Вы тут

Антоній Тызенгаўз ​(1733—1785)


Ужо ў дзяцінстве Антоній — нашчадак лівонскага роду, што асеў на Беларусі, — вылучаўся сярод таварышаў па вучобе ў Віленскай езуіцкай школе. Няўрымслівы і дзейсны юнак з цяжкасцю праходзіў навучанне. Бурлівая натура не дазваляла яму засяродзіцца на адным занятку. Кніг чытаць ён не любіў, маўляў, у яго свой адметны розум, а таму не цярпеў чужога меркавання. Упэўненасць у сваіх незвычайных здольнасцях і сілах штурхала яго на вялікія справы.


На далейшы лёс Тызенгаўза вельмі паўплывала сяброўства з будучым каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім, калі яны знаходзіліся ў Воўчыне пры двары ўплывовых князёў Чартарыйскіх. Юнакоў збліжала шчырае жаданне высокага служэння Айчыне, шмат казалася пра бядотны стан дзяржавы і неабходнасць рэформаў.

Але да пары да часу абодвум даводзілася прыладкоўвацца да тагачаснага дзяржаўнага жыцця. Кожны ішоў сваім шляхам. Станіслаў Аўгуст апынуўся ў Пецярбургу як пасол Рэчы Паспалітай і неўзабаве стаў палюбоўнікам расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Калі ў 1764 годзе імператрыца захацела ўзвесці на каралеўскі пасад Панятоўскага, Антоній Тызенгаўз, на той час усяго толькі гарадзенскі падстароста і велікакняжацкі пісар, шчыра падтрымаў яго кандыдатуру. Стаўшы каралём, Станіслаў Аўгуст аддзячыў сябру — узнагародзіў ордэнам святога Станіслава, надаў пасады гарадзенскага старосты і галоўнага падскарбія літоўскага (міністра фінансаў), а яшчэ зрабіў кіраўніком велікакняжацкіх эканомій (гаспадарчых уладанняў). Кароль падтрымаў Тызенгаўза ў яго планах эканамічнага рэфармавання гаспадарчых уладанняў. Своеасаблівым выпрабавальным палігонам стала Гародня. Тут Тызенгаўз прапанаваў стварыць буйны эканамічны і культурны цэнтр, па сутнасці зрабіць «каралеўскі горад» сапраўды каралеўскім.

З уласцівай яму энергіяй і самаўпэўненасцю Антоній узяўся за справу. Пры ўсіх яго недахопах нельга не адзначыць перакананасць Тызенгаўза ў патрэбе адукацыі для народа, бо, на яго думку, росквіт краіны і яе магутнасць наўпрост залежалі ад увядзення асветы і адукаванасці грамадзян. Адно ён не мог зразумець, што гэта немагчыма ў Рэчы Паспалітай, якая развалілася на часткі ад шляхецкай вольнасці і пагрузілася ў рэлігійны містыцызм на ўзор Сярэднявечча. Само грамадства, якое знаходзілася ў чадзе былой велічы, баялася ўсякіх пераўтварэнняў. І няхай Тызенгаўз не ведаў адпачынку, спаў па пяць гадзін, ірваў жылы, але яму аднаму было не па сілах зрушыць наперад грувасткую дзяржаўную машыну. Хоць яго дасягненні ўражваюць: заснаваў больш за 20 фабрык, заводаў і мануфактур, на якіх выраблялі сукно, шоўк, аксаміт, залатыя ўпрыгажэнні, карэты, цвікі, замкі, зброю і шмат іншага. Каля трох тысяч майстроў і рабочых працавала там — але рабочыя былі не вольныя, а прыгонныя сяляне, працавалі пад прымусам наглядчыкаў, а значыць, і праца іх была малаэфектыўная, а то і ўвогуле стратная. Праз сваю ўпартасць Тызенгаўз не закрываў стратныя прадпрыемствы. «Я не звыкся кідаць пачатую справу».

Сваёй дзейнасцю Антоній Тызенгаўз хацеў ахапіць усе сферы жыцця — эканамічную, культурную, грамадскую і палітычную. Па яго плане быў ачышчаны Нёман ад Гародні і аж да Віліі, выкапаны канал, які злучаў Віслу з Дняпром праз Мухавец і Піну. У Гародні былі заснаваны ветэрынарная школа, медыка-хірургічная акадэмія, бухгалтарская вучэльня, кадэцкі корпус, нядзельная школка для рабочых. Вядомы французскі вучоны Жан Жылібер залажыў славуты батанічны сад. Выходзіла першая ў Беларусі «Гарадзенская газета». Дзейнічаў тэатр з аркестрам і балетнай трупай, а ў планах было адкрыццё абсерваторыі і нават акадэміі навук. Адначасова Тызенгаўз верхаводзіў палітычным жыццём у краіне на чале створанай ім каралеўскай партыі. Цяпер сесіі Трыбунала (найвышэйшага суда ВКЛ) і пасяджэнні скарбавай камісіі адбываліся ў Гародні. Кароль быў задаволены дзейнасцю Тызенгаўза, які забяспечваў каралеўскі двор усім неабходным і палітычна падтрымліваў яго. Але за кароткі час усё абрынулася.

Дзейнасць Тызенгаўза выклікала зразумелую трывогу Прусіі і Расіі, якія ўсяляк перашкаджалі пераўтварэнням у Рэчы Паспалітай. На прускія грошы (200 000 талераў) утрымлівалася ваяўнічая партыя ворагаў Тызенгаўза. Іх падтрымліваў расійскі пасол Штакельберг, які хацеў прыбраць літоўскага падскарбія. Пад такім ціскам, калі на Тызенгаўза пасыпаліся абвінавачванні ў злоўжываннях і самых розных грахах, слабавольны кароль выдаў яго на расправу ворагам. Становішча стала катастрафічным, калі намоўленыя паслом банкіры адмовілі Тызенгаўзу ў крэдытах. Паводле сакрэтнага дэкрэта караля, эканоміі пераходзілі ў кіраванне Францішку Ржавускаму. А той, захапіўшы з урадавымі войскамі Гародню, па сутнасці разрабаваў прадпрыемствы, знішчыў дакументы. Тызенгаўз так і не дамогся справядлівасці ні ў Трыбунале, ні на соймах. Яго абвінавацілі ў знявазе «каралеўскай годнасці», за што нават пасадзілі пад арышт на шэсць тыдняў, «страце скарбу», «непарадках у гаспадарстве», налічылі страт на 600 тысяч злотых. Толькі каралеўскае заступніцтва выратавала яго ад смяротнага пакарання.

Свой век Тызенгаўз, пазбаўлены ўсіх пасад, дажываў у беднасці і адзіноце, знаходзячы ўцеху ў кнігах, якіх некалі так цураўся...

Толькі калі пала Рэч Паспалітая, стала зразумела, наколькі патрэбная была дзейнасць Антонія Тызенгаўза. «Быў гэта сапраўдны міністр, якога край наш патрабаваў, быў гэта геній, якога пушча Літвы ўзрасціла», — гэтыя словы польскага пісьменніка і гісторыка Юлія Нямцэвіча гучаць як эпітафія па гарадзенскім рэфарматару.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні.

Грамадства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

З выкарыстаннем сацыяльнай інжынерыі. 

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.