Вы тут

Пачаўся прыём работ на радыёконкурс сучаснай п'есы «Беларускі радыётэатр 2.0»


Культура — адзін з кодаў, па якіх можна даведацца пра народ і яго месца ў свеце і на розных этапах развіцця. Яна знаходзіць сваё адлюстраванне ў пэўных жанрах і кірунках мастацтва — літаратуры, кіно, тэатры... І цяпер, калі ўсіх заклікаюць часцей заставацца дома, мы падказваем, дзе ўбачыць «Жывую культуру», калі перагледзець «Дзікае паляванне караля Стаха» і як упісаць сваё імя ў кантэкст сучаснай драматургіі.


Сёння, у Міжнародны дзень тэатра, пачынаецца прыём работ на радыёконкурс сучаснай п'есы «Беларускі радыётэатр 2.0», які абвясціла радыё «Культура». У ім могуць узяць удзел усе, хто жадае дзяліцца сваімі поглядамі і думкамі адносна таго, чым жывуць сёння людзі. Творчае спаборніцтва прысвечана 95-годдзю Беларускага радыё і ладзіцца дзеля пошуку таленавітых аўтараў, адбору актуальнага драматургічнага матэрыялу з яго далейшай пастаноўкай у эфіры. Удзельнікам прапануюць выказацца па тэмах: «Сучасная беларуская культура і нацыянальныя традыцыі», «Чалавек у глабальным свеце», «Сучасная асоба і радыё», «Гарманічныя адносіны чалавека з прыродай».

— У мяне зараз такое адчуванне, што ёсць глеба для з'яўлення новых аўтараў. І вельмі спадзяюся, што пашырыцца геаграфія і пабольшыцца колькасць удзельнікаў у параўнанні з першым конкурсам. Галоўнае, каб мы падтрымлівалі традыцыі, якія былі ў нас на радыё калісьці. Што адбываецца цяпер у тэатры: ідуць пошукі новых аўтараў і сцэнарыяў. Хочацца, каб тое ж было і ў нас на радыё, каб радыётэатр атрымаў новы творчы імпульс і знайшоў новыя тэмы, актуальныя і цікавыя для сучаснага слухача, — кажа аўтар і каардынатар праекта Уладзімір Трапянок.

Даслаць п'есы ўсе ахвотныя змогуць на адрас канала «Культура» да канца верасня. Пераможцу вызначыць журы да 10 лістапада, а найлепшы твор будзе пастаўлены ў 2021 годзе. Палажэнне радыёконкурсу, форма заяўкі на ўдзел і кантакты арганізатараў змешчаны на сайце www.radіokultura.by.

28 сакавіка тэлеканал «Беларусь 3» прапануе сваёй аўдыторыі пяцідзясяты выпуск праграмы «Жывая культура», у якім можна будзе здзейсніць вандроўку па гарадах Віцебскай вобласці і даведацца пра адзін з элементаў Дзяржаўнага спіса нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі — традыцыю спіральнага саломапляцення. Яна захавалася сёння ў Гарадоцкім, Браслаўскім і Верхнядзвінскім раёнах і ў самім абласным цэнтры.

Здымачная група праекта пазнаёмілася з рамеснікамі клуба пры Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры, завітала ў Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору і да віцебскіх майстроў культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кольца горада Віцебска «Дзвіна». Менавіта дзякуючы іх дзейнасці самабытная тэхніка спіральнага пляцення застаецца запатрабаваная, а ў студзені атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Спіральнае пляценне лічыцца адной з самых старажытных тэхнік і мае як побытавае, так і дэкаратыўнае прызначэнне. Майстры, дзякуючы якім гэты від народнага мастацтва захаваўся да нашых дзён, як некалі нашыя продкі, вырабляюць з саломы самыя розныя прылады — ад кошыкаў і куфараў да капелюшоў і абутку.

Таксама сацыякультурны тэлеканал запрашае на прагляд стужкі «Дзікае паляванне караля Стаха». Фільм Валерыя Рубінчыка, зняты паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча, дасць гледачам магчымасць пранікнуцца атмасферай мінулага, пазнаёміцца з яго таямніцамі і героямі. Карціна, якая была ўпершыню прэзентавана на экране 40 гадоў таму і здабыла шэраг узнагарод у розных краінах, чакае прыхільнікаў беларускай літаратуры на кінасеанс у нядзелю 5 красавіка.

Алена ДРАПКО

Фота Белтэлерадыёкампаніі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.