Вы тут

Самае дарагое дрэва — якое пасадзіў сам


У Чэрвеньскім раёне жыхары актыўна ўдзельнічаюць у азеляненні.

Сёлета ў Чэрвені пройдзе абласны фестываль працаўнікоў сяла «Дажынкі». А калі гаспадар чакае гасцей у дом, то да іх прыёму карпатліва рыхтуецца. Актыўна ідзе падрыхтоўка да свята і ў раёне. Мяняюцца дахі на жылых і адміністрацыйных будынках, ладкуюцца тратуары і асфальтуюцца дарогі. У райцэнтры з'явяцца новы будынак краязнаўчага музея, дзіцячы садок на 230 месцаў. Да Дня Перамогі прымеркавана адкрыццё загса.


— Акрамя добраўпарадкавання, навядзення парадку на зямлі шмат увагі ўдзяляем азеляненню тэрыторый, — кажа старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка. — Сёлета з бюджэту выдзелена 39 тысяч рублёў на кампенсацыйныя пасадкі дрэў. У гэтай справе трохі памяняліся прыярытэты. Калі раней рабілі стаўку на невялікія саджанцы, то цяпер плануем высаджваць падрослыя дрэвы. Як паказала практыка, яны лепш прыжываюцца: нават у тым выпадку, калі зазелянела крона, з'явілася лісце, іх можна перасаджваць. Набываем саджанцы ў арганізацыях, якія займаюцца іх вырошчваннем прафесійна — у Батанічным садзе, пітомніках.

Пасадку дрэў на Чэрвеньшчыне імкнуцца прымеркаваць да значных дат у гісторыі краіны. Таму працэс азелянення ў раёне ідзе бесперапынна.

Летась тут зазелянелі 1200 маладых дрэўцаў. Гэта без уліку кустоў і тых дрэў, што былі пасаджаны арганізацыямі і ўстановамі на суботніках, падчас акцый. А колькі кветак закрасавала на клумбах, каля школ, адміністрацыйных будынкаў, прадпрыемстваў, арганізацый — не злічыць!

— У прыватнасці, сумесна з журналістамі ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў разбілі парк каля мемарыяла загінулым у Вялікай Айчыннай вайне. Тут з'явілася 40 вечназялёных туй, — працягвае Мікалай Канстанцінавіч. — У межах правядзення 31-га міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які праходзіў у Мінску, на радзіму завітаў касманаўт Алег Навіцкі. Ды не адзін. З ім прыехалі трое замежных калег — Міхаіл Карніенка, Кевін Крэгель і Андрэй Барысенка, а таксама дырэктар УП «Геаінфармацыйных сістэм НАН Беларусі» Сяргей Залатой. Яны залажылі Алею касманаўтаў з клёнаў і ясеняў. Раней тут месціўся аварыйны будынак вячэрняй школы, мы яго знеслі, а ўчастак не выстаўлялі на аўкцыён, а падрыхтавалі пад пасадку дрэў, добраўпарадкавалі, устанавілі лаўкі. Пасадзілі тут 31 тую і нашы дэпутаты — менавіта столькі іх абрана ў раённы Савет. Адказная за алею — Таццяна Аляшкевіч, дэпутат райсавета, дырэктар сярэдняй школы № 2, дзе вучыўся Алег Навіцкі. Таццяна Міхайлаўна разам са сваімі вучнямі карпатліва даглядае пасадкі, дапамагаюць ёй і калегі-дэпутаты.

У Маладзёжным парку актывісты БРСМ і валанцёрскага атрада «Жыві сэрцам» высадзілі больш за дваццаць ліп, клёнаў, яблынь, груш. Тут усе ахвотныя могуць таксама саджаць персанальныя дрэўцы з таблічкай у гонар знамянальнай для іх падзеі — уступлення ў шлюб, нараджэння дзіцяці. У далейшым яны даглядаюць, паліваюць саджанцы, назіраюць, як тыя растуць, набіраюць моц. У будучым сюды будуць прыходзіць іх дзеці, унукі іх дзяцей.

Больш за 1318 пладовых дрэў з'явілася і каля Чэрвеньскага псіханеўралагічнага дыспансера дзякуючы дырэктару сацыяльнай установы Уладзіміру Семіжону і польскім дыпламатам. Адаптаваныя да мясцовых кліматычных умоў саджанцы набытыя ў беларускім інстытуце пладаводства.

— Акрамя таго, 1200 дрэў было высаджана абапал аўтамабільных дарог, — кажа Мікалай Лойка. — Прыжыліся прыблізна каля 75 %, гэта сярэдні паказчык як у вобласці, так і ў краіне. У цэлым у раёне выкананыя стандарты па азеляненні. Замест спілаваных старых дрэў з'яўляюцца новыя. І іх у разы больш, чым зрэзаных.

— І ўсё ж, Мікалай Канстанцінавіч, мабыць, многія гэтага не заўважаюць, выказваюць незадаволенасць?

— Мы тлумачым людзям, што ні адно дрэва не ссякаецца беспадстаўна. Адпаведнае рашэнне прымае райвыканкам на аснове заключэння спецыялістаў, якія праводзяць абследаванні. Напрыклад, ліквідавалі некалькі старых дрэў каля банка, школы, бо яны з цягам часу разрасліся, зацямнялі вокны. Не сакрэт, што раней дрэвы высаджваліся бессістэмна. Дзе пасадзіў — там і расце: на газаправодзе, пад лініямі электраперадачы. Гэта стварала пагрозу для людзей, іх маёмасці. Прывучаем грамадзян і да таго, каб, перш чым пасадзіць дрэвы самастойна, яны звярталіся да спецыялістаў, якія выедуць на месца і правераць, ці няма на гэтым месцы інжынерных камунікацый. Можна звярнуцца і да старшыні сельвыканкама, які, калі патрэбна кансультацыя прафесіяналаў, выкліча іх.

— А якія праблемы з новымі пасадкамі?

— Асаблівых праблем няма. Але здараецца, што несвядомыя жыхары іх ломяць.Таму да азелянення імкнёмся прыцягнуць як мага больш людзей, дзяцей. Калі чалавек сваімі рукамі пасадзіў дрэва, то будзе берагчы не толькі яго, але і іншыя, — лічыць Мікалай Лойка.

У раёне прыняты план па добраўпарадкаванні, дзе прадугледжаны раздзел па азеляненні населеных пунктаў, паркаў, сквераў. За кожнай арганізацыяй, прадпрыемствам, школай, што знаходзяцца на тэрыторыі горада і сельсаветаў, замацаваны канкрэтныя ўчасткі. У кожным сельвыканкаме таксама распрацаваны план мерапрыемстваў. Словам, стандарты па азеляненні выконваюцца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.