Вы тут

Як перажыць адаптацыю ў дзіцячым садку


Кожны перыяд сталення нашага дзіцяці для нас, бацькоў, нібы іспыт на вынослівасць і адпаведнасць ролі. І адаптацыя ў дзіцячым садку не выключэнне. Бо сітуацыя, калі сын ці дачка адразу асвойваюцца ў новым калектыве, набываюць сабе сяброў і не плачуць, развітваючыся з мамай —гэта тое, пра што можна марыць. Таму варта ведаць правілы, якія дапамогуць пазбегнуць памылак і дапамагчы знізіць узровень стрэсу вам і вашым дзеткам у такі няпросты перыяд.


Фота Ганны Занкавіч.

Адна з асноўных пераваг, якую бачаць у дзіцячым садку бацькі — гэта магчымасць актыўна камунікаваць з іншымі дзецьмі. І сапраўды, добра падабраная група можа стаць тым асяродкам, дзе знойдуцца і новыя сябры для маленькага чалавечка, і здабудуцца патрэбныя навыкі сацыялізацыі. Таму, вядома, мамы і таты думаюць пра дзіцячы садок загадзя, магчыма, нават усяляк спрабуюць падрыхтаваць сваіх дзяцей да хуткіх перамен, але рэчаіснасць усё ж не заўсёды адпавядае нашым спадзяванням. І таму для многіх з нас такім актуальным з'яўляецца пытанне: як дапамагчы свайму дзіцяці прайсці перыяд адаптацыі найбольш камфортна, перш за ўсё ў псіхалагічным плане. Тут трэба разумець, што ў працэсе задзейнічаны тры бакі: дзіця, бацькі і выхавальнікі дзіцячага садка. Інтэрнэт дае безліч парад адносна таго, як «перажыць» час адаптацыі, але ўсё вельмі індывідуальна. Безумоўна, парады накшталт таго, што трэба прывучыць да рэжыму, сфарміраваць станоўчы вобраз садка, прывіць звычкі самаабслугоўвання — дазваляюць у пэўнай ступені лягчэй перажыць перыяд перамен. Аднак, як ні дзіўна, часта самі бацькі дзейнічаюць не «па правілах», што толькі ўскладняе сітуацыю.

Якіх жа памылак варта пазбягаць мамам і татам, каб у дзіцяці не было негатыўнага ўяўлення пра дзіцячы садок, каб не з'явіўся страх новага і тым самым адаптацыя не расцягнулася на тыдні і месяцы? Не збягайце ад дзіцяці адразу, як убачыце, што яно зацікавілася гульнёй і не звяртае на вас увагі. Малому вельмі страшна, калі маці знікае і невядома, ці вернецца. Страх згубіць маму — стрэс, які потым не адпускае вельмі доўга. Спецыялісты раяць прывыкаць да дзіцячага садка паступова: спачатку пагуляць на дзіцячай пляцоўцы, потым нядоўга пабыць у групе, каб дзіця крок за крокам звыкала да новай абстаноўкі. Няма канкрэтных паказчыкаў, колькі па часе павінна доўжыцца кожная стадыя, тут важна перш за ўсё, як адчувае і паводзіць сябе ваша дзіця. І памятайце, што часта менавіта ў першыя дні фарміруецца тое ўражанне, якое застанецца ў вашых сына ці дачкі пра гэтую ўстанову. Немалаважныя таксама настрой і атмасфера, з якіх пачынаецца кожны дзень у вашай сям'і. Калі вы будзіце дзіця перад самым выхадам і потым нервуецеся, што спазняецеся, то перагледзьце распарадак дня і ўважліва адсочвайце, калі дзіця кладзецца спаць. А раніцай дапамажыце яму прачнуцца з добрым настроем і няспешна сабрацца, настроіўшыся на новы дзень і новыя прыгоды. Такія агульныя рэкамендацыі ў дачыненні да згаданай тэмы, аднак, дзе тая мяжа, калі сітуацыя мяняе свае адценні і патрабуе разгляду пад іншым ракурсам?

— Увогуле, ёсць пэўныя законы адаптацыі і, думаю, кожная мама, якая цікавіцца гэтай тэмай, нешта ведае. Лічыцца, што пры паспяховым развіцці падзей, каб прызвычаіцца да новай абстаноўкі, дзіцяці патрэбна не менш за два месяцы. А ўвогуле працэс можа заняць і паўгода. І самы важны час — гэта першыя тыдні, дзе могуць быць хваробы, істэрыкі, жаданне не адпускаць маму ні на крок, а таксама пагаршэнне апетыту, парушэнні сну — і ўсе гэтыя праявы лічацца нормай падчас адаптацыі. Такія моманты бацькам складана не заўважыць, але вельмі многае залежыць ад настрою дарослых. Калі вы пачалі вадзіць дзіця ў садок, а потым перасталі, то ўсё давядзецца пражываць па-новаму. Нярэдка да нас звяртаюцца, калі дзіця адмаўляецца есці ў дзіцячым садку, яго нават ванітуе раніцай. Тады лепш весці яго туды пасля сняданку, чым увогуле не прыводзіць, — тлумачыць псіхолаг Гарадскога дзіцячага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Галіна Станчык. — Тыя ж істэрыкі пасля дзіцячага садка таксама часта з'яўляюцца нормай, і важна даваць дзіцяці магчымасць вызваліць свае эмоцыі, асабліва калі не адразу ўдаецца яго супакоіць ці пераключыць увагу на нешта іншае. Добра, калі дзіця можа побач з мамай дазволіць сабе плакаць і злавацца, бо ў выпадку назапашвання негатыўных эмоцый, якія не маюць выхаду, можа быць горш. Аднак варта назіраць, ці стала істэрык менш, з якой сілай яны праяўляюцца. Безумоўна, могуць насцярожваць паводзіны дзіцяці, калі яно праяўляе агрэсію да маці, і важна, каб такая сітуацыя не была працяглай. У адваротным выпадку варта звяртацца да спецыяліста. Цяпер у многіх садках ёсць свае псіхолагі, і яны, наколькі я ведаю, вядуць карты адаптацыі. Таму заўсёды змогуць скіраваць бацькоў адносна таго, як дапамагчы і падтрымаць дзіця ў няпросты перыяд. Калі малое адхіляецца ад бацькоў, трэба скіраваць свае сілы на стварэнне камфортных умоў. А калі сын ці дачка паводзяць сябе гэтак жа, як і да наведвання садка — верагодна, хвалявацца не варта.

