Вы тут

Усходні гараскоп на 2020 год


Год Белага Металічнага Пацука па ўсходнім календары пачнецца толькі 25 студзеня 2020 года. Але нездарма гаворыцца: «Уладкаваныя так людзі: жадаюць знаць, што будзе!», таму многія загадзя цікавяцца, у чым і як сустракаць гаспадара года, чым частаваць і што падарыць, каб прыцягнуць удачу. Наступны год — высакосны, што некаторых палохае. Астролаг і нумаролаг Аліна ВОЛКАВА сцвярджае, што шчырым і адказным людзям турбавацца не трэба, і расказвае, да прадстаўнікоў якіх знакаў задыяка год абяцае быць асабліва спрыяльным.

«Гэта год, калі ўсё становіцца на свае месцы, — кажа астролаг, — пацук хоць і хітры, але разумны, не любіць агрэсіі і мае выдатную памяць як на злое, так і на добрае, таму калі не хочаце ў канцы года атрымаць непрыемныя ўзрушэнні, свары і нават разрыў адносін, будзьце шчырыя і больш цярпімыя, сейце тое, што хацелі б пажынаць».


Авен

Ад таго, як вы будзеце ставіцца да жыцця, залежыць многае, а самае галоўнае — ці выйдзеце вы пераможцам з непрадбачаных сітуацый, ці апыняцеся «на шчыце».

Жанчынам-Авенам будзе прасцей знаходзіць паразуменне з навакольнымі да канца вясны, а ўвосень вас можа ахапіць хандра і схільнасць бачыць усё ў чорным колеры. Мужчынам жа варта звярнуць увагу на кар'еру: перашкоды вас не спыняць, а толькі загартуюць, а ўменне аказваць і прымаць дапамогу прынясе прыемны вынік. Авенам наогул варта прыслухоўвацца да патрэб і меркаванняў блізкіх, брацца за праекты, якія маюць значэнне для грамадства. Год Пацука вельмі спрыяльны для пашырэння кола стасункаў, набыцця новых сяброў, карысных знаёмстваў і прыбаўкі ў сям'і. Пад канец года не забудзьцеся прайсці планавы медагляд, каб не прагледзець абвастрэнні хвароб.


Цялец

Як мінімум з сакавіка да кастрычніка ў Цяльцоў будзе атрымлівацца задуманае — але хто сказаў, што не спатрэбіцца прыкладваць намаганняў? Не вядзіцеся на спакусы і сумніўныя прапановы, дзейнічайце дакладна паводле рэцэпта, як геніяльны повар-пацук Рэмі з анімацыйнага фільма «Рататуй». Часам давядзецца адстойваць свае прынцыпы даволі жорстка, аднак вынік будзе таго варты. А вось у асабістых стасунках, наадварот, неабходна будзе навучыцца «чытаць» патрэбы і пачуцці партнёра, тады ўсё астатняе для вас стане лёгкае і простае.

Абавязкова знайдзіце час для адпачынку — блізка ці далёка, не важна, але ў прыемнай кампаніі. Гэта дазволіць аднавіць душэўныя сілы. Што да фізічных, тут усё проста і складана адначасова: здаровы лад жыцця і прафілактыка будуць мець лепшы вынік, чым кансультацыі самых выбітных свяцілаў і дарагія сучасныя лекі.


Блізняты

Памятаеце мышаня Джэры з серыі амерыканскіх мультфільмаў? Вось гэта і будзе ваш найлепшы талісман на 2020-ы, калі адкласці на бок шкоднасць, а пакінуць бурлівую энергію. Вы дастаткова доўга рэфлексавалі і вагаліся, цяпер час не баяцца, дзейнічаць, мяняць — сябе і свет вакол. Практычна ўвесь год поўны магчымасцяў так ці інакш праявіць разнастайныя здольнасці і таленты, нават тыя, пра якія вы самі цьмяна здагадваліся, дасягнуць каротка- і доўгатэрміновых мэт. Але запомніце: дэлегаваць паўнамоцтвы — метад не для вас, самі-самі-самі, ад пачатку да канца.

Перамены датычацца і асабістай сферы — калі, зразумела, вы таго жадаеце. У адзінокіх людзей вялікая імавернасць пазбавіцца гэтага статусу, знайсці палавінку ці блізкага сябра. Бліжэй да зімы парадуйце сябе водпускам, буйной пакупкай, культурнай або аздараўляльнай праграмай.


