Вы тут

Рэгіянальны тур конкурсу «Міс Беларусь — 2020» прайшоў у Гродне


Ум ім узялі ўдзел каля трыццаці дзяўчат ад 18 да 23 гадоў. Пераважная большасць канкурсантак — студэнткі гродзенскіх ВНУ і каледжаў. І, што цікава, далёка не ўсе бачаць сябе ў мадэльным бізнесе.


Медыкі, юрысты, тэхнолагі

На кастынг прыйшлі ў асноўным студэнткі. Некаторыя з іх ужо мелі поспех на аналагічных конкурсах, праўда, меншых маштабаў. Напрыклад, Дзіяна — «Міс Аграрны Універсітэт», на конкурсе «Беларусачка» атрымала тытул «Міс грацыя». Настасся летась прызнана першай прыгажуняй Гродна, Карына стала першай віцэ-міс і атрымала прыз сімпатыі гледачоў. Праўда, прайсці ў рэспубліканскі конкурс летась ім не ўдалося.

З тытулам «Міс універсітэт» прыйшла на конкурс Таццяна — студэнтка ГрГУ імя Янкі Купалы. Цяпер яна набывае прафесію педагога-лагапеда. Яшчэ тры дзяўчыны займаюцца ў Гродзенскім каледжы мастацтваў. Напрыклад, Ганна — удзельніца этна-гурта каледжа. Падчас сваёй «візітоўкі» на сцэне прадставіла песню, чым вельмі зацікавіла дырэктара Дома культуры, дзе праходзіў кастынг. Дзяўчыне прапанавалі не толькі работу, але і месца ў інтэрнаце.

Наогул, дыяпазон інтарэсаў канкурсантак уражвае. Так, Анжаліка, студэнтка інжынернага факультэта ГрДУ, сумяшчае вучобу, заняткі на скрыпцы і валанцёрскую дзейнасць — дапамагае даглядаць беспрытульных жывёл.

У конкурсе ўзяла ўдзел мінчанка, якая навучаецца ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце. Валерыя вучыцца на псіхатэрапеўта, а такі факультэт ёсць толькі ў Гродне, таму яна і прыехала сюды. Мае дачыненне да мадэльнага бізнесу, але лічыць, што гэта не тая прафесія, якая можа стаць асноўнай у жыцці.

— Часта псіхічнае захворванне — гэта нейкі ярлык, і я хацела б паўплываць на гэта. Каб людзі звярталіся да псіхатэрапеўта як да звычайнага спецыяліста, — тлумачыць сваю пазіцыю будучы лекар.

Адзін з яе метадаў — арт-тэрапія. Яна лічыць, што чалавеку лягчэй раскрыцца праз малюнкі. А спецыяліст можа вызначыць, у чым праблема. Дарэчы, сама Валерыя таксама вельмі мэтанакіраваны чалавек: каб прыняць удзел у кастынгу, яна пахудзела ажно на 19 кілаграмаў.

Павінна быць энергетыка

Такую асноўную рысу фаварытак конкурсу вызначыў старшыня журы, нацыянальны дырэктар Сусветнай лігі прыгажосці і моды Віталь Жылінскі. На яго думку, дзяўчына павінна мець багаты духоўны свет. Некаторыя дзяўчаты менавіта гэтым «зачапілі» членаў журы. Падчас кастынгу звярнулі ўвагу на Карыну, самую маладую ўдзельніцу конкурсу, якой нядаўна споўнілася 18 гадоў. Дзяўчына займаецца конным спортам, але вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці мадэлі і тры месяцы таму ўпершыню стала на абцасы. На думку старшыні журы, дзяўчына мае ўсе шанцы трапіць у фінал конкурсу «Міс Беларусь — 2020».

— Задача журы — раскрыць дзяўчат, каб яны паказалі сябе, — адзначае Віталь Жылінскі. — Мы звярталі ўвагу і на валоданне англійскай мовай, бо для дзяўчыны, якая будзе прадстаўляць нашу краіну на міжнародных конкурсах, гэта важны крытэрый.

Усе дзяўчаты па чарзе выходзілі на сцэну з кароткім рэзюмэ. Некаторыя выступалі з канцэртным нумарам. Найбольш яскрава гэта зрабіла Алеся — майстар спорту міжнароднага класа па мастацкай гімнастыцы.

Вольга, якая прайшла кастынг у ліку першых, адразу адзначыла лаяльнасць членаў журы. Гэта дадало ўпэўненасці на сцэне, бо спачатку былі сумненні. Але яна вырашыла паспрабаваць яшчэ і дзеля таго, каб разбурыць стэрэатыпы. На думку канкурсанткі, прыгожыя дзяўчаты вельмі разумныя. Галоўнае, каб прыгажосць была натуральная, прыродная.

Дарэчы, сярод умоў конкурсу ёсць і такая: дзяўчаты прыходзяць без макіяжу. Адной з удзельніц нават давялося двойчы выходзіць на сцэну — напачатку з макіяжам, а потым без яго. Менавіта другі выхад быў станоўча ўспрыняты журы, а сама дзяўчына прайшла ў абласны фінал.

Ніякай эротыкі

Члены журы адзначылі высокі ўзровень гродзенскіх прыгажунь. І як вынік — з 28 удзельніц у абласны фінал трапілі 16.

— А ў Мінск паедуць тыя, каго выберуць падчас абласнога тура. Колькі чалавек будзе абрана, стане вядома ў пачатку лютага. Пакуль магу сказаць, што гарадскі конкурс выявіў нямала дастойных прыгажунь, — падкрэсліў старшыня журы.

Прэтэндэнткам былі пастаўлены пэўныя ўмовы. Яны не павінны браць удзел у іншых конкурсах прыгажосці. Таксама яны не павінны выходзіць замуж. Сярод табу — татуіроўкі і фотаздымкі эратычнага зместу ў агульнай даступнасці. У сувязі з гэтым быў згаданы прэцэдэнт, калі ў 2013 годзе з-за падобнай фотасесіі пераможца была пазбаўлена тытула «Міс Мінск». Здымкі падобнага характару, у тым ліку ў ніжняй бялізне, строга забаронены, ужо не кажучы пра стыль «ню». А вось у купальніках здымацца можна, гэта не лічыцца інтымным аксесуарам.

— Канкурэнцыя з кожным годам расце, — адзначыў Віталь Жылінскі. — Пройдуць найлепшыя. І Гродзенскі рэгіён мае добрыя шанцы!

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: У чарзе па карону

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».