Вы тут

Знаёмімся з намінантамі на званне лепшага камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Гомеля


Рух тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў Гомелі становіцца ўсё больш папулярным: жыхары шматпавярховікаў, якія яшчэ ўчора, здаецца, не ведалі імя суседа па пляцоўцы, цяпер самаарганізоўваюцца, генеруюць ідэі і вырашаюць канкрэтныя задачы па паляпшэнні ўмоў суіснавання ў агульным двары. Сёння актыўныя камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ёсць у кожным раёне Гомеля. Усяго іх амаль тры дзясяткі.


Самыя яскравыя прыклады дваровых ініцыятыў — стварэнне сваімі сіламі новых дзіцячых комплексаў і пляцовак для заняткаў спортам. Па выніках года намаганні гамяльчан ацэньваюцца гарсаветам дэпутатаў. Сярод удзельнікаў адмысловага хітпарада ідэй па добраўпарадкаванні вызначаюць лідараў. На разліковыя рахункі камітэтаў, якія прызнаюцца лепшымі, залічваюцца неблагія грошы.

З сёлетнімі намінантамі конкурсу ўдалося пазнаёміцца падчас спецыяльнага агляду дваравых тэрыторый разам з дэпутатамі Гомельскага гарсавета. Ініцыятарам «рэвізіі» стаў яго старшыня Мікалай Кавалевіч.

Дзве тысячы — на добрую справу

Першы пункт — вуліца Чачэрская: тыпавая забудова савецкага перыяду: дзевяціпавярховікі, побач школы і дзіцячыя садкі. Увогуле ў гэтых прасторных і светлых дварах калісьці былі няхітрыя гульнявыя прыстасаванні, пясочніцы, турнікі. Але ўсё гэта ў мінулым. Напрыклад, у двары дома № 9 малым зусім не было дзе гуляць. Мясцовым актывістам прыйшла ў галаву думка стварыць казачны гарадок непасрэдна супраць пад'ездаў. Пачыналі, як усе: вывучалі попыт, аб'ядноўвалі жадаючых у суполку ў сацсетцы, прапаноўвалі суседзям скінуцца, хто колькі можа. Для жыхароў стала рэальна даць на добрую справу 10—50 рублёў. Сабралі каля дзвюх тысяч. Грашовую дапамогу аказалі таксама спонсары — вядомае гомельскае прадпрыемства. Работы па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі і ўсталяванні гарадка выканалі работнікі КЖРЭУП «Цэнтральнае». Цяпер гульнявы комплекс — цэнтр прыцягнення малых нават з суседніх двароў.

А вось жыхары дома па Малайчука, 21 яшчэ ў самым пачатку шляху. Пакуль агульнымі намаганнямі зрабілі і ўсталявалі драўляную альтанку. Цяпер уся энергія накіравана на генерацыю новых ідэй. Двор пакідае ўражанне занядбанасці. Але трэба адзначыць, што на гэтай тэрыторыі наладзіць грамадскую дзейнасць даволі складана. Дамы старой забудовы, жыхары — пераважна пенсіянеры. Дзяцей вельмі мала. Бабулі — гэта асноўная мэтавая аўдыторыя. У іх свае запыты, таму ў камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання дэвіз: камфортна павінна быць усім — і маладым, і сталым. Вось чаму і пачалі з альтанкі. У перспектыве — новыя скамейкі.

На карысць двара

У Савецкім раёне самымі ініцыятыўнымі аказаліся жыхары вуліцы Гайдара, дзе ўздоўж двары плаўна пераходзяць адзін у другі і ўтвараюць адну вялікую прастору.

— Двор вельмі стары, мы самі бегалі тут яшчэ дзецьмі. Тады ён быў прыгожы, дагледжаны, але потым усё прыйшло ў заняпад, — расказвае старшыня камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Гайдараўскі» Ганна Булановіч. — Цяпер у нас дзеці, і мы хочам вярнуць свайму двару былую прыгажосць.

