Вы тут

Другое дыханне праблемным гаспадаркам плануюць даць у Мінскай вобласці


Кожнаму старшыні райвыканкама «падняць» па адной праблемнай гаспадарцы. Такое даручэнне даў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Аляксандр Турчын сваім падначаленым падчас калегіі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама, якая прааналізавала вынікі работы жывёлагадоўлі за мінулы год.


Аляксандр Турчын адзначыў, што ў любой сферы важны эканамічны вынік. Жывёлагадоўчая галіна — не выключэнне:

— У нас шмат стратных сельгасарганізацый. І гэта наша недапрацоўка.

Губернатар прывёў у прыклад Вілейскі раён, дзе інвестар уклаў сродкі ў слабае сельгаспрадпрыемства і давёў яго да ладу.

— На ферме тая ж самая жывёла, працуюць тыя ж людзі, але за шэсць-восем месяцаў прадукцыйнасць павялічылася ўтрая, выручка — у пяць разоў, заработная плата — удвая. З гэтага я раблю выснову, што з правільным падыходам любую адстаючую гаспадарку можна вывесці на сярэднеабласны ўзровень і даць магчымасць людзям добра зарабляць, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. Ён даручыў кожнаму старшыні райвыканкама вызначыць у сваім раёне па адной слабай сельгасарганізацыі, з тым каб на працягу года павысіць паказчыкі дзейнасці.

— Скласці бізнес-план, пралічыць неабходную суму ўкладанняў. Грошы мы знойдзем. Умова адна — вынік такі ж, як у Вілейцы, — канстатаваў Аляксандр Турчын.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Ляўковіч расказаў, што жывёлагадоўля вобласці ў цэлым спрацавала нядрэнна.. У прыватнасці, летась надоена 1782,4 тысячы тон малака — 101,6 % да ўзроўню 2018-га. Сярэдні надой ад каровы летась — 5343 кілаграмы малака, што больш за вынік папярэдняга года на восем кілаграмаў. Вытворчасць жывёлы і птушкі склала 498,9 тысячы тон, або 102 % да 2018-га. Сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы — 606 грамаў, што на адзін грам вышэй за ўзровень папярэдняга года.

Разам з тым у разрэзе раёнаў і гаспадарак вынікі адрозніваюцца, у асобных з іх сітуацыя проста катастрафічная.

— Мэта калегіі — разабрацца з леташнімі праблемамі і памылкамі, каб не паўтараць іх у далейшым, — лічыць Сяргей Ляўковіч.

Удзельнікі пасяджэння прааналізавалі недапрацоўкі, упушчаныя магчымасці, дакладна «расклаўшы па паліцах» увесь вытворчы ланцужок.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: bdg.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.