Рак

Ваша інтуіцыя і раней няблага працавала, а ў наступным годзе выйдзе на новы ўзровень. Прадчуванні дазволяць пазбегнуць многіх памылак, не дапусціць сварак з блізкімі, не ўвязацца ў заведама пройгрышную справу і, наадварот, падтрымаць таго, хто на першы погляд здаецца няўдачнікам, а ў выніку атрымае поспех. Карыстайцеся гэтай сваёй уласцівасцю, каб дапамагчы не толькі сабе, але і іншым — паверце, як сквапнасць, так і бескарыслівасць вернуцца ў трайным памеры.

Пацук падтрымлівае вашу схільнасць да стабільнасці, таму рэзкіх узлётаў у кар'еры альбо выйгрышаў у латарэі чакаць не варта, аднак некалькі важкіх «цаглінак» у пабудову вашага дабрабыту наступны год падкіне. І толькі ў адной сферы — адносінах з дзецьмі — трэба быць асцярожнымі, часцей паўтараць сабе: «Пераначуем — болей пачуем». Вазьміце на ўзбраенне вобраз мудрага пацука Сплінтэра, настаўніка чарапашак-ніндзя, і не спяшайцеся з высновамі і рашэннямі.


Леў

Год будзе досыць цяжкі — прынамсі ў параўнанні з папярэднімі, калі справы вырашаліся хутка і без напружання. Цяпер жа вам могуць прыпомніць старыя крыўды і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Папярэднія памылкі, як, зрэшты, і высакародныя ўчынкі, у наступным годзе вернуцца бумерангам. Што рабіць? Змірыцца і падладзіцца пад абставіны, калі вы не можаце змяніць іх. Аўтарытарны стыль паводзін мусіць адысці на другі план. Ці помніце, што здарылася з пацуком у казцы пра Папялушку? Чараўніца ператварыла яго на пэўны час у кучара, не пытаючы, зразумела, пацучынага меркавання на гэты конт. Нешта падобнае чакае і вас. Калі выпрабаванне пройдзеце з годнасцю, можаце быць упэўненыя, што зорны апякун года заўважыць і ацэніць гэта.

У працаголікаў імаверныя больш частыя хваробы, асабліва прастуды і алергіі. Каб пазбегчы гэтага, прадстаўнікам знака рэкамендуецца часцей бавіць час з сям'ёй і блізкімі, яны — ваша галоўная «батарэйка» і крыніца радасці.


Дзева

Вашы перажыванні, працоўныя подзвігі і сямейныя клопаты будуць нарэшце ацэнены як след. Больш за тое, флёр шанцавання і гармоніі пашырыцца і на вашых блізкіх і сяброў, таму ў наступным годзе людзі пацягнуцца да вас, будуць прасіць дапамогі і не забываць аддзячыць. Але ж, як вы разумееце, нішто не бывае бясплатным, акрамя сыру ў пастцы. У вашым выпадку цаной можа стаць здароўе — часцей рабіце перапынкі, адпачывайце, вандруйце і аднаўляйце сілы (тыя, хто вас добра ведае, не западозраць у лайдацтве, а іншым і даказваць нічога не трэба).

2020 год спрыяльны для самаразвіцця. Курсы англійскай або ўрокі сальсы, каратэ або вышыванне, скандынаўская хада або жывапіс — дазвольце сабе заняцца даўнім хобі ці зусім новай справай. Фінансы будуць прыходзіць і сыходзіць нераўнамерна, таму не рабіце даўгоў, прытрымлівайцеся плана выдаткаў, як вы гэта ўмееце.


Шалі

У першай палове года вас проста-такі будзе хлебам не кармі, а дай нарабіць глупстваў, пайсці на неапраўданую рызыку ці шакіраваць грамадскасць якім-небудзь экстравагантным учынкам. Паспрабуйце абмежавацца малым — змяніце прычоску ці гардэроб, а калі не атрымаецца, то не забывайцеся хоць выбачацца за ўсё незнарок сказанае ці ўчыненае, інакш рызыкуеце нажыць ворагаў.

На рабоце трэба зрабіць самае для вас цяжкае — вызначыцца. Прасоўванне па службе, але выхад з зоны камфорту (частыя камандзіроўкі, фінансавая адказнасць і г. д.) альбо спакойная, нават манатонная праца са значна меншай зарплатай? Змена сферы дзейнасці ці «стабільнасць — прыкмета майстэрства»? Усё залежыць толькі ад вашага жадання. Летам ці ўвосень чакаюцца вялікія выдаткі, якія кампенсуюцца толькі ў канцы года.


Скарпіён

У 2020-м звычка пакідаць за сабой апошняе слова будзе вам моцна перашкаджаць. Не трэба крычаць пра свае ідэі на ўвесь свет і патрабаваць прызнання — спачатку зрабіце, а потым атрымлівайце пахвалу. І лепш, калі работа будзе не на асабістую выгаду, а на грамадскую карысць — напрыклад, як у гіганцкіх пацукоў гамбі, якія ў сябе на радзіме, у Афрыцы, дапамагаюць вайскоўцам у размініраванні.

