Вы тут

Як даць пластыку другое жыццё


Уявіце, што адходы, якія выкідваюцца кожны дзень, не адпраўляюцца на звалкі і не закопваюцца на палігонах, а ператвараюцца ў прадметы дэкору, мэблю, вулічныя ліхтары. І вы, адпраўляючы ў сметнік бутэльку ад газіроўкі, не пакідаеце пластык стагоддзямі ляжаць у зямлі, а ўдзельнічаеце ў стварэнні новых рэчаў.


Нядаўна каманда беларускіх інжынераў smARTech знайшла незвычайны спосаб утылізаваць гэты другасны матэрыял: з дзвюх тысяч бутэлек на 3D-прынтары можна будзе надрукаваць лавачку. У планах распрацоўшчыкаў — уладкаванне праз гэта паркаў, двароў і пляжаў, дапамога інклюзіўным людзям і стварэнне арт-аб'ектаў. Як запэўніваюць у smARTech, спіс магчымасцяў іх праекта ReBottle абмежаваны толькі фантазіяй.

— Тры гады таму мы пачалі займацца 3D-друкам, — апавядае Кірыл Дорах, адзін з заснавальнікаў праекта. — Самі рабілі і прадавалі прынтары, займаліся рамонтам, друкавалі на заказ. А восенню прыйшла ідэя сумясціць наш вопыт з вырашэннем праблемы перапрацоўкі пластыку. Вырашальным трыгерам стала навіна пра тое, што Сусветны фонд дзікай прыроды запусціў анлайн-трансляцыю раскладання бутэлькі, якая будзе доўжыцца 450 гадоў.

Тэма актуальная, і распрацоўшчыкі прыдумалі комплекс, які зможа ператварыць галоўны недахоп ПЭТ-бутэлек у вартасць. Пластыкавыя рэчы стануць служыць людзям стагоддзямі, а калі сапсуюцца, іх можна будзе перарабіць у новыя прадметы. Згаданы комплекс будзе складацца з трох частак: драбнення другаснай сыравіны на гранулы, выцягвання іх у матэрыял для 3D-друку і стварэння самога прынтара з вялікай сферай друку. Апошні ўжо спраектаваны, цяпер вырабляюцца дэталі для яго мантажу. Вартасць праекта ў тым, што акрамя відавочнай экалагічнай карысці мэбля будзе ў тры разы таннейшай, чым у сярэднім на рынку.

Інжынеры таксама плануюць зрабіць маленькія 3D-ручкі, якія дазволяць вырашаць дробныя гарадскія і ўласныя праблемы — ад латання расколін да склейвання прадметаў.

Дарэчы, у smARTech не лічаць, што пластык — гэта дрэнна. Яго проста няправільна выкарыстоўваюць. У Беларусі ўсяго толькі 30 працэнтаў ад вырабленай тары вяртаецца на перапрацоўчыя заводы. А яшчэ шмат тавараў з пластыку завозіцца да нас з іншых краін. Адна з прычын такой нізкай лічбы — беларусы не сарціруюць адходы. Па самых аптымістычных ацэнках Белстата, толькі кожны чацвёрты суайчыннік збірае іх асобна.

Кірыл прызнаецца: калі работа над праектам пачалася, аказалася, што нешта падобнае ўжо існуе. Нідэрландскія інжынеры летась абсталявалі мэбляй з перапрацаванага пластыку набярэжную Салонікаў у Грэцыі. Арганізавана ўсё было так, што людзі самі прыносілі сыравіну і канцэпты таго, што хацелі б бачыць у сябе на вуліцы. Прапанова выклікала такі інтарэс, што тысячы ідэй да гэтага часу чакаюць сваёй чаргі, бо прадметы не паспяваюць рабіць.

Адрозненне названага праекта ад беларускага ў тым, што ён атрымаў падтрымку ад еўрапейскіх дзяржаў і вялікі бюджэт. Комплекс выйшаў дарагі, таму што замест 3D-прынтара ў замежжы выкарыстоўваюць маніпулятар. Ён можа не толькі друкаваць, але і збіраць машыны на канвееры, варыць і г. д. Каманда smARTech за кошт таго, што плануе выкарыстоўваць, значна змяншае цану канструкцыі.

З пытаннем, дзе размяшчаць зробленую мэблю, інжынеры звярнуліся да Мінскай урбаністычнай платформы, якая ўлетку будзе перарабляць Кастрычніцкую вуліцу. Там збіраюцца ўстанавіць найдаўжэйшую лавачку ў свеце.

— Цяпер рэкорд належыць Балгарыі — 1111 метраў. Але наша атрымаецца самая доўгая па вызначэнні, таму што яна стане бясконцая. З кожнай тонай перапрацаванага пластыку будзе прырастаць на метр. Спачатку ўсталюем яе на Кастрычніцкай, а потым куды-небудзь завернем, — тлумачыць Кірыл.

Каманда таксама супрацоўнічае з пераможцамі мінулага Socіal Weekend, якія стварылі вуліцу стрыт-фуду ў Маладзечне. А яшчэ дамовілася з таварыствам уласнікаў аднаго з дамоў у Мінску надрукаваць сёе-тое для іх. Двор адметны тым, што жыхары ў свой час адмовіліся ад устаноўкі кантэйнераў для асобнага збору адходаў. Гэтым праектам распрацоўшчыкі збіраюцца іх пераканаць, што яны памыліліся.

3D-друк таксама адкрывае вялікія магчымасці для інклюзіі і людзей з дадатковымі патрэбамі. Напрыклад, узяць пандусы. Рашэнні, якія цяпер прадстаўлены, не заўсёды зручныя, падыходзяць не кожнаму і дорага каштуюць. Прынтар, які ствараюць інжынеры, дазволіць скласці лёгкую і трывалую канструкцыю, якая задаволіць канкрэтнага чалавека. Акрамя таго, яна можа быць здымная. Скарыстаўшыся пандусам, яго можна будзе пры неабходнасці прыбраць, а потым зноў вярнуць назад.

Ужо дасягнуты і папярэднія дамоўленасці на ўстаноўку розных аб'ектаў з інклюзіўным праектам «ПляжИК» на Мінскім моры. Кірыл кажа, што такіх праектаў шмат, засталося сабраць прынтар і пачаць работу:

— Бачым, што цікавасць да ідэі ёсць, а значыць, мы ідзём у патрэбным кірунку.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота дадзена героем матэрыялу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.