Вы тут

Эпiдэмii прыходзяць i сыходзяць, а iнфекцыянiстам заўсёды трэба быць напагатове


Цяперашняя пандэмiя яшчэ раз нагадала i медыкам, i ўладным структурам, i нам усiм, як важна супрацоўнiчаць дзяржавамi не толькi ў галiне эканомiкi, але i ў галiне аховы здароўя. Свет цяпер надзвычай рухомы, людзi перасоўваюцца, а з iмi перамяшчаюцца iнфекцыi i вiрусы, для якiх гранiцы не iснуюць наогул. Таму вельмi важным бачыцца стан здароўя насельнiцтва ў пагранiччы. А ён залежыць ад многiх фактараў. Сярод iх можна назваць аснашчанасць устаноў аховы здароўя, падрыхтаванасць медыцынскага персаналу, абмен iнфармацыяй i шмат iншых.


Пра асаблiвасцi дыягностыкi i лячэння гепатыту С, ВIЧ/СНIД, iншых вiрусных iнфекцый iшла гаворка на семiнары-трэнiнгу, якi правяла Брэсцкая абласная клiнiчная бальнiца ў рамках праграмы беларуска-польскага супрацоўнiцтва. Канферэнцыя вызначылася тым, што яе не адмянiлi, як многiя мерапрыемствы, а правялi ў раней прызначаны дзень. Пры рэгiстрацыi ўдзельнiкам прапаноўвалi скарыстацца антысептыкам, а крэслы ў зале пасяджэння стаялi не шчыльна, а на пэўнай адлегласцi. У астатнiм семiнар праходзiў як звычайна. Урачы абласной бальнiцы дзялiлiся ведамi са сваiмi калегамi з раённых цэнтраў, гарадскiх бальнiц i палiклiнiк.

Гэтая канферэнцыя праводзiлася ў рамках праграмы трансгранiчнага супрацоўнiцтва Польшча—Беларусь—Украiна, якое ажыццяўляецца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза з 2013 года. Менавiта сем гадоў таму Брэсцкая абласная бальнiца разам са шпiталем з Бяла-Падляскi выйграла грант на праграму паляпшэння кардыялагiчнай дапамогi насельнiцтву польскага i беларускага пагранiчча. Тады ў нашай аблбальнiцы правялi рэканструкцыю аддзялення эндаваскулярнай хiрургii i набылi ангiяграфiчны комплекс. Урачы асвоiлi новыя методыкi лячэння перыферычных захворванняў артэрый, сталi на новым узроўнi працаваць з сасудамi галаўнога мозга. Усё гэта, несумненна, паспрыяла паляпшэнню якасцi медыцынскiх паслуг.

— Наступны кiрунак супрацоўнiцтва, якi мы абралi пасля кансультацый з польскiмi калегамi ў 2016 годзе, датычыўся паляпшэння эпiдэмiялагiчнай бяспекi, — расказаў галоўны ўрач Брэсцкай абласной клiнiчнай бальнiцы Аляксандр КАРПIЦКI (на фота). — Праграма разлiчана на адрэзак часу, што ўключае 2020 год, яна прадугледжвае набыццё абсталявання для лабараторнай дыягностыкi iнфекцыйных захворванняў, а таксама вялiкую работу па навучаннi медыцынскага персаналу. Вучоба вядзецца асобна з абодвух бакоў гранiцы з наступнымi сумеснымi вучэннямi медыкаў. Калi мы выбiралi тэму, мы не маглi прадугледзець цяперашняй пандэмii, выбiралi кiрунак па агульнай актуальнасцi. А цяпер атрымлiваецца, нiбы ў ваду глядзелi, — працягвае Аляксандр Сяргеевiч. — Лiтаральна на гэтым тыднi працягваем атрымлiваць закупленыя па праграме касцюмы шматразовага выкарыстання для медыцынскага персаналу i боксы для транспарцiроўкi iнфекцыйных хворых.

Пра важнасць праекта для ранняга выяўлення гепатыту С карэспандэнту газеты расказаў загадчык 2-га iнфекцыйнага аддзялення Брэсцкай абласной бальнiцы, галоўны пазаштатны iнфекцыянiст вобласцi Мiкалай СУЛЕЎСКI:

— Вiрусны гепатыт С па-ранейшаму з'яўляецца вялiкай праблемай. I калi ў апошнi час колькасць захворванняў у вострай форме крыху памяншаецца, то нязменна расце колькасць хранiчных формаў гэтай паталогii. Па праграме супрацоўнiцтва мы ўжо атрымалi тэст-сiстэмы для выяўлення гепатыту С, таксама набылi апарат для вызначэння ступенi фiброзу печанi. Важна адразу выявiць, на якой стадыi хвароба, каб мы не страцiлi час ад выяўлення праблемы ў пацыента да моманту прызначэння тэрапii, бо наша максiмальная задача заключаецца ў тым, каб не дапусцiць развiцця цырозу i яго ўскладнення.

