуць, як у народзе кажуць, на пашу ў сакавіку, калі там яшчэ есці няма чаго... Якая прадукцыя, якія інтэграцыйныя структуры вас пры гэтым выратуюць?» — спытаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў устойлівую тэндэнцыю да скарачэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, нізкія сярэднясутачныя прыбаўкі, самы нізкі сярэдні надой у краіне — менш за 4 тысячы кілаграмаў.

«Нізкая інвестыцыйная актыўнасць, падзенне экспартнага патэнцыялу і як вынік — пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў, — пералічыў далей Прэзідэнт. — Доля стратных арганізацый расце, а іх удзельная вага максімальная сярод усіх абласцей краіны. Цалкам недапушчальна тое, што ад такой працы (калі гэта наогул можна назваць працай) пакутуюць людзі. Ад нашай неарганізаванасці, нераспараджальнасці і, трэба шчыра сказаць, ад бесталковасці саміх людзей. Але трэба сказаць, бесталковасць нашых падначаленых пачынаецца заўсёды з нас».

Скарачэнне занятых у галіне і іх нізкая заработная плата ўжо нікога не здзіўляюць, заўважыў кіраўнік дзяржавы. Як інфармуе Белстат, 37 працэнтаў работнікаў сельскай гаспадаркі Віцебскай вобласці атрымліваюць заработную плату ніжэй за 500 рублёў, а 40 арганізацый нават не могуць забяспечваць яе рэгулярную і самастойную выплату».

Ці патрэбен вялікі холдынг?

Аляксандр Лукашэнка абурыўся тым, што ў такой сітуацыі кіраўніцтва вобласці недаравальна доўга (больш за два гады) распрацоўвае прапановы аб тым, як можна было б яе выправіць. 

Сёння ў вобласці створаны чатыры інтэграцыйныя структуры ў выглядзе холдынгаў. Ёсць яшчэ пяты холдынг, які не рэгулюецца Указам № 320 2016 года. І толькі ў гэтым, пятым, стан спраў добры. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба ў дэталях і падрабязна абмеркаваць усе пытанні. Неабходна высветліць і зразумець: якія прычыны ў тым, што сельскагаспадарчая галіна на Віцебшчыне праблемная? І няўжо адзіны холдынг здыме ўсе цяжкія пытанні? Ці выяўлены і, галоўнае, ліквідаваны ўсе першапрычыны, якія прывялі да сітуацыі, якая склалася? Якая вытворча-тэхналагічная стратэгія развіцця холдынгу, які плануецца стварыць? Наколькі ён будзе эфектыўна працаваць і ці можна будзе разлічыцца з даўгамі? 

Каб не было такога, што будзе прынята паспешнае рашэнне, Прэзідэнт запатрабаваў персанальнай адказнасці ад тых, хто мае дачыненне да стварэння холдынгу. Трэба выпрацаваць стратэгію, якой павінна быць дзяржаўная падтрымка. Нельга дапусціць, каб яна была «замаскіраванай», нельга «зрабіць спробу» заплюшчыць вочы на парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны і безгаспадарчасць. 

«Я азнаёміўся з праектам указа. Асноўныя палажэнні прадугледжваюць радыкальную перабудову ўсёй сістэмы ўпраўлення аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці, а прапанаваны супербуйны холдынг зойме дзве траціны яе тэрыторыі, — паведаміў кіраўнік дзяржавы. — Пры гэтым вобласць разлічвае на каласальную суму дзяржаўнай падтрымкі. Таму для прыняцця канчатковых рашэнняў сёння нам трэба будзе падрабязна і канкрэтна абмеркаваць усе існуючыя пытанні».

«Вы атрымалі адмоўны вопыт чатырох холдынгаў з пяці, якія функцыянуюць інакш, і цяпер хочаце стварыць адзін гіганцкі холдынг? — удакладніў Прэзідэнт у губернатара. — Мне трэба мець уяўленне, на падставе чаго мы гэта робім. Мне ж падпісваць гэты указ і несці за яго адказнасць. Гэта вялізныя расходы, і грошы трэба будзе забіраць у той жа Магілёўскай вобласці, дзе праблем не менш».

