28 кастрычніка, серада

Вы тут

Ліга сямейных медыятараў дапаможа разабрацца ў стасунках з дзецьмі, нерухомасцю, спадчынай


Амаль палова шлюбаў у Беларусі, на жаль, распадаецца. Прычым у пераважнай колькасці такіх сямей ёсць непаўналетнія, і ў былых сужэнцаў часта пачынаюцца сваркі наконт падзелу маёмасці і выхавання малых. Гэтыя і іншыя рознагалоссі, якія ўзнікаюць у сямейных стасунках, нават і без разводу пары, можна вырашаць бяскрыўдна і цывілізавана, запэўніваюць медыятары.


Спрэчкі ў сямейнай медыяцыі самыя складаныя, таму што яны замешаны на мностве эмоцый, крыўдаў, абраз паміж самымі блізкімі людзьмі. Вытрываць гэта бывае цяжка нават самому медыятару.

— Для любога сур'ёзнага рашэння павінны надысці адпаведны час і сфарміравацца кола аднадумцаў. Шэсць гадоў таму, 24 студзеня 2014-га, у Беларусі ўступіў у сілу закон аб медыяцыі. У найбліжэйшы час уступяць у сілу новыя змены ў заканадаўстве — у тым ліку ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і і Грамадска-працэсуальны кодэкс па пытаннях, якія звязаны са шлюбна-сямейнымі адносінамі і медыяцыяй. І, пэўна, наспеў час і для аб'яднання самых кваліфікаваных спецыялістаў, якія працуюць у сферы сямейнай медыяцыі, маюць вопыт работы з парамі і дадатковую адукацыю, — упэўнена Алена СЦЯПАНАВА, адвакат, медыятар Цэнтра медыяцыі і перагавораў, старшыня аб'яднання «Беларуская Ліга сямейных медыятараў», якое нядаўна было зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі.

Прафесійная суполка мае мэтай садзейнічаць развіццю і ўмацаванню інстытута сямейнай медыяцыі ў краіне, павышаць якасць работы сямейных медыятараў і ролю сямейнай медыяцыі ў грамадстве. А таксама праводзіць дадатковую адукацыю, фарміраваць умовы для практычнага развіцця спецыялістаў, ствараць пляцоўкі, дзе практыкі могуць дзяліцца вопытам.

— Важна, каб пры скасаванні шлюбу людзі ўзважана падыходзілі да гэтага пытання і разыходзіліся толькі тады, калі сям'ю сапраўды немагчыма выратаваць, — падкрэсліла медыятар. — Мы будзем актыўна наладжваць работу з усімі органамі, якія маюць дачыненне да сямейных спрэчак: судамі, упраўленнямі адукацыі, загсамі. Каб іх супрацоўнікі раілі людзям па праблемных пытаннях звяртацца не да пэўнага медыятара, а да нас у арганізацыю, дзе працуюць кваліфікаваныя прафесійныя спецыялісты, якія сапраўды эфектыўна дапамогуць.

Выгадныя для ўсіх рашэнні найчасцей нараджаюцца ў досыць камфортных стасунках за сталом перамоў, а не ў стрэсавай сітуацыі ў афіцыйнай зале суда. Медыяцыя дазваляе варожым бакам пачуць адно аднаго і зразумець, што часта канфлікцёры думаюць аднолькава, толькі кажуць пра гэта па-рознаму.

Ірына СІДАРОК

Прэв'ю: klyuch.com.ua

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.