Тое самае датычыцца сямейнага жыцця: калі вы гатовыя працаваць над сабой і чуць партнёра, блізкіх — шансы дасягнуць ладу ў доме павялічваюцца ў некалькі разоў. Цягам года вам выпадзе некалькі магчымасцяў істотна памяняць жыццё, аднак калі вы не зробіце гэтага да канца трэцяга квартала і працягнеце плыць па цячэнні, давядзецца адкласці яшчэ на некалькі гадоў. З фінансамі праблем не прадбачыцца.


Стралец

Для вас гэта не самы прадукцыйны і пазітыўны год, але дасягнуць пэўных мэт, асабліва калі яны выразна акрэсленыя, а вы гатовыя змагацца з перашкодамі, усё ж атрымаецца. Рэкамендацый тут дзве: абавязкова ўзважвайце ўсе «за» і «супраць», а калі распачынаеце новую справу, даводзьце яе да канца.

Быць дыпламатычным — вось што ў 2020-м спатрэбіцца і прынясе плён. У асобных сітуацыях уменне пайсці на кампраміс стане, без перабольшання, лёсавызначальным. У другім паўгоддзі спатрэбіцца шмат працаваць, адшукваючы новыя крыніцы даходаў і заводзячы новыя сувязі. Калі справіцеся, Белы Пацук падкіне адчувальны бонус — магчыма, новае аўто, квадратныя метры альбо доўгачаканую паездку на мора.


Казярог

Вы не належыце да нахлебнікаў і абібокаў, таму неабходнасць папрацаваць як след наўрад ці вас палохае. Адзіная парада — пастарайцеся пазбягаць канфліктаў з калегамі. Вылучыцца на іх фоне яркай зоркай, канешне, можна, але ці вартая хвіліна славы таго, каб застацца з адкрытай спінай у адказны момант?

Калі ў вашых прыярытэтах — кар'ера, то не чакайце хуткага выніку, зарабляць рэпутацыю давядзецца доўга. Чым больш укладзяце энергіі, тым лягчэй будзе потым збіраць ураджай. Аднак не дазваляйце абяцанай узнагародзе засціць вам вочы, як гэта адбывалася з пацуком Рокі ў мультфільме пра Чыпа і Дэйла, — халодны розум і стратэгія хутчэй прывядуць да поспеху, чым гарачка і імпэт. Пад канец года самотныя Казярогі могуць сустрэць сваю палавінку — не выключана, што вы даўно знаёмыя, але ўбачыце адно аднаго ў іншым ракурсе.


Вадаліў

Год на пазітыве — вось якім абяцае быць 2020-ты. Ваш талісман — бадай, самы знакаміты мыш Мікі Маус, у якога ўсё так ці інакш завяршаецца найлепшым чынам. Старайцеся не жыць мінулым — а некаторыя звычкі і знаёмствы давядзецца пакінуць у ім, каб рушыць наперад. Многае будзе залежаць ад асяродку, у якім вы знаходзіцеся, таму часцей бывайце з прыемнымі вам людзьмі ў тых месцах, дзе адчуваеце сябе спакойна і разняволена, альбо, наадварот, атрымліваеце зарад бадзёрасці і аптымізму.

У асабістых стасунках захоўвайце пазітыўную раўнавагу: часам вы будзеце памыляцца, як і кожны чалавек, часам будзеце мець стапрацэнтную рацыю, але не трэба ціснуць гэтым на блізкіх. Найлепшы спосаб справіцца з цяжкасцямі — паглядзець на іх з гумарам. І толькі фінансы будуць спяваць свае рамансы даволі няўпэўнена, таму кантралюйце выдаткі.


Рыбы

Значную частку года неабходна будзе працаваць над сабой — атрымліваць дадатковую адукацыю, набываць новыя ўменні, развіваць наяўныя здольнасці. Не прапусціце некалькі шанцаў, якія вам падорыць лёс з лютага да лістапада, але каб выбраць, які з іх рэальны, а які падманлівы, спатрэбіцца дапамога сяброў ці сваякоў — балазе мудрыя дарадцы сярод іх знойдуцца.

Увосень, калі будзеце аддаваць зашмат энергіі рабоце, магчымыя праблемы са здароўем, прычым з таго боку, на які вы і падумаць не маглі. Калі адчуеце нейкія трывожныя званочкі ў самаадчуванні, рэагуйце на іх адразу, і праблем удасца пазбегчы. Узімку магчымае папаўненне — як на грашовых рахунках, так і ў сям'і.

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.