Па гэтай праграме будзе абследавана больш за 3000 грамадзян. Ужо прайшлi тэсты 498 чалавек, у 22 з iх дыягнаставаны гепатыт С. Гэта значыць, чалавек жыў i нават не падазраваў, што мае ў арганiзме такую iнфекцыю i з'яўляецца яе носьбiтам.

Мiкалай Iванавiч таксама звярнуў увагу на адказнасць кожнага чалавека за сваё здароўе. У гэтым кантэксце ён прывёў прыклад, калi гепатыт выявiлi ў клiенткi прыватнага майстра манiкюру. Цяпер многiя ажыццяўляюць паслугi цырульнiка, робяць манiкюр, педыкюр дома, без рэгiстрацыi, без патэнцыйных праверак з боку санiтарных службаў. Таму кожны павiнен выбiраць, дзе абслугоўвацца: у афiцыйнай установе, дзе даражэй, цi нелегальна — танней, але без усякiх гарантый бяспекi.

Не магла не скарыстаць нагоду i не спытаць пра каранавiрус: у iнфекцыйным аддзяленнi шпiталiзаваныя людзi з групы рызыкi, якiя прыехалi з-за мяжы альбо кантактавалi з хворымi.

— На сённяшнi дзень (20 сакавiка. — Аўт.) фактаў каранавiруса ў Брэсцкай вобласцi зарэгiстравана не было, — паведамiў загадчык аддзялення. — Хачу папрасiць, каб людзi не паддавалiся панiцы, да таго ж вельмi адказна i асцярожна ставiлiся да iнфармацыi, якую распаўсюджваюць: яна можа нашкодзiць часам не менш за няправiльнае лячэнне.

На канферэнцыi размова iшла пра яшчэ адну каварную iнфекцыю сучаснасцi — ВIЧ-iнфекцыю. Загадчыца кабiнета кансультацыі і дыспансерызацыi хворых на ВIЧ/СНIД абласной бальнiцы Людмiла КАСЦЮКЕВIЧ адзначыла, што ў 25 працэнтаў выпадкаў ВIЧ спалучаецца з гепатытам С:

— Нашы пацыенты атрымлiваюць лячэнне ад гепатыту ў прыярытэтным парадку. Важнасць праграмы, пра якую iдзе гаворка, вядома, у своечасовым выяўленнi iнфекцыi, не меншая важнасць i ў асветнiцкай рабоце. Сёння, напрыклад, я гаварыла з калегамi пра тое, як агульнымi намаганнямi дасягнуць пастаяннага стану заклапочанасцi i насцярожанасцi. Вы, мабыць, заўважалi, што, тэматыка ВIЧ у СМI, у грамадстве агучваецца ў выглядзе кампанiй. Скажам, 1 снежня, а таксама ў дзень памяцi ахвяр СНIДу пра каварную хваробу гавораць актыўна, потым iнфармацыйная хваля сцiхае. Страчваюць насцярожанасць не толькi, умоўна кажучы, абывацелi, але нават медыкi, якiя, здараецца, своечасова не накiроўваюць людзей з групы рызыкi на абследаванне. У вынiку да нас трапляе чалавек на апошнiх стадыях хваробы, якому ўжо немагчыма дапамагчы. Летась такiх было 18 працэнтаў ад агульнай колькасцi.

Яшчэ суразмоўнiца засяродзiла ўвагу на тым, што з выяўленых летась ВIЧ-станоўчых пацыентаў 86 працэнтаў атрымалi вiрус пры палавых кантактах. «Так што мараль па-ранейшаму мае значэнне для грамадства ў цэлым i кожнага чалавека ў прыватнасцi. Бо заразiцца пры беспарадкавых альбо выпадковых сувязях можна не толькi ВIЧ, але i фактычна любой iнфекцыяй», — падсумавала Людмiла Баляславаўна.

Работа па праграме супрацоўнiцтва працягваецца. У найблiжэйшы час запланаваны семiнар-вучоба для медсясцёр, за iм другiя мерапрыемствы.

— Хачу падкрэслiць канструктыўнасць нашага супрацоўнiцтва з польскiмi калегамi, — заўважыў галоўны ўрач Брэсцкай аблбальнiцы, член Пастаяннай камiсii па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублiкi Аляксандр Карпiцкi. — Напрыклад, пры вызначэннi аб'ёмаў фiнансавання менавiта нашы калегi пераканалi ўласнае ведамства аховы здароўя, што нам неабходная большая частка выдзеленых грошай. I мы яе атрымалi. Цяпер сродкi паспяхова асвойваюцца.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Як ведалі...

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.