Вы тут

«Студзеньскія музычныя вечары» ў Брэсце правялі для аматараў класікі


А матары класічнай музыкі прывыклі, што год у Брэсце пачынаецца са славутых «Студзеньскіх вечароў». Гэты фестываль трывала асацыюецца з холадам на дварэ, каляднымі святамі, асалодай вечнай музыкі. Помніцца, як на вакзале сустракалі оперных дзіў, якія выходзілі з вагона ў раскошных футрах... А цяпер можна і лёгенька апрануцца. Што ж, хоць зімы ў нас няма, а фестываль ёсць. Свята музыкі, на шчасце, ніхто не адмяняў.


Калі б на першым канцэрце-адкрыцці выступіў толькі выдатны ўкраінскі бас Тарас Штонда, варта было б гэты канцэрт праводзіць. Для яго непаўторнага голасу, здавалася, няма нічога немагчымага. Тарас — лаўрэат дзясяткаў міжнародных вакальных конкурсаў: ад іспанскага імя Віньяса і грэчаскага імя Марыі Калас да конкурсу імя Свірыдава і Собінаўскага музычнага фестывалю ў Расіі. Артыст дае сольныя канцэрты ў Даніі, Нарвегіі, Швейцарыі, Чэхіі і іншых краінах свету. Ён выконвае рэпертуар вялікага Шаляпіна. Са сцэны Брэсцкага тэатра драмы прагучалі самыя розныя кампазіцыі: украінскія народныя песні, хіты сусветнага опернага мастацтва. Арыя князя Ігара з аднайменнай оперы Барадзіна сарвала сапраўдныя авацыі.

Падзеяй «Вечароў», несумненна, стала выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў, загадчыка кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Дулава. Уладзімір Андрэевіч іграў у суправаджэнні камернага аркестра сваёй установы. І музыка была чароўная. Асабліва кранальным стаў момант прысвячэння: маэстра сыграў накцюрн фа-мінор Глінкі спецыяльна для Ліліі Батыравай, арганізатара і нязменнага дырэктара фестывалю, які праходзіць у Брэсце вось ужо 32 гады.

Вялікія заслугі стваральніцы імпрэзы яшчэ раз падкрэсліў падчас адкрыцця фестывалю старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Мэр адзначыў таксама, што летась «Студзеньскімі вечарамі» мы адкрылі чараду святкаванняў тысячагоддзя горада, а цяпер працягваем добрую традыцыю, і паабяцаў спрыяць таму, каб «Вечары» жылі і развіваліся.

У другі вечар на сцэне іграў духавы аркестр германскага горада-пабраціма Брэста Равензбурга. Калектыў пад кіраўніцтвам Харальда Хепнера не першы год выступае на «Вечарах». Сёлета ён даў тры канцэрты: на сцэне фестывалю, у музычным каледжы імя Рыгора Шырмы і ў царкве хрысціян-адвентыстаў сёмага дня, дзе адбыўся бясплатны канцэрт для ўсіх ахвотных. Парадавала музычных гурманаў маладая, але тытулаваная расійская піяністка Дар'я Івонкіна, піяністка выканала найскладанейшы твор — «Успамін пра оперу «Дон Жуан». Дырэктар фестывалю Лілія Батырава знайшла яе ў Літве на міжнародным фестывалі «Музыка без меж». Лілія Рыгораўна была членам журы, а Дар'я на фестывалі заваявала Гран-пры. Тады ж і атрымала запрашэнне на «Вечары». Кітайская вакалістка Галіман Чжу таксама была заўважаная на адным з конкурсаў. Дзіўным па чысціні голасам яна выканала беларускую «Купалінку» і сарвала сапраўдныя авацыі. Раманс на кітайскай мове «Вечнае каханне» наша публіка таксама ўспрыняла ўзнёсла.

Упрыгажэннем музычнага форуму, несумненна, стала выступленне двух харавых калектываў. Кіеўскі маладзёжны камерны хор «Сафія» летась з трыумфам выступіў у Брэсце, таму калектыў і запрасілі зноў. Артысты ў фальклорных строях спявалі без інструментальнага суправаджэння. Яго ролю ў такіх выпадках выконваюць самі галасы вакалістаў. І гэтым разам хор парадаваў праграмай ад твораў найвышэйшага ўзроўню складанасці да ўкраінскіх народных песень. Асобна варта сказаць пра камерны хор Гомельскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Алены Сакаловай. За сваю саракагадовую гісторыю хор стаў пераможцам розных міжнародных конкурсаў і фестываляў. Пры яго выступленні не пакідала думка аб тым, што мы шукаем замежных зорак, а зоркі часта знаходзяцца побач, у сваёй краіне, нават у суседняй вобласці. Кампазітар і вакаліст калектыву Аляксандр Абросімаў здзівіў джазавымі варыяцыямі вядомых песень. Прагучалі і велічныя калядныя спевы, і вядомыя рамансы, і народныя, і жартоўныя песні. Хор спяваў першае аддзяленне заключнага вечара, і публіка не хацела адпускаць гасцей; тым давялося адпрошвацца, бо спяшаліся на цягнік.

Сярод салістаў асабліва вызначыўся балгарскі тэнар Іво Іарданаў, саліст тэатра оперы і балета з Варны. Ён стаў сюрпрызам фэсту ва ўсіх сэнсах. Па-першае, таму што не быў заяўлены ў праграме і выступіў замест іншага артыста, які не прыехаў. А па-другое, спявак літаральна завёў усю залу сваёй яркай эмацыянальнасцю — яго «Містар Ікс», «Баядэра», іншыя нумары былі проста чароўныя.

Варта сказаць і пра трыа Канстанціна Віленскага, кампазітара і піяніста з Польшчы. Разам з брастаўчанамі Алегам Роўдам (ударныя інструменты) і Вячаславам Пляско (кантрабас) яны, несумненна, паказалі высокі клас музыкі. Трыа, дарэчы, іграла ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Аляксандра Анісімава. Пра вядомы ў нашай краіне калектыў, які з трыумфам выступае ў розных краінах свету, наўрад ці скажаш нешта новае. Добра, што ён пасля пэўнага перапынку зноў ушанаваў «Вечары» сваім удзелам. Пад выступленне аркестра як не ўспомніць крылаты выраз Фрыдрыха Ніцшэ аб тым, што жыццё без музыкі было б памылкай...

Падчас цырымоніі закрыцця фестывалю начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей ПАНАСЮК зазначыў, што нам пашчасціла жыць у эпоху «Студзеньскіх музычных вечароў». «Студэнтам Брэсцкага музычнага каледжа я прысутнічаў на трох першых «Вечарах», слухаў Станіслава Рыхтэра. Пазней мы атрымлівалі асалоду ад спеваў Сяргея Захарава і Зураба Саткілавы, апладзіравалі Святаславу Бэлзу, а сёння маю гонар стаяць на сцэне побач з Аляксандрам Анісімавым», — сказаў Сяргей Панасюк. А нязменны арганізатар усіх «Вечароў» параіла на развітанне: «Прыходзьце на канцэрты і будзеце доўга жыць, бо класічная музыка падаўжае жыццё».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Замест снегу — музыка

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.

Грамадства

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Нягледзячы на свае 96, Міхаіл Фельдман выглядае на зайздрасць бадзёрым і маладжавым. 

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.