Спецыяліст таксама адзначае, што немалаважныя і адносіны паміж бацькамі і выхавальнікамі. Таму варта імкнуцца, каб ваша камунікацыя давала дзецям адчуванне добразычлівасці і даверу да новага, яшчэ незнаёмага чалавека. Выхавальнікі і нянечка адыгрываюць важную ролю ў працэсе адаптацыі. Бо гэта тыя людзі, якія праводзяць з нашымі сынамі і дочкамі амаль восем гадзін у дзень. І калі дзіця прыходзіць у дзіцячы садок, то да выхавальніцы ідзе па суцяшэнне, па дапамогу ў нейкай сітуацыі. А той у сваю чаргу лягчэй будзе ўзаемадзейнічаць са сваімі выхаванцамі, калі яна ведае іх звычкі, нейкія індывідуальныя асаблівасці. Для гэтага бацькам варта таксама больш адкрыта кантактаваць з выхавальнікам.

— Дзецям у любым узросце не проста пачаць хадзіць у дзіцячы садок. Бо ў іх звыклым жыцці адбываюцца змены: з'яўляецца дакладны рэжым дня, адсутнічаюць блізкія людзі побач, даводзіцца доўгі час кантактаваць з іншымі дзецьмі і слухацца незнаёмага дарослага. Каб адаптацыя праходзіла ў больш лёгкай форме, бацькам варта падрыхтаваць дзіця да садка. Напрыклад, часцей бываць з малым на дзіцячых пляцоўках і хадзіць у госці, каб іх сын ці дачка мелі зносіны з іншымі дзецьмі, — кажа выхавальніца аднаго са сталічных дзіцячых садкоў Дзіяна Федаровіч. — Паскорыць адаптацыю па жаданні дарослых нельга, бо ад таго, як яна пройдзе, залежыць, як будзе складвацца далейшае жыццё дзетак у сценах дашкольнай установы. У самым пачатку выхавальнік можа дазволіць сваім падапечным прынесці з дому цацкі, піжаму, любімы рукзак і гэтак далей. Таксама варта як мага больш даведацца пра звычкі дзіцяці, пацікавіцца ў бацькоў, што іх непакоіць у сувязі з пераменамі ў жыцці сына ці дачкі. І разам з мамай абмеркаваць, як аблегчыць сітуацыю. Да кожнага дзіцяці выхавальнік павінен шукаць індывідуальны падыход, улічваючы яго звычкі, асаблівасці характару. Ні ў якім разе не варта перавыхоўваць. Важна ўзаемадзейнічаць з бацькамі, каб з усіх бакоў да дзіцяці былі аднолькавыя патрабаванні. І ніколі не палохайце дзетак паходам у садок — няхай наведваць яго будзе весела. Увогуле, дапамагчы дзецям звыкнуць да змен у іх жыцці можна толькі з дапамогай цярпення, добразычлівасці і любові.

Ва ўзросце трох гадоў сын ці дачка не толькі вучацца жыць і ўзаемадзейнічаць з новымі людзьмі, але і даследуюць межы ўласнага «хачу» і «магу». Як адзначае псіхолаг, тут галоўнае памятаць, што перыяд адаптацыі — не час для выхавання. Спачатку дзіця павінна асвоіцца ў новых умовах і патрабаваннях, а потым ужо зможа развівацца. Адаптацыя — «перыяд цішыні», таму дапамагайце свайму дзіцяці апранацца, часам дазвольце нават сумесны сон, бо яму вельмі важна адчуваць, што вы побач. Зразумела, бываюць розныя сітуацыі — нараджэнне другога дзіцяці, вострая неабходнасць выйсці на работу раней ці нейкія іншыя абставіны, аднак добра, калі ўсяму свой час і ўсё робіцца паступова. Таму ўлічвайце абставіны і дзейнічайце ў залежнасці ад вашай сітуацыі. Разам вы дакладна справіцеся!

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Крокі ў нязведанае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Запушчаная кампанія па дапамозе медыкам ByCovid19 перарасла ў буйны «антыкаранавірусны» рух.

Культура

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Гэта была сенсацыя: у 2018 годзе быў паказаны страчаны фiльм Дзiгi Вертава.

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.