Трэба жорстка прытрымлівацца тэхналагічных патрабаванняў, паўтарыў Прэзідэнт. «Калі не будзе ад зямлі, машынных двароў, зернятокаў карысці ў гаспадарках на месцах, ніякія холдынгі сітуацыю не выратуюць», — сказаў ён. І ёсць пытанні, на якія неабходны адказы ўжо сёння: як будзе кіравацца адзіная холдынгавая структура, якую ролю будуць граць мясцовыя органы ўлады, структуры райсельгастэхнікі.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў нагадаў, што распараджэннем прэм’ер-міністра ў красавiку мінулага года была створана рабочая група.  Гэта было зроблена ў мэтах выканання прэзідэнцкіх даручэнняў па стабілізацыі фінансавага становішча арганізацый аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці і з улікам іх выхаду на эфектыўную працу. У яе склад уваходзяць кіраўнікі зацікаўленых міністэрстваў, банкаў, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У выніку дэталёвага вывучэння сітуацыі, якая склалася ў сельскай гаспадарцы, з выездам на месцы ў раёны і сельгасарганізацыі, паглыбленага аналізу работы арганізацый АПК, калегіяльна вызначылі ключавыя праблемы, якія ў першую чаргу адмоўна ўплываюць на развіццё эканомікі аграпрамысловага комплексу, і выпрацавалі шляхі іх вырашэння.

«Склалася залежная сітуацыя. Сельскагаспадарчыя арганізацыі па прычыне праблем, якія ўтварыліся, не могуць захаваць аб’ёмы вытворчасці і тым больш іх нарасціць. А перапрацоўчыя прадпрыемствы штогод недаатрымліваюць сыравіну і не толькі зніжаюць эфектыўнасць уласнай вытворчасці, але і, як следства, страчваюць магчымасць своечасовай мадэрнізацыі тэхналогій перапрацоўкі і пры гэтым губляюць канкурэнтаздольнасць на рынку», — расказаў ён. 

Прэзідэнт пацікавіўся, чаму неэфектыўна працуюць комплексы, якія перапрацоўваюць прадукцыю. Губернатар канстатаваў, што яны былі пабудаваныя ў савецкія гады. Прадпрыемствы мясамалочнай перапрацоўкі былі мадэрнізаваныя, але іх загружанасць 50–60%. 

Пры гэтым малочныя і мясакамбінаты «цягнуць» за сабой стратныя прадпрыемствы. 

У вобласці ёсць гаспадаркі, дзе даўгі перавышаюць гадавую выручку ў шэсць разоў

Яны працуюць у рамках 395-га указу, гэта значыць, маюць трохгадовую адтэрміноўку і пяцігадовую растэрміноўку ў выплаце даўгоў. 

«Вы зразумелі, што інтэгратарам можа быць прадпрыемства, якое вырабляе канечную прадукцыю: мяса і малако», — удакладніў падчас гутаркі Прэзідэнт. 

У 2016 годзе інтэгратарамі сталі камбінаты хлебапрадуктаў, бо ў малочна- і мясаперапрацоўчых заводаў у большасці былі арыштаваныя рахункі. Вобласць разлічвала, што малочныя і мясныя перапрацоўчыя заводы змогуць паправіць свой фінансавы стан і аб’яднаць гаспадаркі пад сваім дахам. Па меркаванні кіраўніцтва рэгіёну, гэты час прыйшоў.

«Што змянілася, — спытаў Прэзідэнт. — Якія ўмовы вы стварылі?»

Кіраўніцтва вобласці ўпэўненае, што стан ўсё ж такі палепшыўся. У прыватнасці, вызначыліся дакладныя сыравінныя зоны ў залежнасці ад размяшчэння інтэграцыйных структур. 

Цяпер замест КХП (камбінатаў хлебапрадуктаў) прапануецца паставіць у кіраўніцтва холдынгаў вытворцу канчатковага прадукту. 

«Ну і ідзіце далей, фармуйце там групы спецыялістаў. Давайце падумаем, як іх падтрымаць заробкамі, яшчэ, можа, нейкімі пытаннямі, заключыўшы з імі дагавор, і працуйце далей, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мяне ўсё ж такі хвалюе, ці захаваецца вёска ў Віцебскай вобласці. Мяне як Прэзідэнта гэта хвалюе, і людзей. Гэта галоўнае. Калі вы намацалі гэты шлях — ідзіце ім. Чаму вы не хочаце ісці гэтым шляхам і пачынаеце нешта ствараць?»

