Вы тут

Беларускі культурна-адукацыйны цэнтр створаны ў Кітаі


Кабінет беларускай мовы і культуры імя Янкі Купалы адкрылі ў Кітаі. Гэта аўдыторыя стане культурна-адукацыйным цэнтрам па папулярызацыі беларускай гісторыі, літаратуры, нацыянальных традыцый і славутасцяў сярод кітайскіх грамадзян.


Функцыянаваць кабінет будзе ў г. Санья на базе Падрыхтоўчага цэнтра БДУ, які праз адукацыйную дзейнасць актыўна садзейнічае распаўсюджванню інфармацыі пра Беларусь у Кітаі. Адзін з важных напрамкаў дзейнасці цэнтра — дапамога ў сацыякультурнай адаптацыі замежных грамадзян у перыяд іх навучання ў нашай краіне.

Адкрыццё кабінета дазволіць слухачам лепш даведацца пра самабытнасць, жыццёвы ўклад і нацыянальны каларыт беларусаў, папрацаваць з арыгінальнымі матэрыяламі па лінгвістыцы, гісторыі, мастацтве і краіназнаўстве Беларусі. Плануецца, што тут будуць арганізоўвацца адукацыйна-культурныя мерапрыемствы профільнай тэматыкі.

Дарэчы, навучальныя кабінеты маюць назвы станцый мінскага метрапалітэна, сцены ўпрыгожаны фатаграфіямі, калажамі і карцінамі беларускіх асветнікаў, знакамітых турыстычных месцаў і рэгіёнаў. Кітайскім слухачам прадастаўлены фонд фільмаў, прэзентацый, твораў беларускіх пісьменнікаў, перыёдыкі айчынных СМІ, спіс якіх рэгулярна будзе папаўняцца. Урачыстая цырымонія адкрыцця імянной аўдыторыі прайшла пры ўдзеле дэлегацыі БДУ  на чале з яго рэктарам  Андрэем Каралём.

Нагадаем, што Падрыхтоўчы цэнтр БДУ ў горадзе Санья быў створаны ў 2018 годзе з мэтай моўнай падрыхтоўкі кітайскіх абітурыентаў, якія плануюць паступленне ў БДУ. Сёння тут навучаюцца каля 140 слухачоў. Адбор адбываецца на конкурснай аснове . У рамках афіцыйнага візіту ў КНР Андрэй Кароль правёў перамовы з кіраўніцтвам цэнтра аб пашырэнні супрацоўніцтва ў галіне сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў. Плануецца, што ў бліжэйшы час БДУ распрацуе праграмы павышэння кваліфікацыі для работнікаў сістэмы адукацыі, якія пройдуць навучанне на базе цэнтра. Акрамя таго, дасягнутыя дамоўленасці аб павелічэнні колькасці кітайскіх слухачоў да 500 чалавек для падрыхтоўкі іх да паступлення ў БДУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.