Сілы аб'ядналі каля 60 мам, якія далучылі да дзейнасці сваіх мужчын. Дапамогу ініцыятыўным бацькам аказалі дэпутаты і работнікі РЭУ. За кароткі тэрмін разам зрабілі велізарны аб'ём работы.

— Усё дзякуючы таму, што мы не чакалі, калі за нас нешта зробяць іншыя, вольны час выкарыстоўваем на карысць рэалізацыі ідэй, — стымулюе іншых сваім прыкладам Ганна Булановіч.

Дарэчы, цэнтральную фігуру двара — дзіцячы верталёт — дапамог аднавіць дэпутат Міхаіл Пачынак. Многія элементы для адпачынку мясцовыя мужчыны змайстравалі сваімі рукамі. У ход пайшлі і драўляныя паддоны, і шпулькі ад кабеля. Усё было клапатліва ачышчана ад бруду і пафарбавана.

— Так дзеці атрымалі цікавы лабірынт, за які нікому не прыйшлося плаціць, — працягвае экскурсію старшыня камітэта «Гайдараўскі». — Вядома, купілі і сучаснае абсталяванне для дзяцей. Але ўлічваючы, што ідэю падтрымалі вельмі шмат мясцовых бацькоў, атрымалася ўсё даволі танна.

Што чакае пераможцаў?

На вуліцы Беліцкай у мікрараёне Хутар, дзе ў актыўнай жыллёвай забудоўцы шматпавярховікі растуць, як грыбы пасля дажджу, жыхары новабудоўляў таксама аператыўна ўзяліся за добраўпарадкаванне. Яны яб'ядналіся і стварылі камітэт «Крышталь», які курыруе грамадскую дзейнасць адразу ў некалькіх дварах.

Ёсць свае асаблівасці: між шматпавярховак суцэльны пясок, забудоўшчыкі выконваюць мінімум па добраўпарадкаванні, што не можа задавальняць жыхароў. Спачатку актывісты спланавалі некалькі зручных зон для адпачынку дзяцей і падлеткаў. Ажыццявілі задуманае і ўзяліся за азеляненне тэрыторыі. Папярэдне вывучылі схему падземных камунікацый, потым высадзілі ў дварах дрэвы, кожнае з якіх замацавалі за пэўнай кватэрай. Кажуць, усе з задавальненнем прынялі на сябе абавязак рэгулярна іх паліваць. Усе саджанцы прыжыліся.

Але сапраўдны фурор у раёне і горадзе зрабіла самастойна зробленая камітэтам «Крышталь» шматфункцыянальная спартыўная зона. Урокі здароўя тут штотыднёвыя: пляцоўкі для гульні ў пляжны валейбол, баскетбол, пабудавалі тэнісны корт, зрабілі паўнавартасную пляцоўку з агароджай для гульні ў футбол.

Мясцовыя бацькі ў выхадныя выходзілі ў двор цэлымі будбрыгадамі: варылі метал, цяслярылі, малярнічалі. Грошы ж патрацілі на куплю мячоў і спортінвентару. Цяпер падумваюць набыць траўмабяспечныя вулічныя трэнажоры.

Пераможцаў конкурсу на званне лепшага камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання вызначаць на сесіі Гомельскага гарсавета дэпутатаў і агучаць на пачатку сакавіка, — паведаміла галоўны спецыяліст гарсавета Аксана Петрачэнка. — Будуць вызначаны ўладальнікі першага, другога і трэцяга месцаў. Камітэты-пераможцы атрымаюць грашовы прыз у памеры — 100, 50 і 25 базавых велічынь адпаведна. Згодна з пастанаўленнем аб правядзенні конкурсу, за грошы можна набыць неабходныя матэрыялы, інвентар ці прыстасаванні, і толькі зусім невялікая сума разлічана на заахвочванне актывістаў камітэта.

Таксама ўладальнік 1-га месца да канца года павінен дасылаць у камісію фотасправаздачы аб сваёй рабоце, праводзіць мерапрыемствы і актыўна развівацца. Гэта галоўная ўмова, каб прадставіць Гомель на абласным конкурсе ў 2021 годзе.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Хіт-парад» ініцыятыў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.