«Я як чалавек гавару, які нарадзіўся ў вёсцы, папрацаваў на зямлі нямала. Я прыйшоў кіраваць гаспадаркай яшчэ пацаном. Як казалі, па клічу партыі... Бачылі б вы тыя гектары, а праз год ужо стаў калгас-мільянер. Я ведаю, як у гаспадарках працаваць. Ведаю, калі будзе жаданне, будзе плён. А калі будзеце соплі распускаць і займацца незразумела чым, і пасля абеда вас на працы не знайсці, тады не будзе нічога. Таму пачынайце працаваць!» — загадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што рашэнне наконт структуры холдынгу трэба прыняць да пачатку новага года.

«І не пужайце людзей інтэграцыйнымі структурамі... І не трэба тут трэба нешта грувасціць... Без зарплаты нічога не будзе, вы ні з кім не дамовіцеся. Таму пачынайце з зямлі. Калгасы і саўгасы павінны быць, пакуль што. Мы іх ліквідуем і разгонім людзей, людзі адвыкнуць у гэтым калектыве працаваць. А клубы, крамы, школы — хто за гэта будзе адказваць? Што, з Віцебска будзеце гэтым кіраваць?» — эмацыйна выказаўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён патрабаваў навучыцца гаварыць з людзьмі і плаціць ім годна за працу. І,канешне, вельмі важна замацоўваць кадры ў сваёй вобласці, каб не з’язджалі ў іншыя.


«Патыхае дзікім фармалізмам»

Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якім чынам кіраўнікі існуючых інтэграцыйных структур (дырэктары хлебазавода, камбікормавага завода, малаказавода і мясакамбіната) кіруюць сваімі падраздзяленнямі: сельскімі гаспадаркамі, якіх два-тры дзясяткі ў кожнага, у прыватнасці.

Гучалі досыць няясныя адказы кшталту «праводзім пяціхвілінкі», «я не адкажу», «акрамя планёрак, напэўна, ніяк».

«Патыхае дзікім фармалізмам, — зрабіў выснову кіраўнік дзяржавы. — У нас эксперыменты ў савецкія часы таксама былі. У КХП злівалі калгасы-саўгасы, рабілі нейкую структуру, дзялілі акцыі. Так акцыянавалі Шклоўскі камбікормавы завод. Мы павінны былі абіраць кіраўнікоў, цэны ўсталёўваць на зерне, якое прадавалі на гэты завод. Нічога не атрымалася. Райвыканкам умешваўся, рэкамендаваў нам кіраўніка камбікормавага завода, які кіраваў гэтак жа і далей. Мы не маглі паўплываць ні на што. Патыхае гэтым жа фармалізмам і тут».

У адказ прагучала меркаванне, што поспех можа быць толькі, калі структура ствараецца «ад зямлі», як адбылося ў тым адзіным з пяці інтэграцыйных аб’яданнняў Віцебшчыны, дзе відавочны плён у рабоце. Размова пра Віцебскую бройлерную птушкафабрыку, якая выпускае прадукцыю пад вядомым брэндам «Ганна». Да яе таксама далучаны больш за 10 сельгаспрадпрыемстваў.

«Калі ідзе рашэнне „ад зямлі“, аб’ектыўна запатрабаванае і неабходнае, тады структура будзе працаваць, — прагучала на нарадзе. — Тое, што сёння прапануецца, падобна на штучнае». Апаненты прапановы па стварэнні мегахолдынгу аргументавалі тым, што няма бізнес-планаў па кожным прадпрыемстве, няма дадзеных па збалансаванасці аб’ёмаў выручкі з аб’ёмамі выдаткаў у сельгасарганізацыях, якія прапануецца аб’яднаць. Аналіз асобных гаспадарак паказвае, што выручка не дазваляе закрыць выдаткі. Выходзіць, што чакаць іншы вынік, чым той, што маецца зараз, пасля рэалізацыі Указа № 320, няма падстаў».

Удзельнікі размовы сталі спрачацца, маўляў, прычына ў тым, што пройдзенага часу было недастаткова, каб стварыць неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу. «Але ж вы абяцалі, што за гэты час сітуацыя зменіцца, і вы не прыйдзеце з такім жа запытам, — нагадаў Прэзідэнт. — І зараз вы кажаце, што вам патрэбны тры-пяць гадоў. Ці не атрымаецца, што праз пяць гадоў ўсё паўтарыцца?»


Губернатар прызнаўся, што па вялікім рахунку патрабуецца вырашыць адно пытанне — адсунуць тэрмін выплаты даўгоў

Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся і дадаў: «Значыць, праверыць трэба ўсіх іх. Паглядзець, што там за інтэграцыйная структура. Хто будзе кіраваць? Шарснёў мае рацыю. Напэўна, так склалася, ну, не хапіла ім двух-трох гадоў, каб выйсці на прыбытковую працу. І мы вінаватыя — паверылі ім (у 2016 годзе, што гэтых тэрмінаў хопіць. — „Звязда“). А можа нехта сумняваўся, што яны выйдуць. Мы і цяпер павінны сумнявацца. Але прагрэс у гэтым кірунку ёсць. Інтэграцыйныя структуры, завязаныя на перапрацоўшчыкаў, даюць вынікі».

Сутнасць інтэграцыйных структур, пра якія ішла размова сёння ў Віцебскім гарвыканкаме, у тым, што за перапрацоўчым прадпрыемствам, якое вырабляе прадукт для паліцы магазіна, далучаюцца сыравінныя зоны — сельскія гаспадаркі. У гэтай схеме перапрацоўчае прадпрыемства атрымлівае вынік — грошы, валюту, і гэтыя сродкі дзеліць на ўласную вытворчасць і сыравінную зону.

Губернатар заўважыў, што галоўная задача была — не дапусціць падзенне сельскагаспадарчай вытворчасці арганізацый, якія аб’ядналі ў чатыры холдынгі. Ён нагадаў, што ўказ 2016 года прадугледжваў аб’яднанне толькі 37 гаспадарак, але за тры-чатыры гады да іх былі далучаны дзясяткі такіх, якія не могуць самі араць і сеяць. У гэтыя гаспадаркі былі таксама ўкладзеныя грошы, і гэта прынесла пэўны вынік: людзі сталі вяртацца, на фермах з’явілася скаціна. «Узялі сацыяльную нагрузку — больш за 100 гаспадарак, дзе не выплачвалася бы зарплата, бяруць крэдыты і авансіруюць зарплату ў гэтых гаспадарках, разумеючы, што ў гэтых гаспадарках фонд зарплаты — 70 % ад выручкі, — патлумачыў Мікалай Шарснёў. — І паралельна ўкладваем грошы ў развіццё. Таму што калі не ўкладзем, заўтра жывёлы і малака і не будзе. Не сёння, паўтаруся, склалася залежная сітуацыя».


Мегахолдынг ствараць не час

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Ад сыравінных зон не адмовімся. Мы бачым і па прыватніках, і па іншаземных кампаніях — яны ўсе за сыравіныя зоны і просяць: „Дадайце і дадайце“. Значыць, мы на правільным шляху. Не будзе сыравіннай зоны, не будзе мясакамбіната і малаказавода».

Наступнае даручэнне кіраўніка дзяржавы — адрэгуляваць цэнаўтварэнне. «Вы па цэнах адрэгулюйце і развівайце гэтыя структуры інтэграцыйныя, але не пазбаўляйце іх магчымасці пакупаць, дакупляць цэнтралізавана і гэтак далей. І кантралюйце, каб цэны яны не завышалі. Каб не было пасрэднікаў. Няўжо 4 ці 7 чалавек вы не пракантралюеце?» — спытаў ён.

Выканкамы павінны быць надзелены сваімі паўнамоцтвамі і функцыямі па законе, падкрэсліў Прэзідэнт. Яны кантралююць кадравую палітыку. «Калі мы разбалансуем кіраванне краінай, ніякія структуры нікому не будуць патрэбныя, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму вызначыцеся».

Пры гэтым ён нагадаў пра актыўнасць жыхароў рэгіёна на выбарах: «Людзі ў нас залатыя на Віцебшчыне — прыйшлі і прагаласавалі за тых, за каго мы прасілі. Што яшчэ трэба ад людзей? Дык давайце павернемся да іх».

Аляксандр Лукашэнка зрабіў выснову, што пакуль мегахолдынг ствараць не час. Пытанне па адтэрміноўцы даўгоў можна вырашыць, але так, каб і тут, на Віцебшчыне, людзі самі кардынальна змянілі сваё стаўленне да працы на зямлі. «Адтэрмінуем, мо нешта і атрымаецца, але кожны год крывей і потым будзеце зарабляць грошы і дакладваць мне аб нейкім прыросце. Гэта тычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей», — паставіў ён умову.

Прэзідэнт таксама прапанаваў прыватызацыю праблемных гаспадарак: «Не хочуць працаваць у такой форме, трэба адкрыць прыватызацыю гаспадарак, трэба спіс скласці і на сайт. І хай прыйдзе нейкі інвестар і дасць капейку».

Ён паўтарыў, што за ўсё адказныя больш за іншых кіраўнікі гаспадарак і кіраўнікі райвыканкамаў. «Гэтыя патрабаванні застаюца і да новага года трэба вырашыць усе пытанні па гэтых інтэграцыйных структурах, — абазначыў тэрмін Аляксандр Лукашэнка. — Я думаю, што нам трэба сустрэцца ў Мінску, запрасціць старшынь райвыканкамаў, а мо і гарвыканкамаў, і губернатара, каб прыняць рашэнне».


Напрыканцы нарады Аляксандр Лукашэнка прапанаваў задаць яму пытанні. Першае з іх датычылася адмовы банкаўскай сістэмы ад работы з падшэфнымі арганізацыямі. 

Прэзідэнт адказаў, што гэта не абмяркоўваецца, і шэфская дапамога не здымаецца. 

Другое пытанне закранала замацаванне кадраў на сяле. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што магчыма трэба прыняць нейкія адміністрацыйныя меры, каб нявыгадна было сыходзіць. Яшчэ адна прапанова кіраўніка дзяржавы: пры прызначэнні дырэктараў інтэграцыйных структур раіцца з тымі, хто працуе ў холдынгу. 

Трэцяе пытанне датычылася меліярацыі. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся і з гэтай праблемай, назваў яе сапраўды той, якую павінна вырашаць дзяржава, урад. 

Што датычыцца прадмета размовы — АПК Віцебшчыны — то адтэрміноўка гаспадаркам у выплаце даўгоў будзе дадзеная, але гэтага пытання не было б, калі б не было нядбайнасці на розных узроўнях сістэмы.

«Максімум ў пачатку наступнага года пытанне мы павінны разгледзець у мяне», — падвёў вынік размовы Прэзідэнт.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

РІSА-2018: зваротная сувязь. Якія праблемныя пункты ў адукацыі выявіла міжнароднае даследаванне

Наколькі беларуская сістэма адукацыі канкурэнтаздольная і ці адпавядае яна сусветным трэндам?

Грамадства

Чаму наяўнасць бацькі ў сям'і такая важная для дзіцяці. Разбіраемся са спецыялістамі

Чаму наяўнасць бацькі ў сям'і такая важная для дзіцяці. Разбіраемся са спецыялістамі

Дзеці, якія вырастаюць у сем'ях, дзе няма таты або ён ёсць, але амаль не ўдзельнічае ў жыцці малога, па ўсіх паказчыках прайграюць і ў дзяцінстве, і ў дарослым жыцці.

Грамадства

Дырыжор Іван Касцяхін і рэжысёр Алена Медзякова: Мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах

Дырыжор Іван Касцяхін і рэжысёр Алена Медзякова: Мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах

І праз дзесяць гадоў пасля знаёмства яны любяць шпацыраваць па горадзе, узяўшыся за рукі.

Спорт

Як жыве адзіная школа коннага спорту ў Мінскай вобласці

Як жыве адзіная школа коннага спорту ў Мінскай вобласці

Да свайго юбілею школа атрымала выдатны падарунак — капітальны рамонт.